цэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, ад якога нічога не аддзелена; не падзелены, не раздробнены. Узяць цэлым кавалкам. □ Зарачанскай бабе за тое, што паказала брод праз раку, далі ў аддзяку цэлы сувой ангельскага сукна. Каваленка. Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму. — Ну, увесь дзень не буду нічога есці, — гаварыў Уладзік. — Тады цэлы пірог з’ем... С. Александровіч. // Напоўнены да краёў, запоўнены поўнасцю; поўны. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў [Міколка з бацькам] дасталі. Лынькоў. Летась на ёй ужо больш яблык было, цэлы кошык. Кулакоўскі. // Увесь ад пачатку да канца (пра адрэзак часу). Кожныя шэсць дзён [Зося] чакала сёмага, нядзелі, а тады з самага рання старалася пайсці на цэлы дзень дадому. Чорны. Пра гэта мне сказалі не толькі Арцюк, Павел Адамавіч, камбрыг, але і маёр, які прылятаў з Вялікай зямлі і цэлы тыдзень вучыў нас, партызанскіх разведчыкаў і сувязных. Шамякін. Цэлы дзень у гушчары Чутны крыкі дзетвары. Гілевіч. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. Стары Нічыпар, бывае, цэлы вечар .. прасядзіць над рэчкаю. Баранавых. // На ўсёй адлегласці; на ўсю адлегласць (пра месца, прастору). [Зелянюк:] — Мы зробім так, што гэта будзе ўзорны калгас на цэлы раён. Зарэцкі. На цэлыя вёрсты і мілі Разносіла пах сенажаць. Колас. Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Навуменка.

2. Ужываецца пры абазначэнні вялікай колькасці чаго‑н., вялікіх памераў, аб’ёму чаго‑н. Накапаць цэлую гару зямлі. □ У раёне дзеду пашанцавала: ён прывёз аж цэлых дзесяць новых вулляў. Якімовіч. — Людзі ёсць. Цэлы полк, — прыцішана і неяк сухавата адказаў Пішчыкаў. Алешка. Да сянец дабудавалі яшчэ цэлую хату. Гаўрылкін. // Які па значнасці, складанасці нагадвае сабой што‑н.; сапраўдны. Цэлая гісторыя. □ Пра падпольшчыка, якога называлі Жан, хадзілі па горадзе і яго ваколіцах цэлыя легенды. «Звязда».

3. Не пашкоджаны, не сапсаваны, не разбураны. Мы агледзелі аленя. Гэта быў малады самец. Частка яго тулава, галоўным чынам пярэдняя, была з’едзена рыссю, але ўся задняя палова і ногі былі зусім цэлыя. В. Вольскі. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэлымі шыбамі. Маўр. // Не зношаны, не парваны (пра адзенне, абутак). Куплю яшчэ кажух белы Дый армяк суконны цэлы. Цётка. // Які не прапаў, збярогся. — Усё [начынне] цэлае. Ніхто не лазіў, — заключыў Воўка. Няхай.

4. Не паранены, здаровы. Цяпер-то ён [Грэчка] хоць ведае, што будзе цэлы... Аднаму, як ні кажы, лягчэй уратавацца, на сябе можна паспадзявацца. Мележ. Андрэй падумаў быў, што трэба вярнуцца дамоў, пакуль цэлы. Збягуцца ваўкі з усяго лесу — у лазню не схаваешся. Пташнікаў. [Вісарыён:] — Ты не стагні, ты цэлы, толькі гузоў пэўна багата набраў! Самуйлёнак. І козы цэлыя і воўк сыты. Прымаўка.

5. Якому ўласціва адзінства, цэльнасць. Горад шумеў, як дзень, так ноч, тысячамі галасоў.. Усё гэта збівалася ў нешта адно цэлае, і ўся гэтая стракатасць грамады біла ў вочы... Колас. // у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Сукупнасць чаго‑н., што ўспрымаецца як нешта адзінае. Насельніцтва гарадоў не з’яўлялася аднародным цэлым. Алексютовіч. Пры ўсёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасці цыкл [Я. Купалы «На заходнебеларускія матывы»] ўспрымаецца як адзінае мастацкае цэлае. Гіст. бел. сав. літ.

6. Які не мае дробу (пра лік, велічыню). Цэлыя лікі.

7. у знач. наз. цэ́лае, ‑ага, н. Не сшытае, без швоў месца ў адзежы. Разарваць па цэламу. □ Гаворыць па беламу, а ломіць па цэламу. З нар. // Не падраны. Хто цэлага не бачыў, той і латанаму рад. Прыказка.

•••

Век цэлы гл. век.

У цэлым — а) ва ўсёй сукупнасці, цалкам. Рэдактар адказвае за ўвесь нумар газеты ў цэлым; б) увогуле, без падрабязнасцей. У цэлым гэта бясспрэчна так. Ліс.

Цэлая гадзіна гл. гадзіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. толькі мн. Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.). У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, — далі там былі дымна-сінімі, і вузкімі стужкамі блыталіся дарогі. Чорны.

2. Чапляцца за што‑н., заблытвацца. Ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку і непрыемна нылі пад каленьмі. Брыль. [Провад] блытаўся ў парастках маладых раслін. Новікаў. З шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе. Адамчык.

3. Збівацца; рабіць, гаварыць няправільна, няясна, недакладна. Брыгадзіры дакладвалі па чарзе і, непадрыхтаваныя, блыталіся, увачавідкі выдумваючы лічбы і стараючыся давесці, што нічога страшнага няма. Хадкевіч. [Стэфа:] — Другое пытанне было па тэхніцы бяспекі. Я не блыталася, адказвала хутка і дакладна. Савіцкі. Васька блытаўся, чырванеў і ніяк не мог выказаць таго, што хацеў. Пянкрат.

4. Траціць яснасць, дакладнасць, рабіцца бязладным (пра думкі, словы і пад.). З явай блытаўся сон. Куляшоў. Усё пачало блытацца ў.. свядомасці [Барыса]. Мікуліч. Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве. Чарнышэвіч.

5. Разм. Пераходзіць з месца на месца, сланяцца; блукаць. Каго мог цікавіць мурзаты падлетак, які блытаўся з вёскі ў вёску, свецячы парванымі каленямі. Дуброўскі. Мікіта доўга блытаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення Лукаша Гулака. Колас. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Чорны.

6. Разм. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне. Блытацца з падазронай кампаніяй.

7. Разм. Невыразна, блытана вымаўляць, гаварыць (пра язык). Хутка язык пачынаў блытацца, і поп плёў абы-што. Галавач.

8. Зал. да блытаць.

•••

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму‑н.

Ногі блытаюцца гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што‑н. прымацаванае). Адарваць лісток календара. □ Сцёпка борзда развязаў торбу.., адламаў кусок хлеба, адарваў надрэзаны кавалачак сала і са смакам стаў сілкавацца. Колас. // звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі. Карпюк.

2. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць. Асокін, крыху схіліўшыся, абняў Карніцкага і адарваў ад падлогі. Паслядовіч. [Леанід] пацалаваў халодныя вусны дзяўчыны. Аля хутка адарвала свае губы і схавала твар на яго грудзях. Мележ. Пры апошніх словах хірург нейкім упартым рыўком адарваў сваю цяжкую галаву ад зямлі і флегматычным позіркам акінуў.. субяседнікаў. Васілевіч.

3. перан. Разлучыць. Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш. Кавалёў. // Аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н. Добры канец у яго [Свідраля] разуменні азначаў, што ён зноў вернецца да ранейшага жыцця, ад якога яго адарвалі. Дуброўскі.

4. перан. Перашкодзіць займацца чым‑н., адцягнуць (ад думак і пад.). Адарваць ад работы. □ — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе, — адказвае Мікола Пышко. — Хіба ж цяпер мяне адарвеш, ад таго, што тут [на «Нафтабудзе»] зроблена і робіцца кожны дзень? Грахоўскі. Раптам знаёмы голас над самым вухам адарваў яго [Петрака] ад чытання. Чорны. Гаспадыня намагалася больш і цікавей гаварыць, каб адарваць ад нейкіх зацяжных і, бадай, невясёлых думак сваіх кватарантаў. Кулакоўскі.

•••

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго‑, чаго‑н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

Гнілому цяляці хваста не адарве — пра слабага, ціхмянага чалавека.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што‑н. у каго‑н. з вялікай ахвотай.

На хаду падноскі адарваць — пра спрыт каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. аднёс, ‑несла; заг. аднясі; зак., каго-што.

1. Аддаць, вярнуць пазычанае ці узятае на часовае карыстанне. Аднесці кнігу ў бібліятэку.

2. Тое, што і занесці (у 1 знач.). Жанчыны ўзялі на рукі і аднеслі ў хату Міронаву жонку. Галавач. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, рашылі аднесці іх.. да маці. Лынькоў. // Адвесці ад чаго‑н. руку ці тое, што знаходзіцца ў руцэ. — Гэта? — Юрка аднёс малюнак на выцягнутую руку. — Гэта нашы Руднічы, Коля. Курто. Зблізку зусім не відаць. Толькі калі выцягнуць па ўсю руку ды аднесці кнігу ад вачэй, тады можна што разабраць. Крапіва.

3. Падхапіўшы сваёй плынню, перамясціць што‑н. (пра вецер, ваду, натоўп і пад.). У ніве Тоня бачыла сігнальныя партызанскія агні і баялася, што вецер можа далёка аднесці яе ад пасадачнай пляцоўкі. Шчарбатаў. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку Не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. / у безас. перан. ужыв. Прайшло нямала дзён За працай, Нямала сноў аднесла ў дым. Маракоў.

4. Аддаліць што‑н. ад чаго‑н.; перасунуць, перамясціць. Аднесці будынкі ад берага ракі. Аднесці плот ад дарогі.

5. перан. На аснове падабенства ўключыць прадмет ці з’яву ў склад якіх‑н. прадметаў ці з’яў; залічыць у пэўную групу; класіфікаваць. Лабановіч прыглядаецца да.. [Вольгі Віктараўны], мяркуе, да якой катэгорыі жанчын аднесці. Яна нагадвае яму тургенеўскую нігілістку. Колас. // Дастасаваць да пэўнага часу, звязаць з пэўным перыядам. // Перадаць у чыё‑н. распараджэнне, залічыць на чый‑н. рахунак. Аднесці да ведання саюзных рэспублік заканадаўства аб будове судоў саюзных рэспублік.

6. Перанесці на далей; адкласці. Аднесці экзамены на восень.

•••

Аднесці на чый рахунак — палічыць вінаватым каго‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць што‑н., займацца чым‑н. — Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць. — І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску. Грахоўскі. Ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Шамякін. // Праяўляць сваю дзейнасць (у 2 знач.). Ад сваіх людзей Заслонаў ужо ведаў, што ў дэпо дзейнічае падпольная камсамольская група, і здагадваўся, хто яе ўзначальвае. Шчарбатаў. // Праводзіць ваенныя дзеянні, аперацыі. Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Мележ. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Выступаць у якасці дзеючай асобы літаратурнага твора. З цягам часу маленькае апавяданне, у межах якога ўкладваецца які-небудзь адзін толькі тыповы эпізод і дзейнічае самая мінімальная колькасць герояў, не магло больш задаволіць аўтара. Майхровіч.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым‑н. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Лынькоў. [Марына] прыгожа дзейнічала ракеткай на тэніснай пляцоўцы. Васілевіч.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне; выклікаць якую‑н. рэакцыю ў адказ. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Бярозу стары не зразаў: ці то на яго дзейнічалі Максімавы ўгаворы, ці то проста адкладваў да іншага.. моманту. Даніленка.

4. Быць спраўным, працаваць, функцыяніраваць (пра механізмы, апараты, часткі цела і пад.). Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае. Маўр. Жыла Анюта ўдваіх з мужам брыгадным конюхам, інвалідам ад прыроды — у яго не дзейнічала правая рука. Хадкевіч.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам. Эканамічны закон размеркавання па працы дзейнічае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. «Звязда». Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збор, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. збіраць — сабраць.

2. Тое, што сабрана; агульная колькасць чаго‑н. сабранага. Валавы збор збожжа. □ [Яраш] хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. Шамякін. // Агульная колькасць людзей, якія сабраліся куды‑н. Зараз на рынку не было і пятай долі звычайнага збору. Якімовіч. // Збіраемыя або сабраныя на што‑н., за што‑н. грошы або іншыя адлічэнні. Страхавы збор. Памольны збор. / Аб даходзе ад тэатральнага прадстаўлення. Чысты збор.

3. Сукупнасць сабраных і выданых разам якіх‑н. тэкстаў. Збор законаў. Збор твораў пісьменніка.

4. Дзеянне паводле дзеясл. збірацца — сабрацца (у 1 знач.). Збор на дэманстрацыю. Месца збору. // Сігнал да такога дзеяння. Зайграць збор.

5. Сход членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву. Піянерскі збор. □ [Саша] першы раз ідзе на збор падпольнай групы. Шамякін.

6. звычайна мн. (збо́ры, ‑аў). Кароткачасовае знаходжанне ваеннаабавязаных на вайсковай службе для абучэння. І калі на зборы Клічуць ваенкомы, Мы заўсёды рады Выкліку такому. Нядзведскі. Летам у Віктара былі вайсковыя зборы. Дакладней, перападрыхтоўка. Паўлаў. // Кароткачасовае знаходжанне дзе‑н. з мэтай трэніроўкі. Трэніровачныя зборы.

7. толькі мн. (збо́ры, ‑аў). Падрыхтоўка да якога‑н. дзеяння (ад’езду, адпраўлення куды‑н.). Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком, калі да хаты падышла машына і пачаліся зборы да выезду. Чарнышэвіч. — Правільна, — згадзіўся Сцяпан. — Пяць мінут на зборы. Гамолка.

•••

Гарцавы збор (уст.) — плата за памол і апрацоўку зерня на крупы.

Гербавы збор — асобы дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў па грамадзянска-прававых справах (рэалізуецца шляхам продажу марак пэўнай цаны (у СССР з 1930 г. заменен дзяржаўнай пошлінай).

У зборы — аб поўнай яўцы, прысутнасці каго‑н. дзе‑н. Было без чвэрткі восем, а людзі амаль усе былі ў зборы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нішто́ 1, нічо́га, нічо́му, нішто́, нічы́м, ні аб чым, займ. адмоўны.

1. Ні адзін, ніякі прадмет, ніякая справа, з’ява і г. д. Штодня глядзеў я, безнадзейны, На ўсход і захад залаты, Сачыў за небам пільна, дбала, За кожнай хмаркаю на ім, Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Не відаць было ні вёскі, якую Сомік хацеў абмінуць, і нічога іншага, на чым магло б спыніцца вока. Крапіва. [Астаповіч] стаяў і не варушыўся. Час для яго цяпер не мераўся нічым. Чорны.

2. у знач. наз. нішто́, нескл., м. Пра каго‑, што‑н., хто (што) нічога сабой не ўяўляе, не мае ніякай цаны. [Лясніцкі:] — Вялікая сіла — мара. Чалавек без яе быў бы нішто. Шамякін.

•••

Без нічога ніякага — без дай прычыны; раптоўна.

За нішто — а) прадаць, купіць за вельмі нізкую цану, вельмі танна; б) без прычыны, без падставы, ні за што.

Звесці на нішто гл. звесці.

Звесціся на нішто гл. звесціся.

Нічога не варты гл. варты.

Нічога не выйдзе гл. выйсці.

Нічога не значыць гл. значыць.

Нічога не зробіш (не папішаш) гл. зрабіць.

Нічога не скажаш гл. сказаць.

Нічога падобнага — выраз рашучага адмаўлення, нязгоды.

нішто́ 2,

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Нядрэнна, ніштавата, даволі добра. Кормяць нішто. □ Гэты [чалавек] нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпярэзан шырокім поясам. Колас. [Сярго:] А дома як, жывуць нішто? [Мелех:] Нішто... Глебка.

2. безас. у знач. вык. Хоць бы што; не шкодзіць. [Падлетак-дзяўчынка] ужо ў пару з маткай сядзіць за верацяном праз цэлыя зімовыя вечары — і нішто. Зарэцкі.

3. у знач. вык. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Неблагі, нядрэнны, даволі добры. Ураджай нішто. □ Кабылка была нішто сабе, толькі худаватая. Чарнышэвіч. [Аграном:] — Нішто дзяўчына. Гаспадарлівая, відаць. Пальчэўскі. [Андрэй Барысавіч:] — Дык, кажаш, здароўе, матчына нішто сабе? Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)