Ка́лка1 ’галка, птушка Corvus monedula’ (слонім., Арх. Бяльк.; Сцяшк. Сл. паўн.-зах.). Польск. kawka ’тс’. Фанетыка бел. слова сведчыць аб больш складаным працэсе, хоць сам факт запазычання або ўплыву польск. формы выключыць нельга, аб чым сведчыць і лінгвагеаграфія. Ёсць і іншая магчымасць тлумачэння: калка < галка (апошняя форма адзначана па галоўнай тэрыторыі, Сл. паўн.-зах.) у выніку існавання дублетаў к‑ і г‑ у запазычаных словах, калі форма з к‑ успрымаецца або як адаптаваная, або як спрадвечная. Гэта, аднак, менш верагодна.

Ка́лка2, у Доўн.-Зап., 3, 39: «Кидайса, метайса, завиваты не давайса! Кинь калку (кибалку?) хочъ пидъ лаўку, Сама выбежъ на вулоньку!». Далей аўтар адзначае калка кибалка ’жаночы галаўны ўбор’ і спасылаецца на аналагічныя кантэксты ў Янчука і Чубінскага; паводле гэтага можна меркаваць, што слова было вядома на зах. Палессі дастаткова шырока. Этымалогія няясная; можна суаднесці з калка1, паколькі ў шэрагу назваў сустракаюцца падобныя намінацыі; параўн. рус. дыял. тэрміны для жаночага галаўнога ўбору кокошка і сорока. Па розных прычынах гэта меркаванне маланадзейнае; магчыма, неабходна параўноўваць з бел. галка ’круглы, гладкі камень, якім таўкуць перац, гарчыцу’, галкі ’галушкі, клёцкі; печыва з мукі і тоўчанай бульбы’, аб першаснай семантыцы якіх сведчаць бел. галы ’ягадзіцы’, славац. hálkaшарык’, польск. galka ’шар, булдавешка’ і інш. Падобная семантыка дапускае параўнанне гэтых лексем з разглядаемым словам; аднак паводле фактычнага крытэрыю такое збліжэнне недакладнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тронкі ‘назва гульні’: На грошы ў тронкі тут гуляюць / Парнаскі дзеўкі, дзецюкі («Тарас на Парнасе», Полымя. 1971, 10, 217), ‘гульня з каменьчыкамі’ (Рам. 8: «камушки кладутса в две кучки: три в одну и один в другую»), ‘гульня, змест якой у тым, каб пацэліць з рукі трыма алавяннымі шарыкамі ў ямку, што знаходзіцца ад гульца на пэўнай адлегласці’ (Мядзв.), ‘гліняныя або алавяныя шарыкі велічынёй з круглую кулю ад стрэльбы, якія служаць для гульні «ў тронкі»’ (Нік., Оч.), дро́нкі ‘дзіцячая гульня, калі драўляныя шарыкі кідаюць у ямачкі; няцотны лік шарыкаў у ямачцы лічыцца выйгрышам’ (маг., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і тро́нкі ‘дробная бульба’ (Рэг. сл. Віц.), ‘плод бульбы’ (Касп.) і не патлумачанае тронки (Шымк. Собр.). Параўн. рус. смал. тро́нка, тро́нки ‘гульня ў арлянку’, ‘шарык з волава або гліны памерам з арэх для гульні «ў тронкі»’ (СРНГ). Слова з не да канца высветленай этымалогіяй. Куркіна (Этимология–1983, 27–28) параўноўвае з укр. тріньки ‘трошкі’, рус. дыял. тро́ньки ‘тс’, балг. тро́нка ‘зусім мала’, сюды ж таксама серб. ці макед. тронка ‘крышка, парушынка’, макед. ронка ‘тс’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *tronъka ‘нешта вельмі малое’, роднаснае да прасл. *troxa (гл. трохі) і якое ўзводзіцца да *terti, *tьrǫ, гл. церці (ЕСУМ, 5, 648). Аднак абмежаваныя тэрытарыяльна назвы гульняў з розным зместам дапускаюць перанос наймення з іншых гульняў, напрыклад, “у ножыка” ад тронкі ‘сцізорык’, або зыходзячы са значэння ‘бульба’, параўн. укр. дыял. тромпак, кро́мпель ‘бульба’ (ЕСУМ, 5, 647). Лучыц-Федарэц (вусн. паведамл.) дапускае сувязь з з літ. treñkti ‘кідаць, шпурляць’. Сувязь з тры (гл.), відаць, другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.

2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.

3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калба́н ’гладыш’ (Касп., Мат. Маг.), колбанец ’тс’ (Нас.), калбан ’пасудзіна з прутоў або саломы ў выглядзе гладыша’ (Касп.), ’штучнае гняздо з саломы ў выглядзе конуса’, сюды ж празрысты перанос назвы калбанчики ’расліна Campanula’, параўн. рус. колбочки ’расліна Trollius europaeus’, ’пладовыя шышкі гэтай расліны’. Рус. смал. колбан ’гліняны або металічны гладыш, гарлач велізарных памераў’, больш далёкія — наўг. колбик ’вузкагорлы гліняны гладыш, які пашыраецца ўніз у форме шара’, ’гладыш для алею’, маск. колбушка ’канічны гладыш з вогнетрывалай гліны’. Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) суаднёс калбан з укр. ковбан ’цурбан, калодка’, рус. колбяк ’цурбан, балван’, бел. коўб ’страўнік жывёлы’ і інш., якія, на яго думку, узыходзяць да ўсх.-слав. колб ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’ што патрабуе ўдакладнення. Як быццам існаванне ўсх.-слав. колб асобых сумненняў не выклікае. Параўн. рус. вяц. колба ’фігура ў форме невялікага шара’, ’патоўшчаны шарападобны канец палкі’, ’шарык як упрыгожанне ў розных вырабах’, кастрам. ’галава’, астрах, колбан ’абрубак дрэва, дошкі і да т. п.’, сарат. колбешка ’невялікі абрубак дрэва, дошкі’, валаг. колбочка ’мясісты кончык носа (у чалавека), с колбочкой ’з лішкам, вышэй краёў’, валаг. колбушка ’верацяно з вялікай колькасцю напрадзеных нітак’ і інш. Укр. гуц. ковбок ’больш тоўстая частка дрэва, ужо адрэзаная ад верху’, бойк. ко́вбиця, коўбчик ’тс’. У прынцыпе калбан і інш. назвы посуду маглі ўтварыцца натуральна ад асновы колб‑. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці ням. Kolbe, Kolben ’дубінка’, ’булава, паліца’, ’галоўка, шышка’ і Kolben ’колба (хімічны посуд)’. Аднак бел. і рус. назвы посуду могуць быць параўнальна познімі, г. зн. запазычанымі з ням. як тэхнічныя тэрміны. Параўнальна вузкая геаграфія распаўсюджання такіх назваў посуду як быццам пацвярджае магчымасць запазычання. У рус. пісьмовых помніках слова сустракаецца ў другой палавіне XVII ст. (існуе версія аб запазычанні ў канцы XVIII ст.; Шанскі, II, К, 195). Тэарэтычна нельга выключыць і магчымасці ўзаемадзеяння запазычанага слова з славянскім, што дапамагло б вытлумачыць фармальную розніцу ням. і рус. слоў. Звяртае на сябе ўвагу таксама паслядоўнае супадзенне назваў посуду і слав. дэрыватаў ад колб‑: калуж. колба ’бутля’, ’шар’, наўг. колбик ’гладыш’, новасіб. ’каўбаса асобага прыгатавання’, перм. колбушка ’абрубак дрэва’, маск. ’гладыш канічнай формы’, смал. калбан ’гладыш’, уральск. калбан ’тоўсты абрубак дрэва’. Гэтыя факты вельмі падазроныя, хоць магчымасці трансфармацыі запазычанага слова выключыць нельга, у тым ліку і пад уплывам слав. слоў, як гэта мяркуецца. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́ш, какош ’хвошч, Equisetum’ (мазмр., З нар. сл.). Адпаведнікаў у іншых мовах з такім значэннем не знаходзіцца. Можна суаднесці з даўняй слав. назвай курыцы kokošь. Матыў намінацыі не вельмі відавочны, паколькі асобныя віды расліны (E. arveuse, E. sylvaticum, E. palustre) у аспоўных дэталях адрозніваюцца паміж сабой. Апрача таго, сярод хвашчоў ёсць ядомыя і атрутныя віды. Не выключана, што тут перанос па знешняму падабенству або ў выніку пераносу заойіма як тэрміна. Параўн. серб.-харв. кокошка ’расліна Sedum telcphium’ (параўн. бел. зайцава капуста, зайчыкава капуста), ’Capsella’, чэш. kokoška (няяснае для Махэка, Jména rostl.63), рус. кокушка (у прамым значэнні ’зязюля’?), ’шышка, (’яйка’, ’шарык у каньку даху’, ’разнавіднасць верацяна’), серб.-харв. кокотка ’клубок, наматаны на спецыяльнае прыстасаванне’ і інш. Не выключана таксама, што назва — вынік трансфармацыі больш шырока вядомага какошнік ’Calla palustris’; перанос назвы — паводле функцыі расліны (калі абедзве ўжываліся як корм для жывёлы і раслі ў блізкіх умовах). Гэта, аднак, малаверагодна па той прычыне, што знешне расліны не падобныя (няма і агульных сінонімаў, якія б пацвердзілі такую думку). Адносна этымалогіі прасл. kokoš. Гл. какошка1.

Како́ш2, коко́ш ’бэлькі’, кошка ’тс’ (Маш.), kokoše ’вільчык’ (Тарн.), какашына ’дзве дошкі (або жэрдкі), якія прыбіваюцца да лат з абодвух бакоў франтона’ (мазыр., Нар. сл.), какошкі, какошыны. У рус. мове кокошина ’гак, які падтрымлівае латак для сцёку вады на даху сялянскага будынка’ (з пам. «зап.», не выключана, што гэта бел. лексема). Іншыя паралелі: бел. курыца, рус. курица ’доўгі гак, высечаны з нятоўстага дрэва з коранем, які падтрымлівае скаты і латакі даху’, наўг. і інш. ’кроквы’, куричина ’кроква на хаце з гачкападобным выгінам на ніжнім канцы для падтрымкі латака, ската даху’ (пск. і інш.), (цвяр., пск., наўг. і інш.) ’драўляны крук па канцы кроквы’, кура, куры (арханг.) ’доўгая тоўстая жэрдка, на якой трымаецца латак’. Да значэння ’вільчык даху’ параўн. рус. кочет, кочетина ’жэрдка або дрэва, загнутае з аднаго боку або з часткай кораня, якое ўтрымлівае салому на даху’ (шуйск., уладз., іван. і інш.), какора, кокша, петухи і інш., што сведчыць не толькі аб ужыванні заонімаў як тэрмінаў, але і аб складаных працэсах узаемаўплываў, калькавання, магчыма, збліжэння лексем і трансфармацыі структуры да поўнай амафаніі. Таму цяжка меркаваць аб часе ўтварэння гэтых слоў і аб архетыпах. Беларуская лексіка выглядае як старая — захаванне даўняй лексікі ў тэрміналогіі з’яўляецца звычайным. Аднак не вельмі ясна. Бел. кокаш з’яўляецца незалежным ужываннем заонімаў у якасці тэрміна (перанос назвы як вынік супастаўлення характэрных адзнак птушкі — лапы, кіпцюры) або тут калька з вандроўнага тэрміна. Аб магчымасці незалежнага ўтварэння параўн. польск. kokoszka ’бэлька, якая злучае кроквы’ і меркаванні Слаўскага, 2, 339 (аспрэчваецца магчымасць калькі з ням. Hahnenbalken, нягледзячы на тое што ёсць у гаворках яўна запазычанне hambalek, hembalak). Ням. паралель ва ўсякім разе пацвярджае складанасць праблемы, параўн. яшчэ рус. пск. куричина ’бэлька, якая падтрымлівае столь, рама’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)