Нару́б ’надмагільны помнік; драўляная калода з суком, на якім выразаны крыж’ (Клім.), паруб, поруб ’зруб (у калодзезі і інш.)’ (ТС). Ад парубиць ’насячы’ (гл. рубиць), што адлюстроўвае спосаб пабудовы зруба (з вырубанием гнёздаў на канцах бярвёнаў); назва надмагільнага помніка, відаць, другасная, пра што сведчыць іншая назва рэаліі прыхором (Полесский этнолингвистический сб. М., 1983, 25), а таксама археалагічныя даныя аб рэштках спаленых прамавугольных зрубаў з пахаваннямі (Звод помнікаў гіст. і культ. Беларусі: Брэсцкая вобл. Мн., 1984, 349); параўн. таксама запіс з Кобрынскага p-на: Нарублелы пару́бом могылу (Міхайлаў, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Перадае́жджа (пэрэдоі́шчэ) (малар., СіБФ–1986, 145) ’другі прыезд сватоў у дом нявесты’ (драг., Клім., Сл. Брэс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ьjе ад ⁺передоежджы ’той, хто едзе спераду’ (Селюжыцкая, Полісся: мова, культ., іст., Київ, 1996, 152–154), > ⁺передоездье, параўн. рус. дыял. передое́зжий ’той, хто едзе наперадзе вяселля; вясельнікі, што едуць на першым возе’, ст.-рус. передоѣнзжий, передъѣзжий, передиѣзжий ’той, хто дзейнічае ў авангардзе (пра вайскоўцаў)’. Да пе́рад і е́хаць (гл.). Пераход ‑ждж‑ у ‑шч‑ характэрны драгічынскім гаворкам: прыйішч ʼе́тэ ’прыяжджаць’. Пырыдуі́жжда ’другі прыезд сватоў у хату нявесты’ (кобр., Нар. лекс.) з ад’ідэацыяй (народная этымалогія) уе́хаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апо́ўзіна ’прыстасаванне з вітых галінак ці жэрдак для ўтрымання сена ці саломы на стагу, возе, страсе’ (Чабярук, Працы, IM, 7, 136, 138; Янк. I; Мат. Гродз.), апоўзліна (Янк. Мат.), апоўзнік, апоўзняк (Шушк.), пэўна сюды ж опоўзнік ’маладыя дрэўцы’ (< ’галінкі, якія выкарыстоўваюцца як апоўзіны’) (Арх. ГУ). Малчанава (Мат. культ., 44) піша: «каб такую страху не раскідаў вецер, …накладвалі 12–15 пар «апоўзняў» — зрубленых пад корань тонкіх доўгіх бярозак, звязаных верхавінамі папарна». Укр. жытом. оповзина ’апоўзіна’. Хаця цяпер для папярэджання апаўзання ужываюцца «тычкі», а не апоўзіны, назва апоўзіна, напэўна, адлюстроўвае недыферэнцыраванне гэтай прылады для папярэджання апаўзання саломы ці сена ўніз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Армя́к ’даўгаполая вопратка з тоўстага сукна’ (БРС, Касп., Бяльк.; карту рэаліі гл. Малчанава, Мат. культ., 153), дыял. гармя́к. Рус. армя́к, укр. армʼя́к. Ст.-польск. giermak. Ст.-бел. з 1574 ермяк, ормяк, кгермак (Булыка, Запазыч.). Сучаснае беларускае з XIX ст. (Гіст. мовы, 2, 26), улічваючы пашырэнне на паўночным усходзе, з рускай. Рускае (у XVI ст. ормяк, ормячек), магчыма, з тат. əрмак: Фасмер, 1, 88. Старабеларускае, стараўкраінскае, старапольскае (адкуль кгермак у старабеларускай) запазычаны без рускага пасрэдніцтва. У цюркскіх слова паходзіць ад кораня ӧр ’віць’ плясці, вязаць’, адкуль ӧрмӓк гатунак сукна’ (Радлаў, Опыт, 1, 801, Др. Тюрк.). Супрун, Зб. Крымскаму, 127–128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапу́н1, лапуны ’перапечка, праснак з хлебнага цеста велічынёю з блін’ (віц., Шн. 3; полац., Нар. лекс.; віц., Малч. Мат. культ.), ’бульбяны з мукою праснак, скавароднік’ (Бяльк., Касп.; слаўг., Мат. Маг.), ’тоўсты, шурпаты блін’ (КЭС, лаг.; круп., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.), ’тоўсты, пульхны блін’ (Сл. иаун.-зах.), рус. смал. лапун ’праснак, блін’. Да лапаць ’хапаць’, параўн. аналагічна бел. выхвацень, вухвацень, польск. wychopień. Словаўтварэнне (з суф. -ί/н), як таўкучы, дзеручы. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 673) параўноўвае з літ. lapūnas ’ліст папаратніка’, lapunis ’такі, як ліст’. Магчыма, сюды ж лапу́ч ’мёрзлая бульба, якая перазімавала на полі’ (докш., Янк. Мат.).

Лапу́н2 ’вочап’ (брэсц., Нар. сл.). Да лапаць ’ахопліваць’ (гл.), ’класці зверху, пакрываць’ (семантычна, як ачэп© (гл.)).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страпкі ‘завязкі ў фартуху’ (малар., Помнікі гіст. і культ., 1971, 3, 42), стрэпкі́ ‘махры’, ‘ніткі, пакінутыя на канцы палатна пры датыканні’ (ТС). Параўн. укр. стрі́пки ‘махры’, стра́пки ‘лахманы, рыззё’, польск. strzępek ‘махор; нітка, што тырчыць з тканіны’, дыял. strzępki ‘фрэнзлі; канцы паяска ў фартушку для завязвання ззаду’, чэш. střap ‘акравак’, славац. strapec ‘кутас’, strapák ‘кудлач, растропа’, што несумненна звязаны з *trepati (гл. трапаць, стрэпкі). Цяжкасці, што ўзнікаюць пры рэканструкцыі зыходнай формы, вырашаюцца ўзвядзеннем да варыянтнага кораня *strap‑/*strʼap‑ ‘растрэпваць, расцёпкваць’ з рэфлексамі і.-е. s‑mobile (Варбат, Этимология–1985, 24–27), параўн. трапкач ‘рушнік з махрамі’ (гл.). Інакш ЕСУМ, 5, 433 (звязваецца з прасл. *tręp‑/*stręp‑ ‘кутас, махор; ануча, рызман’). Сувязь з рус. стряпать ‘гатаваць, варыць ежу’ (Брукнер, 522–523) падаецца менш верагоднай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вусы́1 ’кліны ў адзенні’ (Сакал., Малчанава, Мат. культ., 150; Некр. 166: «белая світка з вусамі»). Да вус (гл.) з-за падабенства па форме; параўн. апісанне рэаліі (Бел. нар. адзенне, 61).

Вусы́2, вусэ́ ’прыстасаванне з трох жэрдак у выглядзе трохвугольніка, якое кладзецца на воз для перавозкі сена’ (навагр., Нар. сл.). Відаць, да вус (бо «тарчаць» з двух бакоў воза); параўн. вуса́тые калё́сы ’даўнейшы воз з драўлянай воссю’ (мядз., Жыв. сл.).

Ву́сы1 ’шнуры, якія прытрымліваюць адтуліну жака ў раскрытым стане’ (КСТ); ’пяньковыя вяроўкі для ўмацавання плыта’ (жытк., З нар. сл.). Да вус (гл.) на падставе вобразнай метафары (бо «разведзены» ў два бакі).

Ву́сы2 ’асцюкі ў коласе’ (Жд., 2), ву́са ’тс’ (брэсц., Сігеда, вусн. паведамл.; параўн. укр. ву́си ’тс’. Да вус (гл.) з-за падабенства па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́зуха ’прастора паміж грудзямі і адзеннем’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Сл. ПЗБ), ’вараток, манішка ў сарочцы’ (ТС), па́зухі ’пярэдняя частка адзення на грудзях’ (Малчанава, Мат. культ., Шн. 3). Рус. па́зуха, укр. па́зуха, ст.-слав. пазоуха, польск., чэш., славац. pazucha, серб.-харв. па̏зухо ’пазуха, плячо’, славен. pȃzduha, балг. па́зуха, па́зува, па́зва. Зыходзячы са славен. pȃzduha, тлумачаць з праслав. pazducha з прыстаўкай paz‑ (як, напрыклад, у пазногаць, рус. паздер) і ducha, якое роднаснае ст.-інд. dōṣ ’рука, перадплечча’, dōṣṇás ’рука, перадплечча; ніжняя частка пярэдняй лапы жывёліны’, авесц. daōš ’плячо’, лат. paduse ’падпаха, пазуха’ (гл. Фасмер, 3, 187; там жа гл. і інш. літ-py). Няясным у гэтай этымалогіі застаецца знікненне d; яно тлумачыцца дысіміляцыяй у спалучэнні podъ > pazducha (Бернекер, 1, 233) або дыял. слав. зліццём zd > z (Уленбек, KZ, 40, 553 і наст.). Брукнер (400) выводзіць слав. слова з паз (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Або́ра1 ’тонкая вяровачка, у тым ліку і тая, якой падвязваюцца лапці’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат.), оборона ’вяроўка, якой падвязваюць лапці’ (Мядзв.). Рус. обора, укр. обора ’тс’ < *ob‑vora. Бліжэйшыя паралелі: літ. apývara, apvarė̃ ў тым жа значэнні, якое ад vérti ’звязваць’, хаця літоўскі дзеяслоў мае славянскі адпаведнік vьrěti рус. вереть ’зачыніць’ і інш. Поўнае марфолага-семантычнае супадзенне ўсходнеславянскіх форм з літоўскімі і абмежаваны арэал першых дазваляюць думаць аб іх (балтыйскім паходжанні. Параўн., аднак, Траўтман, 351. Арэал аборы амаль поўнасцю супадае з арэалам лапцей (гл. Малчанава, Мат. культ., 178).

Або́ра2 ’месца на двары, абгароджанае жэрдкамі, дзе летам начуе жывёла; хлеў, вялікі будынак для кароў’, рус. обора ’агароджа’, польск. obora, балг. обор, макед. обор ’абора’, серб.-харв. обо̑ра, славен. obor ’агароджа (для жывёлы)’ да ob‑vora (ob‑vьrǫ). Суадносіцца з папярэднім, але агульна- і праславянскае, што дае падставу меркаваць аб адсутнасці паміж імі непасрэднай генетычнай сувязі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)