наляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыляцець у вялікай колькасці. Аднекуль наляцелі пчолы, папрыляталі камары. Мурашка. Паляцела шмат аваднёў і сляпнёў. Чарнышэвіч. // пераважна безас. Налятаючы ці падаючы, асесці ў якой‑н. колькасці. Паляцела снегу ў сенцы. Наляцела лісця на газоны. // перан. Разм. Хутка прыехаць, наехаць у вялікай колькасці. Наляцелі карэспандэнты на выстаўку.

2. перан.; на каго-што. Разм. На хаду, з разбегу наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Як укопаны, спыніўся бронетранспарцёр, з разгону наляцелі адна на другую машыны і таксама замерлі. Шчарбатаў. Хтосьці ў цёмным кутку наляцеў на мяне нечакана, Ледзь не збіў мяне з ног. Куляшоў. // перан. Разм. Раптам сустрэцца з кім‑н. Наляцець на вуліцы на знаёмага. □ [Коля] выскачыў на лугавіну і адразу наляцеў на двух немцаў. Ставер.

3. на каго-што. Напасці, накінуцца з лёту. Каршун наляцеў на куранят. // Напасці, атакаваць з паветра. Апоўдні на горад наляцелі нямецка-фашысцкія самалёты. Гурскі.

4. на каго-што і без дап. Зрабіць напад, атакаваць. Карнікі наляцелі раненька, ачапілі вёску, выставілі паставых скрозь па вуліцы, загадалі нікому не выходзіць з хат. Марціновіч. // Напасці з мэтай грабяжу. Наляцела банда на магазін. // Раптам з’явіцца, прыехаць. Наляцець з вобыскам. Наляцець з рэвізіяй.

5. перан.; на каго. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, пагрозамі. Толькі [Патапчык] адпрог каня і ўсунуўся ў хату, Антоля наляцела на яго, як коршак. Чарнышэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знянацку пачацца (пра вецер, дождж, хмары і пад.). Наляцеў і закружыўся па шляху, уздымаючы пясок, моцны вецер-віхор. Галавач. Паляціць перад самым жнівом навальніца з градам і ад краю ў край усё вымалаціць. Паслядовіч. // перан. Разм. Настаць, надысці (пра падзеі, здарэнні, поры года і пад.). Наляцела зіма. □ Наляцела вайна. Фашысты знішчылі і школу і сельсавет, разрабавалі калгасы. Дуброўскі. // перан. Нечакана з’явіцца, узнікнуць, ахапіць. Мары светлыя к нам наляцелі... Журба. Раптам наляцелі ўспаміны.., наляцелі і запаланілі ўсё сэрца, усю душу. Лупсякоў.

•••

Каршуном наляцець — раптоўна і імкліва накінуцца, напасці на каго‑н. са злосцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абру́шыцца, ‑шыцца; зак.

1. Рынуцца, паляцець, пасыпацца на каго‑, што‑н. Застрачылі кулямёты, аўтаматы, на паліцэйскіх абрушыўся град куль. Васілеўская. // перан. Наваліцца на каго‑, што‑н. (пра вайну, голад, няшчасце і пад.). Лавінай нечаканаю вайна, Усё знішчаючы перад сабой, На мірны край абрушылася наш. Танк.

2. перан. Імкліва і нечакана напасці на каго‑, што‑н.; атакаваць. Чорны груган кружыць над наваколлем і вось-вось абрушыцца на Панятоўшчыну. Кавалёў. // Напасці, накінуцца на каго‑н. з папрокамі, лаянкай, абвінавачваннямі. Як толькі Шаблюк закончыў, Мікульскі.. абрушыўся на яго з тымі ж самымі фактамі. Марціновіч. Спачатку меўся ўскочыць архірэй І гневам абрушыцца вялікім На дзёрзкага папа. А. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце, ‑падуць; пр. успаў, ‑пала; зак., на каго-што.

Разм.

1. Напасці з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад. [Сяргей:] — Як драпежныя рабаўнікі, успалі магнаты на наша народнае багацце. Машара. / у перан. ужыв. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ўночы, і ўдзень. Гілевіч.

2. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі і пад. — Чаго ты прычапіўся да дзіцяці? — успала матка. Баранавых. У хаце Каця не прамінала пры гэтым на мужа ўспасці: Зноў аднае дзындры набраў. Лобан.

3. Выпадкова трапіць, набрысці на што‑н. Успасці на след.

•••

Успасці на думку каму — тое, што і прыйсці на думку каму (гл. прыйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наляце́ць, -лячу́, -ляці́ш, -ляці́ць; -ляці́м, -леціце́, -ляця́ць; -ляці́; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыляцець у вялікай колькасці.

Наляцелі пчолы на мёд.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падаючы, асесці ў якой-н. колькасці.

Наляцела (безас.) тапалінага пуху ў хату.

3. на каго-што. На хаду, з разбегу наткнуцца, наскочыць (разм.).

Н. на слуп.

4. на каго-што. Напасці на каго-н. з лёту.

Ястраб наляцеў на куранят.

5. на каго-што і без дап. Зрабіць напад, атакаваць.

Карнікі наляцелі на вёску.

6. перан., на каго. Накінуцца на каго-н. з лаянкай, пагрозамі (разм.).

Свякроў наляцела з пагрозамі.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знянацку пачацца (пра вецер, дождж і пад.).

Наляцела навальніца з градам.

|| незак. налята́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. налёт, -у, М -лёце, мн. -ы, -аў, м. (да 1, 3—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Наха́ба ’напасць’ (Нас., Грыг., Др., Яруш., круп., ЭШ), ’напасць, непрыемнасць; нахабства’ (Гарэц.), ’гора, навалач’ (Макар.), ’няшчасце, навала; нахабнік’ (Бяльк.), ’навязаны клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’ (Янк. 2, Ян.), ’назола, прыставай, бессаромнік’ (парыц., Янк. Мат.), ’нахабнік’ (Клім., Пятк. 2), ’здань’ (касцюк., Арх. ГТ), наха́біца ’пошасць, хвароба’ (ТС), ’назола’ (івац., Жыв. сл.), наха́бны ’навязлівы, прыдзірлівы’ (Нас.), ’наглы’ (Бяльк.), укр. наха́ба ’бяда, напасць; нахабства’, рус. наха́ба ’напасць, нечаканая непрыемнасць; клопат, абуза; нахабнік, нахабніца’. Ад наха́біць ’нападаць, паклёпнічаць, безпадстаўна абвінавачваць у злачынстве’ (Нас.), да незафіксаванага а́біць, параўн. ст.-бел. ахабивъ, зафіксаваную форму з аканнем ад дзеяслова *охабити (Карскі, 1, 136), параўн. ст.-польск. ochabić ’абхапіць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага хав‑ (Бернекер, 381) і можа суадносіцца з габа́ць ’браць, хапаць’ (Фасмер, 4, 215; Махэк₂, 410). Некаторыя значэнні развіліся, магчыма, пад уплывам *xabiti ’псаваць’, гл. ха́баль, хабе́та; да семантыкі параўн. нахваці́цца ’з’явіцца знянацку’ (Ян.), нахапі́ццанакінуцца’ (Растарг.) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́нуць ’рухаць, кратаць, соваць; усунуць, штурхнуць, піхнуць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ’рушыць, пайсці грамадой’ (ТС, Сержп. Грам., Юрч. Вытв.), ’пасоўваць, ставіць’, ’цягнуць’, ’укладаць, усоўваць’, ’ісці’ (Сл. ПЗБ), су́нуты ’цягнуць’ (Клім.), су́нуцца ’паволі рухацца, ісці’ ’тс’, (ТСБМ, ТС), ’высоўвацца’, ’напасці, накінуцца’ (Сл. ПЗБ), ’упасці’ (Бяльк.). Укр. су́нути, рус. су́нуть, стараж.-рус. сунуты ’кінуць’, ц.-слав. сунѫти, польск. sunąc, в.-луж. sunuć, н.-луж. sunuś, чэш. sunouti ’пасоўваць’, славац. súnuť, серб.-харв. су́нути ’наліць, насыпаць’, славен. súniti ’штурхнуць’, балг. дыял. су́на ’перамяшчаць, слізгаць’, ст.-слав. соунѫти. Прасл. *sunǫti ’пасоўваць, штурхнуць; укласці, усунуць’; дзеяслоў аднакратнага дзеяння да прасл. *sovati, *sujǫ ’соваць’; гл. Борысь, 587; Фасмер, 3, 804; Бязлай, 3, 341–342; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Паводле Махэка₂ (593), было і *sunǫti з іншай семантыкай — ’бегчы, хутка ісці’, параўн. польск. дыял. sunąć ’рушыць, ісці’, чэш. дыял. snuť se ’ісці’, з паралеллю гоц. skewjan ’ісці’, ст.-ісл. skaeva ’рухацца наперад’, роднаснага чэш. sypati ’хутка ісці’. Параўн. снаваць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ры́нуць ’рынуцца’, ’кінуць’ (ТСБМ), ры́нуцца ’імкліва кінуцца, хлынуць’ (ТСБМ, Гарэц.), рынуцца, рынацца ’легчы адпачыць пасля цяжкай работы’ (віл., паст., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́нуць ’кінуцца, рынуцца імкліва’ (ТС, Нар. Гом.; б.-каш., Шпіл.), ’упасці’, ’кінуць’ (Яруш.; Янк.), ри́нутый ’кінуты’, ри́нуць ’кінуць’, ’пакінуць’, ри́нуцьца ’рушыць’, ’кінуцца’, ’упасці’ (Нас.), рус. ри́нуть, дыял. взры́нуть ’ускіпець’, ’раздражніцца’, взры́нуться ’уз’есціся’, укр. ри́нути ’моцна цячы’, ст.-рус. ринути ’кінуць, піхнуць’, риятися ’злавацца’, славац. rinúť, чэш. řinouti se ’ліцца’, славен. ríniti ’соваць, рухаць’, ’давіць’, серб.-харв. rȉnuti ’піхнуць’, ри̏нути се ’рынуцца, ’кінуцца’, ’стукнуцца’, нарнути ’злосна забрахаць, накінуцца’, мак. рине ’кідаю’, балг. ри́на ’разграбаю, ачышчаю’, ст.-слав. ринѫти ’кінуцца’. Прасл. *rinǫti sę ’цячы, ліцца’, ’біць ключом’ (Копечны, 307). І.‑е. база *erei‑ ’цячы’ з коранем *er ’рушыць’, ’зрушыць’. Роднаснае да ст.-інд. rin̥ati, rín̥vati ’застаўляе цячы’, ’выпускае’, ríyate ’пачынае цячы’, грэч. ὀρῑ́νω, лесб. ὀρῑννω ’прыводжу ў рух, узбуджаю, раздражняю, лац. rivus ’ручай’, ir‑rito ’раздражняю’, ірл. rían ’мора’, гальск. Renos ’Рэйн’. Далей звязана з рой, рэ́яць, рака́. (Фасмер, 3, 484 з літ-рай; Скок, 3, 144; Сной у Безлай, 3, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. насеў, ‑села; заг. насядзь; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. У вагон насела многа народу. На плот населі птушкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асядаючы на чым‑н., пакрыць сабою. На мэблю насеў пыл. // Прычапіцца да чаго‑н. На адзежу населі асцюкі.

3. Націснуць сваім цяжарам, наваліцца з сілай. Злуецца прымус на вялікі чыгун, што насеў, цісне яго крывыя ножкі. Баранавых. // Насунуцца, навіснуць. Выехалі [людзі] падвечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак. Мележ. Неба .. насела на самыя верхавіны дрэў. Быкаў.

4. перан. Разм. Настойліва патрабаваць ад каго‑н. чаго‑н. Клічка была зацверджана большасцю галасоў. — Лена, а як мы будзем цябе зваць? — населі дзяўчаты. — У мяне ўжо ёсць імя. Можаце зваць Алёшкам. Няхай.

5. Накінуцца на непрыяцеля. На гэты раз нам часта даводзілася вылазіць з машыны, бо нямецкі знішчальнік як насеў на нас у пачатку дарогі, дык не даваў спакою аж да самай вёскі. Казлоў. І населі тут на лебедзя Птахі дробныя. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.

2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.

3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.

4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.

•••

Наскочыла каса на камень гл. каса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)