ПО́ПРАДКІ, вячоркі,

даўні звычай бел. вясковых дзяўчат збірацца вечарамі з работай у адной хаце. Пачыналіся ад Пакроваў (1 кастр. с.ст.) і доўжыліся да Вялікадня. На П. звычайна пралі, ткалі, вышывалі. Прыходзілі і хлопцы, якія плялі лапці, вырэзвалі лыжкі, рамантавалі калаўроты для дзяўчат. На П. жартавалі, расказвалі цікавыя здарэнні, казкі, паданні, былічкі, загадвалі загадкі. У перадсвяточныя вечары дзяўчаты прыносілі невял. пачастунак, пасля якога моладзь спявала песні, танцавала пад гармонік ці скрыпку. Звычай не захаваўся.

Л.​І.​Мінько.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)