Віха́ць ’віхляць’ (Нас.), віха́цца ’віхляцца’ (БРС, Касп., Бяльк.), віханьне (Бяльк.). Рус. вихать ’вагаць, хістаць’ таксама ў складаннях з прыстаўкамі (вы́вихнуць і г. д.), укр. виха́ти ’махаць’, славен. vihati ’вывіхаць, махаць’. Паводле Праабражэнскага, 1, 86 і наст. і Гараева, 50, вытворнае з экспрэсіўным суфіксам ‑х‑ да віць (гл.). Існаванне прамежкавай ступені (назоўніка *vixъ, які ад віць пры дапамозе суфікса ‑х‑, як смех, успех і г. д.) (Шанскі, 1, В, 112), відавочна, не абавязковае. Буга (РФВ, 75, 153) параўноўвае з літ. viskù, viškė́ti ’вагацца, знаходзіцца ў руху’, прычым мяркуемае літ. *viškù пераўтворана ў viskù пад уплывам літ. vizgù, vizgė́ti ’варушыцца, шавяліцца’. Фасмер (1, 324) лічыць гэта няпэўным. Іліч–Світыч (ВЯ, 1961, 4, 98) услед за Мацэнауэрам ставіць пытанне аб адпаведнасці слав. ‑x‑ балт. ‑zg‑ у сярэдзіне слова і слав. *vixati непасрэдна супастаўляе з літ. vizgė́ti, vizgúoti ’віхляцца’, vìzginti ’вярцець хвастом’. Параўн. віхляць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напаў- — першая частка складаных слоў напаўгнілы, напаўдзікі, напаўмёртвы і г. д., якая абазначае частковую прысутнасць прызнака, выражанага ў другой частцы слова. Да напоў (*напол) ’напалавіну’ (гл.). Баханькоў (Весці АН БССР, 1981, 1, 120) беспадстаўна лічыць названыя словы недакладнымі калькамі з рус. полугнилой, полумертвый і інш., хутчэй тут прысутны ўплыў польск. napółdziki і пад., паколькі ў народнай мове такога тыпу ўтварэнні сустракаюцца рэдка, параўн., аднак, напоўсмерць, напоўсмерці ’страшэнна, да паўсмерці’ (ТС) і пад., якія паказваюць, што першапачаткова падобныя ўтварэнні ўзніклі сярод прыслоўяў, а потым распаўсюдзіліся і на прыметнікі. Зубаты лічыць утварэнні тыпу чэш. na půl пазнейшымі, першаснымі былі спалучэнні са склонавай формай падвойнага ліку na poly, параўн. чэш. na poly živý ’напаўжывы’, польск. napoły pijany ’напаўп’яны’, што ўжывалася паралельна з napół (Зубаты, Studie, 171). Выказваецца думка пра ненатуральнасць утварэнняў з напаў‑ у беларускай мове (параўн. Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989, 162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нацкну́ць ’падтыкнуць, прыпомніць, навесці на думку’ (Арх. Федар.). Каранёвая частка дзеяслова атаясамліваецца з адпаведнай марфемай у польск. ocknąć ’разбудзіць, вывесці са сну’, якое выводзяць з *octnąć (Варш. сл., 3, 556), адпаведнага чэш. oc(i)tnoutiy славац. ociinüť ’прывесці да прытомнасці’, параўн. чэш. cititi ’адчуваць’ і пад.; калі прыняць этымалогію Махэка (Studie, 41) — з прасл. ot‑jьtnęti, што адпавядае літ. atjusti, atjuntu ад justi, juntu ’адчуць’; усходнеславянская форма ў гэтым выпадку была б *от‑чтнутьу параўн. рэальна зафіксаваныя рус. очкнуться (КСРНГ), бел. ачхнуць, гл. ачнуцца. Такім чынам, па форме нацкну́ць трэба разглядаць як запазычанне, аднак у польскай мове такога дэрывата не выяўлена. Затое названая форма вельмі блізкая да нацу́кнуць ’падбухторыць’, якое Насовіч адносіць да цу́кнуць ’нацкаваць; падбіць на дрэнны ўчынак’ (гл.), параўн. таксама наткнуць ’напомніць, нагадаць’ да цікнуць ’раптоўна ўспомніць’ (гл.), што можа сведчыць пра іншае паходжанне слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Начле́г ’начоўка; пасьба коней ноччу’ (Яруш., ТСБМ), ’вывад коней на пашу ўначы’ (Бяльк.), ночле́г ’тс’ (ТС), сюды ж начлягава́ць ’пасвіць коні ноччу’ (Жд. 2), ’начаваць’ (Сл. ПЗБ), начле́жкі ’вячоркі’ (Мат. Маг., Сл. ПЗБ), начл́жнік, начле́зьнік ’той, хто пасе коней ноччу’ (Шн. 2, Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.), ночле́жнік ’той, хто водзіць коней на начлег; той, хто просіцца пераначаваць або начуе ў чужых’ (ТС), нацле́жнік ’хто начуе не дома; начны стораж коней, што пасуцца ў полі’ (вілен., гродз.; ковен., Нас.), укр. ночлі́г ’пасьба коней ноччу пастухамі’, рус. ночле́г ’начоўка; пасьба коней ноччу’, польск. nocleg ’месца начнога адпачынку і сам адпачынак па-за домам’, noclegować ’начаваць у час падарожжа; пасвіць коней уначы’, чэш. nocleh ’начоўка’, славац. nocľah ’тс’. Ад ноч і ляжаць, гл. Фасмер, 3, 86; утворана шляхам непасрэднага словаскладання, што сведчыць пра архаічны характар слова, параўн. ст.-рус. ночьлѣгъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахлу́п ’суцэльнае бервяно, якое кладзецца над вокнамі, дзвярамі’ (Інстр. лекс.), ахлупавата ’не крута’, ахлупны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.), рус. о́хлуп, о́хлупь ’вільчык, верхняя частка страхі’, о́хлупень ’тс’. Звязана з гукапераймальным хлопаць ’стукаць, ляскаць, выдаваць адрывістыя гукі’ чаргаваннем галоснага асновы, якая мае значэнне ’выдаваць шум, закрываючы ці адкрываючы адтуліну’, параўн. захлупі́цца ’задыхнуцца (ад раптоўнага недахопу паветра)’, рус. бранск. адхлупнуть ’адклеіцца, адстаць’, балг. захлупвам ’закрываць накрыўкай, пераварочваць уверх дном’, захлупак, похлупак ’накрыўка’ (адносна апошніх гл. Мірчаў, БЕ, 10, 2–3, 218–220); з захаваннем галоснага о рус. захлопнуть ’рэзка закрыць’, захлопка затычка’, славац. chlopňa ’накрыўка’; Махэк₂ (287) выводзіць рус. охлупень ад *xlupěti ’вісець, падаць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага *xlup — для абазначэння розных рухаў, галоўным чынам раптоўных, нечаканых (там жа, 200 і наст.). Неверагодна перш за ўсё па лінгвагеаграфічных прычынах адносна рускага слова Фасмер, 3, 176 (з о‑ і хлупь ’хвост’, ’гузка ў птушак’). Параўн. ашлап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабёла ’пуп, частка жывата ў абсягу пупа’ (Некр.). Паколькі ненаціскное а можа адлюстроўваць розныя гукі, то можна думаць пра сувязь з праслав. bab‑, bob‑, bǫb‑ — асновы для абазначэння розных прадметаў, у прыватнасці круглых (аб гэтай аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 169–171). Аднак найбольш верагодным здаецца паходжанне ад bǫb‑ (параўн. Бернекер, 78–79), што азначае ’штосьці круглае, надутае’. Тады бел. слова да праформы bǫb‑elъ, bǫb‑elь (параўн. bǫbъlʼь, Бернекер, 78; польск. формы bąbel, bąbol, Слаўскі, 1, 29). Аснова bǫb‑ вельмі разгалінаваная (гл. Бернекер, 78–79; Фрэнкель, 33) і вядома амаль ва ўсіх і.-е. мовах. Да семантыкі параўн. пуп (слав. pǫpъ, глухі варыянт да bǫb‑, таксама ў розных значэннях). Параўн. літ. bámba ’пуп’, bam̃balas таўстун’, нарв. bembel ’пуп’ (Фрэнкель, там жа). Суфіксальная відазмена bǫbelъ > бел. бабёла як у жывёла (параўн. ст.-польск. żywioł, ст.-чэш. živel, zivěl ’animal’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́біць1 ’бабіць, прымаць дзіця ў парадзіх’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Гарэц., Бір. Дзярж., Др.-Падб., БРС), ’рэзаць пупавіну’ (Жд.). Прасл. babiti ’тс’ (вытворнае ад baba, гл. ба́ба1): рус. ба́бить, укр. ба́бити, польск. babić, чэш. babiti, серб.-харв. ба̏бити і г. д.

Ба́біць2 ’цацкацца, насіцца’ (Юрч.), ба́быть (палес., Лысенка, ССП) ’цешыць, няньчыць’. Семантычнае развіццё ба́біць1 (гл.).

Ба́біць3 ’вабіць (птушак)’ (Маш.). Паходжанне гэтага слова не зусім яснае. Агульнаслав. паляўнічы тэрмін быў vabiti ’вабіць голасам’ (гл. Махэк₂, 673). Таму можна думаць, што палес. ба́біць з’яўляецца: 1) або фанетычнай трансфармацыяй vabiti (асіміляцыя vb > bb); 2) або перараскладам прэфіксальнага дзеяслова ob‑abitі < ob‑vabiti. Не выключаецца, аднак, сувязь з ба́біць ’цешыць, няньчыцца, цацкацца’ (гл.). Цікава, што палес. ба́біць, ба́бік (гл.) мае дакладную паралель у зах.-слав. мовах: польск. wabić, wabik, славац. vábiti, vabik вабік для прываблівання птушак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барэткі жаночыя туфлі’ (Касп.). Рус. дыял. баре́тки ’розныя віды жаночага абутку’ (смал., тул., свярдл., ярасл. і г. д.), баре́ты ’модныя чаравікі’ (данское). Паводле Шанскага, 1, Б, 43, магчыма, запазычанне з ісп. мовы (ісп. barreta ’скураная сцілка’). Няпэўна. Параўн. рус. дыял. баре́товый ’скураны’ (?): Надевал перчаточки баретовые (з песні). Зыходзячы з рус. дыял. варыянта буре́тки ’жаночы абутак’, можна лічыць, што слова таго ж паходжання, што і рус. буре́т, польск. burat, buret, boradek, boratek ’гатунак баваўнянай ці шарсцяной або шаўкова-шарсцяной матэрыі, якая мела ўзоры і зажывалася на парцьеры і для пакрыцця мэблі’ (а гэта з франц. burat, італ. buratto; Варш. сл., 1, 190, 235, 236). Тады значэнне ’скураны абутак’ другаснае, а першаснае ’абутак з матэрыі’ (гэта значэнне яшчэ вядома ў рус. гаворках). Таксама рус. перчаточки баретовые хутчэй за ўсё ’пальчаткі з матэрыі барету’ (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 69).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́ка1 ’вялікі драўляны малаток’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Нар. словатв., Нар. лекс.). Параўн. літ. kúokas, лат. kúoks ’драўляны молат для гульні або глушэння рыбы’. Беларускае слова (значэнне ’для глушэння рыбы’ зафіксавана, напр., у Касп., 170) запазычана з балтыйскіх дыялектаў (БСЭ, 5, 13–14; Лаўчутэ, Балтизмы, 144).

Ку́ка2 ’фіга’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Бяльк.). Рус. кука ’кулак’. Параўн. балг. кука ’крук’, серб.-харв. ку̏ка ’тс’. Параўн. літ. kukà ’дубінка’, kúoka ’тс’, лат. kùoks ’палка’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі менш надзейныя (Бернекер, 639; Фасмер, 2, 404).

Ку́ка3 ’дзіцячая болька’ (Сцяц., Нар. лекс.), ’тое, чым палохаюць дзяцей’ (Жыв. сл.). Крыніцай беларускіх слоў лічацца літ. kaũkas ’дамавік, чорт’, лат. kauks ’тс’. Запазычанне адбылося да манафтангізацыі дыфтонгаў (Лаўчутэ, Балтизмы, 47).

Ку́ка4 ’стары танец, падобны да карагода’ (ТС). Няясна. Да ст.-грэч. κύκλος ’карагод’? Якімі былі шляхі пранікнення?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)