завалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Упасці за што‑н. Кніга завалілася за шафу. □ Адзін пялёстак сарваўся з агністай кветкі, упаў Яську ў правы лапаць і заваліўся за анучу. С. Александровіч. // Згубіцца, упаўшы за што‑н., куды‑н. [Любка] то шукала яшчэ аднаго нажа, які недзе заваліўся, то дасыпала солі на сподак. Дамашэвіч. // Абл. Зваліцца, уваліцца куды‑н. У рашучы момант конь.. недалужна згайдануўся, нырнуў і заваліўся пярэднімі нагамі ў яму, прысыпаную снегам. Колас.

2. Паваліцца, абваліцца, абрушыцца. — Гнілое ты не падпірай, яно заваліцца ўсё роўна. Дубоўка. — Мама, — пераконвала Марына, — заваліцца яшчэ столь і нас з табой прыцісне. Б. Стральцоў. А цяпер яна, студня тая, завалілася. Дрэва хоць і камянее ў сырой зямлі, а ўсё роўна гніе памаленьку. Пташнікаў. / Разм. Упасці, не ўстояўшы на нагах. Азін немец.. піхнуў [маці] карабінам у грудзі так, што яна аж завалілася. Гарэцкі.

3. Разм. Улегчыся, залегчы. — Тут, пан мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся, — адчытваў Лабановіча вясёлы падлоўчы. Колас. Сымон заваліўся на ложак і праспаў да самага вечара. Чарнышэвіч.

4. Разм. Бесцырымонна зайсці, заявіццца куды‑н. Калі Бешчат.. памкнуўся зашторваць акно, да яго ў бар нечакана заваліўся пан Томчак. Бажко.

5. чым. Разм. Атрымаць многа чаго‑н. Паходню няма чаго бунтаваць. Яны сёлета заваляцца хлебам. Хадкевіч.

6. Аказацца заваленым, загрувашчаным чым‑н. І ўжо ніколі не зарасце гэтая сцежка мохам ці травою, не заваліцца ламаччам. Кулакоўскі.

•••

Хоць заваліся — пра поўны дастатак, мноства чаго‑н. — Лёгка цяпер вучыцца дзецям. Кніжак — колькі хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псава́ць, псую, псуеш, псуе; псуём, псуяце; заг. псуй; незак.

1. што. Прыводзіць у няспраўны стан, рабіць непрыгодным, непрыдатным. Псаваць прадукты. □ Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Лынькоў. Шмат хто з .. [хлопцаў] вызначаўся хіба тым, што на дзіва часта псаваў станкі ці ламаў дэфіцытныя фрэзы. Мележ. // Наносіць шкоду чаму‑н. Псаваць здароўе. Псаваць вочы. □ — Цукеркі дзеду — не, не любы, Няхай іх качкі: псуюць зубы, Дык лепш не знаць іх. Колас.

2. што. Рабіць непрыемным, брыдкім; пагаршаць. Псаваць адносіны. Псаваць смак. □ Цяжкая хвароба псавала настрой пісьменніку, і ён часам нават губляў веру ў свае сілы. Хведаровіч. Адно толькі псавала ўражанне — старая скрынка для посуду на сцяне побач з печкаю. Ваданосаў. Сяргей злаваўся, што Надзя не можа супакоіць сваю маці, і гэта вельмі псавала яго ўзаемаадносіны з жонкай. Рамановіч. // Рабіць непрыгожым. Псаваць выгляд. □ Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

3. каго-што. Дрэнна ўплываць на каго‑н., прывіваць дрэнныя схільнасці каму‑н. — У шафу павесіш пазней, — сказала Дора Змітраўна, успомніўшы мужавы дакоры, што сваімі клопатамі псуе дачку. Карпаў. [Тупала:] — Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Шамякін.

4. што. Дарэмна пераводзіць, глуміць. Каму выдаралася вольная часіна, ішоў да кузні пацерціся каля людзей і закурыць з горна, каб не псаваць дома запалкі. Чорны. [Вера] нават падумала, што мастак гэты проста няўдачлівы аматар, які толькі дарэмна псуе дарагія фарбы. Асіпенка.

•••

Псаваць кроў каму — злаваць, раздражняць каго‑н.

Псаваць сабе кроў — злавацца, раздражняцца з-за чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́ўда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тое, што адпавядае рэчаіснасці; ісціна. — Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Кастусь гаварыў праўду, але гэтыя словы ўзлавалі Сяргея. Шахавец.

2. Праўдзівасць, правільнасць. [Саша] не думала пра тое, што ў праўду гэтых слоў сама не верыць і што да Цішкі яны не даходзяць. Шамякін. // Разм. Правільнасць, слушнасць. І што яму [прышэльцу] скажаш? нічога, Бо праўда, відаць, з яго боку. Колас. // Праўдзівасць адлюстравання жыццёвых з’яў у мастацкім творы, ігры акцёра на сцэне і пад. [З. Бядуля] імкнуўся знайсці мастацкую праўду новага жыцця. Каваленка. Усё ў гэтай сцэне праўда і ўсё поўна паэзіі. Бярозкін.

3. Справядлівасць; парадак, заснаваны на справядлівасці. У начальства знайсці праўду Думае старая. Колас.

4. (з вялікай літары). Гіст. Назва сярэдневяковых збораў законаў. Руская Праўда.

5. у знач. вык. Ужываецца для пацвярджэння слоў субяседніка, азначае: сапраўды, на самой справе так. Бачыць [купец], і праўда — расце ўдовін сын як на дражджах. Якімовіч.

6. у знач. пабочн. Сапраўды, на самой справе. Стрэльба, праўда, была дужа старая. Лынькоў.

7. у знач. уступальнага злучніка. Хоць (хаця). Калгас сабраў на некаторых участках шмат саломы і мала збожжа. Праўда, ураджай быў высокі. Крапіва.

•••

Глядзець праўдзе ў вочы гл. глядзець.

І то праўда — азначае згоду са словамі субяседніка.

Па праўдзе кажучы (сказаць); праўду кажучы (сказаць) гл. кажучы.

Праўда вочы коле — непрыемна слухаць пра свае непрыгожыя, непрыстойныя ўчынкі.

Праўда-матка — сапраўдная, чыстая праўда.

Праўду (праўду-матку) рэзаць (у вочы) гл. рэзаць.

Служыць верай і праўдай гл. служыць.

(Усімі) праўдамі і няпраўдамі — усякімі сродкамі.

Што праўда, то праўда — сапраўды, на самой справе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспе́ць 1, ‑спее; зак.

1. Зрабіцца, стаць спелым; выспець. І макі даўно адцвілі, і жыта паспела, І водар ранетаў даносяць да вокнаў вятры. Тарас. — От калі ў падарожжа ехаць, Міхась, калі арэхі паспеюць! Чарнышэвіч. На Беларусі яблыкі паспелі І глуха асыпаюцца на дол. Грахоўскі.

2. Разм. Стаць гатовым для яды. І чуць што толечкі разднела, У маткі снеданне паспела. Колас. // Стаць прыгодным, гатовым для чаго‑н. Глеба паспела.

паспе́ць 2, ‑спею, ‑спееш, ‑спее; зак., звычайна з інф.

Здолець, змагчы зрабіць што‑н. у тэрмін, своечасова. Да вечара .. [мужчыны] паспелі прынесці толькі па адной вязцы. Маўр. [Брыгадзір:] — Ці чуў — радыё казала — не сёння-заўтра снег сыпане. Трэба паспець дакапаць клін, што пад ярам. Хадановіч. Часу бракавала: трэба было яшчэ паспець дзе-небудзь паснедаць, ды і хацелася хоць з паўгадзіны паблукаць па горадзе. Хадкевіч. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. тэрмін, час. Ледзь паспее вясной Чарназём адагрэцца, — Вільгаць парай клубіцца Над цёплай зямлёй... Аўрамчык. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Арцём:] — А праз паўгадзіны прыбывае калінінградскі... Мне трэба паспець... Ракітны. Ну, проста... проста не паспелі Прыбыць на аганёк. Астрэйка. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. // Ідучы за кім‑н. услед, не адстаць у хадзьбе. [Шаевічу] і сапраўды ў такім адзенні цяжка было паспець за мной. Сабаленка.

•••

Не паспець (што‑н. зрабіць) як... — ужываецца пры абазначэнні хуткага дзеяння, нечаканага наступленне чаго‑н. Я не паспеў закрыць ілюмінатар, Як шторм запеніўся з усіх старон. Танк. Яшчэ не паспела .. [Алена] выехаць за вёсачку, як сюды прыпёр Жарстак. Колас. Не паспела пагаснуць вячэрняя зара, як на ўсходзе пабялела неба. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца страху, храбры, адважны. Нор па тым, што ўбачыў і пачуў, уявіў сабе гэтую вялікую краіну, у якой жывуць такія добрыя, дужыя і смелыя людзі. Шамякін. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Шыцік. / у знач. наз. сме́лы, ‑ага, м. Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых. Колас. [Грыцко:] — Чалавек ён [бацька] смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Кулакоўскі. // Які выказвае адвагу, бясстрашнасць. Тыя ж вочы, Позірк смелы, Нібы глянуў сам камбат... Прыходзька. У мой пакой прыйшлі яны з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі. // Які сведчыць аб бясстрашнасць адвазе; які робіцца з адвагай. Смелы манеўр. □ Арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой. Лынькоў. Дэсант быў напорысты і смелы. Аляхновіч.

2. Які не баіцца цяжкасцей, перашкод; рашучы. Смелы даследчык. // Поўны смеласці, рызыкі. [Ганна:] Аб гэтым, плане трэба параіцца з Максімам Іванавічам... Смелы план... Кучар. [Зёлкін:] Ад даклада паважанага Аляксандра Пятровіча я ў вялікім захапленні. Які палёт думкі! Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў! Крапіва. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас. // Які мае ў сабе нешта арыгінальнае, новае. Думка смелая прыйшла: Зробім столік са стала! Калачынскі. // Які ўзнімае вострыя пытанні. Смелая крытыка. Смелая прамова.

3. Нязвыклы; нетрафарэтны. Смелы архітэктурны прыём. □ Праект [студэнта] горача падтрымлівае сакратар райкома, перамагае наватарскі, смелы погляд на жыццё. Бярозкін.

4. Які выходзіць за межы прынятага; не зусім сціплы. Смелы жарт. Смелае дэкальтэ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тым, суадноснае слова, састаўная частка складанага злучніка, часціца.

1. суадноснае слова. а) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі дапаўняльнымі, калі апорнае слова галоўнага сказа кіруе як даданым сказам, так і займеннікам. Думы, мары мае!.. Ганаруся я тым, што навек заўладалі вы сэрцам маім. Куляшоў. Расправу чыніць польскае начальства пад тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. Колас; б) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі супастаўляльнымі, якія падпарадкоўваюцца пры дапамозе злучніка «чым». І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Чым бліжэй чулася сустрэча з .. [вёскай], тым больш расла трывога. Мележ; в) Ужываецца перад членамі простага сказа, якія супастаўляюцца пры дапамозе злучніка «чым», каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы (звычайна перад вышэйшай стуценню прыслоўя або прыметніка). Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.

2. З’яўляецца састаўной часткай складаных падзельных злучнікаў «між тым, як», «перад тым, як», «тым больш (болей), што». Перад тым, як разысціся, закончыўшы паход, Нупрэй сабраў у лесе на прывале агульны сход. Колас. Мурашовай вельмі не хочацца адставаць ад Каці, тым больш, што лічыцца яна спрактыкаванай фармоўшчыцай. Скрыган.

3. часціца ўзмацняльная. Ужываецца з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені, каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы. [Галчанаў:] — Калісьці ў вашым садзе пад бэраю была лавачка, яна цэлая? [Кулёнак:] — Там цяпер новая. Тая струхлела. — Тым лепш, калі новая. Васілёнак.

•••

Між тым — у той час, тым часам.

Разам з тым гл. разам.

Тым больш гл. больш.

Тым не менш (меней) гл. менш.

Тым часам гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з 1, нескл., н.

1. Дзевятая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «зэ». Вялікае З. Друкаванае з.

2. Звонкі, свісцячы, пярэднеязычны, шчылінны зычны гук.

з 2 і са, прыназ. з Р, В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, адкуль пачынаецца рух, дзеянне. Выйсці з хаты. □ Прыходзілі сяляне з навакольных вёсак са сваімі неадкладнымі справамі. Лынькоў. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. Колас. / З геаграфічнымі назвамі. Прыслаць тэлеграму з Каўказа. Вярнуцца з Гомеля. / З назоўнікамі, якія абазначаюць месца, сферу дзейнасці. Прыехаць з камандзіроўкі. Вярнуцца з экспедыцыі. Прыйсці з лекцый. // У спалучэнні з прыназоўнікамі «на», «у» (з — на; з — у) ужываецца пры абазначэнні шматразовага дзеяння. Пераносіць з месца на месца. Пераязджаць з горада ў горад. Пераскокваць з купіны на купіну. / У некаторых устойлівых выразах. Пераліваць з пустога ў парожняе. □ Ля дзвярэй пераміналіся з нагі на нагу чырвонаармейцы. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (з — да) ужываецца пры абазначэнні пачатковага і канцавога пунктаў распаўсюджвання дзеяння, стану, якасці або ўласцівасці. Прачытаць кнігу з пачатку да канца. □ Стары салдат сурова акінуў поглядам Лабановіча, змераў з ног да галавы. Колас. // Ужываецца пры абазначэнні месца, дзе знаходзіцца дзеючая асоба або прадмет. Гаварыць з трыбуны. Выглядаць з акна. □ — Зайдзі ў хату! — крыкнуў з ложка Патапавіч. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца або напрамку (адносна каго‑, чаго‑н.), дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца або дзейнічае. Ля.. [Міколы], з правай рукі, як і заўсёды, уселася Зося. Гартны. З боку вёскі цягнулася вузкая паласа нізкарослых, каржакаватых хвой. Шамякін. // Ужываецца пры абазначэнні боку або напрамку, з якога дзеянне накіроўваецца на прадмет. Удар з тылу. □ Бруй зайшоў з другога боку печы. Колас. // (са словамі «бок», «пазіцыя», «пункт погляду» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці чыіх‑н. поглядаў, адносін да каго‑, чаго‑н. З майго пункту погляду. З пазіцый марксізма. □ Свой прысуд над існуючым грамадскія, ладам і падтрымку светлых пачаткаў жыцця пісьменнік ажыццяўляў з пазіцыі народнасці. Каваленка. // Ужываецца пры абазначэнні прадмета або месца, з паверхні якога або ад якога што‑н. аддзяляецца, знімаецца. Зняць шапку з галавы. Устаць з ложка. Сарваць яблык з дрэва. Звярнуць з дарогі. □ Сарока з куста, а дзесяць на куст. Прыказка. / З назоўнікамі, якія абазначаюць сферу дзейнасці, заняткаў. Звольніць з пасады. Зняць з уліку. / У некаторых устойлівых выразах. Збіцца з ног. Зваліцца з неба. Спусціць з вока. Сарвацца з прывязі. Збіць з толку. Збіцца з тону. Сысці з рук.

2. з Р. Ужываецца пры абазначэнні месца праяўлення якой‑н. прыметы, якасці. З твару .. [Ліда Міхайлаўна] была даволі прыгожая жанчына. Колас. Ганна і з натуры, і з усяго аблічча была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры. Чорны.

3. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сумежнасці, блізкасці чаго‑н. з чым‑н. у прасторы (звычайна са словамі «поруч», «побач», «поплеч»). Сесці поплеч з бацькам. □ Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Клім пайшоў поруч з возам. Галавач.

Часавыя адносіны

4. з Р. Ужываецца пры абазначэнні часу, які з’яўляецца пачатковым момантам у развіцці якога‑н. дзеяння, стану або ва ўзнікненні якой‑н. якасці, уласцівасці. З дзевятага класа Віктар усё ж такі сеў на трактар. Кулакоўскі. Свежае з начы паветра напаўнялася цеплынёй. Самуйлёнак. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з таго часу», «з той пары». // У спалучэнні з прыназоўнікамі «да» і «па» (з — да; з — па) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога працякае дзеянне або стан. Працаваць з цямна да цямна. Прыём з 9 да 11 гадзін. □ Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Купала. І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу паміж двума днямі, датамі, у межах якога працякае дзеянне або што‑н. адбываецца. З суботы на нядзелю выпаў снег. Ноччу з пятага на шостае прыехаў брат. // У спалучэнні з прыназоўнікам «на» (з — на) у складзе некаторых устойлівых выразаў ужываецца пры абазначэнні нявызначанага, але блізкага часу здзяйснення чаго‑н. Чакаць з дня на дзень. □ Мы ляжым у лазняках і чакаем з хвіліны на хвіліну, калі скажуць нам: — Па два ў рад, на пантоны. Лынькоў. // Разам з прыназоўнікам «у» (з — у) у некаторых устойлівых выразах ужываецца пры абазначэнні бесперапыннасці або перыядычнасці дзеяння. З веку ў век. □ З году ў год у доўгія зімовыя вечары збіраюцца ў .. [Ладыніных] суседзі. Шамякін.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні часу або падзеі, з надыходам якіх адбываецца якое‑н. дзеянне, узнікае які‑н. стан. З надыходам вясны прырода ажывае. □ Да працы ўстаць з зарою. Танк. // Ужываецца пры азначэнні рада паслядоўных момантаў, па меры надыходу якіх разгортваецца якое‑н. дзеянне. Замілаванасць [Марціна] да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала. Чорны. Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «з часам», «з цягам часу» і пад.

Прычынныя адносіны

6. з Р. Ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Запець з радасці. Заплакаць з гора. □ З крыку .. [Сымон] зусім ахрып. Колас. Машкара, што збожжа ела, З маразоў падохла. Крапіва. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «ні з таго ні з сяго» і пад.

7. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні падставы для якога‑н. дзеяння або стану. З дазволу бацькі. З пашанай да заслуг. □ Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам. Шамякін.

Акалічнасныя адносіны

8. з Р. Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Пісаць з вялікай літары. Страляць з калена. □ [Васіль і Санька] пераскочылі цераз зялёную канаву і з ходу палеглі на траву. Брыль. / У некаторых устойлівых выразах. Ударыць з усёй сілы. Кінуцца з усіх ног. // З колькасным словам пры кіруемым назоўніку ужываецца пры абазначэнні абставін, неабходных або дастатковых для ажыццяўлення чаго‑н. Папасці ў мішэнь з першага стрэлу. Пазнаць чалавека з першага погляду.

9. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або стану, якія адбываюцца адначасова з асноўным дзеяннем і характарызуюць яго. Чакаць з нецярпеннем. Слухаць з усмешкай. □ Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам. Колас. Хлапчук выскачыў праз акно ў двор і пабег з крыта на вуліцу. Галавач. Маці стаяла пасярод хаты і з замілаваннем глядзела на сына. Шамякін. // Ужываецца пры характарыстыцы спосабу дзеяння. Працаваць з натхненнем. Званіць з перапынкамі. □ Стары з натугі разагнуў паясніцу і падышоў да печы. Кулакоўскі. Вайсковыя часці адыходзілі па дарогах з боем. Лынькоў.

10. з Т. Ужываецца пры абазначэнні сродку, з дапамогай якога ажыццяўляецца дзеянне. Адправіць пакет з пасыльным. Змагацца са зброяй у руках. □ — Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Лынькоў.

11. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца паказчыкам паўнаты ахопу дзеяннем каго‑, чаго‑н. Вырваць з коранем. □ Укрыўшыся з галавою ад камароў, .. [Васіль] толькі прыкідваўся, што спіць. Мележ.

Мэтавыя адносіны

12. з Т. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Звярнуцца з просьбай. Адправіць з даручэннем. □ Дарвідошка пайшоў у бок стайні з рапартам. Колас.

Азначальныя адносіны

13. з Р. Ужываецца пры характарыстыкі каго‑, чаго‑н. з боку паходжання, узнікнення і пад. Дакладчык з горада. Рыбакі з Нарачы. / У некаторых устойлівых выразах. З чужога пляча. Бандыт з вялікай дарогі. // Ужываецца пры абазначэнні цэлага, састаўной часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Колас з машыны. Шнурок з чаравіка.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якіх нагадвае па велічыні другі прадмет або асоба. Воз з гару. □ Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста. З вядро галоўкі вырастаюць. Колас.

15. з Т. Ужываецца пры характарыстыкі пастаяннай ці часовай знешняй прыметы або ўнутранай якасці каго‑, чаго‑н. Хата з чарапічным дахам. Дзяўчына з кнігай у руках. Чалавек з розумам. Дзіця з музыкальнымі здольнасцямі. □ Гэта была натура з нахілам да задумёнай разважлівасці. Чорны. Паміж фурманак блукаюць, спяшаючыся, людзі з кошыкамі. Галавач.

16. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які знаходзіцца ў другім прадмеце і гэтым характарызуе яго. Кошык з ягадамі. Вядро з вадой. Мяшок з мукой.

17. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, які знаходзіцца ў якім‑н. становішчы або стане. Аварыя з самалётам. Гісторыя з пісьмом. □ Пажар з цыстэрнамі нарабіў багата клопатаў Вейсу. Лынькоў.

Колькасныя адносіны

18. з Р. Ужываецца пры абазначэнні колькасці асоб або прадметаў, якія складаюць якую‑н. сукупнасць, аб’яднанне і пад. Сям’я і трох чалавек. Група з пяці студэнтаў. □ У ясны веснавы дзянёк Анцыпік і Лабановіч ехалі ў сялянскай каламажцы на хутар з трох ці чатырох двароў. Колас. Зайграў самадзейны аркестр з гармоніка, трох балалаек, мандаліны, дзвюх гітар. Дуброўскі.

19. з В. Ужываецца для абазначэння прыблізнай меры часу, прасторы, вагі і пад. Пабыць з тыдзень. Прайсці з кіламетр. Адпачыць з паўгадзіны. Рыбіна важыла з кілаграм.

20. з Р (са словамі «досыць», «хопіць», «мала» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая з’яўляецца крытэрыем меры, дастатковасці чаго‑н. З мяне даволі. З яго ўсё мала. □ Няхай выгрызе рагуля ўсю траву, што тут ёсць, хопіць з яе. Кулакоўскі.

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дадатковай колькасці чаго‑н. Двое сутак з палавінай. Аддаць доўг з працэнтамі. / У некаторых устойлівых выразах. З гакам. □ Было .. [Талашу] тады гадоў семдзесят з хвосцікам. Колас.

Аб’ектныя адносіны

22. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, на якія накіравана дзеянне. Справіцца з цяжкасцямі. Скончыць з вайной. Сабрацца з сіламі. □ Чалавек чуў запытанне і мару дзіў з адказам. Лынькоў.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, да якіх устанаўліваюцца якія‑н. адносіны іншай асобы або прадмета (падабенства, адрозненне, далучэнне, аддаленне і пад.). Зверыць копію з арыгіналам. Пазнаёміць з прыяцелем. Спыніць перапіску з кім‑н. Разлучыцца з блізкімі. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія ўзаемадзейнічаюць з іншай асобай або прадметам. Бачыцца з бацькамі. Сустракацца з людзьмі. □ Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія маюцца ў каго‑н. у момант дзеяння. Ісці з партфелем. Сядзець з дзіцем на руках. □ Стары пакут усіх не знёс, Уцёк у лес з сякерай вострай. Чарот. Усе праз гадзіну-другую выходзілі з поўнымі кошыкамі чырвоных рыжыкаў. Шамякін. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «разам з тым», «ні з чым». // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, наяўнасць, прысутнасць якіх з’яўляецца прычынай якога‑н. стану, з’явы. З такім таварышам не прападзеш. □ Я ж быў рад новаму чалавеку, бо мне іншы раз было сумнавата з Нямком. Кулакоўскі.

25. з Р. Ужываецца пры абазначэнні матэрыялу, з якога зроблена што‑н. Хата з бярвення. Вянок з жывых кветак. Нож са сталі. □ Няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер’я. Чорны.

26. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. прадмета, месца, сховішча, з якога бярэцца, выпадае, выдаляецца што‑н. Нож выпаў з рук. Узяць яблык з кошыка. □ Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. Галавач. Панасу памог выбрацца з няволі польскі салдат, што стаяў там на варце. Колас.

27. з Р. Ужываецца пры абазначэнні крыніцы, адкуль што‑н. бярэцца, паходзіць. Цытата з кнігі. Арыя з оперы.

28. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асяроддзя, групы, адкуль хто‑н. паходзіць. Ён з рабочай сям’і. □ Васіль быў не з бедных. Якімовіч. Выйшлі ўсе мы з народа, Дзеці заводаў і сёл. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на прыналежнасць асобы або прадмета да якой‑н. групы, катэгорыі па ўласцівасці або прымеце. Задача была не з лёгкіх.

29. з Р. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. сукупнасці, адкуль бярэцца, вылучаецца якая‑н. частка. Адзін з многіх. □ — Нехта з блізкіх сяброў, — падумаў Лабановіч, — але хто? Колас. Адна з жанчын разгарнула невялікі пакунак, паказвае другім. Галавач.

30. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія змяняюцца, робяцца якасна іншымі. З іскры разгарыцца полымя. □ І ноч тады — з цёмнай карэльскай ночы — робіцца казачнай ноччу. Лынькоў.

31. з Р. Ужываецца пры абазначэнні стану, які парушаецца, перапыняецца (звычайна пры дзеясловах «выводзіць», «выходзіць», «выбіваць» і пад.). Выбіцца з сіл. Выходзіць з сябе. □ Кожная новая змена ў абставінах, ці яна добрая, ці благая, выводзіць чалавека з.. раўнавагі. Колас.

32. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы, прадмета або часткі прадмета, з якіх пачынае развівацца дзеянне, стан (звычайна пры дзеясловах «пачынаць», «пачынацца», «пачаць», «пачацца»). Пачну з цябе. Дзень пачаўся з абходу палат.

33. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з якой што‑н. спаганяецца, утрымліваецца і пад. З яго ўзялі тры рублі. □ Ладымер Стальмаховіч, стоячы ў дзвярах, зняў як бы сяброўскі допыт з Сымона Мікуця. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць адзінкай разліку пры атрыманні, зборы чаго‑н. Класці ў касу ўзаемадапамогі па пяць рублёў з кожнай зарплаты. Сабраць па трыццаць цэнтнераў пшаніцы з гектара.

34. з Р. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія служаць узорам для пераймання, капіравання і пад. Зняць копію з дыплома. Зрабіць рэпрадукцыю з карціны. Рысаваць з натуры. Перакласці з рускай мовы. Браць прыклад са старэйшых.

35. з Р (пры дзеясловах «смяяцца», «жартаваць», «кпіць», «здзекавацца», «дзівіцца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх праяўляецца якое‑н. пачуццё. З каго кпіла, смяялася, таму сама дасталася. З нар. Пасмяяўся чыгун з катла, а абодва чорныя. Прыказка. Хто не бачыў вялікага, той з малога дзівіцца. Прыказка.

Абмежавальныя адносіны

36. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца падабенства або агульнасць у чым‑н. Старшыня сельсавета адных год з Полазам, але нізкі ростам і рухавы. Шамякін.

Адносіны сумеснасці

37. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія сумесна з другой асобай або прадметам удзельнічаюць у якім‑н. дзеянні або суправаджаюць іншую асобу, прадмет. Сцяжынкаю хлопец з дзяўчынай ідзе. Танк. Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла. Мележ. // Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія разам з іншымі асобамі або прадметамі ўваходзяць у склад чаго‑н. Нас з вамі дзесяць чалавек.

Адносіны ўласцівасці

38. з Т (з дзеясловамі «быць», «адбывацца», «здарацца» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, якія знаходзяцца ў пэўным стане, з якімі што‑н. адбываецца. Такое не з кожным здараецца. □ Нешта муліла бок, няёмка было з рукой. Лынькоў. Ганна па .. насцярожанасці [Васіля], па голасе здагадалася, што было з ім. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Вылучыцца з агульнай адзінай масы. Тварог аддзяліўся ад сыроваткі.

2. Адысці, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Тры самалёты аддзяліліся ад групы і накіраваліся да станцыі. Мележ. Другі раз Васіль бачыў [Віктара] каля свайго акна ўжо зусім раніцай, як той аддзяліўся ад сцяны і сышоў на загуменне. Лобан. // перан. Адасобіцца ад каго‑, чаго‑н. Цяпер.. вельмі востра адчувае Рыгор Караневіч, што сяло зусім аддзялілася ад яго. Так — Рыгор Караневіч сам па сабе, а сяло само па сабе. Скрыган. Міхась адчуваў пасля сходу, што ўсе мы — хто пайшоў у калгас — аддзяліліся ад яго, засталіся на тым баку рэчкі. Брыль.

3. Стаць самастойным гаспадаром пасля падзелу маёмасці. Міхал, як толькі ажаніўся, Тады ж ад бацькі аддзяліўся, Бо стала цесна. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адка́з 1, ‑у, м.

1. Выкліканыя пытаннем або зваротам словы, выказаныя вусна ці пісьмова. Даць адказ. Ухіліцца ад адказу. □ Я ў той жа дзень, мой дарагі татуля, Пішу табе свой франтавы адказ. Астрэйка. // Расказванне вучнем урока; выклад матэрыялу на пастаўленае пытанне. Грунтоўны адказ.

2. Пачуццё, рэакцыя; водгук (у 4 знач.). Адказ жывога арганізма на раздражненне. // Выкліканыя чым‑н. дзеянні, учынкі. Калектывізацыя была адказам на многія жыццёвыя пытанні і грамадскія праблемы. Адамовіч.

3. Вынік рашэння матэматычнай задачы, прыкладу. Адказ сышоўся.

4. Тое, што і адказнасць (у 1 знач.). За зло мы ўсе адказ нясём... Колас.

адка́з 2,

У выразе: да адказу — да нельга, да канца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адраджэ́нне, ‑я, н.

1. Абуджэнне да новага жыцця; аднаўленне пасля перыяду разбурэння, заняпаду і пад. Мікалай усёй сваёй істотай адчуваў вясенняе адраджэнне. Дамашэвіч. З другой паловы XIX стагоддзя амаль адначасова пачалося адраджэнне ўкраінскай і беларускай пісьменнасці ва ўмовах царскага самадзяржаўя і развіцця капіталістычных адносін. Юргелевіч. У кароткіх і простых словах расказаў Сцёпка сходу аб задачах эканамічнага адраджэння краіны. Колас. // Аднаўленне, адбудова чаго‑н. знішчанага, разбуранага. Пасляваеннае адраджэнне завода. □ А нам варта было б з зялёнага дрэва, як з лёгкай рукі, і пачынаць адраджэнне свайго калгаса. Кулакоўскі.

2. (з вялікай літары). Перыяд у культурным і ідэалагічным развіцці раду краін Еўропы, які наступіў пасля сярэдневяковага застою, з зараджэннем капіталістычных адносін, і адзначаны росквітам навук і мастацтваў; Рэнесанс. Простая беларуская сялянка нагадвала партрэты жанчын італьянскіх майстроў часоў Адраджэння. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)