Не́ґалда, нёі*елда ’няўдалы; неахайны чалавек’ (Сл. ПЗБ), нёгалда ’несамастойны, непрыстасаваны (пра дзяцей)’ (докш., ^Ііхайлаў, вусн. паведамл.), нёгалда ’тоўстая, нязграбная, непаваротлівая жанчына або дзяўчына’ (Растарг.). Відаць, звязана з голда ’высокая, худая, даўгатварая дзяўчына’ (там жа), прыводзіцца як сінонім да нёгалда, не- ў гэтым выпадку Узмацняе «адмоўнае» значэнне экспрэсіўнага слова, апошнім, відаць, тлумачыцца і I (узрыўное), аднак яно можа сведчыць пра запазычанасць зыходнага слова, параўн. галдавиць ’прыслужваць, дагаджаць, даваць паблажку’, галдоунік ’патуральнік’ (Нас.), крыніца якіх знаходзіцца, магчыма, у мове ідыш, што відаць з ілюстрацый, якія прыводзяцца ў слоўніку Насовіча. Пра сувязь з галди ’галас, шум’ (гл.) па семантычных меркаваннях гаварыць цяжка, што не выключае магчымую фармальную блізкасць названых слоў (параўн. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1 (Г), 14). Спроба вывесці этымалагізуемае слова з літ. negvald‑us ’які лёгка вылушчваецца’ (Грынавяцкене і інш., LKK, 16, 1975, 184) непераканальная перш за ўсё з семантычнага і лінгвагеаграфічнага бакоў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 146, дзе названае слова аднесена да тых, балтыйскае паходжанне якіх недастаткова аргументаванае); больш верагодна ўтварэнне ад літ. negalėti ’недамагаць, хварэць, быць нездаровым; не быць у стане’, што адпавядала б семантычна іншым экспрэсіўным утварэнням такога тыпу негадана (гл.), нягоднік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́дзвіг1 ’гераічны ўчынак; важнае дзеянне’ (ТСБМ). Бел. слова запазыч. з ц.-слав.; параўн.: май месец пройшоў у холодном подвігу (ТС), што можна растлумачыць як “у змаганні з холадам”. Значэнне “барацьба, змаганне” ў гэтым кантэксце блізкае да значэння ст.-слав. подвигъ. Можна дапусціць, што ў тураўскай гаворцы яно захавалася з часоў непасрэднага ўплыву кірыла-мефодзіеўскай традыцыі (Цыхун, Зб. Талстому, 423). Укр. по́двиг ’подзвіг’, рус. по́двиг, славен. podvíg, серб.-харв. по̏двйг, балг. подвиг ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 527), у гэтым значэнні — русізм. Гл. наступнае слова.

По́дзвіг2 ’зрух у рабоце’ (мядз., Нар. словатв.), по́двіх ’лямеш у плузе’ (ДАБМ, камент., 827). Рус. по́двиг ’рух; ход, развіццё (справы, падзеяў)’, подвиг ’рух’. Прасл. *podvigъ ад *dvig(a)ti ’падымаць, перамяшчаць’, якое выводзяць ад *dvigъ або *d(ъ)vigъ ’развіліна, раздвоены сук, які служыў сродкам падымання ці перамяшчэння’, роднасны ням. Zweig ’галіна’ (Трубачоў, ЭССЯ, 5, 168). Але Мартынаў (Зб. Крапіве, 211–212) мяркуе, што ўсх.-палес. pódwih ’дубовая галінка для ўмацавання правай паліцы сахі’ выводзіцца з *pod‑vig, дзе другая частка слова звязана з серб.-харв. вигови ’сіло, пута’, виг ’пастка’, што, магчыма, сведчыць пра аманімію формаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́са ’злакавая культура, Panicum miliaceum L.’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Бес., Сл. ПЗБ), прасцэ́ ’тс’ (Ян.). Рус., укр. про́со, ц.-слав. просо, польск., в.-луж., чэш., славац. proso, н.-луж. pšoso, палаб. prüsü, серб.-харв. про̏со, славен. prosó, балг. npócó, макед. просо. Пэўнай этымалогіі слова няма, паколькі адсутнічаюць надзейныя роднасныя формы. Параўноўвалі перш за ўсё са ст.-прус. prassan ’проса’, але яно, магчыма, было запазычана з польскай, гл. Фасмер, 3, 378. Параўноўваюць таксама (Голуб-Копечны, 295) з лац. pressī, premō ’ціснуць’, г. зн. *proso першапачаткова ’расціснутае зерне’, але гэта паралель адхіляецца на той падставе, што лацінскае слова ніколі не мела значэння ’таўчы зерне’ (параўн. Нідэрман, Зб. Развадоўскаму, 1, 112 і наст.). Фасмер (там жа) лічыць магчымым падтрымаць параўнанне з грэч. περκνός ’стракаты’, ст.-інд. pŕ̥çnis ’тс’, ст.-в.-ням. forhana ’фарэль’; г. зн. першапачаткова ’стракатае, плямістае’. Пра магчымую сувязь з і.-е. *pro‑sə ’пасеў’ (гл. сеяць), што, відаць, адлюстравана ў сваеасаблівай figura etymologica, параўн. з народнай песні: а мы проса сеялі, сеялі; серб. Јелисје просо сије, гл. Лома, Огледна св., 65–66. Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 378–379; Шустар-Шэўц, 2, 1151; Скок, 3, 52; Бязлай, 3, 127; БЕР, 5, 767. Гл. яшчэ просяніца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2-3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. што. Узяць што‑н. такое, што знаходзіцца на некаторай адлегласці. Калі Ігнась дастаў з палічкі жоўценькі сшытак, Люба запыталася: — Мабыць, малюнкі? Мурашка.

2. да чаго, чаго. Дацягнуцца, дакрануцца да чаго‑н. аддаленага. Дастаць рукой да бэлькі. □ Цені ад яблынь дасталі да хаты і павольна папаўзлі па сцяне ўверх. Шамякін. Стаіць дуб, аднагодак мой, І мне ўжо не дастаць рукой Пад воблакам яго вяршыні. Танк.

3. што. Выняць, выцягнуць што‑н. адкуль‑н., з чаго‑н.; здабыць. Дастаць сшытак з партфеля. □ Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны. Слава першым буравым майстрам, якія дасталі з цёмных глыбінь першыя грамы калійнай солі! Паслядовіч.

4. што і чаго. Раздабыць, набыць, расстарацца. Дастаць важныя звесткі. □ Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў і дастаць газету. Шамякін. // Разм. Атрымаць, нажыць. Дастаць хваробы.

•••

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі — абавязкова раздабыць, адшукаць што‑н., дзе б яно ні было.

Зімой лёду (снегу) не дастаць у каго — пра дужа скупога чалавека.

Крукам (шастом) галавы (носа) не дастаць каму — пра вельмі ганарыстага чалавека.

Рукой дастаць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кама́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Кароткі вусны-загад камандзіра па ўстаноўленай форме. Аддаць каманду. □ Падпільнаваўшы калону варожых машын, [лейтэнант] падаў каманду: — Агонь! «Маладосць». Палку даюць каманду «смірна!» Панчанка. // Распараджэнне, загад, сказаныя коратка і ўладна. — Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна. Кулакоўскі.

2. Камандаванне якой‑н. воінскай часцю. Першы, найлепшы ўзвод атрада, пад камандай.. Кеды пераправіўся на варожы бок Нёмана. Брыль. // Пра кіраўніцтва з боку каго‑н., над кім‑н., аб чыёй‑н. уладзе над кім‑н. — Не павінна тое гора над чалавекам каманду займець. Няхай яно і цяжкае, але трэба адолець яго... Лынькоў. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Колас.

3. Невялікае вайсковае падраздзяленне, атрад, а таксама часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння. Каравульная каманда. Каманда падрыўнікоў. □ Кірылу падстрыглі і накіравалі ў вучэбную каманду, адкуль ён трапіў на фронт пад Баранавічы. Паслядовіч. // Асабовы састаў, экіпаж судна. Людзей тут [на буксіры] мала, каманда, уключаючы ўсіх — ад капітана да качагара, складаецца чалавек з дваццаці. Краўчанка. // Спартыўны калектыў. Валейбольная каманда. Зборная каманда.

•••

Далажыць па камандзе гл. далажыць ​1.

Як па камандзе — дружна, разам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праляжа́ць, ‑жу, ‑шыш, ‑жыць і прале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. Прабыць у ляжачым становішчы некаторы час. Цэлы дзень праляжалі разведчыкі ў канаве. Васілеўская. Пастушок праляжаў на зямлі хвілін дзесяць і папоўз. Чорны. [Ціток] пралежаў на клеці тры ночы і нічога не прысачыў. Лобан. // Ляжаць хворым некаторы час. Паранены, .. [Бінке] вымушан быў легчы ў шпіталь і праляжаў там ажно пяць месяцаў. Шамякін. Назаўтра ў Рыты падскочыла тэмпература. Да самага Новага года, болей месяца, яна праляжала хворая. Навуменка. [Маці:] — Давай, сын, вядзі маладую гаспадыню ў хату. А то не маю сіл во, і адзін бог ведае, колькі пралежу пластом. Чыгрынаў.

2. Прабыць які‑н. час без ужывання, без увагі. [Аляксей] нядаўна атрымаў пісьмо з дому. Яно недзе пралежала два тыдні, але ўсё роўна было навіною з дому. Машара. А сцэнарый, скручаны ў трубачку, так і праляжыць да заўтрашняга дня, бо няма чаго над ім і думаць. Гаўрылкін. Падводную лодку з дна паднялі. Доўга праляжала, з сорак трэцяга. Б. Стральцоў.

3. перан.; што. Атрымаць пролежні ад доўгага ляжання. Праляжаць сабе бок. // Пратаптаць, сапсаваць што‑н. ляжаннем. Праляжаць канапу. □ — От хай ляжаць [грошы старых выпускаў], есці ж не просяць, месца не пралежаць. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разуме́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разумець.

2. Здольнасць разумець, спасцігаць розумам змест, сэнс, значэнне чаго‑н. Даступныя для разумення факты. Разуменне псіхалогіі падлетка дапаможа настаўніку знайсці правільныя шляхі яго выхавання і развіцця. □ Растлумачыўшы гаспадару і яго жонцы мэту свайго прыходу, я сустрэў з іх боку поўнае разуменне і жаданне памагчы. В. Вольскі. // Здольнасць разабрацца ў чым‑н. [Юзя:] — Ніякага ў цябе разумення яшчэ няма. Бажко.

3. Пэўны пункт погляду на што‑н., пэўнае вытлумачэнне чаго‑н. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту. Колас. Бог у разуменне цёмных людзей — гэта самае страшнае, а значыць — самае святое. Пестрак.

4. Уяўленне аб чым‑н., погляд на што‑н. Гэтае новае было зусім ужо блізка. Заўтра яно павінна ўвайсці ў вёску, і тады адразу зменяцца многія разуменні. Галавач.

5. Свядомасць, розум. Да майго разумення даплывалі рэдкія, глыбока мною не прадуманыя дзедавы словы. Нікановіч.

6. Тое, што і паняцце (у 1 знач.). Помню, .. [старшыня] часам ашаламляў мяне, маладога камуніста, даверлівым разважаннем пра тыя з’явы, якія пасля ХХ з’езда мы абагулілі разуменнем «культ асобы». Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Разм.

1. што. З размаху ўсадзіць (што‑н. вострае). Садануць нож у спіну. // Торкнуць (локцем, пальцам і пад.). Барыс вымавіў усе прымаўкі адным дыхам, жартаўліва садануў вялікім адтапыраным пальцам Ігара ў бок. Асіпенка.

2. чым і без дап. Моцна ўдарыць. Адным імпэтным рыўком .. [Цярэшка] ўскочыў на ногі .. і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Быкаў. Іван прыўстаў, убачыў па той бок стала перад сабой мокры і злосны Міцеў твар, адчуў соль у роце, размахнуўся і тым, што было ў руцэ — гранёнай шклянкай, — садануў Міцю ў твар. Кудравец. / у безас. ужыв. Яго саданула асколкам. // Моцна стукнуўшы, разбіць, разламаць што‑н. Адтапыраным локцем незнарок, вядома, садануў [хлопчык] у шыбіну, і тая толькі жаласліва дзынкнула і рассыпалася на дробненькія кавалачкі. Кавалёў. // што і без дап. Выстраліць па чым‑н. [Жыгунок:] — От жа саматужная смалакурня! Яно-такі сюды немец міну садане. Шарахоўскі.

3. што. Груб. Неспадзявана накіраваць што‑н. (скаргу і пад.) на каго‑н. [Бялькевіч:] — Нічога я не чуў, — кажу. Толькі, думаю, што Дзямешка намяшаў рознага. Дакладную ж, мабыць, садануў? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

славу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, пра якога ўсе ведаюць; агульнавядомы; праслаўлены. Славутыя дняпроўскія парогі. □ Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Яўген і Аляксееў чулі пра славуты Ніжагародскі адхон над Волгай. Карпаў. // чым. Які прыкметны чым‑н., карыстаецца славай у якіх‑н. адносінах. Мікола, падкасаўшы вышэй калень штаны, палез у славутую чырванапёркамі затоку. Ляўданскі. Хлопцы любяць мястэчка — нічым яно асабліва не славутае, няма ў ім ні рэчкі, не забрукавана пакуль што ніводнай вуліцы, але ўсё адно здаецца, што лепшай мясціны на свеце няма. Навуменка. Полацк жа славуты перш за ўсё сваёй шматвяковай гісторыяй. Хадкевіч.

2. Які набыў славу або дастойны яе; слаўны. Ніколі не забыць нам гэты дзень, Калі ў семнаццатым славутым годзе Аўроры залп, як сонечны прамень, Народам асвятліў шляхі к свабодзе. Астрэйка. Як пост той пакінеш, што з боем Узяты ў паходзе славутым? Калачынскі. Славутыя сцягі ўздымаюцца горда Па грозных напрамках ваенных дарог. Броўка.

3. Які дасягнуў шырокай вядомасці, карыстаецца папулярнасцю (пра чалавека). Славуты вучоны. Славуты лётчык. Славуты акцёр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)