вздутьI сов.

1. (поднять дуновением) узня́ць;

2. безл. (вспухнуть) успу́хнуць, напу́хнуць, разне́сці; (распухнуть) распу́хнуць; (о животе) успу́шыць; (о льде) узня́ць;

у меня́ вздуло щёку у мяне́ успу́хла (напу́хла, распу́хла) шчака́, разне́сла шчаку́;

у меня́ вздуло живо́т у мяне́ ўспу́шыла жыво́т;

вздуло лёд на реке́ узняло́ лёд на рацэ́;

3. (разжечь) разг. раздзьму́хаць; (зажечь) запалі́ць;

4. перен. (цены), разг. узня́ць, нагна́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Скронь ‘бакавая частка чэрапа ад вуха да лобнай косці’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС), скронь, скро́на ‘тс’ (паст., астр., шчуч., смарг., шальч., Сл. ПЗБ), скронь ‘вейка’ (Нас.), ‘калена’: пасадзі дзіця на скроні (Мат. Маг.). Паводле фанетыкі (склад ‑ро‑), запазычанне з польск. skroń ‘скронь’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 60). Параўн. укр. скро́ня ‘тс’, рус. скоро́нь ‘тс’, дыял. скорынья́ ‘сківіца’, рус.-ц.-слав., серб.-ц.-слав. скрания ‘скронь’, каш. skrńå ‘скронь, шчака’, чэш. skráň ‘тс’, славац. skráň, škraňa ‘выпукласць на шчацэ, ягадка’, в.-луж. skroń, н.-луж. skŕono ‘скронь, ягадка’, славен. skrȃnj, skrenja ‘падбародак, ягадка, сківіца’. Прасл. *skornь. Усе версіі не вельмі надзейныя. Параўноўвалі з ст.-ісл. hvarmr ‘павека’ і, далей, з лац. parma ‘кароткі круглы шчыт’. Паралель у грэч. κρανίον ‘чэрап’ (Мацэнаўэр, LF, 20, 20 і наст.; Брукнер, 496) адвяргаецца Фасмерам (3, 653) па фанетычных прычынах. Махэк₂ (548) набліжае да прасл. *černъ ‘карэнны зуб’. Аднак не выключае праславянскае паходжанне і ўзвядзенне да *skrena на падставе н.-луж. škrjeny мн. л., дыял. škrjena ‘верхняя сківіца’ (Шустар-Шэўц, 1296), што дазваляе трактаваць беларускія і ўкраінскае словы як рэфлексы старога *skronь (Сной у Бязлай, 3, 248). Магілёўскае скронь ‘калена’ або памылковы запіс, або змена значэння ў выніку дээтымалагізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узня́цца, -німу́ся, -німешся, -німецца і уздыму́ся, узды́мешся, узды́мецца; -ня́ўся, -няла́ся, -ло́ся; -німі́ся і уздымі́ся; зак.

1. Перамясціцца ўверх ці прыняць больш высокае становішча.

У. на гару.

У. на сцэну.

Рукі ўзняліся.

У. па службовай лесвіцы (перан.: дасягнуць больш высокага грамадскага становішча).

2. Узвысіцца над кім-, чым-н.

Скалы ўзняліся над вадой.

У. над групавымі спрэчкамі (перан.: стаць вышэй каго-н.).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца над гарызонтам (пра месяц, воблакі і пад.); распаўсюдзіцца над чым-н. (пра туман, дым і пад.).

Узняўся месяц.

Над катлом узнялася пара.

4. Тое, што і падняцца (у 2 знач.).

У. з ложка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узляцець, падняцца ў паветра.

Качкі ўзняліся ў паветра.

Самалёт узняўся ў неба.

6. перан., на што. Пачаць актыўныя дзеянні.

Народ узняўся на барацьбу з ворагам.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні.

Узнялася паніка.

Узняўся пратэст.

Узняўся вецер.

8. Павялічыцца ў росце; вырасці, стаць дарослым; уздуцца, успучыцца.

Узняліся травы.

Узняліся дзеці, пайшлі на свой хлеб.

Узнялася шчака.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Стаць больш высокім, павялічыцца; дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця.

Узняліся цэны.

Узнялася тэмпература.

Узняўся настрой (стаў больш бадзёрым, палепшыўся).

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца, развіцца.

Узнялася гаспадарка.

11. перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. —

Што вы робіце! — узняўся на дзяцей бацька.

|| незак. узніма́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца і уздыма́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. узды́м, -у, м. (да 1—7, 9, 10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гру́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, тоўсты. Лавы з грубых дошак. □ Калі ўспыхвае пражэктар і ярка асвятляе яе твар, людзі бачаць, што левая шчака яе зрэзана грубымі шрамамі. Шчарбатаў. // Які складаецца з асобных частак, элементаў вялікага памеру. Бубновіч была ўжо сталая жанчына з грубым тварам і вялікімі рукамі. Карпюк.

2. Цвёрды, каляны, шурпаты на дотык. Грубая шэрсць. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. Рукі [Мікодым] меў вузлаватыя і грубыя, рукі чалавека, які працаваў некалі на цяжкай працы. Машара.

3. Проста зроблены, недасканала або няўмела апрацаваны. Грубая мэбля. □ Я прывык пісаць і есці За сталом бацькоўскім, грубым. Панчанка. // Недастаткова тонкі, няўмелы. Грубая работа.

4. Няветлівы, некультурны, рэзкі. Грубае абыходжанне. Грубае слова. □ [Гарлахвацкі:] Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Крапіва. Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Чарнышэвіч.

5. Рэзкі, непрыемны на слых (пра гукі, голас і пад.). Тады пачуўся сярдзіты, грубы голас: — Ну хто там яшчэ? Мікуліч.

6. Не зусім дакладны, прыблізны. Грубы падлік. Грубая ацэнка магчымасцей.

7. Які выходзіць за межы элементарных правіл, заслугоўвае асуджэння. Грубая памылка. Грубае парушэнне законнасці.

8. ‑ая. Абл. Цяжарная (пра жанчыну). — Нікому ж толькі не кажы .. Яна ж ужо грубая. Баранавых.

•••

Грубая ежа гл. ежа.

Грубыя кармы гл. корм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Твар ’пярэдняя частка галавы чалавека’, ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (ТСБМ, Ласт.), ’фізіяномія’ (Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Вруб., ЛА, 3), тварь ’тс’ (Нас.), тва́ра ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), тва́рына ’аблічча’ (там жа), твар м. р. ’тс’, ж. р. ’стварэнне’ (ТС), тварь ж. р. ’тс’ (Бяльк.), твар ’воблік, від’ (Гарэц., Некр. і Байк.), тва́рычка ’тварык’ (Нас.), тва́рышча ’пыса, морда’ (Нас.), тварю́ка ’стварэнне, пачвара’ (Растарг.), ст.-бел. тварь ж. р. ’фізіяномія’: тварь збита (XVI ст., Карскі 2-3, 21), твар, тварь ’тс’; ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (канец XV ст.). Укр. твар ’жывое стварэнне’, старое ’аблічча’, рус. тварь ’жывое стварэнне’, стараж.-рус. тварь ’стварэнне’; ’істота’; ’сусвет’; ’выраб; убор’, польск. twarz ’твар’, н.-луж. twaŕ ’будаўнічы лес, будынак’, в.-луж. twar ’вулей’, чэш. tvářшчака; твар’, славац. tvár ’твар; воблік’, славен. tvar ’рэчыва, матэрыял’, серб.-харв. тва̑р ’рэчыва, стварэнне’, балг. твар ’жывое стварэнне’, макед. дыял. твар ’выраз твару’, ст.-слав. тварь ’стварэнне, істота; прырода’, выгляд’. Да прасл. *tvarъ ж. р., якое звязана з *tvoriti агульным праславянскім коранем *tvor‑/*tvar‑ (Фасмер, 4, 31; Чарных, 2, 231; Шустар-Шэўц, 1562–1563; Бязлай, 4, 252; Борысь, 656; Длугаш-Курчабова, 506–507), гл. тварыць. Заслугоўвае ўвагі меркаванне Карскага (2–3, 21) пра запазычанасць формы твар ж. р. ’пярэдняя частка галавы чалавека’ з польск. twarz (гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 128), якое само лічыцца запазычаным з чэш. tvář ’аблічча, твар’, што, магчыма, калькуе адносіны лац. facerefacies; гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Морда1 ’пярэдняя частка галавы жывёлы’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.; лід., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., Сл. Брэс.; Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ; хойн., капыл., КЭС), ’шчака’ (ТС; пін., Сл. Брэс.), марда́ць ’надзяваць наморднік’ (Крыў., Дзіс.), марда́чы ’мардаты’ (лід., Сл. ПЗБ), мардач ’удар па твары’ (Растарг.), мардахлы́ст ’п’яніца’, марда́сты ’таўстагубы, таўстаморды’ (Нас.), мардагля́д ’люстэрка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. морда, рус. морда, усх.-польск., мазавецк., паўн.-малапольск. morda ’морда свойскіх жывёл’. Паводле Бартоламэ (440), запазычана з іран. мовы (параўн. авест. ka‑mərəδa ’агідная галава’) і з’яўляецца роднасным да ст.-інд. mūrdhán‑ ’лоб, галава, вяршыня’, англасакс. molda ’галава’, ст.-грэч. βλωθρόσ ’які высока падняўся’ (Фасмер, 2, 652–653); Пізані (Paideia, 9 (4–5), 1954, 312) дапускае роднаснасць слав. морда з лац. mordēre ’кусаць, грызці, есці, жэрці’ і інш. Курціна (ОЛА–1972, 215–217), прымаючы пад увагу семантычныя адносіны рада слоў у зах. і паўд.-слав. мовах з асновай mъrd‑ ’хутка рухацца’ → ’крыўляцца’ → ’грымаса’, а таксама сінанімію ст.-рус. мордати і моркати ’крыўляцца’, выказвае дапушчэнне аб роднаснасці ўсх.-слав. морда і славен. mȓd ’грымаса’ і аб спрадвечнай агульнасці асноў mъrk‑/mъrd‑/mъrg‑, якія развіліся з кораня mъr‑ < і.-е. *mer‑ (Покарны, 1, 733). Яшчэ раней Краўчук (БЛ, 6, 79) выказаў меркаванне, што слав. морда не іранізм, а слав. пеяратыўнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу славен. mrdati ’махаць, варушыць’ > mrda ’грымаса’ > ’скрыўленая фізіяномія’. Сюды ж ст.-бел. мордка ’грашовая адзінка’ (Юрэвіч–Яновіч, Зб. Крапіве, 297).

Морда2 ’лазовы кош для лоўлі рыбы’ (гродз., Сцяшк. Сл.), брэсц. ’аднагорлавы буч з дубцоў або з дранак’ (Браім, 61). Рус. паўн. мо́рда, морда́ ’нерат, венцер, буч’, а таксама ме́рда, мерёда, якія з уграфінскіх моў, параўн. карэльск. merta, эст. mōrd, ліўск. mørda ’буч’ (Праабражэнскі, 1, 556; Каліма, 164; Фасмер, 2, 601 і 653).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узня́цца сов.

1. (взойти, занять более высокое место) подня́ться;

у. на гару́ — подня́ться на́ гору;

ру́кі ўзнялі́ся — ру́ки подняли́сь;

со́нца ўзняло́ся — со́лнце подняло́сь;

у. на недасяга́льную вышыню́ — подня́ться на недосяга́емую высоту́;

у. па службо́вай ле́свіцы — подня́ться по служе́бной ле́стнице;

бу́сел узня́ўся пад во́блакіа́ист подня́лся к облака́м;

2. (стать выше по уровню) подня́ться; (непомерно увеличиться — ещё) взду́ться;

вада́ ўзняла́ся — вода́ подняла́сь;

це́ста ўзняло́ся — те́сто подняло́сь (взду́лось);

шчака́ ўзняла́ся — щека́ взду́лась;

настро́й узня́ўся — настрое́ние подняло́сь;

гаспада́рка ўзняла́ся — хозя́йство подняло́сь;

тэ́хніка высо́ка ўзняла́ся — те́хника высоко́ подняла́сь;

цэ́ны ўзнялі́ся — це́ны подняли́сь (взду́лись);

3. возвы́ситься, вознести́сь;

гара́ ўзняла́ся над ле́сам — гора́ возвы́силась над ле́сом;

буды́нак ~ня́ўся над го́радам — строе́ние возвы́силось (вознесло́сь) над го́родом;

ён зноў ~ня́ўся над і́ншымі — он опя́ть возвы́сился над остальны́ми;

4. (встать) подня́ться;

у. на но́гі — подня́ться на́ ноги;

у. на дыбкі́ — подня́ться на дыбы́;

у. на світа́нні — подня́ться на рассве́те;

5. (начаться) подня́ться; (о споре — ещё) возни́кнуть;

узняла́ся завіру́ха — подняла́сь мете́ль;

узняла́ся тэмперату́ра — подняла́сь температу́ра;

трыво́га ўзняла́ся — трево́га подняла́сь;

у. на барацьбу́ — подня́ться на борьбу́;

а́ся сва́рка — возни́кла ссо́ра

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

падня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.

1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.

2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. □ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.

3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.

4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // перан. Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці. Танк.

5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Бажко. // перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.

6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.

7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. □ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.

8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).

•••

Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)