ра́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раю. Кожная секта, хвалячы свайго бога, лезла з ім да інтэрніраваных, абяцаючы райскае жыццё на небе. Машара. // перан. Прыгожы, чароўны. Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны За цень ад сасны на далёкай радзіме. Панчанка. — Ды і то ж: райская яна кветка, гэты самы ландыш серабрысты! Васілёнак. // перан. Які дае многа радасці, задавальнення. Райскае жыццё. Райскае надвор’е.

•••

Райскія птушкі — сямейства птушак атрада вераб’іных, якія вылучаюцца вельмі яркім, прыгожым апярэннем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Неда- прэфіксальны комплекс у складзе слоў тыпу недаесці, недасеяць, недаспелы і пад., што надае дзеясловам і вытворным ад іх значэнне непаўнаты, недастатковасці дзеяння, якасці і г. д., утварыўся аб’яднаннем адмоўя не з прыстаўкай да‑ ў дзеясловах: не дакурыць > недакурыць, параўн. недаку́рак ’акурак’ (карэл., Нар. словатв.) або ў спалучэнні з прыназоўнікам да, параўн. недарэчны ’неразумны, дзіўны, бесталкова з не да рэчы; пазней пры дапамозе гэтага прыставачнага комплекса ўтвараюцца словы, якія могуць не мець суадносных утварэнняў без не-, параўн. недабача́ць ’дрэнна бачыць’ (Расторг.), недамага́ць ’адчуваць недамаганне’ (Сл. ПЗБ). Утварэнні тыпу недачалаве́к ’непаўнацэнны чалавек’ узніклі, відаць, як калькі з ням. Untermensch ’тс’. Параўн. Махэк₂, 393.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ушало́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, без дап. і з дадан. сказам.

1. Разм. Зразумець, уцяміць; скеміць. [Тамара] ўслухоўвалася ў гаворку салдат, але, мусіць, таму, што нямецкую мову разумела з пятага на дзесятае, нічога не магла ўшалопаць. Сабаленка.

2. Абл. Узяць, убіць сабе ў галаву. — Ой, ой, які ты дзіўны! — не даючы сыну скончыць, перабіла яго Тадося. — І што ты ўшалопаў сабе? Прыдатны не аддасць за ця-а-бе-э дачкі?.. Хай яшчэ падзякуюць богу, што мы цябе згодны жаніць з ёю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фінансі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Спецыяліст па вядзенню фінансавых аперацый. Рахункавод у сельскагаспадарчай арцелі — люстра, фінансіст, кантроль! «Беларусь». // Спецыяліст у галіне фінансавых навук. І здзіўляўся стары фінансіст (ён так называў сваю прафесію), нават вельмі здзіўляўся, што гэты дзіўны юнак, гэты проста сялянскі сын.. смяецца з яго прапановы. Брыль.

2. Уладальнік фінансаў, капіталаў; капіталіст, банкір. Там у гасцінай сабралася невялікая кампанія: гаспадар дома,.. яго поўная млявая жонка,.. важны госць — амерыканскі палкоўнік, а больш правільна, — амерыканскі фінансіст у форме палкоўніка. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксцэнтры́чны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Заснаваны на рэзкіх гукавых, зрокавых кантрастах ці на незвычайных, смешных прыёмах. Эксцэнтрычны нумар. Эксцэнтрычны трук.

2. Незвычайны, дзіўны, вельмі своеасаблівы, мудрагелісты манерамі, схільнасцямі. Эксцэнтрычны ўчынак. □ Гаю ж цяпер было не да крыўды і парахункаў з такім эксцэнтрычным камендантам. Машара. Шыковіч больш чалавек эмоцый, чым развагі, і таму яго ўчынкі часам здаюцца эксцэнтрычнымі, а змены настрою бываюць вельмі нечаканыя, калі не сказаць дзіўныя. «Полымя».

[Фр. excentrique.]

эксцэнтры́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не мае агульнага цэнтра. Эксцэнтрычныя кругі. Эксцэнтрычныя фігуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прая́ва ’незвычайнае здарэнне’, ’з’ява, з’яўленне’, ’выяўленне сваіх здольнасцей’ (ТСБМ, Нас., Шат., Др.-Падб., Гарэц., ТС), ’свавольнік’ (Нас.), ’прайдзісвет’ (Касп., ТС), ’дасціпны чалавек’ (Сл. Брэс.), проя́ва ’бяда, прачвара’, ’назойлівы’, ’прадвесце’ (Сл. ПЗБ), пръя́ва, пръя́віна ’звышмодная ў адзенні і паводзінах жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’глыбакаводная яма’ (жытк., стол., Яшк.). Рус. проя́ва ’цуд, дзіва, незвычайнае здарэнне’, укр. проя́ва ’здарэнне; дзіўны, незвычайны чалавек’, польск. przejaw ’прымета, сімптом; праяўленне’ (“rutenizm”, гл. Банькоўскі, 2, 844), чэш. projev ’тс’. Дэрыват з суф. ‑а ад праявіць < явіць, яўляць (гл.). У форме ж. р. і з адметнай семантыкай ’дзіва, незвычайнае здарэнне’ і да т. п. — усходнеславянскае ўтварэнне. Паводле Немчанкі (УЗ Латв. У, 92, 55), у рускіх гаворках Літвы < літ. prajovas, prajõvas ’пудзіла, прывід’ (з беларускай мовы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́гна, ‑ы, ж.

1. Нізкае топкае месца, грузкае балота; дрыгва. А ельнік, густы і цёмны, выцягваў свае лапы, нібы пераймаў чалавека, разрываўся пад нагамі мох, і гнеўна хлюпала чорная багна. Чарнышэвіч. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі. // Пра што‑н. бяздоннае, бясконцае. І толькі ў небе ў сіняй багне Я бачу дзіўны ланцужок. Колас.

2. перан. Усё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці. Багна мяшчанства. □ Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Навяжоны, навежоныдзіўны, дзівакаваты’ (ТС), параўн. укр. навішений ’вар’ят’. Відаць, ад дзеяслова навяжаць ’наведваць’ (Нас.), параўн. палес. навыжʼаты ’развітвацца з нябожчыкам’ (драгіч., Клім.), якое, як відаць з ілюстрацыі (Бабы пошлы noKojHUKa навыжʼаты), хутчэй мае значэнне ’наведваць’, параўн. ст.-бел. ест хоробою обложною навежоны, што суадносіцца з дзеясловам навежати ’наведваць’, адзначаным у пісьмовых помніках з XV ст., які Булыка (Лекс. запазыч., 197) лічыць запазычаннем са ст.-польск. nawiedzać. Польск. дыял. nawiedzony ’ненармальны чалавек, які знаходзіцца пад уплывам злых духаў, знахар’ тлумачыць семантыку беларускага слова (= *чалавек, якога наведалі злыя духі, у выніку чаго ён страціў здольнасць нармальна сябе паводзіць’), аднак не дае фармальных падстаў лічыць яго непасрэдным запазычаннем, паколькі ўсходнеславянскі рэфлекс ж < *dj характэрны і для тураўскай гаворкі, параўн. на́жа (< *nadja), нужа (< *nudja) і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́ўк, ваўка́ і во́ўка; мн. ваўкі́, ‑о́ў; м.

Дзікая драпежная жывёліна сямейства сабачых. Колькі ваўка не кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць. Прыказка. І ваўкі сыты і авечкі цэлы. Прымаўка.

•••

Біты воўк — пра бывалага, вопытнага чалавека.

Воўк у авечай шкуры — пра знешне лагоднага, рахманага, а на самой справе варожага, каварнага чалавека.

Воўк у лесе (за гарою) здох — пра чый‑н. дзіўны, нечаканы ўчынак.

Воўкам глядзець (пазіраць) гл. глядзець.

Лавіць бягучага воўка след гл. лавіць.

Марскі воўк — пра бывалага, вопытнага марака.

Хоць ваўкоў ганяй гл. ганяць.

Хоць воўк траву еш — пра раўнадушныя, абыякавыя адносіны да чаго‑н.

Хоць воўкам вый гл. выць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)