аскаба́лак, ‑лка, м.

Разм. Кавалак дрэва, абломак чаго‑н., асколак металу. — А кыш-кыш-кыш!.. — шпурляю на курэй аскабалак. — Каршуна няма на вас. Баранавых. Грысь па сваёй гаспадарскай звычцы прынёс у хату некалькі сухіх аскабалкаў. Кулакоўскі. Танк зароў, паехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Гранітныя аскабалкі пырснулі ва ўсе бакі. Лужанін. Марыля схапіла, бутэльку і бразнула яе аб печ. Дробныя аскабалкі шкла зазвінелі па хаце. Корбан. Аскабалкам жалеза.. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брус, ‑а; мн. брусы, ‑оў; м.

1. Бервяно, апілаванае або ачасанае з чатырох бакоў. І заўсёды пасля.. работы [пільшчыкаў] вырасталі высокія штабелі шпал, цалёвак, светлых брусоў, бэлек. Паслядовіч.

2. Прадаўгаваты прадмет, кавалак чаго‑н. чатырохграннай формы. Брус мыла. □ У адной руцэ.. [чалавек] трымаў лусту хлеба, у другой брус сала. Чорны.

3. Тое, што і брусок (у 2 знач.).

4. толькі мн. Гімнастычная прылада з дзвюх круглых паралельных перакладзін, замацаваных на стойках. Практыкаванні на брусах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць парай, варам для ачысткі, размякчэння і пад. Распарыць зерне. □ [Валодзя] выразаў кавалак дубовай кары і распарыў яго. Федасеенка. З грабу высек палазы Ды загнуў, як рожкі, Ды распарыў ён вязы, Выгабляваў дошкі. Бялевіч.

2. Моцна прагрэць, мыючы ў лазні з парай. Распарыць цела. // Разм. Разагрэць да поту; разгарачыць. Чарка гэта была не першая.. Капейка, відаць, і сам палічыў, што ўжо даволі распарыў мужыка. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.

2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сурвэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікі (звычайна квадратны) кавалак тканіны або паперы, якім карыстаюцца для засцеражэння вопраткі ў час яды, у цырульнях і пад. Начальнік сядзіць за сталом.., падаткнуўшы пад бараду белую сурвэтку. Сачанка. Цырульнік змахвае сурвэткай рэшткі пены і шыпіць пульверызатарам. Каршукоў.

2. Абрус (звычайна невялікіх памераў), якім накрываюць стол. Палавічкі на падлозе, засланы бялюткай сурвэткай стол — усё тут было сціпла і разам з тым акуратна. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаце́цца, хочацца; безас. незак., чаго, з інф. і са злучн. «каб».

Адчуваць патрэбу ў чым‑н., вельмі жадаць чаго‑н. Мне хацелася смяяцца І спяваць, і бегчы ўдалеч... Панчанка. Бацька дастаў торбачку з хлебам і салам. Адкроіў мне добрую лусту хлеба. Адрэзаў ладны кавалак сала. Усё гэта я ўмалоў, і яшчэ мне хацелася. Сабаленка.

•••

І хочацца і колецца — пра адначасовае адчуванне жадання і нерашучасці зрабіць што‑н.

На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аскялё́пак (Касп., Янк. II), аскалёпак (Янк. Мат., Бір.), осколёпокъ (Нас.), асыкалёпык (Бяльк.), ашкалёпак (Касп., КТС), аскалёбак (Янк. Мат.) кавалак дрэва, адсечаны абыякава ці выпадкова, трэска, асколак посуду’; аскалёпак дурны чалавек’ (КЭС, шкл., бярэз.). Рус. осколупок ’асколак’, укр. оскалоккавалак дрэва’, славен. oskalek стрэмка, трэска’. Слова, безумоўна, звязана з і.-е. *(s)kel‑/*(s)kol‑ ’рэзаць, ударыць’, які сустракаецца і з дэтэрмінатывам ‑р‑ ці ‑b‑ (Покарны, 923–926), аднак яго этымалогія ў беларускай мове выклікае значныя цяжкасці ў сувязі з тым, што рускі адпаведнік (магчыма, народнаэтымалагічна) звязаны хутчэй з колупать, а ўкраінскія і славенскія не маюць ‑р‑. Польск. osklepek частка кветкі; ракавіна’, калі і роднаснае слова, то не непасрэдна (у сувязі з семантыкай, дарэчы, прадстаўленай і ў іншых індаеўрапейскіх мовах). Гэта робіць аскялёпак адзіным славянскім прадстаўніком індаеўрапейскай асновы *(s)kelp‑, *(s)kolp‑ ці *(s)kolbh‑. Пра чалавека — пераносна (параўн. аскабалак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́лік, та́лька ’гестка, какетка’ (Лекс. Бел. Палесся), то́лька ’жаночая вопратка кароткага памеру з самаробнага сукна’ (Ян.). Параўн. польск. дыял. talik ’невялікі кавалак поля, адрэзаны папярок вузкага загону’, tal ’тс’ (Варш. сл.), што, магчыма, ад ням. Theil ’частка’, параўн. Брукнер, 564. Аднак, верагодней за ўсё, звязана з талія1 (гл.) з семантыкай ’адрэзаная частка’, параўн. іншую назву перарэ́з ’гестка’ (Лекс. Бел. Палесся).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пусто́ўшчына экспр. ’негаспадарлівы чалавек’ (ПСл). Архаізм, параўн. ст.-бел. пустовщина/пустовщына ’неапрацаваны кавалак зямлі’, земля пустовская ’пустэча, пустка’ (Статут 1588), пус‑ товщина ’незаселены, неапрацаваны ўчастак зямлі’ (Ст.-бел. лексікон), пустовщизна ’тс’ (< польск., Булыка, Лекс. запазыч., 78), пустоўская (пустовскія) тлумачыцца як “выморочные имущества”, укр. пустовщина ’апусцелая сяліба, пусташ’, параўн. рус. пустовди ’пусты, вольны, нікім і нічым не заняты’. Да пуставаць, пусты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маха́йло ’трэці ход гульні ў скокі, які заключаецца ў пераскокванні з квадрата ў квадрат, махаючы перад сабой нагою’ (ТС). Да маха́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 94. Суфікс ‑йло, магчыма, з’яўляецца сярэднім звяном у пераходзе прасл. ‑dlo/‑lo (?). Аналагічныя палескія ўтварэнні: трымпа́йлокавалак палена, дручка на шыі ў авечкі, які перашкаджае ёй далёка адбягаць ад стада’, прозвішча Кічкайла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)