рулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак.
1. Кіраваць рулём. Шашу дагнаў на веласіпедзе Міхайла Прымак, ён спрытна руляваў адной рукой. Шамякін. // Кіраваць рухам чаго‑н. (лодкі, санак і пад.). Надзя рулявала ўпершыню, і лодка, вядома, больш слухалася маіх двух вёслаў, чым яе аднаго. Кірэенка. Я рулюю нагамі, выкіроўваю санкі на лёд. Жычка. // Разм. Ехаць па чым‑н., кіруючы рулём. [Сяргей Сяргеевіч:] — У Змітрака ўжо была ў той час свая машына, дык ён, як толькі вернецца, бывала, з работы, пасадзіць дачку і жонку і рулюе куды-небудзь за горад — у лес або на раку. Ляўданскі.
2. Спец. Каціцца па зямлі (пра самалёт).
3. Спец. Весці самалёт па зямлі (пра лётчыка).
[Ад фр. rouler — каціць.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
со́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм.
1. Тое, што і сотня (у 1 знач); сто. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба — і не сетка... Эх, брат, рука, рука каротка! Колас.
2. Адна сотая частка якой‑н. адзінкі, меры (гектара і пад.). Калі Антаніна прыйшла на поле, Надзя і Волька, выжаўшы ўжо соткі па паўтары, сядзелі на снапах і снедалі. Васілевіч. // толькі мн. (со́ткі, ‑так). Прысядзібны ўчастак, агарод. За градамі з капустай, буракамі і насеннай цыбуляй — соткі з бульбай. Кулакоўскі.
3. Уст. Мера гарэлкі ў адну сотую частку вядра, а таксама бутэлька такой ёмістасці. Гаспадыня дае [бацьку] сетку і ідзе спаць. Гарэцкі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ва́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.
2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.
3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.
4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
укало́ць, укалю, уколеш, уколе; зак., каго-што.
1. Параніць, уваткнуўшы ў цела што‑н. вострае. Села [Глафіра] цыраваць панчоху — укалола палец і адлажыла работу па пасля. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. Ён [дзядзька] так укалоў мяне позіркам строгім, Што я ў той жа момант пабег да дзвярэй. Прыходзька. // перан. Выклікаць непрыемнае пачуццё, падобнае на адчуванне ўколу. Праходзілі апошнія нашы дні, і нейкае падсвядомае прадчуванне балюча ўкалола сэрца. Карпюк. // Разм. Зрабіць укол (у 2 знач.). Іван Іванавіч загадаў зрабіць хворай укол. Надзя скоранька набрала ў шпрыц лякарства, укалола ў руку. Арабей.
2. перан. Пакрыўдзіць, абразіць; даняць. Незалежны і паўафіцыйны тон [лейтэнанта] укалоў дзяўчыну. Карпюк. У голасе Прасі на гэты раз гучала непадробленая злосць і жаданне ўкалоць абоіх: і гаспадара і падчарыцу. Васілевіч.
3. Разм. Уваткнуць што ў што‑н. Укалоць кветку ў валасы. Укалоць пруток у клубок.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.
2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.
3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
зае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. заеў, ‑ела; зак., каго-што.
1. Кусаючы, грызучы, давесці да смерці; загрызці. Воўк заеў каня. // Даняць, замучыць укусамі (пра насякомых). Камары чуць не заелі.
2. чым. З’есці што‑н., каб заглушыць непрыемны смак ад з’едзенага ці выпітага раней. Заесці лякарства цукрам. □ У часе вячэры любіў [Гендарсан] прапусціць кілішак спірту, заесці смачнай кілбасой. Чарнышэвіч.
3. перан. Разм. Замучыць, дапячы папрокамі, прыдзіркамі і пад. — А не паступлю [у інстытут], дык цяпер паеду! Каб вы мяне тут не заелі да смерці! Мехаў. // перан. Аказаць згубны ўплыў на каго‑н. Нуда заела. □ — Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Колас.
4. безас. Зашчаміць, перакасіць, перашкаджаючы руху. Руль заела. □ У кулямёце, відаць, нешта заела, партызан злосна стукаў кулаком па дыску. Жычка.
5. безас. Разм. Балюча крануць, глыбока ўсхваляваць. Яшчэ Валодзьку заела, што Надзя за два дні столькі грошай растранжырыш. Гроднеў.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
засы́пацца 1, ‑сы́плюся, ‑сы́плешся, ‑сы́плецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трапіць куды‑н., у сярэдзіну чаго-н (пра што‑н. сыпкае). Пясок засыпаўся ў чаравікі. Снег засыпаўся за каўнер.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца або напоўніцца чым‑н. сыпкім. [Калодзеж] крыху засы́паўся зямлёй, і на дне яго вады было мала. Чорны.
3. чым. Разм. Мець чаго‑н. у вялікай колькасці. Год выдаўся добры. Можна засыпацца хлебам.., атрымаць шмат грошай... Паслядовіч.
засы́пацца 2, ‑сы́плюся, ‑сы́плешся, ‑сы́плецца; зак.
Разм. Аказацца выкрытым; пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. — Прыгадалася Надзя, Ціхан, Сяргей, многія другія... Як пройдзе для іх вобыск! Хоць бы ніхто не засыпаўся! М. Ткачоў. // Выявіць няўменне, няведанне ў чым‑н. Засыпацца на экзамене.
засыпа́цца 1, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да засы́пацца 1.
2. Зал. да засыпа́ць 1.
засыпа́цца 2, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.
Незак. да засы́пацца 2.
засыпа́цца 3, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.
Незак. да заспацца.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пасяро́д, прыназ. і прысл.
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярод» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца, прасторы ці якой‑н. групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Пташнікаў. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Грахоўскі. Пахаджае [гаспадар] ганарыста Пасярод свайго двара. Броўка. Кастусь стаяў пасярод іх [людзей]. Чорны.
2. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго‑, чаго‑н. На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца жудка, як астрог, На свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. Адчынены вокны, і відаць, што ў хаце-чытальні поўна народу. Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод. А ззаду, каля дзвярэй, — моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Шамякін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
дагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гладзіць і даглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак., каго-што.
1. Прагледзець да канца, да якога‑н. месца, часткі. Дагледзець фільм да канца. □ — Надзя, — папрасіў я. — Давай даглядзім, што будзе далей! Кірэенка.
2. (звычайна з адмоўем). Заўважыць, не выпусціць з-пад увагі; упільнаваць. Калісьці, у свае дзіцячыя гады, пасучы на Скуратовічавым хутары каровы, .. [Тварыцкі] не дагледзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Чорны. Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка. // Падгледзець, прасачыць за кім‑н., каб даведацца пра што‑н. Ялавіцкі ўсё роўна дагледзеў, на які двор пайшоў чалавек. Баранавых. Парашылі [конюхі] дагледзець, чым .. [Тром-сын] коней лечыць. Якімовіч.
3. Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н., акружыць увагай, стварыць добры догляд. Дагледзець хворага. Дагледзець дзяцей. Даглядзець агарод. □ — Вось да нас таварыш прыехаў. Трэба каня, хлопцы, дагледзець: накарміць, напаіць. Лобан. І Ленін гаварыў байцам, Што рана Яшчэ вяртацца да зямлі згібелай, Што зможам даглядзець яе старанна, Калі са зграяю пакончым белай. Гаўрусёў. // Навесці парадак, прыбраць. [Буднік] парашыў неадкладна ж папрасіць жанчыну, якая даглядала за школай, каб яна дагледзела і ягоны пакой. Галавач.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.
2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.
3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)