Вятлю́к ’маладзік’ (Бяльк.). Па фармальнаму падабенству гэта ўтварэнне, якое з’явілася ў выніку дээтымалагізацыі першаснага вятох (аб магчымасці такога працэсу гл. вятух). Пэўныя цяжкасці выклікае, аднак, наяўнасць л. Дапускаючы суфіксацыю ‑юк, тыповую для гэтага раёна, можна думаць, што маглі ўзнікаць і трансформы *‑люк як вынік перараскладання слоў тыпу шчаўлюк, шаплюк, гаплюк, камлюк і да т. п.; параўн. асабліва ціцярлюк ’цецярук’ (Бяльк.), дзе л, праўда, магло ўтварыцца фанетычным шляхам. Параўн. яшчэ фармальна падобнае жаўтляк ’жоўты агурок’. Іншая версія — існаванне формы тыпу *ветлы (< *ветхлы?), якую, магчыма, пацвярджае н.-луж. wjatłyзношаны, стары, струхлелы’. Ва ўсякім выпадку суфіксацыя памяншальная, і гэта тлумачыць значэнне ’маладзік’ разглядаемага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́паць ‘паводзячы вушамі, прыслухоўвацца’ (іўеў., ЛА, 1), стрэ́пацца ‘рабіць асцярожныя, слабыя шорахі’ (маладз., Янк. Мат.), стрэ́паны ‘апантаны : леціць, як стрэпаны (ТС), стро́паны (стрёпаный) ‘чысценькі, як бы адлупцаваны; што ачуняў ад лупцоўкі’: побѣгъ, якъ стрёпапый (Нас.), стрэ́панызношаны, падраны’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, ад трапаць (гл.), параўн. Варбат, Этимология–1985, 24–27 (з аглядам версій паходжання групы слоў з коранем *(s)trep‑, без беларускага матэрыялу), што можна звязаць з укр. страпа́тий, стріпа́тий ‘растрапаны, з настыбурчанымі валасамі’, стрепи́й ‘абтрапаны, кашлаты’, ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, sstrzęply ‘напалоханыя’, чэш. střapiti ‘узлахмачваць’, ст.-чэш. střěpěti ‘клапаціцца, уважліва прыглядацца’, якія параўноўваюцца з літ. strim̃pti ‘варухацца; мець сілы’, лат. struopît ‘скакаць, насіцца туды-сюды (пра коней, авечак)’, с.-н.-ням. strampen ‘тупаць нагамі’, stramp ‘туга нацягнуты, нерухома выцягнуты’, гл. Слаўскі, SOr, 18, 255; Новое в рус. этим., 226–228. Адносіны да рус. стряпать ‘даваць корм жывёле; гатаваць ежу’ і інш., паводле Фасмера (3, 786), няясныя, тлумачацца назалізацыяй зыходнага *strep‑ (Варбат, там жа, 25). Параўн. стропіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стары́ ‘шматгадовы’, ‘даўні’, ‘зношаны’, ‘старажытны, мінулы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж дзеяслоў старэ́ць (ТСБМ). Параўн. укр. ста́рий, рус. ста́рый, стараж.-рус. старъ, польск., в.-луж., н.-луж. stary, чэш., славац. starý, серб.-харв. ста̏р, славен. stàr, балг., макед. стар, ст.-слав. старъ. Прасл. *starъ ‘стары’ з’яўляецца архаічным прыметнікам з суф. *‑rъ ад дзеяслова *stati ‘стаць’; гл. Борысь, 577–578. Роднасныя літ. stóras ‘тоўсты, аб’ёмісты’, ст.-ісл. stórr ‘вялікі, дужы, важны, мужны’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. sthirás ‘моцны’ (Фасмер, 3, 747 з літ-рай). Борысь (там жа) з улікам семантыкі і.-е. паралеляў прапаноўвае наступны шлях семантычнага развіцця славянскага *starъ: ‘сталы, моцны’ → ‘той, які знаходзіцца ў поўнай сіле, дужы’ → ‘немалады, стары’; уласна, гэта семантычная інавацыя, якая часткова выцесніла прыметнік *větьxъ (гл. ветхі). Гл. яшчэ Сной₁, 604; Шустар-Шэўц, 1355; Глухак, 580; ЕСУМ, 5, 398. Паводле Мартынава (Язык, 84–85), семантычны зрух у праславянскай ‘вялікі, моцны’ → ‘стары’ адбыўся пад уплывам *matorъ ‘сталы, стары’ — пранікнення з італійскіх моў, параўн. лац. mātūrus ‘спелы, стары’, гл. мацёры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахламо́н ’неарганізаваны, неакуратны, зацюканы чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), вахламон ’неахайны чалавек’, вахламоня ’неахайная жанчына’, вахламондзія ’тс’ (Яўс.); слова вядома на большай частцы Беларусі са значэннямі ’чалавек, недалёкі ў разумовых адносінах’, ’чалавек без пачуцця ўласнай годнасці’, ’дрэнна выхаваны, некультурны чалавек’, ’неакуратны, неахайны чалавек’, ’неахайна адзеты чалавек’, няўклюда’ і інш. Рус. охламон дурань і гультай’, рус. дыял. охламон ’вялікі чалавек, у якога не ўсё ў парадку’. Няясна. Найбольш натуральнай здаецца сувязь з хлам ’старызна, дрэнь’ (Нас.), якое, паводле Бірылы, Бел. антр., 2 (пад Ахламёнак), можа выступаць у форме ахлам, параўн. таксама рус. дыял. хлам ’лахманы, старызна’, хламунина ’старая, зношаная адзежына’; параўн. таксама серб.-харв. hlaminaзношаны абутак, уступкі’ (Скок, 1, 671); тады першапачаткова ахламон ’неахайна адзеты чалавек’ з экспрэсіўнай суфіксацыяй як у разявон ’разява’, пры гэтым магчымы ўплыў кантамінаваных форм тыпу рус. пск. ахломотья лахманы’. Аднак, прымаючы пад увагу аддзеяслоўны характар форм тыпу разявон, можна дапусціць утварэнне ахламон ад хламаць, хламнуць (ад гукапераймальнага хлам!), параўн. хламаць ’есці’ (пра свіней; рэдка абразліва — пра чалавека, КСТ), экспр. ’есці’ (Сержп., Грам., 61), хламнуць ’праглынуць (Бел. фраз., 62), суфіксацыя ахламон як у матон ’круцель, махляр, дзялок’ (Яўс., ад матаць); тады ахламон ’некультурны чалавек, мужык’, параўн. хамула ’некультурны чалавек’ ад хамаць ’прагна і гучна есці’, рус. дыял. охряпок ’дзеравеншчына, няўклюда’ ад хряпать ’есці многа’. Жаргонны характар слова дазваляе лічыць верагодным таксама дапушчэнне Супруна (вусн. паведамл.) аб сувязі з грэч. ὄχλος ’чэрнь, натоўп’ (да ст.-грэч. ὀχλο‑μανέω ’імкнуцца да папулярнасці’?), аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці. Параўн. з іншай суфіксацыяй ахлама́н ’неацёсаны, тупы чалавек’ (Цых.). Гл. Цыхун, БЛ, 8 (1975), 58–59.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэ́сці ‘тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат.; ашм. Стан., Сержп. Прым.), трэсць ‘тс’ (Нас.), ‘рэзка калоцячы, будзіць; шукаць’ (Юрч. Сін.), трасці́ ‘хістаць, калаціць, тузаць’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк.), ‘абшукваць’ (Ласт.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), траса́ць ‘тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), трасці́, трасты́, трясті́, трэсці́, трэсць, трэсь ‘растрасаць сена, салому, растрэсваць’ (мядз., в.-дзв., свісл., кам., Сл. ПЗБ), трастэ́ комына ‘ачышчаць комін ад сажы’ (Ск. нар. мовы), трасе́ (тра́сца) ‘ліхаманіць’ (Яруш.; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), трасэ́ ‘кідае (эпілепсія)’ (кам., Сл. ПЗБ), трэ́сці, трэсць ‘выклікаць дрыжанне ад холаду, удараў, язды па няроўнай дарозе’ (ТСБМ, Нас.), трэ́сці кулі́ ‘вытрушваць змятую і перабітую салому’ (Жд. 1, Выг., Сл. ПЗБ), трасці́ трася́нку ‘змешваць сена з саломай’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), трэ́сці ‘растрасаць, разбіваць гной’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Шатал.; ашм., Стан.), ‘трэсці фруктовыя дрэвы’ (Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), ‘біць’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘ачышчаць ад кастрыцы’ (ТСБМ; вільн., Сл. ПЗБ), ‘пустошыць, спаражняць’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘выбіраць (рыбу) з сеткі’ (іўеў., там жа), ‘рабіць вобыск’ (ТСБМ, Шат., Гарэц.; віл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), трэ́сца ‘прагнуць, вельмі хацець’ (Юрч. СНЛ, Юрч. Сін.), ‘празмерна шкадаваць’, ‘моцна дрыжаць’, ‘вельмі баяцца’, ‘скупіцца, празмерна сквапнічаць’: трэ́сца над кожнаю капейкаю (Юрч. Сін., Юрч. Фраз.), трэ́сціся ‘мяняцца (аб надвор’і)’: нешта пагода трасецца, німа як ісці касіць (шчуч., З нар. сл.), ‘хістацца (пра дрэва), калаціцца (ад холаду), падскокваць, едучы па няроўнай дарозе’, ‘хвалявацца за каго-небудзь’ (ТСБМ), ‘тс’, ‘баяцца, дрыжаць’, ‘калаціцца, трапятадь (аб сэрцы)’ (Сл. ПЗБ, Нас.; ашм., Стаяк.), трасці́ся ‘дрыжаць, трэсціся’ (Бяльк.), трэ́сціса ‘тс’ (ТС), трэ́сцца ‘тс’ (Нас.), ст.-бел. трясти, трасты, трести ‘калаціць; абшукваць’, трястися, трастися, трестися ‘калаціцца, дрыжаць; баяцца; сварыцца’ (ГСБМ). Параўн. укр. трясти́, трясть, трястися ‘трэсці, калаціцца, дрыжаць’, рус. трясти́ ‘тс’, польск. trząść ‘трэсці’, ‘раскідваць, растрасаць’, ‘шукаць, рабіць вобыск’, ‘плявузгаць’, ‘вытрасаць зерне з саломы’, ‘арудаваць’, trząść się ‘трэсціся, дрыжаць’, каш. třisc, třësc ‘раўнамерна раскідваць’, ‘падкідваць на дарозе’, н.-луж. tśĕsć ‘трэсціся’, tśĕsć se ‘дрыжаць’, в.-луж. třasć, třasć so ‘тс’, чэш. třásti, třásti se ‘тс’, славац. triasť ‘трэсці’, ‘трэсці садавіну’, ‘ліхаманіць’, ‘трэсціся ад холаду, страху’, triasť sa ‘трэсціся, дрыжаць’, ‘прагна жадаць, марыць’, славен. trésti ‘трэсці’, ‘хістаць (галавой)’, ‘трэсці дрэвы’, ‘балбатаць’, trésti se ‘дрыжаць, трэсціся, уздрыгваць’, харв. trésti se ‘тс’, чак. trẽsti, серб. тре́сти ‘трэсці, устрэсваць’, ‘вытрэсваць’, тре́сти се ‘трэсціся, дрыжаць’, балг. тресѐ ме ‘мяне ліхаманіць’, макед. тресе ‘трэсці, вытрэсваць’, ‘несці лухту’, тресе се ‘трэсціся’, ‘абтрэсвацца’, ‘дрыжаць’, ст.-слав. трѧсти ‘трэсці’, трѧсти сѧ ‘трэсціся, дрыжаць’. Прасл. *tręsti (sę) ‘трэсці’ — відаць, кантамінацыя на базе блізкага значэння і.-е. *tremō і *tresō ў *trems‑, з якога, напрыклад, выводзяць гоц. þramstei ‘конік зялёны, Telligonia viridissima’ (Фасмер, 4, 113; Шустар-Шэўц, 1542; ЕСУМ, 5, 665; Борысь, 647). Да першай часткі кантамінаваных лексем узводзяць: ст.-грэч. τρέμω ‘дрыжу, трапячу’, лац. tremō ‘дрыжу’, літ. trìmti ‘дрыжэць ад холаду’, тахар. A träm‑ ‘дрыжаць’, тахар. B tremen ‘трапятанне’, алб.-тоск. trëmp, гегск. trem ‘лякаюся’, ст.-н.-ням. thrimman ‘скакаць’. Да другога элемента і.-е. *tres‑ адносяць ст.-інд. trasati ‘дрыжыць, баіцца’, ст.-перс. tars‑ ‘баяцца’, грэч. τρέο ‘трасуся, дрыжу’, лац. terreō ‘палохаю’, terror ‘страх’ і інш. (Бязлай, 4, 221; Глухак, 637; Арол, 4, 112; ESJSt, 16, 982). Сюды ж літ. trė̃sti ‘бегчы, бегчы наперагонкі’, лат. tresêt ‘бегчы, уцякаць’, tresît ‘трасціся’, ‘баяцца, палохацца’ (Карлікава, Slavia, 77, 1–3, 87). Абедзьве кантамінаваныя лексемы (*trem‑ і *tres‑) узыходзяць да і.-е. *ter‑/*tr‑ (Покарны, 1070). Адносна канкурэнцыі трасці і трэсці гл. Векслер, Гіст., 140. Сюды ж трасу́ха ‘топкае балота, дрыгва’ (навагр., Нар. сл.; Мат. Маг. 2), трасу́ха, трасу́чка ‘ліхаманка’ (ТСБМ, Нас.; рас., Шатал.; парыц., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл., Касп.), ‘дрыжыкі ад хвалявання’ (ТСБМ), ‘эпілепсія’ (Нар. Гом.); трасу́ха ‘від полькі’ (Касп.); ‘гноераскідальнік’ (Мат. Маг.), ‘бульбакапалка’ (Сцяшк. Сл., Жд. 3); трасу́чка ‘вуда з маленькай алавянай рыбкай (блешня) і кручком’ (Дэмб. 2, Нар. Гом.); трасу́шчы ‘які трасецца’ (Жд. 2), ‘багністы’ (маст., Сл. ПЗБ), трасу́шчый ‘трывожны, неспакойны (час)’ (Юрч. Вытв.), трася́нка ‘ўсякі стары, зношаны транспарт’ (гродз., ЖНС); трасі́лка, трасу́ха ‘бульбакапалка’ (Юрч. СНЛ); трасе́нка ‘трасянка, сена, змешанае з саломай’ (беласт., Жыв. НС), трасёнка ‘тс’ (лудз., Сл. ПЗБ), трэ́сянка ‘тс’ (бяроз., Ск. нар. мовы); тра́сачка ‘дрыжыкі, трасучка’ (гродз., Сл. рэг. лекс.), траса́чка ‘ліхаманка’ (ТС), трасу́чка ‘тс’ (Растарг.); трасе́ннік ‘той, хто займаецца вытрасаннем’ (Юрч. Вытв.), трасе́нніца, трасе́ніца, трасе́льніца ‘жанчына, якая растрасае гной’ (глыб., в.-дзв., воран., Сл. ПЗБ), трасе́льшчык ‘той, хто трасе гной’ (шальч., там жа), трасе́нё ‘гразкае месца’ (Сцяшк.), трэ́сіна ‘месцы на дарозе, якія ўвесну набракаюць вадой’ (бяроз., КЭС), трасі́лка ‘машына для ачысткі льнянога валакна’ (ТСБМ), тра́скі ‘які выклікае трасенне, калыванне пры яздзе’ (Адм.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)