абрушыцца, ‑шыцца; зак.

1. Рынуцца, паляцець, пасыпацца на каго‑, што‑н. Застрачылі кулямёты, аўтаматы, на паліцэйскіх абрушыўся град куль. Васілеўская. // перан. Наваліцца на каго‑, што‑н. (пра вайну, голад, няшчасце і пад.). Лавінай нечаканаю вайна, Усё знішчаючы перад сабой, На мірны край абрушылася наш. Танк.

2. перан. Імкліва і нечакана напасці на каго‑, што‑н.; атакаваць. Чорны груган кружыць над наваколлем і вось-вось абрушыцца на Панятоўшчыну. Кавалёў. // Напасці, накінуцца на каго‑н. з папрокамі, лаянкай, абвінавачваннямі. Як толькі Шаблюк закончыў, Мікульскі.. абрушыўся на яго з тымі ж самымі фактамі. Марціновіч. Спачатку меўся ўскочыць архірэй І гневам абрушыцца вялікім На дзёрзкага папа. А. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)