паэ́ма, ‑ы, ж.

1. Вялікі вершаваны твор з апавядальным або лірычным сюжэтам. Лірычная паэма. □ У першапачатковы варыянт паэмы «Сцяг брыгады» была ўключана невялікая песня-легенда пра музыку-цымбаліста. Гіст. бел. сав. літ.

2. перан. Пра што‑н. прыгожае, велічнае, незвычайнае. Нашы дні — паэмы-былі, Сказ нідзе нячуты. Колас. Сама ты, радзіма, жывая паэма. Глебка.

3. Музычны твор свабоднай формы з лірычным зместам. У канцэртах аркестра гучалі ўсе сімфоніі Чайкоўскага, яго ўверцюры, паэмы. «Беларусь».

[Грэч. póiēma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ршасны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які з’яўляецца першай, зыходнай ступенню чаго‑н.; першапачатковы. Матэрыя — першасная, свядомасць — другасная. Першасная абмотка трансфарматара. Першаснае значэнне слова. □ Будынак.. царквы неаднаразова перабудоўваўся і рамантаваўся, і даследчыку прыйшлося карпатліва ўстанаўліваць першасны варыянт яго. Ліс. // у знач. наз. пе́ршаснае, ‑ага, н. Першааснова, сутнасць чаго‑н. Ды той «халодны» разлік амаль ніколі не забіваў «цеплыні» пачуццёвага — першаснага ў паэзіі. Лойка.

2. Які ўзнікае, утвараецца на першай, пачатковай стадыі чаго‑н. Першасныя крышталічныя пароды. Першасныя солі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трызу́б ‘ваўкаўня, пастка на ваўкоў’ (Цярохін, Охота), трызу́бка ‘матыка з зубцамі’ (лельч., бераст., ЛА, 2), ст.-бел. тризубъ, тризубецъ, трезубъ, трезубецъ ‘від зброі’ (ПГС), укр. тризу́бець ‘вілы з трыма зубамі’, рус. трезу́б, трезу́бец, трезубка ‘тс’, польск. tryzub ‘кармушка для лясных звяроў’, чэш. trzub ‘плот з трохрогіх расох’, славац. trojzub ‘трызубец’, славен. trizob ‘тс’, балг. тризъ́бец ‘тс’, макед. тризаб ‘тс’, ‘трызубец (зброя)’, ст.-слав. трьзѫбьць ‘тс’. Прасл. *trьzǫbъ, складанае слова з *trь‑ (гл. тры) і *zǫbъ (гл. зуб), першапачатковы прыметнік са значэннем ‘трохзубы’ (Махэк₂, 656). Гл. яшчэ Сялімскі, Старобългаристика, 13, 4, 43–44.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

першабы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да найстаражытнейшага перыяду гісторыі чалавецтва. Першабытны чалавек. Першабытнае грамадства. Першабытная культура.

2. перан. Устарэлы, прымітыўны. Першабытная тэхніка. □ У гэтым млыне і пад’ёмны механізм быў таксама стары, першабытны. Брыль. // Дзікі, некультурны. Першабытныя норавы.

3. Першапачатковы, былы. Тут, у вёсцы, першабытная цішыня, хвалюючы водар зямлі, пах усяго жывога, што расце, цягнецца да сонца, дыхае. Навуменка. І вецер імкнецца наўсцяж развінуць сваю першабытную дужасць. Глебка. // Некрануты, у натуральным стане. Першабытны лес.

4. Ужываецца ў якасці састаўной часткі назваў некаторых выкапнёвых жывёл. Першабытны зубр.

•••

Першабытны камунізм гл. камунізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арыгіна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца арыгіналам (у 1 знач.); сапраўдны, першапачатковы. Арыгінальны рукапіс.

2. Створаны самастойна; не запазычаны, не перакладны. Арыгінальнае мастацкае рашэнне. Арыгінальны рэпертуар. □ Цікавымі паэтычнымі творамі з’яўляюцца першыя арыгінальныя беларускія байкі. Казека.

3. Непадобны да іншых, самабытны. Арыгінальны падыход. □ Адчувалася, што.. ў.. [Чорнага] ёсць свежыя назіранні і сваё, арыгінальнае ўспрыманне свету. Барсток. [Ваброў:] — Я хачу толькі сказаць, калегі, што думка Івана Іванавіча вельмі арыгінальная. Гамолка. // Своеасаблівы, незвычайны. Нават форма цела ў ментуза надзвычай арыгінальная: вялікая, сплюснутая спераду галава, шырокая пашча з мясістымі, тоўстымі губамі, кароткія вусікі на падбародку. Матрунёнак. Твор [«Вялікае сэрца»] пачынаецца з арыгінальнай дэталі, якая адразу характарызуе галоўнага героя. Луфераў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арыгіна́л ’твор ці дакумент у першапачатковай форме’, ’своеасаблівы чалавек’. Першае значэнне зафіксавана яшчэ ў 1599 г. Жураўскі, Працы IM, 7, 215 (у форме оріиналъ), Гіст. лекс., 110: оригиналъ, Гіст. мовы, 1, 258; орииналъ (іншыя формы — Булыка, Запазыч.); Гарб. фіксуе originarii, originales у значэнні ’асобы, што паводле нараджэння належаць да пэўнага стану’, што ў пэўным сэнсе можа лічыцца папярэднім да сучаснага другога значэння. У станаўленні сучаснай семантычнай структуры слова, у прыватнасці ва ўзнікненні друкарскага значэння слова ’крыніца (машынапіс), па якой набіраецца тэкст’, адыграла ролю руская мова (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. мовы, 2, 146; Гіст. лекс., 252), для якой адпаведную ролю, верагодна, адыгралі нямецкая і французская мовы. Крыніца беларускага і рускага слоў — лац. originalis ’арыгінальны, першапачатковы’. Для старабеларускага слова, магчыма, не трэба абавязкова знаходзіць мову-перадатчык; для рускай такой лічаць польскую ці нямецкую (Фасмер, 3, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рвы, пе́рву ’першы’ (ТС), пе́рвый (Бяльк.), укр. пе́рвий, стараж.-рус. пьрвъ, ст.-польск. pierwy, н.-луж. pérwy); в.-луж. pjenvy, чэш. і славац. prvý, славен. pr̂vi, серб.-харв. пр̂ви макед. прв, балг. пъ́рви ст.-слав. прьвъ, прьвыи. Прасл. *pьrvъ, якое адпавядае ст.-інд. pū́rva‑ ’пярэдні, папярэдні, першы’, авест. paurva‑, puouruya‑. paoiiyu ’першы’, алб. parë ’самы першы’, ст.-англ. forwosi, forwesi ’першы, правадыр’, тахар. A pärvat ’старэйшын тахар. B pärwes̩s̩e ’першы’, літ. pirmas ’тс’ < і.-е. *pŕ̥H‑u̯o (Міклашыч, 244; Фасмер, 3, 235; Фрэнкель, 597; Копечны, 2, 684; Махэк₂, 488–489; Бязлай, 3, 132–133; Фурлан (там жа, 105) абгрунтоўвае этымалагічную сувязь *pьrvъ з *pravъ, гл. правы). Сюды перашый? ’самы пачатак, упершыню’ (Юрч. СЫН); параўн. таксама польск. pierwosć ’першапачатковы, першасны стан’. Архаізм на частцы беларускай моўнай тэрыторыі або запазычанне з рус. первый, параўн. першы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

першаро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які нарадзіўся першым, раней за ўсіх астатніх. Першарадны сын.

2. перан. Кніжн. Які захоўвае свой натуральны стан, некрануты. Удалечыні ад заводскіх гудкоў, шуму вялікіх гарадоў.. [у Карпатах] пануе першародная цішыня. «Звязда». [Веньямін:] — Перад намі некранутая першародная прыгажосць. Будзем жа убіраць яе вачамі і вушамі, удыхаць грудзямі. Навуменка. Вунь зубастым каўшом праразае канаву Экскаватар праз глей першародных пластоў. Звонак. // Першапачатковы. Заўсёды, як гляне даўніна сівая У вочы, нібыта настаўнік суровы, Свой сэнс першародны тады набываюць І фарбы і гукі, пачуцці і словы. Панчанка. Многія з запісаных этнографам варыянтаў даюць магчымасць сцвярджаць, што пэўныя беларускія народныя песні, якія спяваюцца цяпер і вядомы вельмі шырока, «выраслі» з тых, што бытавалі ў першароднай форме ў XIX ст. і яшчэ раней. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра..., прыстаўка.

I. Утварае дзеясловы са знач.:

1) дзеяння, накіраванага праз што-н., напр.: прабіць, прагрызці, працячы;

2) дзеяння, якое распаўсюджваецца з усёй паўнатой на ўвесь прадмет, напр.: праварыць, прагрэць, прасаліць;

3) руху ў прасторы міма чаго-н., напр.: прабегчы, праехаць;

4) поўнай закончанасці, вычарпанасці дзеяння, напр.: праспяваць, пранумараваць, прайсціся;

5) дзеяння, якое ажыццяўляецца ў адзін прыём (пераважна пра гучанне), напр.: прапішчаць, прамяўкаць, прабарабаніць;

6) дзеяння, якое развіваецца ва ўсім аб’ёме на працягу якога-н. прамежку часу, напр.: праседзець (увесь дзень), прахварэць, прамучыцца (які-н. час), праблукаць;

7) дзеяння, у выніку якога нанесена шкода, страта, напр.: празяваць, прагуляць, прагандлявацца.

II. Утварае:

1) назоўнікі і прыметнікі са знач. першапачатковы, найбольш старажытны, напр.: прарадзіма, праславянскі;

2) прыметнікі, якія абазначаюць высокую, найвышэйшую ступень якасці, напр.: прамудры, праславуты.

III. Утварае назоўнікі і прыметнікі са знач. прыхільнік каго-, чаго-н., які дзейнічае ў чыіх-н. інтарэсах, напр.: праімперыялістычны, прафашыст.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пе́ршы 1 — парадкавы лічэбнік да адзін, ’першапачатковы’, ’самы важны, галоўны, вядучы’ (Нас., Мік., Мядзв., Шат., ТСБМ). З польск. pierwszy (Мядзв., Іліч–Світыч, Этимология–1963, 81), якое з першаснага польск. pierwy < прасл. pьrvь(jь); суфікс ‑sz‑ у польскім слове пад уплывам польск. mniejszy ’меншы’, większy ’большы’, dzisiejszy ’сённяшні’ (Брукнер, 410); паводле Банькоўскага (2, 561), са скарочанага najpierwszy. Сюды ж: пе́ршыя пе́ўні ’час прыблізна каля 24 гадзін ночы’ (Мядзв.) і вытворныя першыня́, першына́ (Яруш.; ТСБМ; міёр., Нар. словатв.), першатво́р, першапі́с ’арыгінал рукапісу’ (Др.-Падб.), пе́ршанства ’верх, першынство’ (Нас.), перша́к ’першы гатунак’ (Бяльк.), першацёлка ’карова першым целем’ (навагр., Нар. словатв.; шчуч., З нар. сл.), першына́ ’трава першага ўкосу’ (слонім., Сл. рэг. лекс.).

Пе́ршы 2 ’як раней’ (Нас.) — прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. з суф. ‑ы, (як у стараж.-рус. пакы ’зноўку’ (XII ст.) ці малы ’мала’ (Лаўрэнцьеўскі летапіс 1327 г.) ад прыметніка пе́ршы 1 (гл.). Сюды ж і першы‑на́‑першы ’спачатку’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)