Перавя́ць, смал. перевя́ть ’парваць, перацерці (пра вяроўку, ліну)’ (Этимология–1981, 72). Да пера- (гл.) і вять ’рваць, церці’, якое да прасл. *vęti < і.-е. u̯en‑ ’біць, раніць’, гоц. wunds ’раніць’, англ. wen (< прагерм. *wanja), кімр. ym‑wan ’біцца, змагацца’, карнуэлск. gwane ’праколванне’, англ.-сакс. Wenn ’пухліна’, ’гуз ад удару’ і інш. < і.-е. *u̯a‑/*u̯o‑/*u̯ə‑, параўн. лат. vâts ’рана’, літ. votìsадкрытая скула, нарыў’. З гэтым дзеясловам са значэннем ’рваць, церці’, рус. валаг. вя́ха ’куча, бярэмя, ноша’, а таксама ’ўдар, аплявуха, грымак, кухталь’ (семантыка ’біць’) звязваецца бел. полац. вяхотка2 (гл.) ’чарада, куча’, якое ў ЭСБМ (2, 336) падаецца з паметай “няясна” (Гарачава, Этимология–1981, 72–74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разрэ́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разразаць — разрэзаць.

2. Разрэзанае месца, прарэзаная адтуліна ў чым‑н. Пасля прасушкі ніткі здымаюцца і ў верхняй частцы вудзільна вострым нажом робіцца невялікі падоўжны разрэз, у якім будзе замацоўвацца лёска. Матрунёнак. З разрэзу фалдаў форменнага сурдута [настаўніка] тырчаў насавічок. Караткевіч. Асцярожна і хутка сцягвала [Марыя Хведараўна] ніткай разрэз скуры. Марціновіч.

3. Плоскасць сапраўднага або ўяўнага сячэння якога‑н. прадмета. Папярочны разрэз. □ У мурах і вежах зроблены байніцы. У разрэзе яны складаюцца з некалькіх аддзяленняў, якія паступова змяншаюцца. Ліс.

4. Спец. Месца, дзе праводзіцца здабыча карысных выкапняў адкрытым спосабам; адкрытая горная вырабатка. Вугальны разрэз.

•••

У разрэзе чаго — з пункту гледжання чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́ле абшар зямлі, прызначаны для ворыва’, ’вялікая роўная прастора’ (ТСБМ). Укр. по́ле, рус. по́ле, н.-луж. pólo, в.-луж. polo, польск., чэш., славац. pole, славен. polje, серб.-харв. по̏ље, балг. поле́ ’тс’. Прасл. *polje суадносіцца з по́лы (гл.) ’пусты, адкрыты, незапоўнены’, роднаснае ст.-швед. fala ’раўніна’, лац. palam прысл. ’адкрыта’, хец. palhi ’шырокі і плоскі’ (Фасмер, 3, 307; Сной, 467; Чарных, 2, 51). Можа суадносіцца са значэннем ’выпаленая (у лесе) дзеля пасеву прастора’ ад і.-е. *pel‑ ’паліць’, г. зн. ’лес, выпалены для сяўбы’, аналагічна лац. areaадкрытая прастора’ і arēre ’паліць’ (Макоўскі, Мир сл. и знач., 151), магчыма, другаснае збліжэнне пры першасным і.-е. *pel‑ ’светлы, шэры’, параўн. пялясы ’з белымі палосамі’, літ. laũkas ’поле’, літаральна — ’белае’, г. зн. ’палоска засеянай зямлі сярод лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 307; Куркіна, Зб. Слаўскаму, 155). Гл. таксама пу́львына ’бязлесная раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

галерэ́я, ‑і, ж.

1. Вузкі крыты калідор, праход, які злучае дзве асобныя часткі будынка. // Доўгі крыты калідор або балкон уздоўж сцяны дома. Вісячая галерэя. // Доўгая вузкая, адкрытая з бакоў або зашклёная пабудова, якая размешчана асобна ад жылля і прызначана для прагулак, адпачынку і пад.

2. Верхні ярус у тэатры, цырку і пад. Галерэі тэатра запоўнены гледачамі.

3. Доўгі і вузкі падземны ход у ваенных збудаваннях, горных вырабатках і пад. Падземная галерэя. □ [Дошцы] прыйдзецца ляжаць у новым доме, у моцнай столі, ці галерэю абшываць дзе-небудзь у далёкай штольні. Дудар.

4. Спецыяльна ўпарадкаванае памяшканне для выстаўкі мастацкіх твораў; мастацкі музей. Карцінная галерэя.

5. перан. Пералік, шэраг, сістэма чаго‑н. Галерэя вобразаў. □ Купала паказвае цэлую галерэю прадстаўнікоў капіталістычнага драпежніцтва. Івашын.

[Іт. galleria.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

партэ́р, ‑а, м.

1. Ніжні паверх звычайна тэатральнай залы з месцамі для гледачоў. Пражане любяць свой тэатр. Усе месцы, і ў партэры, і на ярусах, былі запоўнены. Мележ. // перан.; зб. Разм. Людзі, што займаюць гэтыя месцы. У тую хвіліну, калі зарагатаў партэр і калі Гогіберыдзе зразумеў у чым справа, — кроў прыліла да галавы, яго ахапіў гнеў. Самуйлёнак.

2. Адкрытая частка парку або саду, размешчаная звычайна на роўнай мясцовасці, аформленая газонамі, кветнікамі, вадаёмамі. Ад замка вялі ўніз травяныя партэры. Караткевіч.

3. У некаторых краінах — назва паверха над падвальнымі памяшканнямі; першы паверх. Што там! — яны не адчувалі нават цяжару таго, што валаклі неўзабаве з партэра на паверх: пры гэтай дзяўчыне раяль здаўся ім... от, нібы ложак які. Брыль.

4. Спец. Становішча ў спартыўнай барацьбе, калі барэц ляжыць на дыване або, стоячы па каленях, абапіраецца на дыван рукамі.

[Фр. parterre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вайна́, ‑ы; мн. войны, ‑аў; ж.

1. Адкрытая ўзброеная барацьба паміж дзяржавамі, народамі, плямёнамі або грамадскімі класамі. Першая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна. Вызваленчыя войны. □ Руская рэвалюцыя аб’явіла Еўропе аб адкрытай вайне рускага народа з царызмам. Ленін.

2. перан. Стан варожасці; барацьба з кім‑, чым‑н. Эканамічная вайна. Аб’явіць вайну бракаробам.

•••

Акопная вайна — пазіцыйная вайна.

Грамадзянская вайна — узброеная класавая барацьба ўнутры дзяржавы.

Каланіяльныя войны — войны, якія вядуцца імперыялістычнымі дзяржавамі з мэтай заваявання калоній або захавання свайго панавання над імі.

Прэвентыўная вайна — вайна, якая мае мэтай папярэдзіць або прадухіліць напад праціўніка.

Рэйкавая вайна — адзін з відаў партызанскай барацьбы з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, які праяўляўся ў татэмістычным разбурэнні чыгуначных пуцей у тыле ворага.

Халодная вайна — варожа-агрэсіўная палітыка імперыялістычных дзяржаў у адносінах: да СССР і іншых сацыялістычных краін ва ўмовах афіцыйнага міру.

Бог вайны гл. бог.

Развязаць вайну гл. развязаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûm ’памяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пралёт 1, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пралятаць ​1 — праляцець (у 1 знач.).

2. Сезоннае перамяшчэнне птушак; пара пералёту. Веснавы пралёт птушкі пачынаецца ў канцы сакавіка. «Весці».

пралёт 2, ‑а, М ‑лёце, м.

1. Адкрытая прастора паміж чым‑н. Скрозь просты і шырокі пралёт .. [вуліцы] відны былі агні Навасёлак. Кулакоўскі. // Скразная адтуліна, праём. Аконны пралёт. // Прастора, адлегласць паміж апорамі ў якім‑н. збудаванні. Мост драўляны, на чатыры пралёты. Чыгрынаў. // Прасла (у плоце). Здавалася, за тыя два гады, што не быў я дома, нічога тут так і не змянілася — гэтак жа, як і тады, буйна кучаравілася ліпа, гэтак жа хіліўся да зямлі, усё ніяк не могучы ўпасці, абгарэлы з аднаго канца пралёт плота. Сачанка. // Свабодны прамежак паміж маршамі ўнутранай лесвіцы. Але вось і гэты гук замёр недзе ў глыбіні лесвічнага пралёта. Васілёнак. // Прастора ўнутры прамысловага будынка паміж двума радамі калон, апор і пад. Разгружаны кран вяртаўся з лёгкім гулам. Ён ляцеў па доўгім пралёце цэха з хуткасцю цягніка. Шамякін.

2. Участак чыгуначнага шляху ад адной станцыі да другой; перагон. Трэба было праехаць адзін пралёт, таму, увайшоўшы ў вагон, .. [Кузьма] прымасціўся ў першым купэ. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плёс1, плёса, плёска, плёсы, плёса, плес, пле́со ’шырокі, ціхі і глыбокі ўчастак ракі паміж перакатамі, заваротамі ці астравамі, затока’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. Сл., Гарэц., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.; жытк., саліг., стол., Талст.; Стан.; карэліц., Сцяшк. Сл.), ’яміны з вадою на сенажаці’, ’пойма ракі’, ’самы глыбокі ўчастак возера, дзе ловяць рыбу’, ’заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), ’ціхая завадзь’ (Бяльк.; Гарэц., Байк. і Некр.), ’былое рэчышча’ (смарг., Сцяшк. Сл.), ’яма на лузе, запоўненая вадой’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’чыстае, незарослае сярод возера месца’ (паўн.-усх., КЭС), ’частка ракі. якая зімой не замярзае’ (лях., ЛА, 2), ’шырокае месца на рацэ, а таксама на лузе, у полі’ (ТС), ’сярэдзіна возера, ракі’ (полац., Талст.), ’шырокі фарватар’ (Крывіч, 1), бабр. ’возера, зарослае расліннасцю’, ’балота’, ’нізкі, заліўны луг’, ’забалочаныя берагі азёраў’ (палес., Талст.), ’прырэчная сенажаць, якая заліваецца ў час разводдзя’ (глус., Янк., дыс.), ’занесенае пяском колішняе балота’ (Скарбы). Укр. пле́со ’возера па цячэнню ракі, моцна пашыранае месца ракі, не зарослае, з ціхай плынню’, ’градка чатырохвугольнай формы’; рус. плёс, плёса, плеса́адкрытая, шырокая частка ракі са спакойнай плынню’, ’глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’яма на балоце’, ’заліўны луг, ’новы бераг ракі пасля мены яе рэчышча’, ’нізкае месца, дзе стаіць вада’, ’балота’, ’пелька ў балоце’; польск. дыял. plosek ’невялікая яма, запоўненая вадой’, вял.-польск. pleski (1498 г.), рыбацк. ploso ’глыбіня, глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’поўнае возера’, ’пойма ракі’; ст.-луж. ples(o) ’возера’; чэш. pleso ’возера, ставок, стаячая вада; глыбокае месца ў струмені; лужа для гусей’; ’западзіна ў рацэ’, ’балота’; славац. pleso ’горнае бяссцёкавае возера’, ’сажалка’, ’стаячая вада, лужа’; на паўд.-слав. тэрыторыі захавалася толькі ў тапонімах. Прасл. *pleso. Няяснае слова рэліктавага паходжання (Махэк₂, 458–459; Банькоўскі, 2, 610). Фасмер (3, 280) семантычна збліжае яго з пле́сна, плюсна, выводзячы прасл. *pletso, што, на думку Бязлая, з’яўляецца сумніўным; ён падтрымлівае думку Махэка, спасылаючыся на с.-в.-ням. Flosche ’яма, у якую прасочваецца вада’, лат. plesa, plēsa ’нерухомае глыбокае месца ў рацэ і інш.’ (Этимология–1973, 183–184). Сучасная семантыка, як здаецца, не пацвярджае меркаванне пра супрацьпастаўленне слав. *Pleso*Bolto, як адкрытай і забалочанай воднай прасторы (Трубачоў, Этногенез, 128), параўн. плёсо ’зарослае балота, твань’ (ганц., ЛА, 5).

Плёс2 ’хвост у вялікай рыбіны’ (Нас., Гарэц., Дабрав.), рус. дыял. плеск і плёск ’задняя частка тулава рыбы, рыбін хвост’. Да плёскаць (гл.), параўн. плёс! — ’удар рыбы хвастом’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)