прыспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак., каго-што.

1. Выклікаць сон, прымусіць заснуць, лёгшы побач. — Паспрабуй іх [дзяцей] укласці, яны двойчы мяне самога прыспалі, шпакі гэтыя. Шамякін. Ледзь пацямнее, бяжыць у каноплі [Васіль] і чакае, ніяк не дачакаецца, калі яна нарэшце прыспіць мужа і прыйдзе да яго. Сачанка.

2. Разм. Выпадкова задушыць у сне (дзіця).

3. перан. Прытупіць, паслабіць увагу, пільнасць і пад. Мае думкі, жаль няўтульны Ты прыспі, прыспі! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

внуша́ть несов.

1. (вызывать) выкліка́ць; (возбуждать) абуджа́ць; (вселять) усяля́ць, пасяля́ць, надава́ць; (навевать) навява́ць; (лечить внушением) унуша́ць;

э́то внуша́ет мне отвраще́ние гэ́та выкліка́е (абуджа́е) у мяне́ агі́ду;

его́ вид внуша́ет мне опасе́ние за его́ здоро́вье яго́ вы́гляд выкліка́е ў мяне́ (пасяля́е ў мяне́, навява́е мне) бо́язь за яго́ здаро́ўе;

внуша́ть страх выкліка́ць страх;

2. (поучать) навуча́ць; угаво́рваць; (подговаривать) намаўля́ць; (убеждать) перако́нваць;

всегда́ внуша́л ему́, что необходи́мо занима́ться заўсёды ўгаво́рваў (перако́нваў) яго́, што трэ́ба займа́цца;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Весяліць ’рабіць вясёлым, забаўляць, выклікаць весялосць’, сюды ж весяліцца ’рабіцца вясёлым’ (КТС, БРС, Касп.), укр. веселити(ся), рус. веселить(ся), ст.-рус. веселити (з XII ст.), польск. weselić (выходзіць з ужывання) ’весяліць, цешыць, радаваць’, weselić się ’весела праводзіць час, радавацца’ (ужывае А. Міцкевіч), в.-луж. wjeselić so ’радавацца’, чэш. veseliti se ’быць вясёлым, весяліцца’, славац. veseliť sa ’забаўляцца, радавацца, весяліцца’, славен. veséliti ’рабіць задавальненне, весяліць, радаваць, захапляць, быць мілым’, veselíti se ’радавацца, весяліцца, забаўляцца’, серб.-харв. весѐлити(се) ’тс’, макед. весели(се) ’весяліць’, балг. веселя(се), ст.-слав. веселити ’тс’. Праславянскі дзеяслоў, які выражае стан, утвораны ад veselъ (гл. вясёлы) і суф. ‑iti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́кса, ла́кса, ляксу́ха ’панос’, ля́ксы ’хвароба ад моцнага паносу’, ляксава́ць ’слабіць’ (Нас., Касп., Федар. 1; лаг., Сл. ПЗБ; мін., КЭС). Праз польск. laksa, taksacja, laksować ’тс’ з с.-лац. laxare ’прачышчаць, выклікаць панос’, якое з лац. laxāre ’адпускаць, аслабляць, рабіць больш вольным, вялым, слабым’ < laxus ’прасторны, слаба нацягнуты, лагодны’ (Слаўскі, 4, 32) < і.-е. *slēg‑ (лат. leg̓ēns, ірл. lace, ст.-ісл. slakr, ст.-в.-ням. slach ’вялы, абвіслы, слаба нацягнуты’; асец. læx/l̥æxæ ’кал, экскрэменты’, якое, аднак, Абаеў (2, 39) лічыць каўказскім словам). Бел. в.-дзв., міёр., віл., аляксей, ляксей (Вештарт, Бел.-польск. ізал., 20) утварыліся ад лякса пад уплывам народнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́давацца ’адчуваць радасць’, ра́даваць ’прыносіць, выклікаць радасць’ (ТСБМ), рус. ра́доваться, радовать, укр. ра́дуватися, ра́дувати, польск. radować się, чэш. radovati se, славац. radováť sa, в.-луж. radować so, славен. radovati se, серб.-харв. ра̏довати се, балг. радвам се, ст.-слав. радовати сѧ. Прасл. *radovati sę (< *radъ). Слова не мае роднасных сувязей у іншых і.-е. мовах, акрамя некаторых моў германскай групы. Тут мяркуецца і.-е. корань *red‑ (: *rod‑) ’радасны, вясёлы’, ’падбадзёрваць’; славянскія словы з прасл. коранем *rad‑ супастаўляюцца з англ.-сакс. rōt ’радасны’, ’вясёлы’, ст.-ісл. rǿtask ’станавіцца вясёлым, ясным’ (Покарны I, 853; Фасмер, 3, 429 з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́шчыцца ‘ўглядацца’ (Юрч. СНЛ). Відаць, першапачатковае значэнне ‘шырока раскрываць, вылупліваць, вытрэшчваць вочы’, гл. вы́трашчыць. Слова з праблемнай этымалогіяй, параўн. рус. таращить (глаза) ‘напружана ўглядацца’, для якога Фасмер (4, 23) дапускае сувязь з трахнуть ‘стукнуць, трэснуць’, гл. трахаць. Борысь (720) на аснове чэш. třeštit ‘шалець, выходзіць з сябе’, ‘вылупліваць вочы’, дыял. treščit ‘стукаць’, ст.-чэш. treščiti ‘грукаць, трашчаць, лятаць з трэскам’, славац. trieštiť ‘разбіваць’, харв. і серб. старое trieštiť ‘трэснуць, ударыць (пра гром)’, славен. treščitiвыклікаць трэск, грукат’, ‘стукаць (пра маланку)’, ‘кідаць раптоўна, шпурляць’ мяркуе, што першаснае значэнне магло быць ‘адкрываць з трэскам’ (вобразна і пра вочы). Гл. трашчаць, трэснуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

возбуди́ть сов.

1. (вызвать) вы́клікаць; (пробудить) узбудзі́ць, абудзі́ць;

2. (поднять, предложить на обсуждение) узня́ць, узбудзі́ць; (начать) распача́ць; заве́сці;

3. (настроить) настро́іць;

4. (привести в состояние нервного подъёма) узбудзі́ць; (взволновать) усхвалява́ць, узру́шыць; (распалить) распалі́ць; см. возбужда́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

разварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.

1. Варушачы, раскінуць што‑н. складзенае, сабранае. Сцёпка разварушыў вогнішча і прыгарнуў бульбу вуголлем. М. Ткачоў. Васіль падышоў да брычкі, адвязаў лейцы, разварушыў свежае сена на сядзенні. Савіцкі. А вецер раптам друз разварушыў І разгарнуў стары вучнёўскі сшытак. Бураўкін. // Прывесці ў рух, прымусіць варушыцца. Язэпка падняўся, разварушыў сяк-так ногі і пайшоў, кульгаючы, па ржэўніку. Якімовіч. — Прачнуўся раз пад раніцу — не магу паварушыцца, зусім закалеў. Сяк-так устаў, разварушыў косці. Дамашэвіч.

2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Паварушыўшы што‑н., раздражніўшы каго‑н., выклікаць хаатычны рух; вывесці са стану спакою. Разварушыць звера ў бярлозе. □ Мне шкада было бачыць, як разварушаныя чмялі сіратліва кружацца над сваёй разбуранай хатай. Грамовіч. [Салдаты] беглі і паўзлі, нібы з разварушанага мурашніка, залягалі і падымаліся зноў. Грахоўскі.

3. перан. Разм. Вывесці са стану апатыі, абыякавасці; ажывіць. Часамі ўдавалася .. [Тукалу] разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі і смяяўся такім заразлівым смехам, што нельга было не паддацца яму. Колас. Вікторыя і так і гэтак загаворвала з .. [Генадзем], але не дала ніяк рады яго разварушыць. Сабаленка. // Выклікаць жаданне дзейнічаць, займацца чым‑н. Шмат папрацавалі Аня і яе сябры-актывісты, пакуль разварушылі вясковую моладзь, зацікавіла яе камсамольскімі справамі. Кухараў.

4. перан. Разм. Прабудзіць, выклікаць, узмацніць (якія‑н. думкі, пачуцці і пад.). Бабуля нешта думае. Казка, відаць, разварушыла ўспаміны. Брыль. // Расхваляваць, пазбавіць спакою. Разварушыць душу. □ Палонны пайшоў на кватэру засмучоны, пануры. Усё гэта, гэтае спатканне і гаворка, разварушылі яму сэрца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казыта́ць, казычу, казычаш, казыча; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб. Сена казытала то шчаку, то шыю, то забівалася за каўнер. Лупсякоў. Лейба прыціснуў да губ голы жывоцік маленькае Ханы, і яна смяялася і дрыгала ножкамі, бо доўгая барада і вусы казыталі яе. Чарнышэвіч. // Выклікаць лёгкае раздражненне ў носе, горле (пра моцны пах, дым і пад.). Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос, — такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Бядуля. Прагорклы пах газы і гарэлага машыннага масла казытаў ноздры. Хадкевіч. // безас. Пра раздражненне ў горле, носе. Ад болю крывіўся.. [Бораў] твар, вочы наліваліся нечым пякучым, а ў горле казытала, нейкая горнасць апаноўвала ўсяго. Кавалёў. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй сыпаліся слёзы. Гурскі.

2. перан. Прыемна ўзбуджаць. Тое, што Грамабой хваліў яго за добрасуседскае абыходжанне, казытала трохі Язэпаў гонар і як бы ўзнімала яго вышэй над Рыгорам. Крапіва. Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звані́ць, званю, звоніш, звоніць; незак.

1. Выклікаць, ствараць звон, удараючы ў што‑н., чым‑н. Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! Колас. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч. // Ствараць звон (пра які‑н. механізм, апарат). Будзільнік звоніць. Куранты звоняць. Тэлефон звоніць. // Падаваць сігнал званком. Званіць на ўрок. // Удараць у звон, апавяшчаючы пачатак службы ў царкве. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць, як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы або як звоняць на імшу ў касцёле ці царкве. Чорны.

2. перан. Разносіць чуткі, плёткі; нагаворваць на каго‑н. — Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Шамякін.

3. Выклікаць да тэлефона званком тэлефоннага апарата; гаварыць па тэлефоне. — Мне не званілі? — на хаду запытаўся сакратар. — Не, — адказала Зоя. Асіпенка. Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне. Шыцік.

•••

Званіць ва ўсе званы — расказваць усім пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)