Пачостка, почастка, по́чостка, почо́стка ’частаванне з гарэлкай і закускай, пачастунак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Кольб., Шат., Варл., Янк. БП, ТС; іўеў., Сл. ПЗБ), круп. пачоска ’тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. почестка ’прынашэнне, дар’, ’гонар, слава’, рус. пск. поче́стка, поче́стки ’пачэснае частаванне’. Усходнеславянскае. Утворана ад прасл. po‑čьstь (бел. почасць, укр., рус. почесть, чэш. počest, серб.-харв. по̏част, макед., балг. почест ’тс’) пры дапамозе дэмінутыўнага суфікса ‑ьka.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карчма́ ’піцейны дом, шынок, заезны дом’, укр. корчма (корчми робити ’праводзіць пацехі, гульні з музыкам’), рус. корчма, чэш. krčma, славац. krčma, в.-луж. korčma, польск. karczma, рус.-ц.-слав. кърчма ’карчма’, ’моцны напітак’, ’сасуд для віна’, серб.-харв. кр̀чма ’карчма, пачастунак, частаванне’, славен. kȓčma, балг. кръчма ’частаванне, пачастунак’, прасл. kъrčma. У гэтай лексемы відавочна выдзяляецца суфікс ‑ьma. Суфікс мала прадуктыўны, найбольш надзейны прыклад vědъma, якое, аднак, да Nomāna agentis, чаго нельга сказаць пра kъrčma. Ва ўсякім разе іншы падзел на марфемы наўрад ці магчымы. Каранёвая марфема kъrč‑ прадстаўлена, як здаецца, у серб.-харв. кр̀чити ’частаваць або прадаваць алкагольныя напіткі’. Апошні прыклад вельмі няпэўны (адзіная фіксацыя ў песні). Да таго ж гэты дзеяслоў вядомы і шырока распаўсюджаны ў іншым значэнні (прасл. kъrčiti ’карчаваць’), таму, калі ісці ад чыстай формы, мы атрымліваем досыць нечаканы рэзультат: kъrčiti ’карчаваць’ + ‑ьma = kъrčma ’выкарчаванае месца’. Семантычна гэта амаль што немагчыма вытлумачыць. Найбольш верагоднай версіяй з’яўляецца ўзвядзенне kъrčma да kъrkati ’прагна есці, жэрці’ (параўн. серб.-харв. кр́кати і балг. къркам у гэтым значэнні). Іншыя версіі зусім неверагодныя (Агляд версій у Слаўскага, 2, 73–74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́звы ’ўзаемнае запрашэнне ў госці; запрашэнне ўсёй бяседнай кампаніі ў другі дом на пачастунак’ (ашм., Стан.; Хрэст. дыял.), ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да яе мужа або наведванне нявесты з мужам яе бацькоў пасля вяселля’ (Шат., Ян., Жд., Сцяц., Янк. 2). Ад перазыва́ць, параўн. пярэ́звы ’перазыванне гасцей для пачастункаў’ (Некр.), што ад зваць ’клікаць, запрашаць’ (гл.). Множналікавая форма характэрна для называння абрадаў і іншых этапаў вяселля, гл. сваты́ ’сватанне’, агле́дзіны, зару́чыны і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

непако́ра, ‑ы, м. і ж.

1. ж. Непакорнасць, непадуладнасць каму‑н. [Думцы Я. Купалы] пастаянна ўласцівы дух непакоры, бунту, пратэсту. Навуменка.

2. м. і ж. Такі, якога немагчыма скарыць. Карчагін... Ён выстаяў скрозь, непакора! Глядзіць са старонак сурова, з дакорам. Арочка.

3. м. і ж. Упарты чалавек; неслух. Спачатку.. [бацька] намерыўся было сесці на лаву, пагутарыць з Галінай аб яе жыцці, вучобе.., падзяліцца, з бачкой сваімі думкамі, але рагаталі перадумаў, рэзка махнуў рукою і выйшаў за дзверы. — Во, стары непакора, — злосна заключыла маці, ставячы на стол пачастунак. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ставіць, -таўлю, -тавіш, -тавіць; -таўлены; зак.

1. што. Паставіць, вынесці за межы чаго-н.

В. вазоны з пакоя на балкон.

2. што. Выняць устаўленае.

В. падвойныя рамы з акон.

3. каго (што). Выгнаць (разм.).

В. за дзверы свавольніка.

4. каго-што. Змясціць для агляду.

В. карціны на прагляд.

В. напаказ.

5. каго-што. Паставіць, размясціць (варту і пад.).

В. вартавых.

6. каго-што. Прапанаваць, вылучыць.

В. кандыдата.

7. перан., што. Выказаць прапанову, патрабаванне.

В. ультыматум.

8. перан., каго-што. Паказаць у тым або іншым выглядзе.

В. на пасмешышча.

9. каго-што. Знайшоўшы, сабраўшы, даць для пэўнай мэты.

В. вялікую армію.

В. пачастунак.

10. што. Напісаць, паставіць, вывесці.

В. вучням гадавыя адзнакі.

|| незак. выстаўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. выстаўле́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Перазоў ’трэці або адзін з наступных дзён вяселля, калі бацькі маладой едуць да яе і прывозяць пасаг і блаславёную ікону’ (Нас.); івац. пэрэзов, рас. перазыўкі, лаг. пярэзаўкі, мін. пярэзвіны, кам. пырызвэ́, лун. пэрэзовы, пін. пырызоў, віл. пярэ́заўкі ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да сватоў праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. ПЗБ, Жыв. НС. Сл. Брэс., З нар. сл., лун., Шатал.); мін. пярэзвіны, віц. перазоўкі госці ў бацькоў маладых праз тыдзень пасля вяселля (Касп., Хрэст. дыял.), мазыр. перазоў ’узаемнае наведванне пасля вяселля’ (Нар. Гом., Шн. 3); лаг. перазовыя ’калі бацькі маладой запрашаюць у госці дачку, зяця і бацькоў маладога’ (Варл.), стол. пэрэзовпачастунак у бацькоў маладой’ (Сл. Брэс.), пярэзвы ’тс’ (Шат.), паст. перазыў, перазыўнікі ’паездка гасцей нявесты да жаніха’, красл. перазыўкі ’паездка гасцей да нявесты праз тыдзень’ (Сл. ПЗБ); пярэзвы ’запрашэнне’, перазвя́нка ’запрошаная зяцем маці маладой’ (Зянк.); пярэзвы ’ўзаемныя запрашэнні ў госці на запускі ўсёй вёскі да кожнага гаспадара’ (Стан.); перэзя́нка ’дружка маладой на вяселлі’ (ТС); укр. перезва́ ’ў панядзелак пасля першай шлюбнай ночы родныя маладой ідуць на пачастунак да бацькоў жаніха’ (П. Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 56; чарніг., Грынч.), пере́зивкп ’пачастункі ў чацвер і пятніцу ў хаце маладога, потым у дружка, затым у брата, дзядзькі, сястры’ (Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 580); рус. кур. перезва́ ’другі дзень вяселля’, пере́звы ’апошняе гулянне на вяселлі’, вілен. перезов ’пераезд нявесты (у суботу) у дом жаніха’. Прасл. паўн. рэгіяналізм *per‑zovъ. Да пера- і зваць (гл.). Сюды ж мсцісл. пірізваць ’запрасіць да сябе ў адказ’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ску́піцца, ‑піцца; зак.

Разм. Сабрацца кучай, масай. Скупіліся хмары над лесам. // Сабрацца разам, збіцца ў кучу, стоўпіцца. Павел.. прысеў і грэе рукі над полымем. Усе скупіліся каля яго. Пестрак. Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці. Чыгрынаў.

скупі́цца, ‑плю́ся, ‑пі́шся, ‑пі́цца; незак., на што, з інф. і без дап.

Неахвотна расходаваць, даваць іншым што‑н.; быць празмерна ашчадным. Скупіцца на пачастунак. □ Зайкін скупіўся аплаціць працадні так, як гэта нават дазваляла калгасная капейка. Дуброўскі. Як ні скупіўся [Арцём], як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак. Бядуля. // (звычайна з адмоўем). Быць шчодрым на што‑н. Не скупіўся [Галавач] некага пахваліць, нечаму парадавацца. Скрыган. Ванда Адамаўна, у процілегласць мужу, ніколі не скупілася на словы. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Талака́1 ’калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ’; ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (Нас., Шымк., ТСБМ, Некр. і Байк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’грамадская дапамога ў працы’ (Сцяшк:, Бяльк.), ’дадатковая праца па жаданні ў часы прыгону’ (Федар. 4), ’грамадская дапамога аднаму чалавеку нешта перавозіць’ (Варл.), ’пасьба коней ноччу’ (Мат. Гом.), талака́ і тало́ка ’дапамога ў працы гуртам’ (Ласт.), тала́ка ’праца грамадой за пачастунак’ (Ян.), ’дапамога’ (Касп.), то́лака ’паншчына’ (капыл., ЛА, 3), то́лока ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (ТС), толо́ка ’тс’ (Вруб.), талако́ю ’гуртам’ (калінк., З нар. сл.). Укр. толо́ка́ ’праца гуртам для хуткага выканання вялікай па аб’ёме справы, на якую клічуць суседзяў, сваякоў, сяброў (без платы, за пачастунак’)’, рус. дыял. толо́ка ’тс’, польск. tłoka, каш. otłoka ’ўзаемная суседская дапамога на жніве’, славен. tláka, серб.-харв. тла́ка, балг. тлака́, макед. тлака ’тс’. З прасл. *tolka ’тс’, звязанае з *tolkti ’таўчы’. Адносна матывацыі параўн. талакня́ ’таўкатня’ (Жд. 2), тало́к ’натоўп’ (Сл. Брэс.). Сярод індаеўрапейскіх адпаведнікаў літ. talka ’талака’, лат. tàlka ’тс’, з іншым вакалізмам літ. telkti ’збіраць на талаку’, гэта, паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 25), дае падставы лічыць слова пранікненнем з балтыйскіх моў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 24), што, аднак, немагчыма давесці (гл. Анікін, Опыт, 287 з літ-рай), як і адваротнае (Брукнер, 571–572). Старажытнае значэнне слова, відаць, звязана з архаічным спосабам калектыўнай малацьбы пры дапамозе жывёлы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72. Агляд версій — Янышкава, Studia Etym. Brun., 6, 139–141. Параўн. талок, гл.

Талака́2 ’ялавіна’ (Мат. Гом.), толока́ ’выган’ (Сл. Брэс.), тала́ка ’поле пад папарам’ (Ян.), тало́ка ’абложная зямля’ (б.-каш., добр., ЛА, 5), ’папар’ (гом., ЛА, 2), ’паша’ (паст., там жа), толо́ка ’папар’ (рэч., там жа), сюды ж талако́уе (tałakóŭja) ’патаптаныя логвы ў збожжы ці ў вялікай траве’ (Варл.), талакава́ць ’пуставаць некалькі гадоў (пра зямлю)’ (Ян.), толокова́ць ’таўчыся; бубнець’ (ТС). Укр. то́ло́ка ’пакінутае пад папар поле, на якім пасуць скаціну; вольная дзялянка каля сяла, дзе моладзь збіралася гуляць’, толо́ка ’горная раўніна, паша’, толокува́ти ’быць пад папарам (пра поле)’. З прасл. *tolk‑ ’таўчы, мяць, таптаць’, гл. папярэдняе слова (ЕСУМ, 5, 594; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 571–572; Голуб-Ліер, 386; Махэк₂, 644).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рыхтава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Прыводзяць што‑н. у стан гатоўнасці, рабіць што‑н. годным для выкарыстання, ужывання. Рыхтаваць глебу пад пасевы. Рыхтаваць камбайны і жняяркі да ўборкі ўраджаю. □ [Маці:] — Распранайся і ідзі рыхтуй сабе ванну. Шамякін. З гаража далятала вуркатанне матора — шафёр рыхтаваў машыну ў рэйс. Шахавец. // Вучыць для якой‑н. мэты, даваць каму‑н. неабходныя веды. Школа механізатараў рыхтуе трактарыстаў і камбайнёраў. □ Абком партыі трымаў цесную сувязь з раёнамі вобласці, старанна рыхтаваў кадры для партыйнага падполля. Казлоў. [Варанецкі:] — Забела, дык той загадзя сябе ў начальнікі рыхтуе, усё практыкуецца ў мяне, як ставіць пячаткі. Скрыган.

2. Працаваць над выкананнем чаго‑н., распрацоўваць што‑н. Рыхтаваць даклад. □ [Сцёпка:] А пасля абеду я іду чытаць газету і вучыцца ў гурток. Тут рыхтуем на наступны раз лекцыі. Колас. У Марынкі цяпер гарачая пара — яна рыхтуе дыпломную работу. Хадкевіч.

3. Варыць ежу; гатаваць. Мікола і Ірына .. сядзелі на беразе і на агні рыхтавалі сваю няхітрую вячэру. Гаўрылкін. Гаспадыня пачастунак для памочніка рыхтуе. Дубоўка.

4. Рабіць запас чаго‑н.; набываць што‑н. загадзя, наперад. Калі Аксеня .. мыла бялізну, .. [Хомчык] рыхтаваў ёй ваду. Пестрак. Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы. Прыказка.

5. Збірацца, намервацца зрабіць што‑н., задумваць што‑н. Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар; Ідуць партызаны, Рыхтуюць удар. Колас. [Міхееў] вывеў дывізіён з пасткі, якую нямецкае камандаванне рыхтавала для яго. Шамякін.

рыхтава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Спец. Выпростваць, выраўноўваць, вывяраць.

[Ад ням. richten.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)