Пра́сці, праду́ ’скручваючы лён, кудзелю, воўну, рабіць ніткі’ (ТСБМ, Шат., Касп.), прасьць ’тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), пря́стэ, прэ́ста ’прасці; віць вяроўку (ганц., Сл. ПЗБ). Рус. прясть, пряду́, укр. пря́сти, ст.-рус. прясти, польск. prząść, в.-луж. přasć, н.-луж. pśěsć, чэш. přísti, славац. priasť, серб.-харв. пре̏сти, славен. présti, балг. преда́ ’прасці’, макед. преде ’тс’. Прасл. *pręsti (< *pręd‑ti) (Фасмер, 3, 394). Роднасныя: літ. spréndžiu, spréndžiau, sprę́sti ’абцягваць, абмерваць’, лат. spriêžu, spriêst ’нацягваць, расцягваць’, літ. spríndis ’пядзя’, англ.-сакс. sprindel ’сіло, кручок’ (гл. Траўтман, 278; Мацэнаўэр, LF, 14, 184; Персан, 873; ESJSt, 12, 710). Інакш, менш верагодна Махэк₂ (494), які параўноўвае з ням. spinnen і зыходнай формай славянскага кораня лічыць *spend‑, дзе потым было s‑ заменена на ўзмацняльнае ‑r‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паласа́ ’тонкі, доўгі кавалак якога-н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.); доўгая, параўнальна вузкая частка якой-н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым-н.’ (ТСБМ, Нас.), полоса́ ’тс’ (ТС), пало́ска ’шнур зямлі’, пало́сна ’палосамі’ (Бяльк.), палаза́ ’паласа’ (Сл. ПЗБ), полоса ’назва меры мяса, сала’ (КЭС, слуц.). Агульнаслав. (рус., укр. полоса ’паласа’, польск. plosa ’палоска зямлі, поле’, серб.-харв. пла̏са ’кавалак лёду, пляма’ і г. д. Прасл. polsa. Роднасныя с.-н.-ням. falge, ’поле пад парам’, бав. falg, англ.-сакс. fealg, англ. fallow, с.-в.-ням. valgen ’пераворваць’, гальск.-лац. olca ’зямля, прыгодная пад раллю’ (гл. Фасмер, 3, 315). Іншыя версіі лічацца менш верагоднымі: роднасць з літ. pàlšas ’бляклы’ (Міклашыч, 256), або з полаз, паўзці (Праабражэнскі, 2, 96).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ме́дзены, ме́дзяны, ме́зены, ме́зіны, мі́зіны, мезённы, мезы́ны, ме́зяны, мязя́ны (палец) ’мезенец’ (Касп., ТС; мін., Шн. 2; Кліх, Нас., Растарг.; бялын., Янк. Мат.; лепел., бяроз., КЭС), віц. мезін перст ’тс’ (Шн. 2). Укр. мизи́нний, рус. смал. ме́зе́нный, паўн., пск. мизе́нный, мизи́нный (перст). Польск. miedziany, mieziny, miezinny, mieziany ’тс’. Да прасл. mězinъ, якое звычайна выводзяць з балт. моў: літ. mãžas ’малы’, лат. mazs ’тс’, ст.-прус. massais ’менш’ (Бернекер, 2, 55 і інш. гл. у: Фасмер, 2, 620). Параўн. чэш., славац. malík, серб.-харв. мали прст, макед. малиот прст, балг. малъкият пръет ’мезенец’ (< malý ’малы’). Аб мене з > дз гл. Карскі, 1, 358. Параўн. таксама мезенец. Гл. Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., 30–31.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
тым, суадноснае слова, састаўная частка складанага злучніка, часціца.
1. суадноснае слова. а) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі дапаўняльнымі, калі апорнае слова галоўнага сказа кіруе як даданым сказам, так і займеннікам. Думы, мары мае!.. Ганаруся я тым, што навек заўладалі вы сэрцам маім. Куляшоў. Расправу чыніць польскае начальства пад тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. Колас; б) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі супастаўляльнымі, якія падпарадкоўваюцца пры дапамозе злучніка «чым». І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Чым бліжэй чулася сустрэча з .. [вёскай], тым больш расла трывога. Мележ; в) Ужываецца перад членамі простага сказа, якія супастаўляюцца пры дапамозе злучніка «чым», каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы (звычайна перад вышэйшай стуценню прыслоўя або прыметніка). Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.
2. З’яўляецца састаўной часткай складаных падзельных злучнікаў «між тым, як», «перад тым, як», «тым больш (болей), што». Перад тым, як разысціся, закончыўшы паход, Нупрэй сабраў у лесе на прывале агульны сход. Колас. Мурашовай вельмі не хочацца адставаць ад Каці, тым больш, што лічыцца яна спрактыкаванай фармоўшчыцай. Скрыган.
3. часціца ўзмацняльная. Ужываецца з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені, каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы. [Галчанаў:] — Калісьці ў вашым садзе пад бэраю была лавачка, яна цэлая? [Кулёнак:] — Там цяпер новая. Тая струхлела. — Тым лепш, калі новая. Васілёнак.
•••
Між тым — у той час, тым часам.
Разам з тым гл. разам.
Тым больш гл. больш.
Тым не менш (меней) гл. менш.
Тым часам гл. час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́ншы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.
2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.
3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.
•••
Па меншай меры гл. мера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драпе́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які корміцца іншымі жывёлінамі (пра звяроў, птушак і пад.). Драпежны звер. Судак — драпежная рыба. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. // Які належыць, уласцівы такім жывёлінам. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася, на Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас.
2. перан. Поўны імкнення да нажывы; прагны, хцівы (пра чалавека). Драпежная натура. □ Постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэтны цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар — ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела. Колас. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, хцівасць. Драпежны выраз твару. Драпежны позірк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.
1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.
2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.
3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.
4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак., каго-што.
1. Раздзяліць, падзяліць паміж кім‑, чым‑н., прадаставіўшы кожнаму пэўную частку. Міша загадаў размеркаваць наяўныя запасы не менш як на тыдзень. Новікаў. // Вызначыць месцы для каго‑н., размясціць, расставіць дзе‑н.; паслаць куды‑н. Размеркаваць студэнтаў-выпускнікоў. □ Падрыхтавалі [партызаны] пазіцыю, размеркавалі на ёй байцоў, заняўшы два бакі дарогі. Колас. Раненых размяркуем па сёлах у сваіх людзей. Няхай. // Раздзяліць на групы, разрады, катэгорыі па якіх‑н. адметных рысах. Размеркаваць мінералы па групах.
2. Вызначыць паслядоўнасць чаго‑н., размясціць у якой‑н. паслядоўнасці. — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе. Колас.
3. Мяркуючы, падлічыць, вырашыць. У сваіх планах цётка даўно размеркавала, колькі кватарантаў можна змясціць у разгароджанай прыбудоўцы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.
2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.
3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусве́т, ‑у, М ‑свеце, м.
1. Увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы і бясконца разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка.
2. Зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй. [Восень] усім людзям сусвету ў дарунак плён зямлі прыносіць. Дубоўка. І «Аўрора», агнём скалануўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.
3. Тое, што і свет (у 3 знач.). Але наш паэт і натураліст не дабіраецца да другой, не менш важнай ісціны — да класавага падзелу большай часткі гэтага сусвету на паноў і нявольнікаў. Кудраўцаў. Ён [Ленін] скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)