разжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
Разм.
1. на чым і без дап. Нажыцца, разбагацець. Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь, І разжыўся, і стаў неўміручы. Караткевіч. Антон Баравіцкі.. так і не разжыўся на вясельных заработках. Вітка.
2. Пачаць жыць няблага, стаць матэрыяльна забяспечаным. Пасля вайны Якуб У зямлянцы нейкі час туліўся. Затым крыху разжыўся І збудаваў сабе ён новы зруб. Валасевіч. [Аляксандр] папрасіў на першы час за адработкі, а як разжывуцца, у арэнду кавалачак зямлі. Грахоўскі.
3. на што, чым, чаго. Дастаць, раздабыць што‑н. Перад сканчэннем школы цераз старэйшага брата разжыўся на тыя самыя кніжкі і я. Лужанін. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Навуменка. — На першы раз невялікае трэба, — сказаў вайсковец. — Чайку мы ў вас, гаспадынька, не разжывёмся? Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рубе́ц 1, ‑бца, м.
1. Падоўжнае паглыбленне, зробленае чым‑н. на гладкай паверхні. Хлопцы скінулі ўраз Рукзакі і сарочкі, І ўпіліся ў сосны Стальныя разцы. На ствалах засталіся Рубцы ад падсочкі. Свірка.
2. След на целе пасля зажыўшай раны або ад пабояў. Галіна заўважыла ў .. [Колі] на грудзях чырвоны рубец — след асколка. Шамякін. [Бенька] падышоў і сеў на ўслончык. Пад расшпіленым каўняром кашулі відзён быў шырокі пакручасты рубец. Скрыган.
3. Шво, якое атрымліваецца пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад. І насыпка, і навалачка лопнулі паўз рубец. Місько. [Пасведчанне] трэба было зашыць у складку ці нейкі рубец адзежыны. Васілевіч.
4. Разм. Тое, што і руб. Пракоп адышоў ад лямпы, сеў на лаве, абапёрся аб рубец лавы абедзвюма рукамі. Баранавых.
•••
Да рубца — зусім, поўнасцю (падрацца).
Сухога рубца няма на кім гл. няма.
рубе́ц 2, ‑бца, м.
Самы вялікі аддзел (частка) страўніка жвачных жывёл. // Ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укры́цца, укрыюся, укрыешся, укрыецца; зак.
1. Накрыцца, закрыцца поўнасцю, з усіх бакоў, ухутацца. Алаіза паслала ложак. Лягла, укрылася з галавою. Арабей. [Мялешка:] — І вазьмі вось мой плашч, укрыйся. Васілевіч.
2. Накрыцца, запоўніцца, усеяцца чым‑н. па паверхні. У пакоях, дзе раней панаваў строгі парадак, чысціня, усё нібы пастарэла, укрылася пылам. Карпаў. Укрылася лёдам возера — не правіць было рыбакам пелькі. Мыслівец. Пастаяўшы нейкі час каля куста вярбы, што ўкрыўся жоўтымі коцікамі, павярнуў дадому. Ігнаценка. // Ахутацца, ахінуцца чым‑н. Апілкі сонца церушыла. Як цыркуляркаю-пілой, І далеч доўга не спяшыла Укрыцца шызаю імглой. Гаўрусёў. // Стаць пакрытым чым‑н., што выступіла на паверхні чаго‑н. У Сузона ў момант твар укрыўся кроплямі поту, шчокі пачалі падрыгваць. Галавач.
3. Схаваўшыся дзе‑н., засцерагчы сябе ад каго‑, чаго‑н. Вялічка і хто быў з ім убачылі, што выйсці з дома і дзе-небудзь укрыцца ад бомб няма як: усё навокал кіпела і рвалася. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фасо́н, ‑у, м.
1. Форма, крой, па якіх пашыта што‑н. (адзенне, абутак, галаўныя ўборы). З кабінкі вылез прысадзісты, чырванатвары чалавек, апрануты ў жоўты, вайсковага фасону фрэнч. Навуменка. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў. Жычка. // Знешні выгляд, форма (прадмета, вырабу і пад.). На незнаёмцы была яркая шарсцяная кофтачка, якая сваім фасонам нагадвала дзіцячую матроску і дужа пасавала жанчыне. Васілёнак.
2. Разм. Пэўны спосаб, манера. Ад гэтага запытання я страпянуўся, зірнуў на чалавека з рудой, калматай, але падраўнянай пад нейкі фасон барадой, у брызентавым плашчы з настаўленым башлыком, быццам чалавек сабраўся на дождж. Сабаленка.
3. Разм. Паказная франтаватасць; шык. З кавалерскім фасонам і з блазенскім сорамам Лёня пакланіўся і, узняўшы вочы, сумеўся ад той амаль зусім звычайнай дзявочай усмешкі. Брыль. [Стрэлачнік:] — Ну і рабацяга знайшоўся! Толькі і ведае — кастыль ды гайкі, дый молат для фасону насіць. Лынькоў.
•••
Трымаць фасон гл. трымаць.
[Фр. façon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́мант, ‑у, М ‑нце, м.
1. Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, міг. На нейкі момант у пакоі запанавала цішыня. Шыловіч. Адзін момант — і першая лінія службы дзесяткамі зоркіх вачэй і чуткіх вушэй заблакіравала граніцу. Брыль. // чаго. Адрэзак часу, калі пачынаецца нейкае дзеянне, з’ява. Момант спаткання. Момант зацішша.
2. Пэўны прамежак часу, этап у гісторыі, развіцці чаго‑н., у жыцці каго‑н. Паэт [Колас] не прапусціў ніводнага больш-менш значнага моманту з жыцця і працы селяніна. Навуменка. Бывае, што нечакана светлы момант узнагароджвае чалавека за многія гады пакут. Кулакоўскі.
3. Частка, элемент, асобны бок якой‑н. з’явы. На мастацкіх палатках адлюстраваны моманты з працоўнай дзейнасці і адпачынку працоўных. «Беларусь».
4. Спец. Матэматычнае паняцце, якое адыгрывае значную ролю ў механіцы і тэорыі імавернасцей. Момант інерцыі. Момант сілы.
•••
Бягучы момант — сучасны, цяперашні момант.
Магнітны момант — асноўная велічныя, якая характарызуе магнітныя ўласцівасці рэчыва.
На момант — на імгненне; вельмі коратка.
У адзін момант — тое, што і у адзін міг (гл. міг).
[Лац. momentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. паедзь; зак.
1. Пачаць рухацца, перамяшчацца пры дапамозе якога‑н. транспарту. Крушынскі адразу запрог каня і паехаў. Бядуля. — Паехалі, — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. Шахавец. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑н. Паехаць у госці. □ Андрэй завярнуў каня і паехаў па снапы. Чарнышэвіч. // З’ехаць куды‑н. — От што, — сказаў хлопец, калі бацька сеў палуднаваць, — я табе скажу, што я зусім заўтра паеду адгэтуль. Чорны.
2. Зрушыць з месца, пакаціцца (аб транспарце). Паехала машына. □ З вуліцы пачулася, як паехаў рамізнік. Мурашка.
3. Разм. Саслізнуць, пачаць апускацца, падаць. Нага.. [Тварыцкага] пакаўзнулася на вільготнай зямлі і паехала ўніз з узмежку. Чорны. Падсечаная,.. [алешына] нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Брыль.
4. перан. Разм. Пачаць гаварыць доўга, многа або не тое, што трэба. [Клаўдзія Пятроўна:] — Мы ад цябе чакаем тосту, а ты нешта паехаў некуды не туды. Васілёнак.
•••
Паехаць ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — тое, што і пакаціцца ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) (гл. пакаціцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.
1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.
2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.
3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахлы́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Імкліва, раптам набегчы, нацячы ў вялікай колькасці (пра вадкасць, туман і пад.). Як аказалася, з акіяна нахлынула раптам вялікая хваля і нечакана акаціла ўсіх адпачываючых халоднай вадой. Лынькоў.
2. перан. Раптоўна прыйсці, набегчы, з’явіцца ў вялікай колькасці. Неўзабаве перад тым днём, калі ўсе гады пачыналася вучоба, нахлынулі.. акупанты і занялі школу пад нейкі свой штаб. Кулакоўскі. За час гаворкі раз-пораз заглядалі рабочыя. Як толькі пайшоў дырэктар, яны адразу нахлынулі ў кабінет. Скрыган. // Нечакана наступіць, узнікнуць. Вяселле павінны былі гладзіць на Пятра, але тут якраз нахлынула вайна. Адамчык. А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар, і на зямлі то прамчыцца іх цень, то нахлыне спякота. Быкаў.
3. перан. Узнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях і пад.). Успаміны нахлынулі, завалодалі сэрцам. Гамолка. Назаўтра раніцай.. [Анэля] прачнулася з адчуваннем шчасця, якое нахлынула на яе, як хваля, і запаланіла ўсю істоту. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́растак, ‑тка, м.
1. Маладая галінка расліны, якая вырасла ад больш старога сцябла або ствала; флянс. [Пархвен] убачыў у небе чорны высокі ствол без голля і толькі адна тоўстая і таксама чорная галіна знізу зелянелася густымі новымі парасткамі. Чорны. // Малая галінка, якая вырасла ад кораня асноўнай расліны. У сене траплялася многа скошаных дубовых парасткаў. Шамякін. Хатка выглядае нібы нейкі звычайны ўзгорак сярод лугу, бо ўся яна густа зарасла зверху маладымі парасткамі лазы і крапівой. В. Вольскі.
2. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з насення; расток. Лёгка, ледзь-ледзь .. [Тарэнта] кранае пальцам пясчынкі, разгортвае іх і намацвае мякаццю пальца.. востры канец жытняга парастка. Галавач. Раніцай, на васемнаццаты дзень яравізацыі бульбы, Мар’яна заўважыла на клубнях маленькія зеленавата-фіялетавыя парасткі. Стаховіч.
3. звычайна мн. (па́расткі, ‑аў); перан.; чаго. Першае праяўленне чаго‑н.; пачатак чаго‑н.; зародак. Камуністычныя суботнікі — першыя парасткі новых, камуністычных адносін да працы. □ Ранейшыя кпінкі Сцяпана і жартаўлівыя намёкі маці не прайшлі бясследна, яны пакінулі ў душы парасткі непрыязнасці, і гэтая непрыязнасць знайшла цяпер месца. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патыха́ць, ‑ае; незак.
1. Слаба дзьмуць, веяць (пра вецер). Вокны былі расчынены. Знадворку патыхаў цёплы ветрык, ледзь-ледзь калышучы фіранкі. Сабаленка. / у безас. ужыв. Вечарэла. Ад возера патыхала лёгкім халадком. Пестрак. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Ад снапоў крыху патыхала зляжалай саломай, амаль няўлоўным водарам летняга поля і кветак. Савіцкі.
2. чым. Вылучаць нейкі пах; пахнуць. Дрэмлючы чуў [Павал], як пахла ў хаце новымі ботамі — дзёгцікам патыхаюць боты. Чорны. А з бору цёплая сасна Жывіцай патыхала. І. Калеснік. / у перан. ужыв. Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба Ні лёгка запрацаванага хлеба, Ні танных поспехаў, ні скідак, ні удач, Ні вырашаных іншымі задач, Ні тых пахвал, што лёгка раздаюцца Сябрамі за абедзенным сталом, Ні плётак, што вужакамі віюцца І патыхаюць зайздрасцю і злом. Грахоўскі. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)