Смарахну́цца (смырахну́цца) ‘спалохацца, спужацца’ (Бяльк.). Да прасл. кораня *merk‑/*mork‑ (гл. марока). Параўн. варыянт гэтага кораня з канчатковым ‑ch‑ у польск. mierzchnąć ‘тускнець, блякнуць; змяркацца’ і ўкр. ме́рхнути, ме́рхти ‘тс’. Брукнер (346) прыводзіць цікавае рус. маск. мараморохи, якое скарыстана ў А. Белага: “… под мараморохом зимы”, якое ён лічыць падваеннем ад морак і зменай на ‑ch‑ заканчэння кораня. Семантыку бел. слова магчыма было б тлумачыць як ‘дайсці да стану непрытомнасці (рус. обморока) ад страху’ — ‘спужацца, спалохацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сну́дзіць ‘нацягваць вяроўку або нітку з мэтай злавіць каго-небудзь’ (Нас.), ‘настройваць, наладжваць, арганізоўвацць’ (Гарэц., Др.-Падб.), снудзі́ць ‘ненадзейна прыстасоўваць для лоўлі’ (Юрч. Вытв.), снуда́ ‘пастка’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, звязана з славен. snúditi se ‘шмыгаць, снаваць’, якое Куркіна (Диал. структура, 116) лічыць этымалагічна тоесным літ. snauduliúti, snausti ‘драмаць, спаць; марудзіць, вагацца’, snaudà ‘дрымота, марудлівасць’, лат. snaũda ‘тс’, што ўзыходзяць да і.-е. *snou‑ з пашыральнікам d і зыходнай семантыкай ‘снаваць, матаць’. Прасл. *snuditi?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тады́шні ’які існаваў задоўга да цяперашняга часу; той’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’тагачасны’ (Касп.). Укр. тоди́шний, тоді́шній, рус. тогда́шний, дыял. тады́шний, тады́шный ’папярэдні, тагачасны; той’, серб.-харв. та̀дашњи̑, славен. tedašnji ’тагачасны’. Да тады (гл.) з інфіксам першапачаткова экспрэсіўнага характару. Параўн. стараж.-рус. тъгдашьнии, тогдашнии ’які быў у той час, тычыцца таго часу’, вядомыя з самых ранніх помнікаў (XI ст., Сразн.), што дазваляе лічыць названыя формы агульнымі для ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх дыялектаў інавацыямі познепраславянскага перыяду.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Істо́та ’жывы арганізм; чалавек або жывёліна’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Гарэц., Др.-Падб.), ’сутнасць, суць’ (Др.-Падб., Гарэц.), исто́та ’сапраўднае становішча чаго-н.’ (Нас.). Рус. дыял. исто́та ’існасць, сутнасць’ (Даль), укр. істо́та ’істота’, польск. istota ’сутнасць, істота’, чэш. jistota ’пэўнасць, дакладнасць’, славен. istota ’ідэнтычнасць’. Ст.-бел. истота ’сутнасць’ (1522 г.) з польск. istota (Булыка, Запазыч.). Слаўскі (1, 470) лічыць прасл. утварэннем з суф. ‑ota ад *jьstъ (гл. існы) з зыходным значэннем ’сапраўднасць, рэчаіснасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́зґаць ’мазаць, размазваць, маляваць’ (Мал.), вэ́дзґаць ’мазаць, брудзіць, пэцкаць, размазваць’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж.), вэ́дзгаць (Шат., БРС), вэ́дзгацца ’пэцкацца, абрабляцца’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. дыял. (пск., цвяр., калуж., смал.) ва́згать ’пэцкаць, брудзіць’, ва́згаться ’пэцкацца, брудзіцца’ (СРНГ). Група слоў не вельмі яснага паходжання. Лічыцца (гл. Шэфтэловіц, KZ, 54, 240 і далей) роднасным з рус. возгря́, ст.-слав. возгри, славен. vózger, чэш. vozher, славац. vozger, польск. wozgrza, в.-луж. wozhor ’сапля’ (але паходжанне гэтай групы слоў таксама не зусім яснае). Гл. Фасмер, 1, 267, 333; Брукнер, 631; Махэк₂, 697. Вакалізм беларускага слова адрозніваецца ад рускага (апошні можна лічыць зыходным). Відавочна, ‑э‑ замест старога ‑а‑ ўзнікла па мадэлі тыпу бэ́рсацьбарса́ць (гл.) з націскным э́ і ненаціскным ‑а‑. Але ў такім выпадку трэба для бел. формы лічыць *вазга́ць (з націскам на апошнім складзе). Форма вэ́дзгаць з ‑дз‑ замест ‑з‑, відаць, другасная (як аб гэтым сведчаць формы ў рус. мове). Не выключаецца і ўплыў слоў. з аналагічнай семантыкай і падобнай фанетычнай структурай (напр., слова пэ́цкаць, дзе група ‑цк‑ — гэта глухі варыянт групы ‑дзг‑). З бел. мовы запазычана польск. дыял. wedzgać ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казяло́к1 ’расліна Tragopogon pratensis’ (Дэмб., Касп.). Дакладная паралель ва ўкр. козелок ’некаторыя віды Tragopogon’. Рус. маск. козёлик і дыял. козелька ’розныя віды казлабародніку’. Здаецца, ёсць падставы лічыць гэту назву ўсх.-слав. Да бел. і ўкр. можна дадаць яшчэ рус. ніжнегар. козелок ’расліна Sonchus oleraceus’. Гэтыя расліны не вельмі падобныя, аднак падабенства можна ўбачыць у істотных дэталях іншай расліны (Sonchus arvensis), апрача таго, можна меркаваць і аб функцыянальным пераносе (ядомыя расліны). Ва ўсякім разе фармальна ўсх.-слав. характар слова рус. прыкладам не столькі даводзіцца, колькі падмацоўваецца, бо няма падстаў лічыць бел. фіксацыі залежнымі ад укр. матэрыялу. Мяркуем, што ў даным выпадку для назвы расліны быў ужыты заонім казялок ’казляня’.

Казяло́к2 ’жалезная падстаўка ў выглядзе трыножніка’ (карэліц., нясвіж., Нар. словатв.). Укр. козелець ’штатыў у вітушцы’, усх.-палес. козлік, козюлок ’вітушка’, рус. халмаг., арханг. козелок ’некалькі калоў, жэрдак, пастаўленых разам у шацёр’, арханг. козёл (козлы) ’бярвенні, пастаўленыя ў піраміду для прасушкі’, козла ’трыножнік з жэрдак, палак для вогнішча’ (перм.); бел. канкрэтная (мясцовая) рэалізацыя, магчыма, усх.-слав. тэрміна для розных невялікіх перакрыжаваных (козлы) канструкцый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́гус ’бігус, сечанае мяса’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.); пераносна ’ханжа, крывадушнік’ (Гарэц., Др.-Падб.). Укр. бігос ’смажаная капуста з салам’, рус. би́гус. З польск. bigos ’тс’ (а гэта з ням. Beguß; Латання, РФВ, 1, 262; Міклашыч, 13; Фасмер, 1, 164, або з ням. Beiguß; Шалудзька, Нім., 22). Гл. Кюнэ, Poln., 44; Шалудзька, Нім., там жа, і прыведзеную вышэй літ-py (няпэўна Брукнер, 27, які першакрыніцай лічыць ням. Bleiguß ’кавалачкі волава’). Параўн. ст.-бел. бигос ’рагу’ (XVII ст., Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́длуґ, во́длуг ’паводле, у параўнанні’ (Мал., Шат., Сцяц., Жд., Янк. Мат.), вэ́длуг (тураў., Выг. дыс.), вэ́длук (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. ведлугъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. według (< vъ‑dъlg‑, vъ‑dьig‑; аб польскім слове гл. Брукнер, 90). Бел. форму водлуг можна лічыць адаптацыяй (першая частка трансфармавалася паводле ўсх.-слав. во‑ < въ). Таму вельмі няпэўнымі здаюцца меркаванні Яшкіна, Бел.-польск. ізал., 154–155 (форма ‑длуг ясна ўказвае на польскую фанетыку: długi). Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вініць ’вінаваціць’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк.), укр. винити ’вініць’, рус. винить, арханг. винуть ’тс’, ст.-рус. винити ’быць прычынай чаго-небудзь, вінаваціць, абвінавачваць, асуджаць, караць’, польск. winić ’прызнаваць вінаватым, абвінавачваць’; ’караць, абкладваць штрафам’; ’плаціць за шкоду, кампенсаваць’, в.-луж. winić ’абвінавачваць’, чэш. viniti ’вініць, лічыць каго-небудзь вінаватым, прыпісваць каму-небудзь адмоўную рысу’, славац. viniť ’абвінавачваць’, макед. вини ’вініць каго-небудзь’, балг. виня ’вініць, абвінавачваць’. Прасл. viniti ўтворана ад назоўніка віна1 (гл.) і суф. ‑iti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)