НІСІ́МКАВІЧЫ,

комплекс археал. помнікаў каля в. Нісімкавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча, селішчы, курганны і бескурганны могільнікі. Гарадзішча заснавана насельніцтвам мілаградскай культуры, пазней асвоена носьбітамі зарубінецкай культуры. Пры раскопках выяўлены рэшткі пабудовы, 4 агнішчы, фрагменты ляпной керамікі, гліняныя прасліцы і грузікі, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. На пяці селішчах 5—7 і 9—11 ст. выяўлены рэшткі пабудоў калочынскай культуры, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, жал. нажы, цвікі, цуглі, бронзавыя і сярэбраныя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы і тыглі, рэшткі металургічнай вытв-сці і інш. У курганным могільніку 10—12 ст. 43 насыпы (дыям. 5—12 м, выш 0,7—2 м), пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе ў дубовых калодах. Знойдзены ганчарны посуд, бронзавыя сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, лунніцы, фібулы, бурштынавыя, сердалікавыя, шкляныя пацеркі і інш. Належаў радзімічам. Бескурганны могільнік датуецца першымі ст. н.э. (пахавальны абрад — трупаспаленне) і 12—13 ст. (трупапалажэнне). Знойдзены крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, бронзавыя скроневыя кольцы, шыферныя прасліцы і інш.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ПРАЖ, збруя,

прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.

Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.

В.​С.​Цітоў.

Вупраж каня: 1 — аброць з цуглямі; 2 — хамут (а — клешчы, б — хамуціна, в — покрыўка, г — супоня, д — гуж, е — лямцавая падкладка); 3 — падсядзёлак стаячы (гарбаты); 4 — правільная пастава цугляў у роце каня; 5 — цуглі.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)