Пу́гавіца ’гузік’ (Бяльк.). Магчыма, захаваны на ўсходзе Беларусі архаізм, што ўзыходзіць да прасл. *pǫgy ’круглы прадмет, гузік’, параўн. укр. пу́говиця, рус. пу́говица, польск. pągwica ’круглы гузік (срэбны, касцяны ці са скуры); пампон; адростак на шыі казы; гузак’, што звязваюць з лат. puõga, puogs ’гузік’ (на думку некаторых, запазычаным са ст.-рус. пугы, пугъвь — гл. Каруліс, 2, 73), ст.-інд. puñjas ’камяк, маса, кучка’ і інш. (Фасмер, 3, 400). Мяркуюць, што прыметнік *pǫgъ ’круглы’ захаваўся ва ўкр. пу́головок ’апалонік’ (ад *пуго‑головий, літаральна ’круглагаловы’, гл. ЕСУМ, 4, 626; Банькоўскі, 2, 521). Параўн. пуга 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)