спра́ва 1, ‑ы, ж.

1. Работа, занятак; тое, чым хто‑н. заняты. Даніла справаю заняты — на сані чэша капылы. Колас. Настойлівая па характару, Ганка ў тэхнікуме, як і ў калгасе, уся аддавалася справе. Краўчанка. Заўсёды да канца даводзіць трэба, Якую справу б не пачаў, Каб потым сам сябе не дакараў. Валасевіч. [Кранаўшчык:] — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. / якая; часта ў знач. вык. Гаспадарчыя справы. Сямейныя справы. □ Хіба жаночая справа дровы вазіць? Мележ. // звычайна мн. (спра́вы, спраў). Работа, заняткі, звязаныя са службай, вытворчасцю, грамадскімі абавязкамі і пад. Прымаць справы. Бягучыя справы. □ Па справах сваёй службы мне часта даводзілася бываць на будаўніцтве, сустракацца з Якавам і яго сябрамі. Кулакоўскі. [Вера:] У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах. Крапіва. / У складзе назваў устаноў, ведамстваў. Міністэрства замежных спраў. У праўленне па справах архітэктуры. // Ідэі, вучэнне; галіна, кірунак дзейнасці каго‑н. Справа партызан была справай народа. Брыль. На змену арыштаванымі, загінуўшым станавіліся новыя таварышы і настойліва працягвалі справу сваіх папярэднікаў. Анісаў.

2. Дзейнасць у процілегласць думкам, словам; учынак. Што лішняе гаварыць! Ён, Федзя, усё дакажа справай. Гамолка. [Леў Раманавіч:] — Чалавек не словам моцны, а справай. Асіпенка. І не загінула добрая справа Сэрца людскога і ў змроку глухім. Глебка. // Вынік якой‑н. дзейнасці. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Затое спраў яго нідзе Ні ў чым вам не прыкмеціць. Блішчыць, як месяц у вадзе, Не грэе і не свеціць. Бачыла.

3. Тое, што вельмі важна, істотна. [Катэр:] — Я справу гавару, хлопцы, а вы блазнуеце. Машара. // Карысны занятак. Ён заняты справай.

4. Пытанні, якія патрабуюць вырашэння; патрэба. — Не гневайся, па важнай справе зайшоў. Чуў, напэўна — выбары ў Вярхоўны Савет пачаліся. Дуброўскі. Было тут і яшчэ некалькі наведвальнікаў, якія прыйшлі па сваіх справах. Якімовіч. // каму да каго-чаго. Зацікаўлены адносіны да каго‑, чаго‑н. Яму да ўсяго ёсць справа. □ Нікому да Жоры справы не было. Гаўрусёў.

5. Абавязак, доўг; кола чыіх‑н. паўнамоцтваў. Гэта справа міліцыі. □ Веданне з’яў і фактаў — надзвычай важная і неабходная справа для пісьменніка. Кудраўцаў. // чаго; у знач. вык. Тое, што залежыць ад чаго‑н., мае адносіны да чаго‑н. Справа сумлення. Праца ў нашай краіне стала справай гонару. □ Іх клопаты аб суседзях, што засталіся без даху пад галавой, былі справай добрай волі. Самуйлёнак.

6. Спецыяльнасць, прафесія, кола заняткаў, галіна ведаў ці навыкаў. Такарная справа. Снайперская справа. □ Рыбацкай справай Ясюня займаецца чацвёрты год. В. Вольскі. [Вера:] А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Крапіва. Вам даводзілася калі-небудзь бачыць спінінг у руках вопытнага рыбалова, майстра сваёй справы? Матрунёнак. // чаго. Усё, што ўваходзіць у якую‑н. задачу, мае адносіны да якой‑н. з’явы. Справа сацыялістычнага будаўніцтва. □ Нават маленькія дзяўчынкі, Аніта і Лючыя, не заставаліся ў баку ад барацьбы за вялікую справу міру. Маўр.

7. Адміністрацыйны або судовы разбор якога‑н. здарэння, факта; судовы працэс. Грамадзянская справа. Крымінальная справа. □ Дваццатага снежня справу перагледзеў апеляцыйны суд. У. Калеснік.

8. Збор дакументаў, якія маюць адносіны да пэўнага факта, здарэння, асобы. Папка для спраў. □ Прыйшоўшы да сябе, .. [Шэмет] дастаў з сейфа справу Жыбуртовіча, перачытаў аўтабіяграфію. Лобан.

9. Здарэнне, падзея, факт. Стаяць [дубы], як вежы, над вадою Даўнейшых спраў вартаўнікамі. Колас. Гэтая справа ў раёне граніцы была. Куляшоў. Справа была вясной, перад вялікаднем. Чарнышэвіч. // Разм. Пра абставіны, якія характарызуюць дзеянне, надзею. Справа ідзе да лета. Васілевіч.

10. Разм. Становішча дзе‑н., стан каго‑, чаго‑н.; абставіны. — Значыць, справы не дрэнныя, калі есці захацеў, — пажартаваў .. [Туравец] з сябе. Мележ. Наогул справы ў калгасе наладзіліся, пайшлі ўгору. Даніленка. // У спалучэнні з прыметнікам, які характарызуе становішча, стан, абставіны. Булай развёў рукі, падміргнуў, маўляў, сам разумееш, тут справа тонкая. Шыцік.

11. (у спалучэнні з прыметнікам) у знач. вык. Рэч, з’ява. Загінуць у баі — справа не мудроная. Гурскі. Абудзіць схаваныя сілы ў слове — справа не з лёгкіх. Янкоўскі.

12. У спалучэнні з прыметнікам выступае як выказнік або пабочнае слова са значэннем, адпаведным значэнню гэтага прыметніка. Абед згатаваць? Невялікая справа. Агняцвет. Не простая, вядома, справа Музычны калектыў скамплектаваць, Музыкаў добрых падабраць. Корбан. Глядзець на яго [Цімоха], як на блазна, Вядомая справа, не можна. Колас.

•••

Асабовая справа — папка з дакументамі якой‑н. асобы, што працуе ў дадзенай установе.

Павераны ў справах гл. павераны.

Ваша справа — вам вырашаць, гэта асабіста да вас адносіцца, вас датычыцца.

Вядомая справа — зразумела, бясспрэчна.

Гіблая справа — нічога добрага не будзе.

Ёсць такая справа! — добра, згодзен, няхай будзе так.

Іншая (другая) справа — нешта іншае; іншае становішча.

(І) справа з канцом (справе канец) — пра канчатковую развязку чаго‑н. — Ты — нічога не ведаеш, і справа з канцом. Чарнышэвіч.

Кепскія справы — пра цяжкае, складанае становішча.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа маленькая — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана — гэта мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Мець справу з кім-чым гл. мець.

Мокрая справа — забойства (на жаргоне зладзеяў).

На самай справе — у сапраўднасці, фактычна. Сулькоўскі больш прытвараўся п’яным, чым быў на самай справе. Чарнышэвіч.

На справе — па сутнасці; на практыцы. Быццам я дзяўчыне нейкай Абяцаў багацця рэкі, А на справе — ручаіны Я не вырыў для дзяўчыны. Панчанка.

Не майго (твайго, яго, яе, нашага, вашага, іх) розуму справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца; я (ты і пад.) нічога не разумею ў чым‑н.

Не мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа — мяне (цябе і пад.) не датычыцца.

Пакуль суд ды справа гл. суд.

Справа ідзе пра што (аб чым) — размова ідзе пра што‑н. (аб чым‑н.). [Караневіч:] Справа ідзе пра чэсць палка. Крапіва.

Справа ў тым, што... — галоўнае (сутнасць) у тым, што... Справа ў тым, што ў Свярдлоўску жыве мой друг. Васілёнак.

Такая справа — вось у чым справа.

У чым справа? — што здарылася? — У чым справа? — недаўменна запытаў Рыгор. Гартны.

Ясная справа — вядома, безумоўна.

спра́ва 2, прысл.

З правага боку; проціл. злева. Міхась нарэшце прабіўся на базар і спыніўся справа ад брамы. Корбан. Роднае сэрцу раздолле Кліча, ну хоць уставай: Злева — шырокае поле, Справа — рачулка і гай. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Како́ра1 ’старая каржакаватая бяроза’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.), ’сухая крываватая палка’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.), закакорына ’закавыка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. какора2 (гл.).

Како́ра2 ’частка каркаса лодкі’ (жытк., Жыв. сл.; Маслен.; стол., Нар. сл.; ТСБМ), ’частка пабудовы’ (Сержп. Грам.), кокора ’будан з загнутых і звязаных парамі галін вербалозу’, ’нізкі разгалісты дуб на балоце, на які клалі стажок сена’ (стол., Нар. сл.). Да палес. лексікі польск. kokóra; як тлумачыць Слаўскі, 2, 336, такога польскага слова няма, прыведзеная форма адзначана толькі ў Слоўніку Казлоўскага і датычыцца Палесся. Як здаецца, наяўная інфармацыя не вельмі адэкватна адлюстроўвае бел. матэрыял за межамі палескай тэрыторыі, на гэта ўказвае, магчыма, сведчанне Сержпутоўскага і паўн.-бел. лексіка. Вельмі шырока прадстаўлены адпаведнікі да разглядаемага слова ў рускай мове. Найбольш дакладныя: кокора ’дзерава (звычайна хваёвае) з выгнутым коранем; ідзе на астовы, шпангоўты і да т. п. лодак, барак’, «Какоры идут на поделку предметов, которые должны иметь па конце крючок или загиб, например прялки, кичиги, курицы (при постройке дома)» (СРНГ, 14, 93), ’бервяно з крывым загнутым канцом, якое ўжываецца пры пабудове хаты’ і інш. Падобныя значэнні добра вядомы на моўнай тэрыторыі (СРНГ, там жа форма кочёра, кочера ў блізкіх значэннях і інш.). Этымалогія слова не вельмі пэўная, не выключаецца і іншамоўны ўплыў (гл. Фасмер, 2, 283) і працэс кантамінацыі, які вельмі зацямніў першапачатковую форму. Звычайна лічыцца праславянскім (Слаўскі, 2, 337). (БЕР, 2, 537). БЕР (там жа) мяркуе, што да рус. кокора адносіцца і балг. дыял. кокор ’грабавы куст’, ’ссохлы грабавы куст, які выкарыстоўваецца для асвятлення’, ’куст, які расце на камяністых месцах і з якога вяжуць венікі’, ’камяністае месца, зарослае кустамі і цярноўнікам’, кокоряевам (аб дрэве) ’пашкаджацца ў росце’. Параўн. серб.-харв. кокарагаліна’. Скок (2, 120) параўноўвае гэту лексему з балг. чекоргаліна’, лат. ceceris, cecers ’пень’, ’пень з каранямі’ і лічыць, што калі гэтыя супастаўленні правільныя, серб.-харв. слова суадносіцца з рус. кокора. Паўтараецца, па сутнасці, даўняя этымалогія для гэтай групы лексікі, якую даў ужо Бернекер (1, 540). Розніца ў семантыцы слова на поўдні і поўначы і, апрача таго, вельмі няясная этымалогія назваў раслін, якія звычайна лічацца роднаснымі вышэй прыведзеным лексемам (гл. спец. какарнак). Па сутнасці, паўдн.-слав. семантыка ’кучаравы’, ’натапыраны’ і да т. п., якая паслядоўна характарызуе валасы чалавека, пер’е птушак і г. д., паўтараецца на поўначы толькі ў лат. мове, дзе значэнні ’брыдкі, падступны і да т. п. чалавек’, ’кучаравая галава’ успрымаюцца як пераносныя, з ’пень з выдранымі з зямлі каранямі’, гл. Мюленбах-Эндзелін, 1, 367. На думку Эндзеліна, як і cencers ’стары пень’ (семантыка, засведчаная для рус. кокора), лат. ceceris з’яўляецца рэдуплікацыяй cers ’шышкаваты, слойны корань дзерава’. Семантыка лат. слова вельмі разнастайная: cers ’куст, кустарник’, ’расліна, якая кусціцца з аднаго кораня’ (напрыклад, жыта), ’шышкаваты, сукаваты корань дрэва’, ’група кустарнікаў’, ’букет кветак’, ’месца, якое зарасло чаротам і трыснягом’, ’зарослае месца на балоце’, ’атожылак, парастак’, ’нарасць’. Далей сюды ж адносіцца літ. kēras ’куст’, ’пень’, ’выкарчаваны пень’ і інш., якія суадносяцца з слав. korenь. Пры гэтым лат. cera ’ускудлачаныя, натапыраныя валасы’ неабходна лічыць другасным. Асноўныя значэнні, якія даволі лёгка выводзяцца з літ. і лат., магчыма, і ў прус. мовах (параўн. kerberse ’кустарнікавая, куставая бяроза’, гл. падрабязна аб рэканструкцыі і этымалогіі Тапароў J–K, 313–315) ’кусцісты, нізкарослы’ засведчаны і ў слав. мовах: рус. корь ’корань’ (толькі разан., фіксацыі пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя), польск. kierz ’куст’, kierzek, н.-луж. keŕ, в.-луж. keŕ, чэш. keř, славац. ker ’тс’. Паводле Слаўскага, 2, 157, можна рэканструяваць паўн.-слав. *kъrjь, які апафанічна суадносіцца ’з прасл. korenь (у Тапарова, там жа, рэканструкцыя *kъrь). Вытворныя ад кораня з нулявой ступенню аблаўта пруск. kirno ’куст’, літ. kìrna ’карчага’, ’кусцістае, балоцістае месца’, ’буралом’, ’ражны, якія застаюцца пасля ссячэння кустоў’ і інш. Адзначым значэнне літ. слова ’скнара’ (LKŽ, 5, 848). З усх.-слав. фактаў звяртаюць на сябе ўвагу такія лексемы, як тульск. карёк ’кустоўе’, якое Даль (2, 227) тлумачыў: «Вероятно, коряжник криворослый», рус. разан., тульск., валаг. ’кустоўе’, (тульск.) ’дробне кустоўе’ (СРНГ), валаг., разан., тульск., пенз. ’куст, які расце ад пня дрэва’, н.-сіб. ’балоцістае месца, якое зарасло кустоўем’, калуж., маск. (Даль), разан. ’група дрэў пасярэдзіне поля на нізкім месцы’, маск. ’лес на востраве’ і інш. Адзначым, што апошняе можна разглядаць як вытворнае ад корь, якое, відаць, да кора. Важна, што, апрача супадзення семантыкі, дакладных фармальных адпаведнікаў у балт. мовах няма. Буга (Rinkt, 2, 216) меркаваў аб сувязі рус. кокора, кочера, кочерга з лат. kakalis, kakaža, літ. kakar̃lis. Што датычыцца літ. kakar̃lis, то, паводле LKŽ, 5, 88, яно сустракаецца толькі на паўн. усходзе (р‑ны: Купішк., Уцен., Ракішк.), асноўнае значэнне ’мяшалка’ (з доўгай ручкай і крывым канцом, зробленая з дрэўца з загнутым коранем або з галінай, мяшаць страву, месіць хлеб: качарга). Шустэр–Шэўц (8, 588) прапанаваў версію, паводле якой прасл. *kokor‑ суадносіцца з коранем *kok‑. Пры гэтым суфіксацыя ‑or тлумачыцца як адпаведная чэш., славац. sochor, в.-луж. capor, capr, sochor, больш падрабязна ў таго ж аўтара ZfSI, XIX, 6, 586–587.

Како́ра3 (паўн., КЭС), какор ’бохан хлеба’ (КЭС), какоры ’хлеб з мукі без дабавак’, ’булачкі’ (Анім.), кокора (Нік. Очерки, 95): «название пирога, позже ставшего «пытлюваным, солиным» хлебом», какоркі, какоры ’перапечкі з бульбы, мукі, з прэснага або кіслага цеста’ (зах., Сл. паўн.-зах.), какорына ’тоўсты блін з цёртай бульбы’ (Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.), ’блін з мукі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. пск., наўг. кокора ’аладка’, пск. ’тоўсты блін’, ’ватрушка (з тварагом, бульбай, морквай і да т. п.)’ (пск., тое ж і ў Сл. паўн.-зах. у шэрагу ілюстрацый), ’ватрушка з бульбай, абавязкова з кіслага цеста’ (валд., наўг.), ’круглы хлеб, вагой у 2–3 фунты, прыгатаваны з лепшай мукі хатняга памолу’. Дэрываты кокорина наўг., пск. у розных значэннях: ’тоўсты блін (адзін)’, ’ватрушка з аржаной мукі з тварагом’, ’пірог’ (пушк., пск.). Аналагічныя лексемы адзначаны і ў рус. гаворках на тэрыторыі прыбалтыйскіх рэспублік. На больш шырокай рус. тэрыторыі наўг., вялікал., калін. і інш. сустракаецца кокорка, кокорока, звычайна ў тых жа значэннях. Звяртае на сябе ўвагу валаг., ярасл., перм., урал. і інш. кокорки ’тварог’, ’дробныя камячкі, камякі ў малацэ (с.-урал.), (перм., с.-урал. і інш.), ’камякі бруду і інш.’, тут, магчыма, пазнейшая ад’ідэацыя да іншага слова. Далей па рус. моўнай тэрыторыі сустракаецца вельмі часта кокура, кокурка ’аладка’, калач, абаранак, пірог і інш.’ Не вельмі яснае слова. З аднаго боку, рус. кокора запазычана з фін. kakkara ’клёцка; від хлеба’, аднак гэтаму пярэчыць другі арэал (форма кокура) у глыбіні рус. гаворак. Вельмі спакусліва разглядаць рус. словы (кокора і какура) асобна, аднак шэраг супадзенняў у пабочных значэннях сведчыць аб іх цеснай суаднесенасці і пярэчыць такой магчымасці. Фасмер (там жа) лічыў, што ўтворана слова какора хутчэй за ўсё ад кока ’курынае яйка ў дзіцячай мове’, ’пшанічны хлеб, пірог’ (арханг.) і быў супраць Калімы, што тут уплыў фін. kukko ’нейкі пірог; певень’. Пацвярджае думку Фасмера, магчыма, толькі рус. раз., сарат. і інш. кокура ’страва з цеста ў выглядзе круглай буханачкі з запечаным у сярэдзіне цэлым яйкам (маск., уладз., кастрам., казан., перм. і інш.), кокурка ’тс’, аднак гэта значэнне толькі пабочнае. Прыняць думку Фасмера нельга па шэрагу прычын (семантыка, форма, лінгвагеаграфічны крытэрый). Цікава, што для паўн.-рус. кокач ’пірог з кіслага жытняга цеста з начынкай з талакна, проса, гароху, рыжыкаў’. Фасмер прыняў прапанаванне Калімы алан. kokoi ’хлеб з ячменя або аўса’ ў якасці крыніцы запазычання, у той час як для іншых, верагодна, суаднесеных з фін. лексікай рус. слоў шукаў этымалогію на рус. глебе. Цікава пры гэтым звярнуць увагу на літ. kakarokas ’пірог, ляпёшка’, зафіксаванае ў Ракішскім і Кунішскім раёнах. Лексема не вельмі ясная, аднак фармальна яна як быццам пацвярджае магчымы архаічны характар слав. лексікі.

Како́ра4 ’гультай’ (Мат. Гом.). Рус. паўн. ’пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’, кокора сицкая, у Даля і ў акадэмічным слоўніку 1911 г.: «(В местностях около реки Сити) есть привычка говорить о том, кто не ловок в обращении, не развязен, не умеет щегольно одеться.., кокора сицкая!» (ярасл., СРНГ, 14, 94), перм. ’пра лянівага чалавека, гультая’, магчыма, і больш падыходзячыя па геаграфіі пск., цвяр., асташ. ’пра скупога, прагнага чалавека’, пск. какора ’пра непадступнага, цвёрдага, як крэмень, чалавека’, ярасл. ’пра неразумнага чалавека, дурня’. Звернем увагу на тое, што звычайная паралель да рус. кокора ’корань, пень і інш.’ у этымалагічных слоўніках (Фасмер, 2, 282) кокористый з’яўляецца толькі рэгіянальным вытворным ад рус. кокора ’непадступны, цвёрды’. Параўн. рус. пск., асташ., цвяр. кокористый ’натурысты, упарты’, ’незгаворлівы’, ’скупы’ і вышэй прыведзеныя дэфініцыі і геаграфію для кокора. Фармальнае супадзенне дазваляе суаднесці гэта слова з какора2 і какора3. Сувязь з другім словам уяўляецца малаверагоднай, хоць семема ’тоўсты’ ў какора3 магла перайсці ў ’непаваротлівы’, і такое развіццё семантыкі можна было б прыняць. Аднак гэтай версіі пярэчыць лінгвагеаграфія бел. слова (какора4паўд., а какора3паўн.) і адсутнасць прыкладаў ужывання слова какора3 для адмоўнай характарыстыкі чалавека. Між тым сувязь разглядаемых слоў з какора3 даводзіцца значна лягчэй, а магчымасць ужывання семем ’калода’, ’пень’, ’дубіна’ пераносна для характарыстыкі чалавека каментарыяў не патрабуе. Цяжэй вытлумачыць значэнне ’непадступны, цвёрды’ (’скупы’ і ’хцівы’ — на базе менавіта гэтай семемы). Магчыма, неабходна суадносіць яго з такімі значэннямі рус. слова кокора, як ’галінасты, сукаваты; абрубак дрэва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «ад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета, ад якіх пачынаецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н.; прыназоўнік «ад» у такім знач. процілеглы прыназоўнікам «да» і «к». Зірнуў.. спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі. Лынькоў. Калі гаварыць праўду, то хлопцам не вельмі хацелася адыходзіць ад агню. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца, пункта, ад якога ў пэўным напрамку пашыраецца, разыходзіцца, пачынаецца што‑н. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, перамяшчэнне і г. д. [Сенька:] — Пад самым Барысавам знялі з экспрэса маю Фаню — ездзілі мы тады ад Мінска да Уладзівастока. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні чарговасці, паслядоўнасці дзеяння. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках. Колас.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца, якое з’яўляецца зыходным пунктам пры вызначэнні месцазнаходжання чаго‑н. Скіп’ёўскае Нераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавічы. Чорны. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адлегласці паміж чым‑н., працягласці граніц чаго‑н. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход — у бок пазіцыі Чырвонай Арміі. Колас.

3. Ужываецца ў значэнні прыназоўнікаў «каля», «збоку», «непадалёку», пры абазначэнні прадмета, на мяжы з якім адбываецца дзеянне. Касіў ад ракі. Легчы ад сцяны.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам, які мае часавае значэнне, паказвае на момант, з якога пачынаецца якое‑н. дзеянне, стан і пад. Ад калыскі ў нас Пра Радзіму — найлепшыя думы. Панчанка. Вісарыён Коркія жыў у Тбілісі ад самай вясны. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, захоўваецца стан і пад. Ад вясны вясёлай, ранняй Да восені позняй Пяе поле трактарамі Весела, пагрозы. Купала. — Будзь здарова! — кажу школе, Сам — на луг, у лес, у поле. Там я з пугай-дратаванкай Аж да вечара ад ранку, Покуль мой атрад рагаты Не захоча зноў дахаты. Крапіва.

5. Пры паўтарэнні назоўніка з часавым значэннем утварае прыслоўныя спалучэнні, якія ўказваюць на характар працякання дзеяння — перыядычнасць, паслядоўнасць, нарастанне інтэнсіўнасці яго і пад. Год ад году. □ Пад самым вільчыкам час ад часу пераклікаюцца сонныя ластаўкі. Навуменка.

6. Ужываецца пры абазначэнні прыкметы прадмета паводле часу яго ўзнікнення. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 чэрвеня 1977 года.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, ад якіх выходзіць што‑н. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы. Лынькоў. Ад сонца Даніку не цёпла — цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, пад уздзеянне якой падпадае другая асоба ці прадмет. Мне часта панавала ад сястры, але, улучыўшы хвілінку, я забываўся пра кару і зноў уцякаў. Скрыган.

8. Ужываецца пры назве прадмета, ад якога аддзяляецца што‑н. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. / у перан. ужыв. Ад неба адарваўся і зямлі не дастаў. Прыказка. / у безас. ужыв. У Міці адлягло ад сэрца. Навуменка. // Ужываецца пры ўказанні на цэлае, ад якога засталася толькі частка. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Брыль.

9. Ужываецца пры назвах прадметаў, з’яў і пад., ад якіх пазбаўляюцца, якія ліквідуюцца дзеяннем, выражаным кіруючым словам. Ачысціцца ад пылу. □ Навокал было пуста і ціха. Нават птушкі і тыя некуды пахаваліся ад спякоты. Шамякін.

10. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, стану, супраць і для папярэджання якіх выкарыстоўваецца што‑н. [Міхась:] — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, а тая ад жывата. Чарнышэвіч. Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на Свеце. Прыказка.

11. Ужываецца пры абазначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, ад імя якіх дзейнічае, выступае хто‑н. Гаварылі выбарныя ад сялян. Вынесці падзяку ад усяго калектыву.

12. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, з якімі супастаўляюцца другія, падобныя да іх. Аповесць адрозніваецца ад апавядання больш шырокім ахопам жыццёвых з’яў.

Адносіны параўнання

13. Абл. Ужываецца ў значэнні прыназоўніка «за» (звычайна пры вышэйшай і найвышэйшай ступені) пры ўказанні на прадмет, з якім у нейкіх адносінах параўноўваецца другі прадмет. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

Азначальныя адносіны

14. Ужываецца пры вызначэнні цэлага, асобнай часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Ключы ад кватэры. Струны ад гітары. □ Матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прычыннай залежнасці чаго‑н. Цень ад бярозы. След ад калёс.

15. У спалучэнні з лічэбнікам і прыназоўнікам «да» і другім лічэбнікам ужываецца пры вызначэнні велічыні, узросту, вагі, якія абмяжоўваюць што‑н. У сад прымаюцца дзеці ад трох да сямі год. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам або прыметнікам ужываецца пры абазначэнні поўнага ахопу ўсіх прадметаў, уласцівасцей і пад., пачынаючы ад дадзенага і канчаючы яшчэ якім‑н. На полі былі ўсе — ад старога да малога.

Адносіны прыналежнасці

16. Ужываецца пры вызначэнні сферы дзейнасці асобы, названай кіруючым назоўнікам. [Пан Мацкевіч-Цат:] Цясней нам сысціся даўно пара: Вы [кат] — ад пятлі, а я — ад пяра, А працуем над супольнай справай, Карыстаемся роўнаю славай. Крапіва. // Пры вызначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, установы, прадстаўніком якіх з’яўляецца названая асоба. Прадстаўнік ад райкома партыі.

Прычынныя адносіны

17. У спалучэнні з назоўнікамі, якія вырашаюць пачуцці, перажыванні, фізічныя адчуванні, ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Чырванець ад сораму. □ У Лёні аж голас задрыжаў ад хвалявання. Кулакоўскі.

18. Ужываецца пры выражэнні падставы, матывіроўкі дзеяння або стану, названага кіруючым словам. У Хомчыка ад усмешкі прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос. Пестрак. Радзіўся новы рупны дзень Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка.

Адносіны спосабу дзеяння

19. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу працякання дзеяння. Пісаць ад рукі. Плаціць ад соткі. □ Міхаіл Андронавіч раззлаваўся. — Ведаю, ведаю... Ведаеш, дык дай параду, пагавары ад душы. Шамякін.

20. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні ўзаемадзеяння асоб або прадметаў. Хаваліся адзін ад аднаго. □ [Пятрусь і Рыгор] зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога. Гартны.

21. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні прадмета, з якім проціпастаўляецца другі прадмет. Адрозніваецца, як неба ад зямлі.

•••

Ад сілы гл. сіла.

Ад цёмнага да цёмнага гл. цёмны.

Ад (чыстага, шчырага, усяго) сэрца гл. сэрца.

Ад душы гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кало́да1 ’кароткае тоўстае бервяно; абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх-н. гаспадарчых або бытавых патрэб’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Нік., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Федар., Шат., Шатал., Яруш.). У дыялектных слоўніках таксама ўдакладненні семантыкі: ’бервяно, якое вісіць ніжэй вулля на дрэве і не дае мядзведзям разбурыць пчаліную сям’ю’ (Анох.), ’каток, якім прыкатваюць пасевы’ (Касп.), ’дзесяцівяршковая плаха ў прыстасаванні’ (Нік. Очерки), ’кусок тоўстага палена, які прывязваецца на канцы жураўля’ (Шатал.), ’кароткае тоўстае бервяно’ (Сл. паўн.-зах., ТС), магчыма, сюды неабходна аднесці і колода ’сядзенне для малых дзяцей, якія не ўмеюць хадзіць’ (ТС, апісанне рэаліі адсутнічае, сувязь з калода1 бясспрэчная). Далей сюды дэмінутыў калодка ’абрубак бервяна і да т. п.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; воран. З нар. сл.; Касп., Кліх., Нас., Нік. Очерки, Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’драўляная падстаўка для кавадла’ (зах.-бел., Нар. словатв.), ’адрэзак бервяна для гаспадарчай патрэбы’ (Сл. паўн.-зах., Ян.), ’апорны слуп’ (Сл. паўн.-зах.), ’нерасшчэплены кругляк дроў’ (там жа). Укр. колода ’калода, бервяно’, гуц. ’тоўсты брусок у прыстасаванні для расцягвання скуры’, бойк. ’калода з гнілой сярэдзінай’, укр. колодка ’абрубак бервяна’, рус. колода ’абрубак бервяна і інш.’, дыял. яшчэ і ’ствол старога дрэва, якое гніе на дне ракі, возера, балота’, ’намоклы абрубак дрэва на дне ракі’, ’вялікі пень’, ’драўляны каток для абмалоту збожжа’, ’сельскагаспадарчая прылада’ і мн. іншыя, польск. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., в.-луж., н.-луж. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., чэш. klȁda ’тс’, славац. klada ’тс’, славен. kláda ’калода і інш.’, серб.-харв. клада ’тс’, макед. клада, балг. дыял. клада ’тс’. Больш падрабязна аб фіксацыях лексікі і слав. семемах гл. ніжэй. Узнаўляецца прасл. kolda, дэрыват ад *kolti ’калоць’, семантыка ў немалой ступені рэканструюецца на базе этымалогіі, паводле якой слав. слова находзіць з і.-е. *kel‑/*kol‑ ’дзяўбці’. Прасл. значэнне ўзнаўляецца як ’што-н. расшчэпленае, абчасанае’, ’абрубак дрэва, калода’, параўн. Слаўскі, 2, 259. З і.-е. адпаведнікаў можна прывесці ст.-грэч. κλάδοςгаліна, атожылак дрэва’, ст.-ісл. holt ’дрэва, лясок’, ням. Holz ’дрэва’ і інш., с.-ірл. caill ’лес’, кімр. celli (кельц. *kaldī), параўн. іншыя адпаведнікі пад *kel‑, *kel‑, *klā‑ у Покарнага, 546. Да прасл. семантыкі параўн. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 159.

Кало́да2 ’вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва’ (БРС, ТСБМ, Анох., віл., ашм., іўеў., З нар. сл., Касп.; слаўг., Нар. сл.; Нас., Сержп. Грам., Сцяшк., Федар. 1, Шат.), сюды ж калодны вулей (Мат. Гом.). Сл. паўн.-зах. адзначае слова з паметамі вільн. і віл.; кало́да ’вуллё’ (ТС). У Янковай колодка ’від вулля’. Сюды далей і празрысты перанос калода ’сям’я пчол’ (слаўг., Нар. сл.), калодка ’тс’ (вор., З нар. сл.). Сл. паўн.-зах. (ганц., віл.) адзначае калода’ сям’я пчол, адзінка пры лічэнні сем’яў пчол’, калодка ’вулей’. Укр. колода ’вулей’, колодка ’тс’, усх.-пал. колуодка ’вулей-дуплянка’, рус. кур., свярдл. і інш. колодка ’вулей у дупле дрэва, борць’; дакладнасць рус. адпаведнікаў не вельмі высокая. Магчыма, бел.-укр. інавацыя, да калода1, матывацыя назвы празрыстая. Не выключана, што цесна суадносіцца з польск. kłoda ’бочка’ і да т. п. утварэннямі.

Кало́да3 ’частка красён, навой’ (Касп.; рас., Шатал.), калоды, калодка ’тс’ (Нік.). Сл. паўн.-зах. падае гэтае слова з бел. гаворак на тэрыторыі Латвіі. Апрача бел., адзначаюцца ў іншых слав. мовах: рус. пск., асташк., цвяр., наўг., валаг., калін., маск. і інш. колода ’задні навой’. Здаецца, бел. слова нельга лічыць архаізмам у адносінах да бел. тэрыторыі, паколькі кампактны арэал бел. калода ’навой’ нельга аддзяліць ад рус. фіксацыі Апрача ўсх.-слав., звяртае на сябе ўвагу балг. дыял. клада ’любое з дзвюх асноўных бакавых станін у кроснах’, што паводле семантычнага крытэрыю нельга лічыць адпаведным да бел. Відаць, інавацыя ў паўн. бел. і адпаведных рус. гаворках. Трубачоў (Ремесл. терм., 130) адзначаў, што большасць слав. назваў навоя толькі другасна рэквізавана з іншых пластоў лексікі, аднак тыпалагічна найбольш старажытная стыхія адзначаецца ў бел. калодка, што, магчыма, своеасаблівае мясцовае вяртанне да найбольш простага (і, відаць, найбольш даўняга) спосабу намінацыі. Неабходна дадаць, што паводле структуры калодка з’яўляецца дэрыватам ад калоды, якое і неабходна разглядаць у плане прапанаванай Трубачовым версіі аб старажытным тэрміне для навоя.

Кало́да4 ’калодзеж’ (Федар., 6). Параўн. ілюстрацыю ў Федароўскага, 6, 168: «Пашла дзеўка па воду, уваліласе ў калоду». Статус бел. слова не вельмі ясны — архаізм?, інавацыя? або тут калька? Значэнне бел. слова вельмі цікавае ў плане дыскусіі адносна паходжання слав. назвы студні (гл. калодзеж). Звяртае таксама на сябе ўвагу семантычны адпаведнік — літ. šulinỹs ’студня’ (< šulas, сярод значэнняў якога ёсць і ’слуп, падстаўка’). Ці не калька? Аднак па спосабу утварэння літ. слова іншае, аб матывацыі назваў можна толькі здагадвацца (апісання бел. рэаліі няма, матывацыя літ. слова можа быць рознай). Этымалагічна да калода1 (гл.). Да магчымай гісторыі рэаліі параўн. ст.-рус. з канца XVI ст. колода варничная ’выдзеўбаная калода, якая замяняе зруб у саляным калодзежы’.

Кало́да5 ’мера збожжа’ (Нас.). Іншых фактаў з бел. гаворак няма. Лексема адзначаецца Карскім у ст.-бел. мове, аднак не вельмі ясна, як суадносіцца яна з больш новымі фактамі. Укр. бойк. колода ’мера збожжа’, магчыма, далей сюды неабходна аднесці і ст.-рус. колода, для якога мяркуецца значэнне ’мера’. Сразнеўскі падае гэта слова без тлумачэння, у той час як Сл. XI–XVII стст. дае дэфініцыю ’кадзь, кадка, выдзеўбаная з кавалка дрэва’. Ілюстрацыя («Перцю же выходила колода безо князя, а пры князи Г колоды на неделю, а колода Н бочек») сведчыць хутчэй на карысць дэфініцыі ’мера’, паколькі бочка, відаць, ужыта тут таксама як мера ёмістасці. Такая думка пацвярджаецца яшчэ і тым, што метрычнае значэнне было ўласціва ст.-бел. лексеме колода (параўн. Скурат, Меры, 62, дзе і аб ст.-укр. значэнні). Статус гэтых лексем не вельмі ясны, этымалагічна яны ўзыходзяць да колода ’пасудзіна’, аднак засведчана такое значэнне вельмі слаба (магчыма, ёсць ст.-бел., параўн. у Скурата, там жа). Слова з такім значэннем ёсць у польск. мове, дзе kłoda ’кадаўб’, затым ’кадзь’ (з XIV ст., аб сучасным дыялектным размеркаванні гл. МАПГ, 3, к. 106) як ’мера’ адзначаецца таксама з XIV ст. Параўн. яшчэ палаб. klád ’бочка’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыя для бел. мовы нельга выключыць уплыву польскай мовы, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць і рус. валаг. колода ’кадка-дуплянка’, а таксама сведчанне аб ужыванні гэтага слова на захадзе (хоць не выключана, што тут на ўвазе меліся зах.-бел. фіксацыі).

Кало́да6 ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’ (Жд. 3; міёр., З нар. сл.; Мат. Маг.), калотка ’тс’ (міёр., З нар. сл.). З прычыны рэгулярнага характару пераносу ад калода1 цяжка з упэўненасцю меркаваць аб статусе слова. Магчыма, незалежныя ўтварэнні па распаўсюджанай мадэлі.

Кало́да7, колода ’палатно, якое кладуць на крышку труны’ (стол. Нар. лекс.). Мясцовы перанос ад колода ’труна’. Рус. валаг., арханг., кастр., маск. і інш. колода ’труна, выдзеўбаная з суцэльнага дрэва’. Цяжка меркаваць аб старажытнасці пераносу колода ’трупа’ ад колода ’бервяно і да т. п.’ (калода1), магчыма, архаічнае ўсх.-слав., яшчэ да прыняцця хрысціянства (параўн. рэгіянальны палескі звычай пакідаць па могілках бервяно-лодку для нябожчыка); магчыма, спачатку колода ’лодка’ (з такім значэннем у рус. гаворках — жыздр., калуж. і інш.), якое пазней злілося з паняццем ’труна’.

Кало́да8 ’божая кароўка, Coccinella septempunetata’ (Жд. 3; Шатал. З жыцця, Сцяшк.). Паводле матэрыялаў Шаталавай (З жыцця, 166 і наст.), колода ’божая кароўка’ пашырана ў брэсц., івац., навагр., стол., малар., пін. гаворках, а ў кам.кулода. Апрача гэтага, у злучэннях: калода‑багода (клец., пруж.), колода‑волода (кам.), Матруна‑колода (брэсц.), Андрэйка‑калода, дранчык‑калода (слуц.). Матруна‑колодыця (кам). Далей сюды ж калодачка ’тс’ (лід., Сл. паўн.-зах.), параўн. у ілюстрацыі: «У нас называюць калодачка, а божая кароўка — красненькая ў зямлі». Магчыма таксама, што прыгаворы № 626 (Кацілася калода…) і 627 (Гнілая калода…), віц. і ў Дабравольскага (нумерацыя паводле выдання «Дзіцячы фальклор», Мн., 1972) таксама адлюстроўваюць гэту назву. Апошнія значна б пашыралі ў такім выпадку геаграфію слова, якую інакш неабходна кваліфікаваць як паўднёва-заходнюю (з выхадам за межы палескага арэалу). Дакладныя адпаведнікі да бел. слова адсутнічаюць. Пакуль што неабходна кваліфікаваць назву або як бел. інавацыю, або архаізм, або, што не выключана, як запазычанне (ці кальку). Адносна апошняга ніякага пэўнага матэрыялу няма, аднак наяўнасць у слав. мовах запазычанняў для назвы Coccinella ў прынцыпе дапускае такое тлумачэнне для бел. слова. Фармальнае супадзенне назвы з калода1 яшчэ не азначае неабходнасці прыняць такую этымалогію як канчатковую. Разам з тым такая сувязь была несумненнай для Шаталавай (З жыцця, 174), якая мяркуе, што назва магла ўзнікнуць паводле знешняга падабенства да рэаліі. Па сутнасці, той жа думкі прытрымліваецца Уцешны (ОЛА, 1975, 19), які разумее бел. лексему як назву паводле прадмета. Нават калі яго меркаванне правільнае, яно патрабуе ўдакладнення. Іншыя назвы з гэтай класіфікацыйнай групы, паводле таго ж аўтара, усх.-слав. korbъka і чак. gospa škrinica «каробка божая» (пра божую кароўку). Адзначым, што семантыка прыведзеных лексем дапускае два тлумачэнні. Паводле першага — ўсх.-слав. коробка, чак. škrinica можна разумець як ’ёмішча’ і такім жа чынам разглядаць беларускую назву, для якой неабходна такую семантыку рэканструяваць (’пасудзіна, бочка’, ’наогул пасудзіна’). Матывацыя назвы божай кароўкі ў такім выпадку не вельмі зразумелая. Паводле другога тлумачэння, калода, коробка — назвы пераносныя, параўн. бел. калода ’тоўстая жанчына’, рус. смал. коробка ’маленькая тоўстая або цяжарная жанчына’, параўн. да апошняга рус. калін. бабочка‑коробочка ’нейкі від матылька’. Семантыка рус. дыял. коробка, коробочка, дзе значэнні ’тонкі дашчаты гнуты дах пад ганкам’, ’кошык’ і да т. п. сустракаюцца паслядоўна (параўн. яшчэ пашыранае коробиться, коробатиться, перм. коробка ’сагнутая частка спіны курыцы ці качкі’) дазваляе меркаваць, што асноўвай назвай такога тыпу для божай кароўкі магла быць коробка, у той час як бел. калода — толькі калька гэтай назвы. Параўн. адпаведнае да прыведзенай рус. назвы бел. брэсц. бабочка‑коробочка ’божая кароўка’; слова на той жа тэрыторыі; такім чынам, калька магчымая. Супраць такой версіі — відавочна іншая семантыка ўсх.-слав. колода і короб/коробка. Іншыя версіі: згодна з думкай Уцешнага, ОЛА, 1975, 28–29, 31, для назваў божай кароўкі былі характэрнымі розныя трансфармацыі бел. багоўка (кароўка-багоўка), для іншых — кантамінацыя і да т. п. У прыватнасці, ад’ідэацыю і скажэнне формы нельга выключыць і для рус. коробка і пад., і для бел. калода, у такім выпадку зыходнай для іх з’яўляецца агульнавядомае korvъka. Аднак, калі такое тлумачэнне для назвы коробка (< коровка) можна прыняць, сумненні адносна слова калода застаюцца. Фармальная варыянтнасць слав. тэрмінаў для Coccinella дазваляе прыняць і такое меркаванне, тым больш, што трансфармацыі адбываюцца ў рыфмаваных кантэкстах дзіцячых прыгавораў, аднак іменна апошні факт дазваляе прапанаваць яшчэ і наступнае тлумачэнне назвы. Так, для шэрагу бел. тэкстаў лексемы калода, пень‑калода з’яўляюцца характэрнымі. Параўн. прыклады з «Дзіцячага фальклору», 363 і наст.: «Божая кароўка, што заўтра будзе — Дождж ці пагода, пень ці калода?» Нельга выключыць, што бел. слова таксама эксцэрпіравана з вышэй прыведзеных і іншых тэкстаў.

Кало́да9, колода ’рад саломы на страсе’ (ТС). У ілюстрацыі: «Колода — одзін шар соломы, як стромчэйша хороміна, то дзев’яць колод» (ТС, 2, 207). Далей, магчыма, сюды ж таксама тур. жыто як колода ’густое, добрае жыта’, тое ж і адносна травы, трава колодою ’густая трава’. У беларускіх гаворках адпаведнікаў да гэтых лексем не выяўлена; тут або інавацыя, або архаізм. Магчыма, да калода ’трубка палатна’ (адкуль вычляняецца семема ’шчыльна скручанае’?). Звяртаюць па сябе ўвагу таксама некаторым славянскія ўтварэнні, дзе семантыка «густаты» з’яўляецца відавочнай. Можна прывесці ўкр. колода ’(у ганчароў) партыя місак, да 35 штук, укладзеных адна ў другую; ставіцца бокам у ганчарную печ’ (прыклад двухсэнсоўны, можа, тут перанос паводле падабенства ад колода ’бервяно’), ’чарада’ («Колода — отара, як іде тісно, не в роспаш», Грынч., 270), рус. кастр. колода ’самы вялікі лік (у мове дзяцей)’, новасіб. ’група людзей, якія носяць адно прозвішча і звязаныя паміж сабой сваяцтвам’. Адносна бел. слова яшчэ мяркуецца (Цыхун, вусн. паведамл.) аб магчымасці ўтварэння ад калода ’сям’я пчол’; неабходна адзначыць, што сям’я пчол яшчэ не азначае ’рой’, семантыка якога была б больш падыходзячай. Звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ і рус. новасіб. крыша колодой ’двухсхільны дах’, у сувязі з якім узнікаюць няпэўныя асацыяцыі з калода ’вулей’, паколькі ёсць рус. колода ’вулей’ і колодезня ’пакрышка на вулей’. Магчыма, у такім выпадку бел. калода першапачаткова ’страха як крышка ў калоды (вулля)’. Аднак, паводле словаўтварэння і інш. прычынах, гэта вельмі няпэўна. Магчыма, усё-такі ў сувязі з колькасцю саломы, якая патрабуецца для пакрыцця даху? Параўн. у такім выпадку, з аднаго боку, рус. куйбыш. колода ’укладка з дзесяці-пятнаццаці снапоў’, а з другога — ст.-рус. колотка ’маток (карункаў і да т. п.) пэўнай таўшчыні’.

Кало́да10, колода ’кавалак або трубка палатна’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Рус. колодка ’кавалак карункаў даўжынёй у 10 аршын’ неабходна суадносіць хутчэй са ст.-рус. колодка ’маток мішуры, карункаў і да т. п. пэўнай таўшчыні’. Бел. колода ў такім выпадку — мясцовы перанос ад калода ’выдзеўбанае дрэва’. Што датычыць семантыкі, параўн. калодачкі ’пянёўе ў птушак’, рус. колодка пера і да т. п., гл. таксама Аткупшчыкоў, Из истории, 124–126, дзе для прасл. kolda наогул у якасці зыходнай семантыкі мяркуецца значэнне ’нешта выдзеўбанае’. Такім чынам, тураў. калода сапраўды ’трубка палатна’, параўн. да семантыкі яшчэ і наступнае слова, а таксама бел. калодка ў коле і трубка ’тс’.

Кало́да11 ў выразе жыто ў колодзе ’жыта, якое яшчэ не выкаласілася’ (ТС). Параўн. у прыкладзе: «На Юрэй, як хорошэго году, то жыто ў колосе, а як плохого — то ў колодзі» (ТС, 2, 207). Тут калода ’трубка’ (жыта ў фазе трубкавання, утварэння трубкі — сцябла). Тая ж семантыка і ў тураўскай назве для трубкі палатна — колода, магчыма, сюды ж рус. колодка пера; адносна семантыкі (’пяро з поласцю’) параўн. укр. дыял. колодка ’першае пер’е маладой птушкі’, далей звяртае ўвагу калодка ’ступіца кола’ і трубка ’тс’. Не выключана, што палес. кадыца ’ступіца’ таксама адлюстроўвае тую ж семантыку. Сюды, відаць, і бел. калода ’студня’, дзе калода ’выдзеўбанае дрэва’, фактычна ’труба’. Статус бел. слова — магчыма, усх.-слав. архаізм.

Калода12 ’камплект ігральных карт’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС), укр. колода ’тс’, рус. колода карт, дзе адзначаецца з канца XVIII ст. Паводле крыніц бел. слова і характару рэаліі можна думаць, што яно запазычана з рус. мовы. Паводле Шанскага, II, К, 208, колода (ігральная) утворана лексіка-семантычным спосабам на базе колода ’абрубак дрэва’; у аснову назвы пакладзена падобнасць поўнай калоды карт з калодкай, абрубкам дрэва. Наіўнасць такой этымалогіі відавочная, разам з тым неабходна адзначыць, што пошукі этымона на ўсх.-слав. глебе могуць быць і небесперспектыўнымі. Так, параўн. шэраг фактаў, сабраных намі (гл. калода), а таксама рус. дыял. колода ’цюк, звязка рыбалоўных снасцей (сетак) у 50 «делей» (г. зн. кускоў пэўнай велічыні)’ (Касп.), ’частка рыбалоўнага невада — адно звяно ў сетцы («дели»). Гэтыя факты дазваляюць меркаваць пра наяўнасць лічбавага значэння ў слове колода, якое магло складвацца рознымі спосабамі, у тым ліку і на базе розных мер ёмістасці. Было і нейкае даўняе значэнне ў гэтага слова, аб якім пісаў Даль (калода ’сто мільёнаў’) і якое адзначана ў рус. кастрам. (у мове дзяцей) як ’самы вялікі лік’. Разам з тым, няма дакладвай інфармацыі адносна лічбавага значэння слова колода, якое б супадала з колькасцю карт у калодзе (52). Рус. колода ’цюк з 50 сетак’ можна разумець па-рознаму, да таго ж зафіксавана яно толькі аднойчы. Магчыма, большую увагу неабходна звярнуць на ст.-рус. колотка ’футляр’, у такім выпадку першапачатковая семантыка назвы ’футляр’, ’запакаваныя карты’, ’набор, камплект карт наогул’. Цікава адзначыць і рус. дан. колодочка серняков ’каробка запалак’. Аднак галоўнае не ў гэтым, паколькі ў даным выпадку сам характар рэаліі патрабуе ў першую чаргу праверкі магчымага іншамоўнага ўплыву. У сувязі з гэтым адразу звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўласна запазычання быць не магло — аб гэтым сведчыць празрыстая форма рус. слова. Аднак, паводле семантычнага крытэрыю, непасрэдную сувязь з калода ’бервяно’ дапусціць нельга (як перанос). Думаецца, што рус. колода (карт) неабходна суаднесці талия/талья (карт). Даль (2, 719) тлумачыць: апрача рус. мовы, слова ведае ў тым жа значэнні польск. мова (taija). Фасмер не звяртае ўвагі на гэту лексему, у той час як яна непасрэдна суадносіцца з адпаведнай тэрміналогіяй у зах.-еўрап. мовах. Можна спаслацца на ням. Taille ’новая калода карт’, Taill schlagen ’пачынаць новы круг у гульні’, taillieren ’тасаваць карты’ (і ’адкрываць’), франц. tailler ’банкаваць’, якія, відаць, толькі часткова адлюстроўваюць як даўнюю картачную тэрміналогію, так і сувязі з асноўным значэннем зыходнага дзеяслова ’рэзаць, сячы і мн. інш.’, параўн. семантыку франц. tailler, італ. tagliare. Значэнне ’абрубак’ (< ’сячы’) не падаецца сучаснымі слоўнікамі для вытворных ад гэтых дзеясловаў, аднак лёгка рэканструюецца. Апрача таго, Мартынаў (вусн. паведамл.) звярнуў увагу на славеснае запазычанне (з італ.) táija ’калода, абрубак бервяна’. Мяркуем, што зацямненне матывацыі вышэй прыведзеных тэрмінаў, празрыстая сувязь з дзеясловам tailler і вытворнымі, у шэрагу якіх значэнне ’абрубак’ павінна было быць адным з асноўных або лёгка рэканструявацца ў рус. двухмоўным асяроддзі. Такім чынам, рус. колода — этымалагічная калька з адпаведнага зах.-еўрап. тэрміна; пры гэтым не выключана, што сам тэрмін не проста быў страчаны, а ўзнік як эфемер ва ўмовах двухмоўя. Апошняе меркаванне не выключае магчымасці звычайнага (аднак з этымалагізацыяй!) калькавання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)