По́плеч ’у непасрэднай блізкасці, поруч, побач’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв.: Нік. Очерки; Шат., Касп., Сл. ПЗБ. Бяльк.). Утворана па мадэлі по + назва часткі цела, аналагічна по‑бач ад бок, по‑руч ад рука, по‑плеч ад плячо, літаральна ’каля пляча’. Першапачаткова, магчыма, адвербіялізаваны назоўнік, параўн. польск. pobocz ’абочына’, ’месца на водшыбе’, даўнейшае ’цуглі, лейцы’ (Брукнер, 423). Сюды ж таксама паплечнік ’найбольш блізкі ў справе калега’, параўн. ст.-польск. poplecznik ’памочнік воіна-рубакі, які стаіць у яго за спіной і бароніць ззаду’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвялі́ць ’бяззуба, комкаючы есці’ (мсцісл., Юрч. Сін., 80), жвяль, жвель ’выклічнік пра павольную яду’ (мсцісл., Нар. лекс., 175). В.-луж. zwalić ’гаварыць глупства’, славен. žveljáti ’есці марудна, перажоўваючы; нешта рабіць марудна’, серб.-харв. жва̀лити ’зацягваць цуглі; слінявіць, трымаючы ў губах (напр., люльку)’, балг. дыял. жваля ’перажоўваць’, жви́лим ’церці; піць’. Параўн. літ. žvelgseti ’многа гаварыць’ (Шырвід), лат. zvalkšét ’балбатаць, рабіць гук (пра падзенне прадмета і інш.)’ (Мюленбах-Эндзелін). У корані адлюстроўваецца, відаць, тое ж *žьv‑, што і ў жаваць (гл.), але адбывалася і кантамінацыя з гукапераймальным *žv‑ (параўн. жвякаць), прычым аснова ўтвараецца з рознымі галоснымі (a‑, ‑ě‑, ‑i‑) і зычным ‑l‑ (дэтэрмінатывам?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад варыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны пры дапамозе варкі. Вараная бульба. □ На ўсю хату запахла варанай капустай. Ваданосаў.

3. у знач. наз. ва́ранае, ‑ага, н. Тое, што зварана для яды. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. На сталах былі навалены цэлыя горы рознага смажанага, варанага і печанага. Бядуля.

•••

Ні печаны ні вараны гл. печаны.

вараны́, а́я, ‑о́е.

1. Чорны (звычайна пра масць коней). Спацелы вараны стаеннік нервова грыз цуглі. Шамякін.

2. у знач. наз. вараны́, ‑ога, м. Конь такой масці. А калі ў ясны поўдзень Не вярнуся зноў, З поля бітвы сцежку знойдзе Вараны дамоў. Танк.

•••

Пракаціць на вараных гл. пракаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нараві́ць, ‑раўлю, ‑ровіш, ‑ровіць; незак.

1. каму і без дап. Старацца дагаджаць. [Ульяна:] А я ж, панічок, і сама ведаю, што госцю трэба наравіць. Крапіва. Бедната наадрэз адмовілася наравіць пану, а тым больш аддаваць яму сваё сена. Бажко.

2. з інф. і злучн. «каб». Імкнуцца, старацца. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі, трывожна пазірала па баках, шукаючы сваю маці. С. Александровіч. Нервова гарцаваў пад [камандзірам] конь, кусаў цуглі. Нарабіў сарвацца з месца, каб нагнаць калону. Паўлаў. На беразе раззыкаліся авадні і розная іншая драбяза. Яны так і наровяць, каб утнуць. Якімовіч.

3. з інф. Прыладжвацца, прыстасоўвацца. Шэмет наравіў ехаць па абочыне, дзе была не такая глыбокая гразь. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ке́лзаць ’кілзаць, вуздаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Яруш., Бяльк.). З польск. kielzač ’тс’ (Слаўскі, 3, 148–149, Кюнэ, Poln., 64). Але польск. kielzač само не мае задавальняючага этымалагічнага тлумачэння. Слаўскі (2, 149) спрабуе звязаць яго з укр. ховстати ’тс’, аднак надзейных паралелей да гэтага ўкраінскага слова ў іншых славянскіх мовах ён не знаходзіць. Існуе іншая версія, згодна з якой келзаць (гл. таксама гелзаць і гельзаць) балтыйскага паходжання. Крыніцай магло быць слова geležunes ’конская хвароба, залазаванне’. Цікава, што другая літоўская назва залазавання pažandės узыходзіць да zäslaiцуглі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 102–103). Такім чынам, не выключана, што заходнебалтыйскае слова тыпу *ge/’z было крыніцай беларускіх і польскіх слоў. Трэба адзначыць, што балтыйскія формы насуперак Лаўчутэ (там жа, 103) не звязаны з балтыйскімі назвамі жалеза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Музда́ць1 ’кілзаць’, муздзечка, муздэчка ’аброць’ (Нас., Грыг., Яруш., Др.-Падб., Гарэц., Бяльк., Юрч., Ян., Растарг.; бабр., Воўк-Лев.; мін., Шн. 2). Да вузда́ (гл.). Пачатковае м‑ замест в‑ пад уплывам літ. mãzgas ’вузел’. Аналагічна муздзі́лацуглі’ (лудз., Сл. ПЗБ). Да вуздзіла (гл.).

Музда́ць2 ’моцна, балюча біць’ (Гарэц., Юрч.), муздану́ть ’ударыць, выцяць’ (Бяльк.), ’выцяць аброццю ці чым-небудзь іншым’ (Нас.) — тут можна назіраць уздзеянне народнай этымалогіі, параўн. музда́ць1; муздзануць ’зваліць, збіць’ (Сцяшк.). Рус. смал., бран., арл. музда́ть, муздану́ть ’біць, сцёбнуць’, маск., смал. мы́знуть ’ударыць, сцебануць’, смал., бран., кур. музда́ть ’жэрці, прагна глытаць’, каш. mužǯëc ’мяць, давіць, драбіць’. Да прасл. mug‑/muz‑/muzg‑/mỷzg‑ (Куркіна, Этимология–1972, 64–68). Магчыма, што некаторыя бел. формы на му‑ знаходзяцца пад уплывам літ. mùšti ’біць’, лат. mušīt ’выбіваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мушту́к, ‑а, м.

1. Невялікая трубачка (пластмасавая, касцяная, бурштынавая або драўляная), у якую ўстаўляюцца папяросы, цыгарэты. Тодар Шалюта сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву з касым клінам валасоў на лбе, і з маруднай паважнасцю ўладкоўваў палавінку [цы]гарэты ў жоўты бурштынавы муштук. Дуброўскі. // Цвёрдая, свабодная ад тытуню частка папяроснай гільзы, якую бяруць у рот пры курэнні. Глянула [маці] на попельніцу і моўчкі пакруціла галавой: там адзін у адзін ляжалі муштукі.. папярос. Кулакоўскі. // Тое, што і цыбук (у 1 знач.).

2. Тое, што і цуглі. Па горкай сцежцы цокаюць падковы, Гарачы конь кусае муштукі. Грахоўскі.

3. Дэталь духавога музычнага інструмента, якую ў час ігры бяруць у рот або прыкладваюць да губ. — Хлопцы, вальс атрымліваецца! — размахваючы кларнетам, выгукнуў Андрэй і зноў прыставіў муштук інструмента да губ. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.

1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.

3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.

•••

Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разго́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разганяць — разагнаць (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Рух з паступова нарастаючай скорасцю; скорасць, набытая кім‑, чым‑н. у выніку такога руху; разбег. Узяўшы добры разгон, Якаў неўзабаве пачаў даганяць уцекача. Кулакоўскі. Конь закусіў цуглі, выцягнуў галаву і ляцеў стралой, набіраючы ўсё большы разгон. Машара.

3. Адлегласць ад аднаго пункта прасторы да другога. Ад Верхаянска да Алтая Які разгон, якая шыр! Тут для жыцця ўсяго хапае, О, наша матухна Сібір! Непачаловіч. // Разм. Не занятая нічым прастора; прастор. Бачу і чытаю іншыя скрыжалі — Credo нашых дзён: Вольныя пуціны, сонечныя далі, Без канца разгон. Колас.

4. перан. Шырыня, размах у дзеяннях, дзейнасці. Гаспадарка выйшла на добрую дарогу і набірала ўсё большы і большы разгон. Дуброўскі. [Антон Пятровіч:] — Ідзі да нас [на завод]. Там, брат, разгон! Ого-го, які разгон!.. Ваданосаў.

5. Разм. Строгая вымова; разнос, праборка. Даць разгон.

•••

З разгону — моцна разагнаўшыся, набраўшы скорасць.

У разгон — у роскідку (араць).

У разгоне (у знач. вык.) — пра тых, хто разасланы, адасланы куды‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчарба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што мае не ўсе зубы, рэдкія зубы. — Я-то ўжо думаў, што ў цябе зуб новы вырас. Уставіў бы, ці што, ходзіш шчарбаты, — падкалоў.. [Міця] Івана, намякаючы на той далёкі вечар. Кудравец. Цуглі былі ўжо густа ржавыя, бо хто ведае, калі яны закладваліся ў шчарбаты рот Крумкача. Кулакоўскі. / Пра зубы. Гэта быў гадоў дваццаці васьмі мужчына з шэрымі вачыма, з круглым задзёрыстым тварам і шчарбатымі зубамі. Скрыган.

2. Які мае няроўныя, са шчарбінамі краі. Шчарбатая лыжка. □ А бацька адчыняе скрынку, дастае шчарбаты чайнік. Лынькоў. Палез у печку. Дастаў адтуль шчарбаты чыгунок з капустаю. П. Ткачоў. // Які мае няроўнае, нявострае з зазубрынамі лязо. Шкрэбнуў па поснай патэльні шчарбаты нож. Бураўкін. // Які мае няроўную, з выбоінамі, паверхню. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе. Караткевіч. Пералажылі шчарбатыя, пазламаныя масты, збудавалі трохі новых. Мележ. Сям-там шчарбаты камень пачынаў абшмульваць і ўядацца ў кару. Арочка.

3. перан. Які мае няроўныя або з дзіркамі абрысы. Месцамі край неба падпіралі шчарбатыя хвойнікі. Бядуля. Сям-там, як бы ля падножжа, да .. [будынкаў] туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Карпаў.

4. Які мае паменшаны, малы серп (пра месяц). І раўнадушна на зямлю пазіраў стары шчарбаты месяц. Асіпенка.

5. перан. Несапраўдны; няпоўны, аднабокі. — Свет вялік, — кажа пан, — можа, і праўда. — Праўда, то праўда, пане, хоць і шчарбатая. Якімовіч. // Няўдалы, няшчасны. Значыць, лёс мой такі шчарбаты. Трэба скарыцца. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)