ПО́ПРАДКІ, вячоркі,

даўні звычай бел. вясковых дзяўчат збірацца вечарамі з работай у адной хаце. Пачыналіся ад Пакроваў (1 кастр. с.ст.) і доўжыліся да Вялікадня. На П. звычайна пралі, ткалі, вышывалі. Прыходзілі і хлопцы, якія плялі лапці, вырэзвалі лыжкі, рамантавалі калаўроты для дзяўчат. На П. жартавалі, расказвалі цікавыя здарэнні, казкі, паданні, былічкі, загадвалі загадкі. У перадсвяточныя вечары дзяўчаты прыносілі невял. пачастунак, пасля якога моладзь спявала песні, танцавала пад гармонік ці скрыпку. Звычай не захаваўся.

Л.​І.​Мінько.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЖЫ́НСКІ ((Pierożyński) Леан) (каля 1753—1827),

польскі і бел. акцёр, рэжысёр, антрэпрэнёр. Творчую дзейнасць пачаў як акцёр у Варшаўскім Нац. т-ры (у В.​Багуслаўскага). Стваральнік і кіраўнік (1783—84) прыдворнай прафес. трупы Нясвіжскага тэатра Радзівілаў (у рэпертуары, акрамя драм. спектакляў, оперы-буфа «Джаніна і Бернардоне» Д.​Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.​Сарці, оперы «Салдат-чарнакніжнік, або Д’ябальскі пачастунак» Гаэтані, «Фраскатанка» Дж.​Паізіела і інш.). Вядомы як перакладчык камедый і оперных лібрэта. У 1795 выступаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.) і Вільні. Узначальваў гастролі «Кампаніі артыстаў польскай камедыі», якая наведала Украіну, Польшчу. Разглядаў тэатр як сродак эстэт. выхавання, школу грамадзянскіх дабрачыннасцей.

т. 12, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)