раза́к 1, ‑а, м.

1. Прылада для рэзання чаго‑н. Мадэльеры распрацавалі спараныя разакі для раскрою мяккага скуртавару. «Звязда». // Рэжучая частка якой‑н. прылады, інструмента, машыны. Не забыта .. [зямля], бо вунь пры шляху востра паблісквае на сонцы разаком плуг. Мурашка. // Абл. Піла. Назаўтра з раніцы засунуў [Марцін] за пояс спрытную сякеру, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў ў лес. Колас.

2. Інструмент для кіслароднай рэзкі металаў. Аўтагенны разак.

3. Рабочы, спецыяліст па забою жывёлы, птушкі.

4. Абл. Жорсткая, але нетрывалая заледзянелая скарынка снегу або лёду. Святло .. [ракеты] часам прымушала яго легчы на жорсткі, сцукраваны снег, і Васіль па разаку вужам перапаўзаў.. на шэрае ворыва або таіўся нерухома ў праталай разорыне. Грамовіч. — На разаку ты такі лавок не паставіш правільна .. — зрушыць плынню. Масарэнка.

раза́к 2, ‑у, м.

Шматгадовая вадзяная расліна сямейства жабнікавых з моцнымі калючымі лістамі і буйнымі белымі кветкамі, якая ў час цвіцення ўсплывае на паверхню. У затоках вясною і ў дажджлівыя гады стаяла брудная рудая вада і ў ёй расла жорсткая і такая ж рудая асака, перамешаная крамяным лапушыстым разаком. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́кцыя 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне або ўчынак, які з’яўляецца адказам на якое‑н. уздзеянне. Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Шамякін. Смех выклікаў у дзяўчат дваякую рэакцыю. Васілевіч.

2. Спец. Адказ арганізма на тое ці іншае знешняе раздражненне або ўздзеянне. Рэакцыя вока на святло. □ Такія рэакцыі прынята лічыць за паказчык актыўнага цячэння інфармацыі. «Весці». // Рэзкая перамена ў самаадчуванне слабасць пасля моцнага напружання, узбуджэння. Рэакцыя пасля перанапружання.

3. Фізіка-хімічнае ўзаемадзеянне паміж двума або некалькімі рэчывамі.

•••

Ланцуговая рэакцыя — рэакцыя, пры якой прадукты яе могуць зноў уступаць у злучэнні з зыходнымі прадуктамі.

Рэакцыя замяшчэння — хімічнае ператварэнне, пры якім у малекуле злучэння атамы аднаго элемента становяцца на месца атамаў другога элемента.

[Ад лац. re — проці і actio — дзеянне.]

рэа́кцыя 2, ‑і, ж.

Палітыка жорсткага падаўлення рэвалюцыйнага руху і грамадскага прагрэсу, якую вядуць эксплуататарскія класы ў барацьбе за захаванне або зварот сваіх правоў і палітычнага панавання. // зб. Рэакцыянеры, рэакцыйныя сілы. Міжнародная рэакцыя. Прошукі рэакцыі. □ І ў Купалы і ў Коласа вораг .. заўсёды называецца сваім спецыяльным імем: «пан», «ксёндз» — цэнтральныя фігуры польскай рэакцыі. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́га,

1. Прысл. да тугі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. [Палкоўнік:] — Калі завяжацца бой, нам будзе туга. Няхай.

3. безас. у знач. вык. Пра недахоп чаго‑н., пра цяжкасці з чым‑н. — З усімі матэрыяламі, хлопцы, туга, — уздыхае начальнік. — Пастаўшчыкі падводзяць. Мыслівец.

туга́, і́, ДМ тузе́, ж.

1. Смутак, маркота, журба. Столькі было тугі па свабодзе і мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы! Брыль. // Пачуццё нуды, выкліканае бяздзейнасцю або немагчымасцю ажыццявіць тое, што задумана. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Быкаў. // Адлюстраванне такога стану, пачуцця (у вачах, на твары і пад.). Зноў на твар .. [маці] кладзецца цень тугі і трывогі. Ракітны. З тваіх вачэй сатру тугу І засвячу празрысты ранак. Матэвушаў. У .. зеленаватых вачах [Яўцеха Гаўрылавіча] была такая туга і такі боль, што нам хацелася хутчэй развітацца, каб не бачыць гэтага. Пянкрат.

2. Выказванне душэўнай прыгнечанасці, скрухі, смутку (у музыцы, песні, вершы і пад.). Вершаў, прасякнутых матывамі тугі, беспрасветнасці жыцця, у Коласа многа, яны закранаюць, бадай, усе больш-менш прыкметныя асяродкі дзейнасці селяніна, яго побыту, працы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.

2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.

3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.

4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.

•••

Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.

Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр. печери́ця, печа́риця, рус. печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск. pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш. pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац. pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен. pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв. пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед. печурка ’грыб’, балг. печу́рка ’шампіньён’. Прасл. *pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turovaтакая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац. biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр. печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес. пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печерицячепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.

2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.

3. Які мае адносіны да міру ​1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.

4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́па, ‑ы, ж.

1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак. Гусіная лапа. □ [Стралец:] — Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Якімовіч. // Разм. груб. Аб руцэ або назе чалавека.

2. Разм. Пышная галіна. Многа снегу на лапах вялікіх ялін. Брыль.

3. Спец. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом. Шавецкая лапа. Лапы культыватара. □ Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы. Лынькоў.

4. Спец. Шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец. Рубіць у лапу.

5. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. // Лінейка, якой білі. [Дзед:] — Лапа, ну як табе сказаць: лінейка такая дубовая або кляновая. Некалі настаўнікі білі ёю вучняў па далоні, па лапе.. Таму і лапай празвалі. Якімовіч.

•••

Даць (сунуць) у лапу гл. даць.

Запусціць лапу ў што гл. запусціць.

Налажыць лапу на што гл. налажыць.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму гл. папасціся.

У лапах каго, чыіх, у каго — у поўнай залежнасці, ва ўладзе (быць, знаходзіцца, апынуцца і г. д.).

Хадзіць на мяккіх лапах гл. хадзіць.

Як курыца лапай гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышчапі́ць 1, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Перасадзіць, частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой, каб перадаць пэўныя ўласцівасці. Аднак жа ў мяне і рука такая лёгкая: бывала, што ні пасаджу, што ні прышчаплю — усё прымецца. Кулакоўскі. // Надаць расліне якія‑н. ўласцівасці шляхам перасадкі на яго часткі другой расліны. «Мы выгадуем і прышчэпім сорак тысяч дзічак», — казаў камандзір на агульным сходзе. Паслядовіч.

2. Увесці ў арганізм вакцыну, каб папярэдзіць або вылечыць якую‑н. хваробу. Прышчапіць воспу.

3. перан.; каму-чаму. Дамагчыся засваення (якой‑н. думкі, пачуцця, навыкаў і пад.). Кожны [з настаўнікаў] любіць свой прадмет, імкнецца прышчапіць гэтую любасць вучням. Дубоўка. Бацька тады пачаў як мае быць прывучаць сына да сальнай справы, думаючы ўтлумачыць сыну і на практыцы прышчапіць яму гандлярскую дыпламатыю, каб пасля ён мог павялічыць маштабы свайго фамільнага таленту. Чорны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Шамякін.

прышчапі́ць 2, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Зачыніць на зашчапку; зашчапіць. [Рыгор] уварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзверы, і, не распранаючыся, сеў за пісанне. Гартны.

2. Прычапіць пры дапамозе якой‑н. прышчэпкі, зашчапкі. Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)