Прахво́ст ’нягоднік, падлюга’ (ТСБМ, Нас.), прохво́ст ’тс’ (ТС). Рус. прохво́ст ’тс’, стараж.-рус. профо́с(с) ’наглядчык за салдатамі, узятымі пад варту; прыстаў’ (з XVII ст.). З нова-в.-ням. Profoss ’асоба на вайсковых караблях, якая сочыць за выкананнем статуту на караблі і карае яго парушальнікаў’, што другасна было набліжана да хвост (гл.). Па іншай версіі, магчыма, з с.-нідэр., нідэр. provoost < ст.-франц. prévost (франц. prévôt) ’суддзя, начальнік жандармерыі’, што з лац. praepositus < praeponere ’класці наперад’ (Фасмер, 3, 385). Беларускае слова, калі меркаваць па яго распаўсюджанню, запазычана з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ба ’ўзор’, ’невялікая частка чаго-небудзь, узятая для праверкі; вызначэнне якасці’, ’выпрабаванне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), проб ’тс’ (Ян.), сюды ж про́боваць ’каштаваць’ (ТС). Запазычанне з польск. próba ’праверка, выпрабаванне’ (Карскі, Белорусы, 156; Брукнер, 437; Кюнэ, Poln., 89), таксама як і рус., укр. про́ба (Фасмер, 3, 370). Крыніца слова ў с.-лац. proba ’проба’ ад probāre ’правяраць, выпрабоўваць’, якое трапіла ў польскую мову праз ням. Probe (гл. Брукнер, там жа; Банькоўскі, 2, 797). Адносна формы м. р. проб параўн. рус. пороховой проб (1705 г.). Ст.-бел. проба ’катаванне, мука’ з польскай (Булыка, Запазыч., 264).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыло́ж (прыло́ш) ’абложная зямля’ (іван., ДАБМ). Фанематычны карэлят з рэгулярным чаргаваннем зычнага асновы (магчыма, пад уплывам абло́жны) да незафіксаванага *прыло́г, якое працягвае прасл. *prilogъ < *priložiti < *ložiti, гл. таксама лажы́ць. Рус. дыял. прило́га ’прырэзаны зямельны ўчастак’, стараж.-рус. прило́гъ ’дадатак’ (Сразн., XI ст.), польск. przylóg, przyłóg, przełóg ’цаліна’, славен. prilog, priloga, серб.-харв. прилог, балг. прилог ’дадатак, дабаўка’, ст.-слав. прилогъ ’прыбаўка, прыбаўленне, дадатак’. Гл. таксама Скок, 2, 282; БЕР, 5, 719. Звяртае на сябе ўвагу семантычнае супадзенне з рум. pêrlóg ’аблог’, запазычанае ў сваю чаргу з балг. прелог ’тс’ (БЕР, 6, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыме́ркнуць, прыме́ркнуцца ’пра надыход няпоўнага, першага змроку’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), таксама незак. тр. прымярка́ць ’цямнець’ (Нас.), прымірка́ць ’вечарэць, змяркацца, цямнець’ (Бяльк.), зах.-бранск. прымерька́ть ’тс’ (Раст.), сюды ж дзеепрым. прыме́рклы ’змрочны’ (Нас.), а таксама вытворныя назоўнікі прымярка́нне ’надыход няпоўнага, першага змроку; вячэрняя пара’ (Нас., Гарэц.), мн. л. пры́меркі, пры́мрак ’змрок’ (Нас., Байк. і Некр.). Ст.-бел. примрак ’цемра’. Прэфіксальнае ўтварэнне ад ме́ркнуць (гл.). Укр. примерка́ти, примерка́тися ’цямнець, змяркацца’, при́мерки, примерка́ння ’прыцемкі’, стараж.-рус. примракъ ’змрок, цемра’, рус. дыял. приме́ркнуть ’цямнець, пераставаць свяціць’, примерка́ние ’пачатак першай квадры, калі месяца не бачна’, при́мерки ’прыцемкі, змярканне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыча́сце, прыча́сць ’абрад прычашчэння; віно з кавалачкамі просвіры, якое ўжываецца для прычашчэння’ (ТСБМ, Мік., Нас., Ласт., Др.-Падб.), параўн. таксама ў прыча́стку ’ўпрыкуску’ (ТС), ст.-бел. причастие, причастье (XVI ст.), рус. прича́стие, укр. прича́стя, балг. причастие, серб.-харв. при́чест ’прычасце’, макед. причест, ст.-слав. причѧстиѥ. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 74), з рус. причастие, аднак можа быць працягам ў старабеларускай мове царкоўнаславянскага слова, дзе, на думку аўтараў БЕР (5, 744), з’яўляецца аддзеяслоўным дэрыватам ад причастити, якое калькуе с.-грэч. κοτνώνω = лац. communicare ’аб’ядноўваць’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 583 (украінскае слова лічыцца непасрэдным запазычаннем са стараславянскай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыўкра́сны ’прыгожы’ (Караткевіч), прывукра́сны ’тс’ (рагач., Мат. Гом.). Рус. смал. привукра́сить ’упрыгожыць’, пск. преукрасе́я ’прыгажуня’. Лічыцца вытворным ад дзеяслова, запазычанага з рус. приукра́сить ’упрыгожыць’ (Пацюпа, Гармонія, 25). Інакш Карскі (2–3, 51), які ў адносінах да дыял. прыўкрасны (привкрасный) (себеж., Мат.) дапускае трансфармацыю ст.-бел. пре‑ ў при‑ (гл. пры‑) па фанетычных прычынах ці па аналогіі, параўн. ст.-слав. прѣоукрасити ’ўпрыгожыць’ прыоукрасити: оукрасивъ сѧ ’ўпрыгожыўся’, гл. таксама ўкрасіў: хлапец няўвошта ўкрасіў (“Энеіда навыварат”). Магчыма, таксама кантамінацыя прыго́жы і *украсны (дзеепрыметнік ад украсіць, гл.), падрабязна гл. Цыхун, Супр. чыт., III, 130–131.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́гавіца ’гузік’ (Бяльк.). Магчыма, захаваны на ўсходзе Беларусі архаізм, што ўзыходзіць да прасл. *pǫgy ’круглы прадмет, гузік’, параўн. укр. пу́говиця, рус. пу́говица, польск. pągwica ’круглы гузік (срэбны, касцяны ці са скуры); пампон; адростак на шыі казы; гузак’, што звязваюць з лат. puõga, puogs ’гузік’ (на думку некаторых, запазычаным са ст.-рус. пугы, пугъвь — гл. Каруліс, 2, 73), ст.-інд. puñjas ’камяк, маса, кучка’ і інш. (Фасмер, 3, 400). Мяркуюць, што прыметнік *pǫgъ ’круглы’ захаваўся ва ўкр. пу́головок ’апалонік’ (ад *пуго‑головий, літаральна ’круглагаловы’, гл. ЕСУМ, 4, 626; Банькоўскі, 2, 521). Параўн. пуга3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́хацца ’збірацца, рыхтавацца, поркацца, капацца, шавяліцца’ (ТС), ря́хацца ’паціху, марудна збірацца’ (Растарг.). Параўн. укр. ра́ха́тися, ря́хатися ’збірацца, рухацца’, рус. дыял. ря́хнуться ’крануцца, сыйсці з месца’. Паводле Мяркулавай (Этимология–1986–1987, 148), да прасл. *raxati, *rexnǫti, дзе x < sk (> *resk‑ з першасным значэннем ’драць’ — ’плясці’), у аснове семантыкі — рэзкі рывок, штуршок як пачатак руху. Параўн. таксама Фасмер, 3, 449 (рус. раха́ть, рахну́ть ’кідаць; гнаць’, мяркуецца, узыходзяць да гукапераймання); SEK, 4, 189, 193 (фармальна блізкія каш. rakować są ’выпраўляцца, збірацца ў дарогу’, rëknǫ́c ’крануцца, скіравацца’ выводзяцца з ням. regen ’кранаць, рухаць’, rücken ’крануцца, пасунуць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рухо ст.-бел. ’вопратка’ (Ст.-бел. лексікон). Стараж.-рус. рухо ’скарб, манаткі’, рус. ру́хо ’адзенне’, польск. rucho ’тс’, кашуб. rëxë ’старое адзенне’, чэш. roucho ’святочнае адзенне, строй’, славац. rúcho ’тс’, серб.-харв. ру̏хо ’вопратка’, славен. rúho ’палатно, прасціна’, балг. ру́хо ’адзенне, вопратка’, макед. руво ’тс’. Прасл. *ruxo ’рухомая маёмасць, у прыватнасці, адзенне’, утворана ад *rušiti (гл. рушыцца, рухаць), звязана таксама з *rъvati (гл. рваць), гл. Брукнер, 467; Фасмер, 3, 524; Скок, 3, 167; Шустар-Шэўц, 2, 1254; SEK, 4, 190. Сюды ж рухамоцце, рухмаццё ’рухомая маёмасць, манаткі’, рухматло́ ’тс’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Санда́лі ’лёгкія летнія туфлі без абцасаў, якія зашпільваюцца раменьчыкамі’ (ТСБМ), санда́лы, сандалэ́, санда́лі (Сл. ПЗБ), санда́л (Сл. Брэс.) ’тс’. Ст.-бел. сандаль ’сандаля’, ст.-слав., рус.-ц.-слав. сан(ъ)далии, рус. санда́лии, прастамоўнае санда́ли. Першакрыніца слоў — грэч. σανδάλιον ’драўляны чаравік’, якое прыйшло з Усходу (Фасмер, 3, 556; Булыка, Лекс. запазыч., 113). У суч. бел. м. формы з мяккім ‑л‑, магчыма, запазычаны праз рускае пасрэдніцтва, з цвёрдым — праз польскае, параўн. sandały ’сандалі’, sandał адз. л., якія, як мяркуе Фасмер (там жа), запазычаны з захаду; параўн. італ. sandala ад лац. sandalium.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)