по́дпіс, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падпісваць — падпісаць (у 1 знач.).

2. Прозвішча, напісанае ўласнаручна пад якім‑н. тэкстам, малюнкам, карцінай і пад. для пацвярджэння свайго аўтарства або згоды з чым‑н. Гэта была... заява. Кароткая. «... Прашу прыняць мяне і ўвесь мой інвентар у калгас». Тады — подпіс: «Ждановіч Міхаіл Селівестравіч». Брыль. Паставіўшы подпіс і дату, Алік прачытаў напісанае ўсё з пачатку. Кулакоўскі. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

3. Надпіс над чым‑н., пад чым‑н. [Чыкуноў:] — Прыйдзецца і схему [канструкцыі] перачарціць, і подпіс зрабіць іншы. Васілёнак. У думках [Рыгор] перагарнуў старонкі падручніка, усплыў у памяці і малюнак з подпісам. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змест, ‑у, М ‑сце, м.

1. Тое, пра што расказваецца, што выкладаецца, адлюстроўваецца дзе‑н.; тэма (кнігі, артыкула, карціны і пад.). Змест кнігі. Змест оперы. Змест размовы. □ Часамі Данута перакладала змест якога-небудзь англійскага або французскага артыкула, і мы разам захапляліся рознымі дробязямі. Карпюк. // Пералік раздзелаў, састаўных частак кнігі з указаннем старонак, змешчаны ў канцы ці пачатку.

2. Сэнс, сутнасць чаго‑н. Яўхім маўчаў. Але і ў маўчанцы аднаго і ў лёгкіх жартах другіх быў адзін змест і адзін сэнс. Мурашка. [Нават] хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы змест, тварылі новыя настроі. Бядуля. // Аснова з’явы ці працэсу, якая вызначае іх сутнасць. Форма і змест. Культура нацыянальная па форме і сацыялістычная па зместу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расто́к, ‑тка і ‑тку, м.

1. ‑тку. Памянш. да рост (у 2 знач.). За малы расток яе і звалі Лукерка. Ракітны.

2. ‑тка. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з семя, клубня, кораня і пад. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка. Над палямі ярчэй палае Неўміручай вясны агонь, І зерне растком прабівае Зямлі пасівелую скронь. Матэвушаў. // Парастак з пупышкамі для пасадкі; чаранок. [Мітрафан:] — Напачатку .. [грушцы] лімоначку прышчэпім, а праз годзік з другога боку — з сапяжанкі расток. Ракітны.

3. толькі мн. (расткі́, ‑оў); перан.; чаго або якія. Першыя прыкметы, рысы чаго‑н. новага; парасткі. Расткі сацыялізма падымаюцца ў вёсцы, памнажаецца колькасць калектыўных гаспадарак. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струме́ніцца, ‑ніцца; незак.

Ліцца, цячы струменямі. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ў пачатку, струменяцца .. [ручаі], як слёзы, па твары зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі. Колас. Нават рэчка каля моста, дзе берагі яе густа зараслі арэшнікам, разамлела ад сонца і, стомленая, ледзь-ледзь струменілася. Сіўцоў. Салдат адскочыў убок; ён падняў уверх левую руку, па кісці якой струменілася свежая кроў. Якімовіч. // перан. Пашырацца, разыходзіцца струменямі (пра паветра, святло, пах і пад.). Не ад цяпла, якое шчодра струменілася з расчыненых дзверцаў грубкі, а ад тых добрых слоў, што казаў дзед Сопат, цяплела, грэлася, як пры невідочным агні, Галіна душа. Сабаленка. І Ружу песціў асцярожна вецярок, І ад яе струменіўся духмяны тонкі водар. Валасевіч. / у паэт. ужыв. Струменіўся бляск вялікіх чорных вачэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́ркуш1 ’ліст паперы, шкла, бляхі’ (БРС), аркгушъ, аргушъ (Нас.). Укр. а́ркуш, рус. дыял. арку́ш, польск. arkusz ’тс’. Ст.-бел., ст.-укр. аркушъ з XVI ст., як і польскае. Канчатковая крыніца лац. arcus ’дуга’, адкуль — ’сагнуты ліст’ (Вясноў, Бел. лекс., 35) праз польскую ў беларускую. Памылкова сцвярджэнне, быццам аркуш увайшло ў беларускую мову ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 259) не толькі таму, што слова ўстойліва адзначаецца ў старабеларускай мове і дыялектах, але і таму, што яно фіксуецца ў слоўніках XIX ст. (Шпіл., Мядзв.); ніякіх падстаў для паўторнага запазычання гэтага слова не было.

А́ркуш2 ’пасхальны артас’, г. зн. ’пасвячоны хлеб’ (Мядзв.). Укр. дыял. а́ркуш ’тс’. Форма аркуш вынікла як скажэнне артус (гл.), магчыма, не без уплыву аркуш1. Гл. артус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́шасць, по́шусьць, по́шысьць, по́шэсць, по́шась ’хвароба, эпідэмія, зараза’, ’насланнё’, ’падзеж жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Гарэц., Чач., Клім., Яруш.; нараўл., лельч., Арх. ГУ; Шат., Касп.; ваўк., Сл. ПЗБ; Мат. Маг., ТС, Бяльк.), ’парша’ (іўеў., Сл. ПЗБ), по́шліна ’пошасць’ (віл., Сл. ПЗБ), по́шарсць ’пошасць’ (Бяльк.). Укр. по́шесть, по́шерсть, рус. пск. по́шесть, польск. posześć, каш. poszedło ’эпідэмія’, чэш. pošlý ’здохлы’, славен. pošȃst ’здань, пачвара, шкодныя насякомыя’, харв. кайк. pȍšāst ’эпідэмія, чума’, ’дух, здань’. Прасл. *pošьstь ад по- (*po‑) і *šьd‑ (> бел. ішо́ў у гл. хадзіць; стараж.-рус. пошестиѥ ’рух’, ’імкненне’) паводле семантычнай мадэлі ’рух’ > ’эпідэмія’, тыповай для назваў эпідэмій у славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. пове́трие, поша́ва, поша́тка. У гэтай групе шырока прадстаўлены прыст. по- са значэннем пачатку дзеяння. Сюды ж по́шлінь ’пошасць’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

але́¹, злуч.

I. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; адпавядае па знач. словам «а», «аднак», «наадварот».

Хлопец гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем.

Ты ведаеш, але казаць не хочаш!

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе.

Быў ён там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў, але ж людзі называлі яго імя.

II. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную ў папярэднім сказе ці словазлучэнні думку.

Кожны выбірае свой шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста.

2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю.

Яна зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх.

3. Ужыв. ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі і адпавядае злучніку «ды».

Нават і ён маўчаў...

Але што я кажу, — ён, напэўна, лепш за ўсіх разумеў нас.

4. у знач. наз., нескл., н. Пярэчанне, перашкода (разм.).

Ніякіх але!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлкавясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паяві́цца, паяўлюся, паявішся, паявіцца; зак.

1. З’явіцца, паказацца. Акурат у гэты час бразнулі дзверы, і на парозе паявілася Феня. Сабаленка. // Аказацца ў наяўнасці. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. Хутка на стале паявіліся талеркі, шклянкі, патэльня з падсмажанай каўбасой, кафейнік са зваранай кавай. Хадкевіч. // Быць апублікаваным, выйсці ў свет. Раман паявіўся ў нашай літаратуры ў пачатку 20‑х гадоў як эпас рэвалюцыі. Дзюбайла.

2. Узнікнуць, зарадзіцца. У вачах у Веры Антонаўны паявіўся нездаровы бляск. Карпаў. / Пра апетыт, адчуванні, пачуцці, думкі і пад. Паявілася надзея. □ Было ні было, Доўбік глынуў гарэлкі — адкуль паявіўся апетыт. Гроднеў.

•••

Паявіцца на свет — тое, што і з’явіцца на свет (гл. з’явіцца). Макрэна перабралася да мужа. А неўзабаве паявіўся на свет і я. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)