непрыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае гармоніі ў сваіх абрысах, афарбоўцы; пазбаўлены прыгажосці. Непрыгожы дом. Непрыгожая тканіна. // Непрыемны па свайму гучанню (пра голас, музыку, гукі і пад.). Непрыгожы голас.

2. Які мае непрывабную знешнасць (пра чалавека). Зрэшты, фройляйн была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару. Брыль. І назваць.. [Эльзу] непрыгожай нельга. Толькі прыгажосць яе непрывабная, чужая. Чарнышэвіч.

3. Заганны, несумленны, нядобры. Непрыгожы ўчынак. Непрыгожая гісторыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піке́ 1, нескл., н.

1. Баваўняная або шаўковая тканіна палатнянага перапляцення з рубчыкам уздоўж асновы. Блузка з піке.

2. у знач. нязм. прым. Зроблены з такой тканіны; пікейны. Сукенка піке.

[Фр. piqué.]

піке́ 2, нескл., н.

Амаль вертыкальнае зніжэнне самалёта на вялікай хуткасці; пікіраванне. Адзін з самалётаў нырнуў носам уніз.. Ён выйшаў з піке над самымі вяршынямі дрэў і з шалёным гудзеннем пранёсся над лесам. Лынькоў.

[Фр. piqué.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флёр, ‑у, м.

1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.

2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.

[Ням. Flor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Радно́, радні́на ’тоўстае палатно з пянькі або льняной пражы, а таксама выраб з такога палатна’ (ТСБМ), ’грубае саматканае палатно’ (Арх. Федар.), ’саматканая посцілка з грубай пражы’ (Сцяшк.), ’палатно, тканае ў чатыры ніты’ (Варл.), ’тканіна з рыззя, посцілка’ (гродз., ваўк., беласт., чэрв., Сл. ПЗБ), ’грубае ільняное палатно, рэдка вытканае; прасціна або накрыўка на ложак з такога палатна’ (Федар.), ’атрэп’е’ (чэрв., Сл. ПЗБ), родно́ ’тс’ (ТС; драг., ЖНС), радні́на, радны́на ’грубае, даматканае палатно’ (Сл. ПЗБ, Касп.), радня́ны ’зроблены з радна’ (ТСБМ), радня́ны, радніно́вы ’зроблены з грубага палатна’ (пін., паст., Сл. ПЗБ), радня́ніца ’ніткі з адходаў ільну’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, радавы́ ’зроблены з грубай ільняной пражы’, радаво́етканіна, вытканая ў рады’ (Сл. Брэс.), радаво́я ’пачаскі’ (баран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. рядно, редно, рѧдно ’тоўстае палатно з ільняной або канаплянай пражы’, рус. дыял. редно́, рядно́, редни́на, редови́на, рядови́тина, редчи́на ’грубае палатно на рэдкай аснове для посцілак, мяшкоў’, польск. дыял. radno ’тканае ў рады палатно з дрэнных нітак’ (з беларускай мовы). Існуе некалькі версій паходжання слова. Даль звязвае назву са словам рэдкі (Даль, 3, 1763), гл. Праабражэнскі (2, 230) падае як утварэнне ад рад (гл.). Чумакова сцвярджае, што слова з’яўляецца назвай складанага спосаба ткання ўручную, пры якім атрымліваецца тканіна з перапляценнем у выглядзе касых прыступкавых радкоў, параўн.: рядны́й — тканый нарочито рядами (Нас., 571). Улічваючы гэта, яна прапануе разглядаць слова радно як субстантываваную форму прыметніка ра́дны, які быў утвораны на базе назоўніка рад, звязанага з абазначэннем асобай тэхнікі ткання і асобай фактуры тканіны. Такое тоўстае і шчыльнае палатно выкарыстоўвалася для гаспадарчых патрэбаў — на посцілкі, мяшкі, і з часам набыло значэнне ’грубая саматканая тканіна для гаспадарчых патрэбаў’. Замацаванню утварэння на ‑но (радно) спрыяла тое, што ў групе назваў саматканак ужо былі тэрміны тыпу сукно, палатно (Чумакова, Этимология–1968, 171–175). Аднак формы тыпу радаво́я ’пачаскі’ і асабліва радно́ ’атрэп’е’, параўн.: як трапаеш — атходзіць радно (чэрв., Сл. ПЗБ), сведчыць пра першаснае аднясенне назвы да працэсу апрацоўкі ільну або пянькі для аддзялення матэрыялу больш высокай якасці ад звычайнага, радавога, параўн. ст.-слав. издрѧдьнъ ’надзвычайны’, рус. из ряда (вон) ’вышэйшай якасці, выдатны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плюс1 ’матэматычны знак +’, ’дадатны бок’ (ТСБМ), ст.-бел. плюсъ ’плюс’ (1666 г.). Праз польск. мову з ням. ці франц. plus, якое ў XV ст. — з лац. plus ’больш’. Першапачаткова ужывалася як сімвал слова дадай! Пазней стала абазначаць дадатную (станоўчую) лічбу, г. зн. большую ад нуля (Булыка, Лекс. запазыч., 154; КЭСРЯ, 344; Банькоўскі, 2, 612; Васэрцыер, 174).

Плюс2 ’кумач, матэрыял чырвонага колеру’ (ТСБМ). З рус. дыял. плюс, плюсь ’плюш’ ’тс’, плю́совый ’ярка-чырвоны’, плюх ’баваўняная тканіна чырвонага колеру’. Відавочна, ідэнтычнае плюш (гл.). Параўн. таксама польск. plis, plisz, pliśnia ’плюш’, балг. плис ’баваўняная тканіна, падобная на аксаміт’, славен. pliš плюш’ і пад.

Плюс3, плюсы́ ’радоўкі, Tricholoma parlentosum’ (ТС; круп., рагач., Сл. ПЗБ), плюс, плю́ска ’радоўка штрыхаватая’ (узд., Нар. словатв.), плю́са ’грыб, падобны на сыраежку’ (Ян.), бяроз. плюсы́ ’грыбы’ (Вайтовіч, Вакалізм, 90), плюшоўка ’радоўка фіялетавая, Lepista nuda’, плюхі ’грыбы’ (Інстр. 2), плю́сы ’род грыбоў, якія зрасліся разам’ (Шпіл.). Рус. маск. плю́ха ’грыб шаруха, Lactaris flexuosus’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тка́нка ’вышытая чырвонымі ніткамі павязка на галаву’ (Нас.), ’паласатая тканіна’ (кругл., ЛА, 4), ’вытканая хусцінка’ (Сл. Брэс.), ’галаўны ўбор з тонкага абруча, абшытага тканінай’ (Касп.), ’пасма льну, якая ўплятаецца ў косы (маладой на вяселлі) замужнімі жанчынамі’ (Бяльк.), ’жаночы галаўны ўбор падчас вяселля; карона маладой са стужак, караляў і штучных кветак’ (Тур.), ’павязка пад чапец, вянок’ (Сержп. Грам., Тарн.), сюды ж тка́льніца, тка́ніца, тка́ныця, ка́ныця ’валік для прычоскі’ (Сл. ПЗБ), тка́ныца, ка́ніця ’дэталь галаўнога ўбору замужняй жанчыны: туга скручаны кусок палатна або шнурок, завязаны вакол галавы, на які закручвалі валасы, а наверх надзявалі чапец і намітку; можа быць і ў выглядзе драўлянага абруча’ (Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. тканка ’тонкая тканіна, сетачка, карункі’, ’вышываная галаўная павязка з рознакаляровымі махрамі’ (1516 г., КГС; Ст.-бел. лексікон), тканица ’тс’ (КГС). Параўн. укр. тка́нка ’тонкая матэрыя; жаночае ўпрыгожанне з караляў і пярлінаў’, ст.-польск. tkanka ’стужка з дэкаратыўнай тканіны, што ўжывалася для аблямоўкі адзення’, чэш. tkadlicě, tkanice ’тканая стужка’. Вытворныя ад тканы, ткаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плюштканіна з ворсам, вышэйшым, як у аксаміце’ (ТСБМ; в.-дзв., Сл. ПЗБ), плю́шаўка ’плюшавы жакет’ (Жд. 1; Сцяшк. Сл.), плюшаві́к ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.). Новае (з пач. XX ст.) запазычанне з рус. плюш, якое з ням. Plüsch (з XVII ст.) < франц. pluche, peluche (XVI ст.) < (se) pelucher ’калмаціць’ < італ.-лац. pilūccāre < лац. pilus ’волас’ (Фасмер, 3, 290; Банькоўскі, 2, 613). Параўн. таксама больш старое запазычанне пліс (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пу́рпур, ‑у, м.

1. Натуральная каштоўная фарба чырвона-фіялетавага колеру, якая ўжывалася ў старажытнасці для афарбоўкі тканіны.

2. Ярка-чырвоны колер з фіялетавым адценнем. [Коркія] бачыў роўную гладзь мора і над ім палымнеючы пурпур зары. Самуйлёнак. Верасовыя пустэчы, аблітыя сонцам, так цвілі, што павольныя аблокі, адбіваючы іх .. цвіценне, былі афарбаваныя знізу ў лёгкі пурпур. Караткевіч.

3. Уст. Дарагое адзенне або тканіна ярка-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем. Апрануцца ў пурпур.

[Лац. purpura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штоф 1, ‑а, м.

1. Старая руская мера вадкасцей (звычайна віна, гарэлкі), роўная 1/10 вядра; вадкасць такога аб’ёму.

2. Шкляная чатырохгранная пасудзіна з кароткім рыльцам, якая змяшчае такую колькасць вадкасці. Пан Даніла сустрэў яго [маладога], седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф. Караткевіч.

[Ням. Stauf.]

штоф 2, ‑у, м.

Шчыльная, цяжкая шарсцяная або шаўковая тканіна з буйным тканым узорам, якая ідзе на абіўку мэблі, на парцьеры і пад.

[Ням. Stoff.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба́сма ’фарба басма’. Рус. ба́сма. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў (basma). Так Сл. ін. слов, 96. Але націск сведчыць аб пасрэдніцтве іншых моў (дакладна невядома якіх).

Басма́ ’пячатка, знак і да т. п.’ Ст.-рус., рус. басма́, укр. басма́ (< рус.). Запазычанне з цюрк. моў (цюрк. basma ’набіўное палатно, тканіна’, ад basmak ’ціснуць, друкаваць’). Параўн. яшчэ ўкр. ба́сма ’чорная шаўковая хустка’, балг. басма́ ’набіўное палатно’, серб.-харв. ба̀сма ’тс’. Бернекер, 45; Фасмер, 1, 131; БЕР, 1, 35; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19; Рудніцкі, 85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)