тур 1, ‑а, м.

1. Адзін круг танца па пакоі, зале і пад., а таксама адзін кругавы рух у вальсе. Тур вальса.

2. Асобны этап якой‑н. гульні, конкурсу, спаборніцтва, які складае частку гэтай гульні, спаборніцтва. Апошні тур шахматнага чэмпіянату. □ Закончыліся гульні першага тура чэмпіянату краіны па валейболу. «Звязда». Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей. // Этап, частка якой‑н. падзеі, мерапрыемства і пад. Але ўсё адно прачытаны .. [камандзірам атрада] загад аб другім туры рэйкавай вайны прагучаў радаснай навіной. Шахавец. // Асобны этап выбараў, а таксама адна са ступеней пры шматступеннай выбарчай сістэме. Першы тур выбараў.

[Фр. tour.]

тур 2, ‑а, м.

1. Гіст. Запоўненая зямлёю плеценая кашолка, якая выкарыстоўвалася ў якасці ўкрыццяў ад куль і снарадаў.

2. Пірамідка з камянёў, складзеная альпіністамі на вяршыні, на якую яны ўзышлі першымі.

[Фр. tour]

тур 3, ‑а, м.

1. Першабытны дзікі бык, які з’яўляецца адным з продкаў буйной рагатай жывёлы. У лясах Белавежскай пушчы ў вялікай колькасці вадзіліся туры, зубры, ласі, мядзведзі, алені, дзікія кабаны, казулі. «Весці». [Князь] гукнуў .. дружыну ды і пайшоў сабе Палессем, харчуючыся забітымі зубрамі і турамі. Караткевіч.

2. Горны каўказскі казёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыма́к, прыма́ка, прымаке́, прымакіе́, прыма́ч, пры́ма, пры́мень, пры́муш, пры́мыш, прама́ка ’муж, якога прынялі ў сям’ю жонкі, які жыве ў доме жонкі’, прыма́кі ’прыманне прымака’ (ТСБМ, Нас., Шн. 1, Нік. Очерки, Кольб., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Касп., Растарг., Янк. 1, Янк. Мат., Інстр. 1, Мат. Гродз., Жд., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), прымук ’прыёмыш’ (Ласт.), прыма́чка ’жонка зяця, прынятага ў дом цесця’ (Нас.; навагр., Нар. сл.), пры́мачка ’тс’ (Байк. і Некр.), прымі́чка ’тс’ (саліг., Нар. словатв.), таксама пры́мы, пры́мачы, пры́мічы, пры́мкі, пры́му ’пасяленне, пражыванне мужчыны пасля жаніцьбы ў сям’і жонкі; прымацтва’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС); параўн. перан. прыма́к ’калок у плоце для ўмацавання падгніўшага слупа’ (ТС). Сюды ж прыйма́к ’прымак; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Растарг.), ’прыёмыш’ (Ласт.), прійма́ч ’зяць, які жыве ў цесця’ (Бес.), пры́йміч, пры́ймыш ’прыёмыш; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Нас.), прыйма́к ’сезонны рабочы, якога наймалі цягнуць плыты супраць рачной плыні’ (пін., Нар. лекс.), толькі мн. л. пры́ймы ’жаніцьба ў тым выпадку, калі жаніх ідзе ў дом да нявесты’ (мазыр., рэч., Доўн.-Зап., 2). Рознасуфіксальныя вытворныя ад прыма́ць/прыйма́ць (гл.). Рус. дыял. прима́к ’муж, прыняты ў дом жонкі’, ’прыёмны сын’, прима́ка ’тс’, при́ма ’муж, прыняты ў сям’ю жонкі’, смал. прима́ч ’тс’, при́мень ’тс’, при́муш ’чалавек, якога ўзялі працаваць у гаспадарцы, прынялі ў свой двор’, укр. прийма́к, прийма́ка ’прыёмыш; муж, які перайшоў у сям’ю жонкі’, при́йми ’прыёмыш’, у при́йми піти́ ’не маючы сваёй гаспадаркі, прыйсці на гаспадарку жонкі, жыць у яе хаце’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) мяркуе пра ўплыў літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, аднак адсутнасць фармальных падстаў робіць меркаванне аб балтыйскім пранікненні праблематычным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нны ‘клапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2-3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па¹, прыназ.

I. з М адз. і Д мн.

1. Указвае на прадмет, паверхню або межы, дзе што-н. адбываецца.

Ехаць па дарозе.

Ісці па слядах звера.

Страляць па акопах.

2. Абазначае кола дзейнасці або сферу распаўсюджвання дзейнасці.

Чаканка па метале.

Працаваць па найме.

Чэмпіянат свету па шахматах.

3. Указвае прамежак часу, перыяд, на працягу якога што-н. паўтараецца.

Па тыдні знаходзіцца ў камандзіроўках.

4. Паказвае дзеянне, што выклікае які-н. стан.

Сумаваць па бацьку.

Туга па радзіме.

5. 3 дапамогай чаго-н.

Перадаваць па радыё.

Вывучыць па новым падручніку.

Паслаць па пошце.

6. У адпаведнасці, згодна з чым-н., на аснове чаго-н.

Працаваць па плане.

Дзейнічаць па законе.

Апрануты па модзе.

Па ўсіх правілах.

Работа па сілах.

Меркаваць па знешнім выглядзе.

7. Указвае на прадмет ці асобу, а таксама на якасць, уласцівасць каго-, чаго-н.

Па прафесіі інжынер.

Па сацыяльным становішчы рабочы.

Родны па бацьку.

Таварыш па зброі.

8. Ужыв. пры абазначэнні спосабу дзеяння.

Рабіць па справядлівасці.

Расказаць усё па парадку.

Сказаць па сакрэце.

9. Указвае на прычыну дзеяння.

Зрабіць што-н. па непаразуменні.

Паехаць па ўласнай ахвоце.

10. 3 мэтай, для чаго-н.

Мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці.

11. Ужыв. для ўказання на падставу, абгрунтаванне.

Здагадацца аб намеры па вачах.

12. Указвае на колькасць пры размеркаванні, абазначэнні цаны, паслядоўнасці, на велічыню, памер.

Даць дзецям па цукерцы.

Перабіраць па каліве.

Кляваць па зярнятку.

Па рублі штука.

Бег па крузе.

Кавалкі па метры.

Качаны па вядры.

13. У спалучэнні з ліч., што абазначаюць цану кожнага ці колькасць, што прыпадае на кожнага, ужыв.

а)

В з ліч. ад «двух» і далей: па два (дзве), па тры, па чатыры, па пяць, па дзесяць, па сорак, па чатырыста, па двое, па трое;

б) Д і М з ліч. «адзін»: па аднаму і па адным;

в) асабліва спалучаюцца: па паўтара, па паўтары.

II. з В.

1. таксама з М. Указвае на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго-, чаго-н. (са словамі «бок», «край», «рука» з азначэннямі).

Па абодва бакі дарогі.

Ехаць па правым баку.

Па левай руцэ цягнуўся лес.

2. Ужыв. для абазначэння прасторавай або часавай мяжы.

Улезці ў ваду па пояс.

У адпачынку па 20 кастрычніка.

Работы па горла (перан.: вельмі многа).

3. Указвае на прадмет як мэту руху ці перамяшчэння.

Схадзі па бацьку.

Ісці ў лес па грыбы.

III. з М.

1. Указвае на паверхню ці мяжу, дзе што-н. адбываецца.

Ісці па вуліцы.

Ляпнуць па плячы.

Расставіць кнігі па паліцах.

2. Указвае на месцы, што наведваюцца кім-н.

Бегаць па знаёмых.

Хадзіць па тэатрах.

3. Указвае на тое, на што накіравана якое-н. дзеянне.

Удар па ворагу.

Пагладзіць па галоўцы.

4. Пасля чаго-н.

Па сканчэнні тэрміну.

На наступны дзень па прыездзе.

Па абедзе.

5. Указвае на меру часу ці на тэрмін.

Прыём наведвальнікаў па чацвяргах (гэта значыць кожны чацвер). Работа разлічана па мінутах (гэта значыць вельмі дакладна).

6. Указвае на падставу, аснову якога-н. дзеяння.

Ведаем вас па газетах.

Разумець па вачах.

Па ягоным твары было відаць, што чалавек вельмі расхваляваны.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аго́нь, агню́, мн. агні́ і агнёў, м.

1. Гаручыя святлівыя газы высокай тэмпературы; полымя.

Згарэць у агні.

2. Святло ад асвятляльных прыбораў.

Запаліць а.

Агні горада.

3. Стральба (ружэйная, артылерыйская).

Адкрыць а.

Шквальны а.

Агонь! (каманда страляць).

4. перан. Палымянасць, жвавасць, душэўны ўздым.

З агнём у сэрцы.

Антонаў агонь — гангрэна, заражэнне крыві (уст.).

Баяцца як агню — вельмі баяцца.

Днём з агнём не знойдзеш — нідзе не знойдзеш (разм.).

З агню ды ў полымя — з адной непрыемнаці ў другую, яшчэ большую (разм.).

Паміж двух агнёў — пра небяспеку з двух бакоў.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

У агонь і ў ваду пойдзе за каго-н. — гатовы на ўсё дзеля каго-н.

Гарэць (пячы) агнём — вельмі моцна балець.

Увесь у агні — у гарачцы.

Не жартаваць (не гуляць) з агнём — не рабіць таго, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.

Агнём і мячом — з бязлітаснай жорсткасцю.

Як агню ўхапіўшы — вельмі хутка.

На агеньчык зайсці да каго-н. — зайсці выпадкова, мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.

Працаваць з аганьком — з запалам, з захапленнем, праяўляючы ініцыятыву, выдумку.

|| памянш. аге́ньчык, -а і -у, мн. -і, -аў, м. і аганёк, -нька́, м. Гарыць а.

|| прым. агнявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.), агнёвы, -ая, -ае (да 1 знач.), агні́сты, -ая, -ае (да 1 знач.) і во́гненны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Агнявая сушка (на агні). Агнявы пункт (артылерыйскі, кулямётны). Агнявыя сродкі (снарады). Агнёвыя прамяні сонца.

Агністая чырвань на ўсходзе.

Вогненныя языкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пяць1 ’лічба пяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ), пʼяць ’тс’ (ТС), укр. пʼять, рус. пять, польск. pięć, чэш. pět, славац. рäť, каш. ṕińc, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěš, палаб. pąt, славен. pẹ̑t, серб.-харв. pȇt, балг. пет, макед. пет, дыял. пент, ст.-слав. пѧть. Прасл. *pętь ’пяцёрка’, лічыцца вытворным ад *pętъ ’пяты’; роднаснае прус. penckts ’пяты’, літ. penkì ’пяць’, лат. pìeci ’тс’, гоц. fimf, ст.-в.-ням. fimfto, ням. fünfte ’тс’; сюды ж таксама ст.-інд. páñca, грэч. πέντε, лац. quīnque ’тс’ (Фасмер, 3, 426; Шустар-Шэўц, 2, 1074; Махэк₂, 447; БЕР, 5, 191; Глухак, 476–477; Сной₂, 509–510; ESJSt, 11, 643–644; ЕСУМ, 4, 652–653). Пра першасны назоўнікавы характар лічэбніка, на думку Банькоўскага (2, 569), сведчаць фразеалагізмы — польск. вілен. ni pięć, ni dziewięć, адпаведна ні ў пяць, ні ў дзесяць ’дрэнна і непапраўна (зрабіць)’ (Шат.), паралельныя да літ. nei penki, nei devyni ’ні тое, ні сее’.

Пяць2 ’напружваць, напінаць’ (ТСБМ), ’ціснуць, перці; пнуць, піхаць’ (Нас.), пя́цца ’напружвацца; праціскацца; тужыцца’ (Нас.; Сержп.; смарг., Сл. ПЗБ), пʼяцца ’пнуцца’ (ТС), пя́стысь, пясты́сь ’напружвацца’ (Сл. Брэс.); укр. пʼя́сти ’нацягваць’, рус. пять, польск. piąć, чэш. píti, славац. pnuť, в.-луж. pjeć, н.-луж. pěś, серб.-харв. пе́ти ’ўзнімаць’, славен. pẹ́ti ’нацягваць’, балг. пъ́на. Прасл. *pęti, *рьnǫ ’напружваць, напінаць’, роднаснае літ. pìnti ’плясці, скручваць’, лат. pît ’тс’, грэч. πένομαιпрацаваць’, гоц. spinnan ’прасці’, на аснове якіх рэканструюецца і.-е. *(s)pen‑ ’цягнуць, нацягваць’ (Махэк₂, 447; Фасмер, 3, 292; Шустар-Шэўц, 2, 1075; Глухак, 477–478; Сной₂, 510–511). Мартынаў (Язык, 81) лічыць, што першапачатковае тэрміналагічнае значэнне ’звіваць, прасці’, змененае пад уплывам прасл. *plesti (гл. плясці), што пераняло першаснае значэнне. Гл. таксама і пнуць, пнуццца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слуга́ ‘чалавек для асабістых паслуг, прыслужнік’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Сцяшк., Жд. 1, 2, Нар. сл.), слу́га ‘пашана, якую выказваюць дзеці ручкай старэйшым’ (Нас.), сюды ж слугава́ць ‘прыслужваць’ (ТСБМ). Укр., рус. слуга́, стараж.-рус. слуга, польск. sługa, чэш., славац. sluha, серб.-харв. слу́га, славен. slúga, балг. слуга́, макед. слуга, ст.-слав. слоуга. Прасл. *sluga. Роднасныя ў балтыйскіх і кельцкіх мовах: літ. slaugýti, slaugaũ ‘падтрымліваць, дапамагаць’, slaugà ‘паслуга; слуга’, ірл. slúag ‘атрад’, teglach (< *tegoslougo‑) ‘дамачадцы’ і інш.; гл. Траўтман, 269; Буга, РФВ, 66, 248 і наст.; Махэк₂, 557; Фасмер, 3, 676 з аглядам літ-ры. З прычыны ізаляванасці слова ў славянскіх мовах і няяснасці словаўтварэння (практычнай адсутнасці суф. ‑г(а)) шэраг этымолагаў (Шахматаў, AfslPh, 33, 92; Файст, WuS, 6, 45, Мікала, РФВ, 48, 273) лічаць слова запазычаннем з кельцкай. Катэгарычна супраць Фасмер (там жа), Лер–Сплавінскі (RS, 18, 6). Слаўскі (SP, 1, 60) следам за Вондракам (Vergl. gr., 1, 400) бачыць тут стары і.-е. суфікс ‑a, які ўтвараў nomina agentis. Што датычыцца кораня слова, то на славянскай глебе яго звязвалі з *slū‑ (гл. слынуць), гл. Міклашыч (308), але наяўнасць групы sl‑ у літоўскай і кельцкай паралелях сведчыць аб немагчымасці гэтай роднасці, гл. Фасмер, там жа. Борысь (560) рэканструюе семантыку і.-е. дыял. (балтаславянскае і кельцкае) *slau̯gā ‘дружына (воінаў)’ > ‘дапамога, паслуга’ > ‘той, хто дапамагае, робіць паслугі’. Бязлай (3, 266–267) узводзіць да і.-е. *slou̯gā ‘дапамога, служба’. Ад слуга ўтвораны дзеяслоў служы́цьпрацаваць па найме ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘выконваць воінскія абавязкі’, ‘выконваць абавязкі слугі, прыслугі’, ‘выконваць якія-небудзь абавязкі ў адносінах да каго-небудзь; выконваць чыю-небудзь волю’; прасл. *služiti; гл. Борысь, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твары́ць1 ’ствараць’, ’дзеяць, рабіць, здзяйсняць’, ’чыніць, вырабляць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’вычвараць, непакоіць, здзіўляць; чыніць’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян.), ’тварыць, ствараць’ (Сержп. Прымхі), творы́ць ’вытвараць’ (ТС), творы́ті ’тварыць, складаць’ (Вруб.), ст.-бел. твори́ти, творы́ти ’тварыць, рабіць, чыніць’ (XV ст., КТС). Укр. твори́ти, рус. твори́ть, польск. tworzyć, н.-луж. tworiś, в.-луж. tworić, чэш. tvořit, славац. tvoriť, славен. tvoriti, серб.-харв. тво̀рити, балг. творя́, макед. твори, ст.-слав. творити ’тс’. З прасл. *tvoriti ’тварыць’, суадноснае з *tvorъ ’твор’, якое звязана з *tvarъ ’твор, стварэнне’ (з іншым вакалізмам). Прасл. *tvoriti роднаснае да літ. tvérti ’абгароджваць; перавязваць; хапаць; фарміраваць, ствараць’, turė́ti ’трымаць; мець’, ãptvaras ’агароджа’, tvártas ’хлеў’, лат. tver̂t ’хапаць, лавіць’, tvarsît ’тс’, turêt ’трымаць’, прус. turīt ’мець’, грэч. σορός ’пахавальная урна; труна’ на падставе і.-е. *tu̯er‑ ’хапаць; абгароджваць’ (Фасмер, 2, 34; ЕСУМ, 5, 533; Чарных, 2, 231; Брукнер, 587; Махэк₂, 662–663; Шустар-Шэўц, 1565). Мяркуецца, што на базе канкрэтных значэнняў ’схапіць, трымаць, браць’ праз ’акружаць, акаляць, агароджваць’ развіліся абстрактныя значэнні ’кшталтаваць, афармляць, фармаваць’ і ’тварыць, ствараць’ (Борысь, 656). Параўн. твэ́рыць, гл.

Твары́ць2 ’захаваць, ахінаць вулей на зіму’ (петрык., Яшк. Мясц.), твары́ць ву́лей ’рыхтаваць вулей пад рой’ (Стан., Некр.), творы́ць ’класці ў вулей прынаду для пчол’ (ПСл), творы́ць борць ’апырскваць сярэдзіну борці спецыяльным растворам’ (Маш.), тво́рыць ’пырскаць, крапіць вулей прымацкай для прываблівання пчол’, ’прыбіраць (у хаце)’ (ТС). Параўн. польск. tworzyć ’рабіць, працаваць каля пчол (у лесе)’. Да папярэдняга (гл.), спецыялізацыя семантыкі на аснове значэння ’акружаць, абгортваць, агароджваць’ з далейшым развіццём ’дбаць, даглядаць’.

Твары́ць3 ’думаць, уяўляць’: я тварыла што месяц усходзіць, аж то мой татэчка па дворэ ходзіць (барыс., Кольб.). Да тварыць1, параўн. польск. tworzyć ’прыдумваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

служы́ць, служу, служыш, служыць; незак.

1. Працаваць па найму ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго‑, чаго‑н. А Андрэй Стронін думаў: — Што ў жыцці радаснага? Вось скончу я універсітэт; буду служыць. Але што з гэтага? Буду днём займацца справамі, ноччу спаць, але што з гэтага? Чорны. На большае маці не магла разлічваць, бо яна служыла ў адным з універсальных магазінаў і зарабляла не так ужо багата. Лынькоў.

2. Выконваць воінскія абавязкі, быць ваенным. — Вы дзе служылі? — спытаў .. [Лугавец] Міколу. — У трэцяй арміі, у дывізіі генерала Панова. Краўчанка. — Муж, — ахвотна адказала Вера. — Тады ён у кавалерыі служыў. Кулакоўскі.

3. Выконваць абавязкі слугі, прыслугі. Якаў стаў у дзядзькі жыць, Дзядзьку парабкам служыць. Крапіва. У Палуяна — многа поля і кожны год служыць парабак. Брыль.

4. каму. Выконваць якія‑н. абавязкі ў адносінах да каго‑н., выконваць чыю‑н. волю, падпарадкоўваючыся каму‑н. І ёсць напэўна і шпікі, Што служаць пану паслухмяна. Колас. // Рабіць якія‑н. паслугі каму‑н. [Чарнавус:] Чым магу служыць? Крапіва.

5. каму-чаму. Працаваць у імя каго‑, чаго‑н., быць адданым каму‑, чаму‑н. Служыць навуцы. □ [Алесь:] — Паклянёмся служыць народу, змагацца за яго лепшую долю. С. Александровіч. Хвядос Шынклер да апошняга дыхання служыў сваёй айчыне. Арабей. // Быць карысным каму‑, чаму‑н. І служаць людзям рэкі-сёстры — Амудар’я і Сырдар’я. Агняцвет. [Сіўцоў:] — Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за пераўтварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка.

6. каму і без дап. Выконваць сваё прызначэнне, сваю ролю. Пісалася мала, не служыла галава, дый рукі адмаўляліся. Лужанін. Штаны-ватнікі зіму служылі, яшчэ зіму паслужаць, вата ані нідзе не параз’язджалася і ў кучу не пазбівалася. Ермаловіч. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. // чым, для чаго. Прызначацца, выкарыстоўвацца для чаго‑н. Застаўшыся адзін, Андрэй сеў на парожнюю скрынку, якая служыла яму зэдлікам. Скрыпка. Па сутнасці хата служыла.. [Калядку] толькі месцам адпачынку. Чарнышэвіч. Адушаўлёныя назоўнікі, якія служаць для абазначэння асоб, называюцца асабовымі. Граматыка.

7. чым. Быць, з’яўляцца чым‑н. Служыць прыкладам. □ Выглядам сваім і адзежай.. [хлапчукі] маглі служыць выдатнай натурай мастаку. Васілевіч. Я агледзеўся, але ніякіх прыкмет, якія маглі б служыць арыенцірам, не знайшоў. В. Вольскі.

8. што і без дап. Выконваць, праводзіць набажэнства. Разы два-тры ў год аднекуль з-за Лашыч прыязджаў сюды старэнькі, увесь прапахлы ладанам і цвіллю поп і служыў перад бабулькамі абедню. Хадкевіч. [Маці] абазвалася: — Мусіць, біскуп.. служыў. Чорны.

9. Стаяць на задніх лапах, падняўшы пярэднія (пра сабак).

10. Размяшчацца пэўным чынам, быць у нейкім становішчы. Шапка ў.. [чалавека] служыла казырком набок. Чорны.

•••

Служыць верай і праўдай — служыць вельмі добра, аддана.

Служыць двум багам — паводзіць сябе як двурушнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпе́рці, падапру, падапрэш, падапрэ, падапром, падапраце; пр. падпёр, ‑перла; зак.

1. што. Паставіць падпорку (падпоркі) пад што‑н., падтрымаць што‑н. чым‑н. Падперці сцяну. Падперці дзверы. □ Мы пабывалі ў раёне старога Парыжа.. У адным з дамоў апошні паверх .. адвальваецца, і таму яго падперлі доўгім надточаным бервяном. Філімонаў. Бацька свой воз падпёр плячом і аб’ехаў паварот, а сын пашкадаваў сілы траціць. Якімовіч. // Падставіць руку, далонь, каб можна было схіліць на іх галаву, твар і пад. Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца. Колас. // Уперціся рукамі ў бакі. — На брыгадзірстве тваім свет клічам сышоўся? — падперла рукі ў бокі жонка. — А як усе людзі, не хочаш працаваць? Б. Стральцоў. // перан. Падтрымаць сабой што‑н. Па суседству з маім домам сталі новыя [дамы], сучасныя ў сэнсе архітэктуры. Яны падперлі яго сваімі плячыма і, як гавораць спецыяліст, уключылі ў адзін ансамбль. Навуменка.

2. Надавіць, націснуць. Хамут падпёр каню пад самае горла. // Разм. Аб прыступе якога-небудзь болю, кашлю і пад. Нечаканая бяда навалілася на Лявона.. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. // перан. Разм. Прымусіць неадкладна ўзяцца за якую‑н. працу, выкананне або ажыццяўленне чаго‑н. тэрмінова наспеўшага. [Вяржбіцкі:] — А Клікаў — прайдзісвет. І лізаблюд. Прадасць і выменяе, Калі нявыкрутка падапрэ. Савіцкі. — А цяпер жа і сена, і жніво падперла! — успомніў.. [Алесь] словы Лены. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)