па́растак, ‑тка, м.
1. Маладая галінка расліны, якая вырасла ад больш старога сцябла або ствала; флянс. [Пархвен] убачыў у небе чорны высокі ствол без голля і толькі адна тоўстая і таксама чорная галіна знізу зелянелася густымі новымі парасткамі. Чорны. // Малая галінка, якая вырасла ад кораня асноўнай расліны. У сене траплялася многа скошаных дубовых парасткаў. Шамякін. Хатка выглядае нібы нейкі звычайны ўзгорак сярод лугу, бо ўся яна густа зарасла зверху маладымі парасткамі лазы і крапівой. В. Вольскі.
2. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з насення; расток. Лёгка, ледзь-ледзь .. [Тарэнта] кранае пальцам пясчынкі, разгортвае іх і намацвае мякаццю пальца.. востры канец жытняга парастка. Галавач. Раніцай, на васемнаццаты дзень яравізацыі бульбы, Мар’яна заўважыла на клубнях маленькія зеленавата-фіялетавыя парасткі. Стаховіч.
3. звычайна мн. (па́расткі, ‑аў); перан.; чаго. Першае праяўленне чаго‑н.; пачатак чаго‑н.; зародак. Камуністычныя суботнікі — першыя парасткі новых, камуністычных адносін да працы. □ Ранейшыя кпінкі Сцяпана і жартаўлівыя намёкі маці не прайшлі бясследна, яны пакінулі ў душы парасткі непрыязнасці, і гэтая непрыязнасць знайшла цяпер месца. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)