паску́дства, ‑а, н.
Разм. груб.
1. Бруд, нечыстоты. [Жывіцкі:] — Ты гатоў усякае паскудства далонямі мясіць. Не ідзеш ты ў вялікую добрую работу, а ўсё нюхаеш, рыбку ловіш... Чорны. // Пра каго‑н. дрэннага, пра што‑н. дрэннае, непрыстойнае. [Раман] памятаў, што Мікіта Бычок, гэтае паскудства, абібок і злодзей, лез да яго цалавацца. Чарнышэвіч. Лабановіч пазірае на рысунак, і па губах прабягае іранічная ўсмешка. Потым ён хапае газетку і шпурляе кудысь у куток. — Паскудства! — гаворыць сам сабе. Колас. [Гунава:] — Ён мне гаворыць рознае паскудства і спадзяецца на прыдворнае з ім абыходжанне... Самуйлёнак.
2. Дрэнны, агідны ўчынак. — Бі, яго, хлопцы, каб не рабіў паскудства людзям! Галавач. [Бацька:] Усё роўна не дагледзіш, калі зноў захоча якое паскудства зрабіць. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць прытомнасць. Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Шамякін. // Анямець ад нечаканага страху, здзіўлення і пад. Зірнуў я і аж самлеў — за авечкамі з ашчэранай пашчай здаравенны рыжы воўк бяжыць. Ляўданскі. Паварушыліся [хлопцы] — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, затаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Маўр.
2. Здранцвець, страціць адчувальнасць. Доўга Міхалка пісаў. Самлела, моцна зайшлася ў яго рука. Лужанін.
3. Знясілець ад стомленасці, спёкі і інш. Дзед адцягвае Лазара ад мяшка, і рукі ў Лазара дрыжаць мацней, вось-вось самлеюць пальцы і пусцяць мяшок. Галавач. [Гарпіна:] Ой, не, адпачнём пакуль у садзе, а то я так самлела ў спякоце, што хоць у бочку з вадой лезь... Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.
1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.
2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.
•••
Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.
Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак.
1. Пачаць грэць. Падзьмуў паўднёвы вецер, прыгрэла сонца і ўвачавідкі пастракаціла поле на чорныя плямы. Пальчэўскі. Па-вясноваму прыгрэла сонца. Васілеўская.
2. каго-што. Нагрэць, сагрэць каго‑, што‑н. Красавік прыйшоў. Палі Сонейка прыгрэла, І на леташняй раллі Жыта зарунела. Грахоўскі. — Пакінь, Пакінь мне дачушку маю, Я ў салому яе спавію, Я прыгрэю яе сваім целам. Глебка.
3. перан.; каго. Разм. Аказаць прытулак каму‑н., праявіць чулыя адносіны да каго‑н., паклапаціцца аб кім‑н. Прыгрэць сірату. □ [Шота:] Ну, чаго ты прычапіўся: я, я! І я! Абодва добрыя цацы! Рады, што добрыя людзі прыгрэлі, даглядаюць. Губарэвіч. Мы свой кут у слязах пакідалі, Да цябе нас твой голас пазваў, Ты ўсіх нас прыгрэла, Масква! Броўка.
•••
Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях — зрабіць дабро чалавеку, які пазней адплачвае няўдзячнасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агалі́ць, агалю, аголіш, аголіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць голым, зняўшы адзенне, покрыва і пад. Шэя адсунуў на патыліцу сваю чорную высокую, з абшытым казырком, шапку і агаліў высокі маршчыністы лоб. Гартны.
2. Зрабіць бачным што‑н. раней скрытае, зняўшы покрыва. Перасохла.. [рэчка], апала, агаліла крутыя свае берагі і прысмірнела. Галавач.
3. перан. Давесці да галечы, разарыць. [Немцы] агалілі нашчэнт, у морак ахуталі сёлы, Над краем прыйшлі панаваць Расстрэлы, пакуты, турма... Броўка.
4. Раскрыць сутнасць, сапраўдны змест чаго‑н., зрабіць яўным, відавочным. — Ты занадта агаліў сэнс жыцця, — сказаў Турсевіч. Колас.
5. перан. Пакінуць без людзей, без зброі, зрабіць даступным, адкрытым для ворага. Агаліць фронт. □ [Ермашоў:] А вам, таварышы, не шкодзіць павучыцца ў Наганава, як трэба трымаць заняты рубеж. А то, сапраўды: агалілі яго флангі і — бывай здароў... Губарэвіч.
6. Выняць з ножнаў. Агаліць шаблю.
7. Зрэзаць брытвай валасы, пабрыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заплы́сці 1 і заплы́ць 1, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
Плывучы, трапіць куды‑н., за што‑н. Заплыць за востраў. Далёка заплыць. □ Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі. Куды можна заплысці па яго хвалях? Гартны.
заплы́сці 2 і заплы́ць 2, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым і без дап. Напоўніцца, пакрыцца чым‑н. цякучым, сыпкім. Вочы заплылі слязамі. □ Грузкім глеем заплылі Скрозь старажытныя дарогі. Зарыцкі. Нанава заплыла граззю, скупа зарасла зверху травою. Крапіва. // Зрабіцца маленькім, звузіцца ад распаўнелых або распухлых шчок (пра вочы). Вочы заплылі хіжаю сыццю. Гарэцкі.
2. чым і без дап. Распаўнець (ад тлушчу, ацёкаў, пухліны і пад.). [Верхаводка:] Табе хоць трохі трэба рухацца, а то заплывеш. І так на табе лопаецца ўсё, а тады зусім, як тая бочка будзеш. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калупа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Разм.
1. Падчэпліваючы чым‑н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што‑н.; рабіць у чым‑н. паглыбленне. Калупаць тынкоўку. □ [Рымша] палкаю выводзіць літары, калупае зямлю каля сцяны млына. Гурскі. [Даніла] збянтэжана калупаў відэльцам хлебную скарынку. Дуброўскі. // Капаць, ускопваць. «Рана бабка свае градкі калупае», — падумаў [Васіль]. Шамякін. — Ну, тайга, дык тайга, нарабілі мы сабе курані і пачалі сяк-так сек[чы] лес ды калупаць зямлю паміж пнёў. Галавач. // а таксама чым і без дап. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы адтуль што‑н. Пшыбыцкі сеў, пачаў калупаць нейкай трэсачкай у зубах. Курто.
2. перан. Разм. (у спалучэнні са словамі «зямля», «зямелька» і пад.). Займацца земляробствам, весці гаспадарку. [Змітрок:] А з мяне даволі таго, што я ёсць: што ж будзе, калі ўсе ў прафесары пададуцца? А зямельку хто будзе калупаць? Губарэвіч. Я ніколі не памятаю .. [бацькі] за плугам ці з касой у руках, хаця, відаць, і ён часамі калупаў зямлю. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Коні скубуць дзяцеліну, гучна і часта фыркаюць. Сачанка. Сынок — каржакаваты, шыракаплечы дзяцюк, смачна мыўся, фыркаў у кутку над шырокім тазам, а старая ставіла на стол. Няхай. Спачатку зубры абменьваліся грознымі позіркамі, хадзілі адзін вакол аднаго схіліўшы магутныя цяжкія галовы, і толькі сярдзіта фыркалі. В. Вольскі. // Разм. Смеючыся, утвараць гукі носам, губамі. Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядаюцца, Вольга фыркае ў кулак. Васілевіч.
2. Перарывіста, з шумам выпускаць пару, газ, паветра. [Машына] фыркала, пускала сінія клубы дыму і коўзалася на месцы. Новікаў. // Утвараць гук, падобны гуку паветра, што выпускаецца з шумам. Вада спрабуе дужацца з марозам, То фыркае, то пеніцца ў вірах. Свірка. За пераборкай.. чмялямі гулі электрычныя машынкі і нездаволена фыркалі пульверызатары. Корбан.
3. перан. Разм. Злавацца, выказваць нездаволенасць чым‑н. Ася, злосна фыркнуўшы, адрэзала: — А я ўсё роўна паеду. [Сакратар:] — Ты вось не фыркай, а бяжы ў банк. Асіпенка. [Зіна:] А калі будзеш фыркаць, то падумаем яшчэ, ці захочацца нам жыць з табой у адным пакоі. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адхадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.
1. Прахадзіць куды‑н., дзе‑н. пэўны час. Такі ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзіць у школу да чатырнаццаці год — плаці штраф або адседжвай у каталажцы пры гміне. Брыль. [Ёська:] — Прыйшоў дадому, тут табе толькі ведай гуляй, на вячоркі хадзі, а ён лёг і ляжыць. — Я пасля сваё адхаджу, — сказаў Кастусь, — як ачуняю. Галавач.
2. Скончыць, перастаць хадзіць па якой‑н. прычыне. — Не-е, сусед. Прыйшоў адвітацца. Мне ўжо тут не жыць. Не жылец я ў Лонве... — [Парыпан] уздыхнуў і нагнуўся над сталом, загаварыў цішэй. — Адхадзіў я сваё па лесе... Пташнікаў.
3. Разм. Адлупцаваць каго‑н. чым‑н. [Ахрэм:] На цябе не крычаць трэба, а вось гэтым кіем адхадзіць. Губарэвіч. Нават і пасля таго, як шафёр добра адхадзіў мяне скуранымі рукавіцамі за тое, што я пачапіўся за борт, думка працаваць на аўтамашыне не пакідала мяне. Сергіевіч.
4. Клопатамі, пільным доглядам выратаваць ад смерці; адхаяць. [Начхім:] — [Каржаневіча] накіравалі ў шпіталь. Ледзь адхадзілі, а потым камісавалі. Алешка. [Жанчына:] — А гэтага бычка, што я ледзь адхадзіла, яшчэ паіць трэба. Кулакоўскі.
•••
Адхадзіць ногі — змарыцца, стаміцца (ад хады).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.
2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.
3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.
4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)