Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыж ‘птушка з доўгімі вострымі крыламі, Apus apus L.’ (ТСБМ, Бяльк.; Сл. ПЗБ, Жыв. св.; стол., Нік.; саліг., Антропаў, Назв. птиц, 365), ‘птушка Hirundo riparia’ (Шымк. Собр.), ‘птушка Cypselus apus, грун, свіргуль’ (Ласт., Некр. і Байк.), стрыг ‘тс’ (Мат. Гом.), стріж ‘ластаўка берагавая, берагулька’ (калінк., хойн., браг., Нікан.; ЛА, 1). Параўн. укр. стриж, дыял. стріж ‘стрыж; казадой’, рус. стриж, дыял. стриг ‘стрыж’, ц.-слав. стрижь ‘каралёк’, польск. strzyżyk, дыял. strziż ‘валавока’, н.-луж. stśěž ‘тс’, чэш. střízlik, дыял. stříž ‘тс’, славац. striežik ‘тс’, stríž ‘ластаўка берагавая’, харв. старое striž ‘птушка Hirundo agrestis’, серб.-харв. strȉjež ‘валавока’, славен. stržek, stréžik ‘валавока’. Прасл. *strěžь і *strižь, гукапераймальнае па паходжанні, як грэч. στρίγζ ‘нейкая начная птушка’, лац. strīx, Р. скл. strigis ‘вушастая сава’; гл. Булахоўскі, ИОРЯ, 7, 119; Праабражэнскі, 2, 398; Фасмер, 3, 778; Шустар-Шэўц, 1368; ЕСУМ, 5, 441. Паводле Булахоўскага (там жа), форма *strižь узнікла пад уплывам *čižь (гл. чыж), супраць Фасмер (там жа). Борысь (585) грэчаскае і лацінскае словы лічыць роднаснымі славянскаму слову і ўзводзіць іх да і.-е. анамапаэтычнай асновы *(s)treig‑ ‘пішчаць, шчабятаць’. Непераканаўча Махэк₂ (589) аб роднасці з лац. requlus ‘каралёк’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2-3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апяша́лы ’лянівы, аслаблены’ (Нас.), апе́шыный ’разгублены’ (Бяльк.). Укр. дыял. зах. опішілий ’лянівы, павольны’. Польск. opieszały ’лянівы, марудны, які не любіць спяшацца’. Параўн. рус. опешить ’астацца без каня’, ’разгубіцца’, укр. уст. опішити ’астацца без каня’, укр. зах. опішіти ’зрабіцца павольным, марудным’ («Кінь опішів»). Ст.-рус. опѣшити ’зрабіць пешым; аставіць без крыл’, опѣшати ’стаць пешым (без каня)’. Параўн. яшчэ чэш. уст. opěšalý ’хто стаў без каня’, opěšati ’астацца без каня’, ст.-чэш. opěšalý. Серб.-харв. уст. opješati стаміцца’, славен. pȇšati ’стамляцца’, pẹ̑h ’стамленне’. Найбольш пашырана ўяўленне аб тым, што рус. опешить і падобныя ўтварэнні этымалагічна тлумачацца значэннем ’стаць пешым’ (Праабражэнскі, 2; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 191; Фасмер, 3, 144). Прыводзячы ў дадатак да адзначаных ужо фактаў ст.-польск. pieszeć і ст.-чэш. pěšěti ’стаць слабым’, а таксама ст.-рус. припѣшати зрабіць пешым, падрэзаць крылы’, Безлай (Južnoslav. leks., 9–10) параўноўвае гэту групу слоў з літ. paikė́ti, лат. (iz‑)paiki ’дурнець’, узводзячы корань да і.-е. *poik‑ (што ў сваю чаргу параўноўваецца з коранем слоў псаваць і інш.). На нашу думку, тут магчыма кантамінацыя двух слоў: слова, якое ўзнікла пазней і першасна азначала ’стаць пешым’, і другое, больш ранняе, якое суадносіцца, магчыма, з тым коранем, аб якім піша Безлай, або ўваходзіць у іншую сям’ю слоў. Хаця спех, спяшацца звычайна ўзводзіцца да групы спець, магчыма, суадносіны спешна — ’марудна’ (апяшала), паспяхова — ’няўдала’ (апяшала) не выпадковыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знушча́цца ’здзекавацца’ (Жд. 2; Мат. Гом.; ЭШ), змушча́цца ’тс’ (Жд. 2). Рус. зах. бранск. знущаться ’тс’, паўд. змущаться ’тс’, вяцк., смал. змуща́ть ’схіляць, спакушаць, падбухторваць, нацкаваць’, укр. знуща́тися ’здзекавацца’. Булахоўскі (Питання, 65; Вибр., 2, 71) выводзіў укр. знуща́тися з *згнущатися. Трубачоў (Проспект, 83–84) рэканструюе прасл. дыял. sъn‑uščati () і, параўноўваючы з польск. poduszczać ’падбухторваць’, выводзіць бяспрэфіксны дзеяслоў uščati < ustjati ад usta (гл. вусны) і дае для дзеяслова балт. паралелі: літ. дыял. áuščioti ’балбатаць, гаварыць’, лат. aūšât ’балбатаць’. Параўн. і Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179. Мартынаў (Бел. укр. ізал., 48; Лекс. Палесся, 13–14) далучае да гэтых паралелей мін.-маладз. ушчуваць ’лаяць’, ушчувацца ’крыўдзіцца’, а таксама ст.-рус. наустити (параўн. і рус. наущать), рэканструюе ўсх.-балт. *san‑austjati і лічыць, што яно пранікла ў бел., укр. Трэба, аднак, улічыць, што наустити не ст.-рус., а ст.-слав. факт, прадстаўлены ў Зогр. і Мар. евангеллях, таму тут больш верогодна не пранікненне, а генетычная роднаснасць (як мяркуе Трубачоў). У бел., відаць, адбываецца ўзаемадзеянне знушчацца і змушчацца (параўн. рус. смущаться да смутить, гл. муціць), якое першасна мела значэнне ’выклікаць непакой’. Ці не трэба ўлічыць пры тлумачэнні польск. уст. znękać ’засмучаць, знясільваць’, в.-луж. znućić ’прымусіць’? Параўн. таксама бел. зні́шчыць, укр. знищити ’спыніць існаванне’ і ст.-рус. изнищити ’зрабіць жабраком’. Семантычны бок цікавай гіпотэзы Трубачова патрабуе ўдакладненняў, сярод якіх магчыма і ўздзеянне ўказаных слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑ваць ’агледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрына́тка, страна́тка ‘пліска’ (маладз., барыс., Сл. ПЗБ), ‘аўсянка’ (Песні сямі вёсак), струна́тка ‘дробная птушка’ (мядз., Жыв. сл.), струна́тачка ‘нейкая птушка, можа быць, сініца або аўсянка’ (Тур.), стрына́тка, стрыгна́тка ‘невялічкая шэрая птушка, якая адлятае на зіму’ (Мядзв.), ‘стрыж; птушка з жоўтым апярэннем’ (Сцяшк.), стрыгна́тка ‘аўсянка’ (Мат. Маг.), странадка ‘птушка Tringa clareola’ (Меер Крыч.), старнатка ‘аўсянка, Emberiza, citrinella’ (там жа), сцернадка (стернадка) ‘аўсянка’ (Шымк. Собр.), стрина́дка, стригна́дка, стрегно́тка ‘нейкая птушка’ (Шн. 1, 525, 526), стырна́тка ‘пліска’ (беш., Нар. сл.), старына́тка ‘тс’ (Бяльк.). Укр. стре́надка ‘аўсянка’, рус. стрена́тка ‘тс’, польск. strznadl, trznadel, trzynadl, strdnal, styrnadl, sternal, в.-луж. stnadź, sknadź, knadź, н.-луж. tśnarl, tšnarl, чэш. strnad, strnádka, славац. strnádka, серб.-харв. стрна̀дица, славен. strnȃd, strnȃda, балг. сарна́тка ‘маленькая, падобная на вераб’я птушка з карычневай плямкай на шыі, што зімуе ў Балгарыі’. Прасл. *strьnadь (або *strnadьБулахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 105 і наст.) параўноўвалі з літ. stárta, дыял. stérta, лат. stā́ste, stā́rsta ‘стрынатка’ і звязвалі з прасл. *(s)tьrnъ ‘іржышча’ (Міклашыч, 322; Махэк₂, 582; Скок, 3, 347), супраць чаго па фанетычных прычынах Бязлай, 3, 330. Меркавалі таксама аб гукапераймальным паходжанні ад крыку птушкі; гл. Фасмер, 3, 776; Брукнер, 582; Шустар-Шэўц, 1290. Сной (у Бязлай, 3, 330) разглядае слова як кампазіт з першай часткай ад і.-е. *kʼri‑m(e)n, параўн. грэч. κριμνον ‘грубая ячная мука’, з іншым суфіксам ‑λριυή ‘ячмень’, алб. dríthë ‘пшаніца’ і інш. з першасным значэннем ‘якая есць жыта, зерне’, параўн. стрынатка гуменная ‘птушка Emberiza milliaria’ (Ласт.), рус. овсянка, просянка ‘тс’ і інш. Гл. яшчэ Антропаў, Назв. птиц, 365–367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршо́к1 ’верхняя частка чаго-небудзь’; ’вяршаліна’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.); ’тое, чым накрываюць гаршчок’ (Інстр. I), укр., рус. вершок ’тс’, польск. wierszek, н.-луж., в.-луж. wjeršk, чэш. vršek, vršík, славац. vŕšok, славен. vršek, серб.-харв. вр̑шак, макед. вршка ’верхняя частка чаго-небудзь’, балг. връ́шка ’адрубленая вяршаліна сасны’, вършец ’верхняя частка чаго-небудзь’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе дэмінутыўнага суф. ‑ок (< ‑ьkъ).

Вяршо́к2 ’мера даўжыні ≈ 4,4 см’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., Сцяшк.), укр. вершок, рус. вершок, ст.-рус. вершок (з XVI ст.) ’тс’. Узыходзіць ад прасл. vьrx‑ьkъ ’верхняя частка чаго-небудзь, у прыватнасці верхняя частка ўказальнага пальца’ (Фасмер, 1, 302). Не пераконвае Праабражэнскі (1, 78), КЭСРЯ (77), Булахоўскі (Труды ИРЯ, 1, 151), якія развіццё семантыкі разглядаемай лексемы ўяўляюць наступным чынам: ’вяршыня’ → ’лішак, які з’яўляецца зверху пры насыпанні збожжа’ → ’мера даўжыні’. Бел. вяршок пранікла з рус. мовы (Шанскі, 1, В, 71).

Вяршо́к3 ’верхні слой на адстоеным салодкім малацэ’ (Інстр. I, Шат.), выршо́к (драг., КЭС), укр. вершок ’тс’, рус. уладз., валаг., дан. вершок ’тс’. Усх.-слав. утварэнне. Да верх (гл.), вяршок1 (гл.).

Вяршо́к4 ’адтуліна, верхняе аконца пад столлю для выпуску чаду ў курных хатах, у лазнях’ (Нас., Серб., Інстр. I, КЭС, лаг.). Укр. чарніг. верх, рус. смал. вершок ’тс’, пск. вершнік ’невялікае ваконца ў лазні’. Бел. утварэнне. Да верх ’тс’ (гл.).

Вяршо́к5 ’конусападобнае горла ці лаз у рыбацкіх пастках’ (Тарн.), ве́ршок (Крыв.). Рус. ленінгр. ве́ршник ’верх конусападобнай часткі невада’. Да верх (гл.). Сюды ж увершок, овершок (гл.).

Вяршо́к6 ’першая маленькая булачка з хлебнага цеста, якую часцей за ўсё аддаюць скаціне’ (мазыр., Вешт.). Да верх, вяршок1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажа́н1 ’лятучая мыш, Vespenugo noctula’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; навагр., КЭС; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Бел., Федар. Рук., Шат., Шэйн, Яруш.), кажанюк (Сцяшк.), кажністы (Радч.). Укр. кожан, кажан. Рус. кожан (арх., паводле Даля, зах. і паўдн.), алан. кожаник, арл. кожанчик ’тс’. Усх.-слав. кожан ’лятучая мыш’ < кожа < kozja. Параўн. яшчэ рус. кожаная птичка, кожаный нетопырь. Укр. форма (з ‑а‑) — вынік пранікнення ў літар. мову слова з акаючых гаворак (з поўначы) або фанетычным шляхам (асіміляцыя), магчыма, таксама ў гаворках. Булахоўскі (Вибрані праці, 2, 162) лічыць, што кажан, калач, хазяін і інш., магчыма, з’яўляюцца беларусізмамі. Аналагічная думка аб уплыве беларускіх або рускіх дыялектаў (разглядаецца шэраг слоў), там жа, с. 239.

Кажа́н2 ’спрытны чалавек’ (Маж. Маг.). Рэгіянальны перанос ад кажан1. Матывацыя ’хударлявы, спрытны’, параўн. з некалькі іншым значэннем рус. дыня. кожанка ’аб сухарлявай жанчыне’.

Кажа́н3 ’чалавек малога росту; дзіця, якое дрэнна расце’ (Чач.), кажанё ’занядбаная маладая жывёліна, звычайна парася’ (КЭС, лаг.), кажанчык ’запаршывелае, закажанелае парася’ (Бяльк.). Рус. смал. кожан ’высахлы грыб’, апог., пск. кожанка ’аб худым кані’; з іншай структурай — ярасл. кожевина ’тс’. Апошняе слова дазваляе меркаваць аб паходжанні разглядаемых лексем ад прыметнікавай асновы кожан‑ (параўн. рус. дыял. кожевый ’скураны’), нягледзячы на тое што перанос ад кажан1 (і суфіксальныя вытворныя ад гэтай формы) уяўляецца верагодным (параўн. у Насовіча кожановатый «старообразный, как бы имеющий шероховатость кожи летучей мыши»). Магчыма, чэрв. кажанець ’пакрывацца брудам, апускацца з віду’ (Шат.), тое ж кожаныць у Насовіча з’яўляюцца дзеясловамі ад кажан1 (параўн. кажанаты ’худы, які спыніўся ў росце’. Касп. — «парасяты кажанатыі») ’аслабелая жывёліна’ (КЭС, лаг.), а семантыка кажан3 і пад. лексем абумоўлена дзеяслоўнай семантыкай. Што датычыць храналогіі, то лінгвагеаграфія бел. і рус. слоў сведчыць аб уласна беларускай інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляля́к1 ’казадой, Caprimulgus europaeus’ (ТСБМ, Сержп. Грам., Маш., Фед.–Долб.), ле́ляк, лялёк, лелек ’н’ (Бес., Маш., паўн.-зах., КЭС), лельч. ле́ляк ’кажан’ (ЛАПП), леля́к ’ястраб’, (перан.) ’недалуга, недарэка’ (ТС). Укр. леля́к, лиля́к, рі́ляк, лили́к ’кажан’, ле́літ ’сыч’, леле́ка ’бусел’; рус. лилок, лела́к, лелёк, паўн. леле́к ’тс’, ’кажан’; польск. lelek, lelet ’варона’, ’сыч’, ’кваква’, ’чайка’, ’удод’, ’д’ябал, злы дух’, каш. lélek ’казадой’, ’начны прывід, злы дух’, lelač ’дурань, расцяпа’, в.-луж. lělak ’дурань’, ’балбатун’, lělawa ’перапёлка’, чэш. lelek ’казадой’, старое ’кваква’, lelkovati, státi jako lelek ’быць разявай’; славен. lilek, ст.-серб.-харв. лиљкъ ’казадой’, серб.-харв. љи́љак, liljak, макед. лилјак, балг. лиляк, лилия́к ’кажан’, лилек ’казадой’, ц.-слав. лилѣкъ, лиликъ ’нырэц’. Прасл. lel‑ьkъ, lil‑ьkъ, а таксама lel‑jakъ, lel‑ikъ ’казадой’. Пасля назва перайшла на іншых начных птушак (Слаўскі, 4, 139–140) або на птушак, падобных да яго спосабам лятання. І.‑е. адпаведнікі: літ. lė́lis, lelỹs ’казадой’, лат. lêlis, lelis ’расцяпа, няўклюда’. Прасл. лексемы ўзыходзяць да прасл. lelěti, lelějati ’калыхацца, люляць’. Птушка названа паводле яе мягкага, пакалыхваючага лёту, калыхання ўправа і ўлева ўсім целам’ (Развадоўскі, Quest. gram., 2, Kraków, 1899, 259; Мацэнаўэр, LF, 9, 199; Буга, Rinkt, 1, 452; Махэк₂, 326; Шустэр–Шэўц, 11, 825–826; БЕР, 3, 402). Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 260, 297) мяркуе, што ў аснове ляжыць гукаперайманне, параўн. зах.-укр. лелет леле́че ’сыч крычыць’. Булыка (Лекс. запазыч., 143) памылкова выводзіць ст.-бел. лелекъ, лелякъ ’казадой’ са ст.-польск. lelek.

Ляля́к2 ’бесклапотны, збалаваны чалавек’ (мазыр., З нар. сл.), ’гультай’ у выразе сядзець, як ляляк, ’гультайнічаць’ (Ян.). Аналагічна ле́жань (гл.) ’казадой’ і ’гультай’. У выніку семантычнага пераносу з ляляк1 (гл.) паводле адносна спакойнага лятання птушкі днём. Параўн. каш. za leleka chodzëc ’гультаяваць, бадзяжнічаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)