сацыялі́зм, ‑а, м.

1. Першая фаза камуністычнай фармацыі — грамадскі лад, які ў выніку пралетарскай рэвалюцыі прыходзіць на змену капіталізму і характарызуецца грамадскай уласнасцю на сродкі вытворчасці, адсутнасцю эксплуатацыі чалавека чалавекам, палітычнай уладай працоўных мас пры кіруючай ролі рабочага класа на чале з марксісцка-ленінскай партыяй. Утварэнне і росквіт брацкага саюза савецкіх народаў служыць самым пераканаўчым доказам таго, што толькі сацыялізм адкрывае адзіна правільны шлях да пераадолення варожасці і недавер’я паміж нацыямі, да ўвасаблення ў рэальным жыцці гуманістычнага прынцыпу людзей працы: чалавек чалавеку, народ народу — друг, таварыш і брат. Машэраў.

2. Вучэнне аб пабудове сацыялістычнага грамадства. Навуковы сацыялізм.

3. Назва розных дробнабуржуазных і буржуазных вучэнняў аб рэформе капіталістычнага грамадства на аснове ўраўняльнасці або згладжвання антаганістычных супярэчнасцей. Народніцкі сацыялізм. Хрысціянскі сацыялізм.

•••

Развіты сацыялізм — заканамерная ступень сацыяльна-эканамічнай сталасці сацыялістычнага ладу, калі завяршаецца перабудова ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін на ўнутрана ўласцівых сацыялізму калектывісцкіх пачатках.

Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.

Утапічны сацыялізм — дамарксаўскае вучэнне аб сацыялістычнай перабудове грамадства, якое выходзіла не з аб’ектыўных законаў развіцця, а з абстрактных уяўленняў аб ідэальнай будове грамадства.

[Ад лац. socialis — грамадскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

у..., прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння ўнутр прадмета або асяроддзя, напрыклад: убіць, увезці, уехаць, уплесці, упхнуць; 2) распаўсюджанне дзеяння на ўвесь аб’ект або на частку яго, напрыклад: увешаць, укачаць, утыкаць, удзяліць; 3) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: увязаць, угаварыць, угарнуць, укарміць, усаліць, узгодніць, умаліць; 4) працяканне дзеяння насуперак чаму‑н., напрыклад: уляжаць, усядзець, уцярпець; 5) аддзяленне часткі ад прадмета, змяншэнне або павелічэнне яго колькасці, аб’ёму, змяненне якасці, напрыклад: урэзаць, уцаніць, удвоіць, утроіць, усушыць; 6) устойлівасць дзеяння, напрыклад: устаяцца, угніцца, успацца, угневацца, улегчыся; 7) поўнае паглыбленне ў дзеянне, напрыклад: углядзецца, услухацца, учытанна, удумацца; 8) звычкі суб’екта, яго асаблівыя рысы, напрыклад: унадзіцца, ублытацца, ужыцца; 9) стан суб’екта, напрыклад: упіцца, угамавацца, узрушыцца; 10) узаемнасць дзеяння, напрыклад: угаварыцца, умовіцца, улюбіцца.

II. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў і абазначае: 1) месца, прастору, напрыклад: убок, уверх, угару, улева, управа, уверсе, унізе, удалі, увысі; 2) час, напрыклад: увосень, увясну, узімку, уначы, увечары; 3) меру і ступень, напрыклад: удвайне, утрайне; 4) спосаб дзеяння, напрыклад: употай, увачавідкі, угалоп, уголас, улегцы.

III. Утварае форму закончанага трывання дзеясловаў, напрыклад: уджаліць, укусіць, упісаць, уклеіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».

2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.

3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.

4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.

5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Іма́ць ’браць, прымаць’, ’мець’ (Байк. і Некр.), ’браць, хапаць’, ’біць’, ’мець’ (Нас.), ’браць, мець, перахапіць’ (Др.-Падб.), ’браць, мець, разумець’ (Гарэц.), імя́ць ’браць’ (Касп.), іма́цца ’брацца’, ’разумець’ (Нас.). Рус. дыял. има́ть ’браць’, ’лавіць, хапаць’, ’уладаць, мець’, ’мець намер, жаданне рабіць што-н.; хацець’; укр. іма́ти ’браць, узяць, злавіць, хапаць, схапіць’ (Грынч.), польск. уст. imać ’браць, хапаць’, в.-луж. jimać ’чапаць, хапаць’, н.-луж. jimaś ’браць, хапаць’, палаб. jaimăt ’хапаць, лавіць’, чэш. jímati ’браць, хапаць’, славац. jímať ’мець’, серб.-харв. ѝмати ’тс’, балг. и́мам ’тс’, макед. има ’тс’. Ст.-слав. имати ’хапаць, схопліваць, лавіць, збіраць’, ст.-рус. имати ’браць, збіраць, здабываць, захопліваць’, ст.-бел. имати ’мець; браць; лічыць, прымаць’ (Скарына). Ступень чаргавання да мець (гл.). Прасл. ітэратыў *jьmati () утвораны ад *ęti, *jьmǫ (параўн. няць, узяць), якое ўзыходзіць да і.-е. *em‑; параўн. літ. imù, im̃ti, лат. jęmu, jem̃t, ст.-прус. īmt, лац. emō, emere з тоеснай семантыкай; гл. Бернекер, 1, 425; Фасмер, 2, 128; Слаўскі, 1, 450–451; Трубачоў, Эт. сл., 6, 71; 8, 224–225; Тапароў, 3, 47–49. У апазіцыі *ęt‑*jьmati бачаць адбітак семантычнага супрацьпастаўлення стану (’мець, уладаць’) і актыўнага дзеяння (’браць, захопліваць’); гл. Шанскі, 2, I, 54; Скок, 1, 716 і Безлай, 1, 210, дзе семантычныя паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

атрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Узяць ад каго‑н. што‑н. перададзенае, перасланае. Атрымаць тэлеграму. Атрымаць падарунак. // Узяць грашовую ці якую іншую плату за працу, дзейнасць. Атрымаць зарплату. Атрымаць пенсію. // Аказацца ўзнагароджаным або пакараным. Атрымаць прэмію. Атрымаць ордэн. Атрымаць пяцёрку на экзамене. Атрымаць падзяку. Атрымаць папярэджанне. // Узяць на карыстанне. Атрымаць кватэру. Атрымаць новую машыну. // Пакарыстацца чыімі‑н. паслугамі. Атрымаць медыцынскую дапамогу. Атрымаць кансультацыю. Атрымаць параду. // Набыць якое‑н. званне, годнасць. Атрымаць ступень кандыдата навук. Атрымаць званне народнага паэта. Атрымаць назву. // Узяць на падставе папярэдняй дамоўленасці, згоды. Атрымацца спадчыне. Атрымаць у доўг. // Набыць папулярнасць. Атрымаць прызнанне. Атрымаць шырокую вядомасць. // Набыць якую‑н. якасць у выніку чаго‑н. Атрымаць добрае выхаванне. Атрымаць спецыяльнасць.

2. Прыняць да выканання. Атрымаць загад. Атрымаць заказ. // Набыць права на выкананне чаго‑н. Атрымаць згоду. Атрымаць дазвол. Атрымаць права. Атрымаць слова.

3. Дабіцца, дамагчыся чаго‑н. Атрымаць высокі ўраджай. Атрымаць вялікі надой малака. Атрымаць добрыя вынікі. Атрымаць перамогу. // Аказацца прызначаным куды‑н. Атрымаць пасаду. Атрымаць месца.

4. Здабыць, вынайсці што‑н. у працэсе пошукаў, даследаванняў. Атрымаць бялок хімічным шляхам. Атрымаць новае паліва.

5. Разм. Аказацца пабітым. Атрымаць па заслугах. Атрымаць па шыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эта́п, ‑а, м.

1. Пункт на шляху руху войска, у якім ваеннаслужачыя забяспечваюцца начлегам, харчамі, фуражом. Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб Акруговага этапа. Баранавых.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — пункт для начлегу арыштанцкіх груп, а таксама ўвесь шлях іх руху да месца ссылкі. Лісты пажоўклыя пад ногі Асенні дожджык церабіў, За міляй мілю, праз астрогі, Этапы мералі ў Сібір. Лужанін. // Група, партыя арыштаваных, якая пад канвоем накіроўваецца куды‑н. Балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры. Па шырокім гасцінцы панура этап наш брыдзе. Танк. Забастоўкі фабрык і майстэрняў, этапы высылаемых з Грузіі, лік самагубстваў на Верыйскім мосце.. — усё гэта набліжала развязку, пагібель меншавіцкага ўладарства. Самуйлёнак.

3. Асобная частка чаго‑н. Этап пералёту. // Пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах. Этапы велагонкі.

4. Прамежак часу, перыяд, адзначаны якой‑н. надзеяй; стадыя, ступень у развіцці чаго‑н. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы. Колас. Па-першае, цяперашні этап вызначаецца далейшым паглыбленнем дэмакратычнай асновы Саветаў, расшырэннем сістэмы народнага прадстаўніцтва. Машэраў.

•••

Па этапу (этапам) — у дарэвалюцыйнай Расіі — пад канвоем (пра перасылку арыштантаў).

[Фр. étape.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Патра́ва1, потра́ва ’знішчэнне травы, пасеваў жывёлай’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Касп., ТС; лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), брэсц. потра́вляный ’з’едзены’ (Сл. Брэс.). Рус. потрава ’патрава’, ст.-рус. потравити ’паспасваць пасевы’, серб.-харв. по̏тра ’тс’. Да трава (гл.) < прасл. trava, якое спачатку абазначала ’харч, страву для людзей’, корм для жывёлы’, а пасля ’трава’, ’пэўныя віды траў’ (Брукнер, 575; Скок, 3, 494), а ’корм для чалавека’ — страва (гл.). Лексема trava — аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад truti, trovǫ, як slava < sluti, slovǫ). Пазней ад trava ўтварылася traviti: польск. trawić ’знішчаць’, ’выдаваць’, ’ператраўляць’, ’цкаваць’ і інш., а таксама іншая ступень чаргавання — серб.-ц.-слав. трыти, трыѭ ’церці, сцірацца’, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. троути ’знішчаць’. З traviti пры дапамозе прыстаўкі па‑/по‑ і ўтварыліся патраві́ць ’знішчыць’, патра́ва ’знішчэнне’.

Патра́ва2 ’страва, ежа (пераважна з травы)’ (ТСБМ, Мядзв., Яруш., Шпіл., Гарэц., Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ’вадкая ежа’ (Сл. ПЗБ), ’скаромная ежа’ (Шн. 3), ’вараная (гатаваная) ежа’ (Нас.), ’блюда’ (бяроз., Сл. Брэс.). Укр. потра́ва ’ежа, блюда’, рус. зах., калуж.-маск. потрава ’страва, ежа’, якое Даль (3, 934) выводзіць з польскі ст.-рус. потрава ’збіранне сена, корму’; польск. potrawa ’ежа, блюда’, potraw ’атава (трава)’; чэш., славац. potrava ’ежа, харчаванне’, ’прадукты’, ’корм (для жывёлы)’, серб.-харв. по̀травнина ’плата за выпас’. Да патраві́ць, якое з po‑traviti ’ператравіць, ужыць’, ’карміць травой’, ’знішчаць’. Гл. таксама патра́ва1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́мя (БРС, Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Грыг.), вымянё (Сцяшк.), вы́мэне (Бес.), вы́мне, вымянё (Шатал.), вы́мʼе (З нар. сл.), йи́ме, і́мʼе (Ліс.). Рус. вы́мя, дыял. вы́ме, укр. ви́мʼе, ст.-рус. вымя, род. скл. вымене, польск. wymię, в.-луж. wumjo, н.-луж. humje, чэш. výmě, славац. vemä, серб.-харв. ви̏ме, славен. víme; балг. ви́ме, макед. ви́ме. Роднаснае ст.-інд. ū́har, род. скл. ū́dhnas, лац. ūber, ‑eris ’шчодры; уродлівы; вымя’, грэч. οὖθαρ, род. скл. οὕθατος ’вымя’, ст.-в.-ням. ûtar ’вымя’, ст.-англ. úder (Траўтман, 334; Вальдэ, 810; Праабражэнскі, 1, 104; Мікала, BB, 22, 243). Іншая ступень чаргавання ў рус. у́деть, у́дить ’набухаць’ (Фасмер, там жа; Геаргіеў, 148), якія Якабсон (IJSLP, 1, 1959, 273) далей супастаўляе з уд (гл. вуды). Фасмер (1, 368 і наст.) прыводзіць таксама супастаўленне Фартунатава (у Когена, ИОРЯС, 17, 4, 402) з лац. sūmen, магчыма, з *sū‑ūdhmen ’свіное вымя’ і і.-е. праформу аднаўляе як *ūd(h)men. Аднак, як пераканаўча паказаў Хэмп (Этимология, 1970, 263 і наст.), трэба адмовіцца ад гэтага параўнання і форму *ūd(h)men лічыць балта-славянскай інавацыяй, як гэта меркавалі яшчэ Траўтман (там жа; з і.-е. *ūdh‑r, ūdh‑n‑), Фрыск (2, 442 і наст.) і Махэк₂ (704 і наст.). Параўн. літ. tešmuõ ’вымя’ ад tė̃šti ’набракаць (аб частцы цела або аб вымеш)’. Такім чынам, *ūd(h)men (< ṓudhr, ūdhnés), відавочна, ’набраканне’ (гл. Хэмп, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вісе́ць ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без падпоры, выдавацца’ (БРС, КТС, Касп.). Укр. висі́ти, рус. висе́ть ’вісець’, ст.-рус. висѣти ’вісець; звісаць, навісаць’ (з XIII ст.), польск. wisieć ’вісець; звісаць, абвісаць’, в.-луж. wisać ’вісець’, чэш. viseti ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы’, славац. visieť, славен. visẹ́ti ’вісець’, серб.-харв. ви̏сити, vȉsjeti, макед. виси, балг. вися ’тс’, ст.-слав. висѣтн. Прасл. visěti — другая ступень чаргавання з весіць (гл.) < věsiti, věsъ. Голуб-Копечны (417) мяркуюць, што гэта лексема — толькі славянская; яна не мае надзейных і.-е. адпаведнікаў (Фасмер, 1, 319). Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 125) параўноўвае яе з літ. vaipýtis ’крыўляцца, грымаснічаць’, vypsóti ’быць разявай’, ст.-в.-ням. weibôn ’калыхаць’, лац. vibrāre, ст.-інд. vḕpatē ’дрыжаць’. Згодна з Гольтгаўзенам (РВВ, 66, 272), роднасная да ст.-нарв. ’сцяг’; Леві (IF, 32, 159) збліжае з грэч. ἄττω ’махаю’; зусім іншым з’яўляецца літ. vaĩsius ’плод’ (бо яна звязана з vìsti ’множыцца’, лат. viest ’выхоўваць, гадаваць’) і не звязана з visěti насуперак Мюленбаху–Эндзеліну (4, 670); Педарсан (IF, 5, 44) звязвае з санскр. viš; Младэнаў (68) супастаўляе са сканд. vīkja ’паднімацца’ і літ. vikrùs ’лоўкі, жвавы, кемлівы’, Бернекер — з ням. weihen ’асвячаць’, гоц. weihs ’святы’. Інакш Машынскі (Zasiąg, 198) — са ст.-в.-ням. swīhhan ’аслабець, паддацца’ < і.-е. *(s)u̯eig‑ ’гнуцца’. Абаеў (1, 88) параўноўвае прасл. visěti з асец. awanʒyn//awinʒyn, перс. āvēz‑, āvēxt‑ ’вісець, вешаць’, курд. halavisin ’вешаць’. (Праславянскі іранізм?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́дзіць ’палохаць, спуджваць, прымушаць бегчы’ (Нас.), ’страшыць, палохаць’ (Гарэц., Яруш., Шпіл., Шат., Янк. 2, ТСБМ), pudzić ’страшыць жывёлу’ (Варл.), пу́дыты ’гнаць, разганяць, распуджваць; рэзаць (размашыста)’ (Клім.), пу́дзіцца ’палохацца, імчацца ад перапалоху’ (Нас.), пу́дзіцца ’палохацца, баяцца (пераважна пра жывёлу)’ (Гарэц., Яруш., Мал., ТС); укр. пу́дити ’гнаць’, рус. пу́дить ’палохаць, гнаць’, польск. pędzić ’гнаць’, чэш. puditi ’пабуджаць, падбухторваць’, славац. pudiť ’гнаць’, славен. poditi, серб.-харв. púditi, балг. пъ́дя, макед. пади, ст.-слав. пѫдити ’тс’. Прасл. *pǫditi параўноўваюць з грэч. σπευδω ’спяшацца, старацца; падганяць, прыспешваць’, літ. spáusti, spáudýti ’цясніць, гнясці’, spándyti ’нацягваць’ і інш. Коген (Запіскі, 2, 239), следам за Петарсанам (Vergl., 32), узводзіць названыя формы да і.-е. *(s)peud‑ (з “s mobile”), пры гэтым бел. пудзіць, укр. пудити і пад. адлюстроўваюць, паводле яго, ніжэйшую ступень кораня *speud‑, менавіта, *(s)pud‑ з інфіксам ‑n‑, што дазваляе вытлумачыць фанетычную неадпаведнасць некаторых формаў (насавы галосны ў польскай і славенскай пры чакаемым u), якую Махэк₂ (467) звязвае з экспрэсіўным узмацненнем. Далейшая сувязь з пяць, пну (гл.), пу́та і інш. (параўн. Скок, 3, 68; Сной, 459) здаецца праблематычнай перш за ўсё з семантычнага боку, аднак фармальна мажлівай пры ўзвядзенні да і.-е. *(s)pen‑d < *(s)pen‑ ’цягнуць, расцягваць’ (Глухак, 511). Яшчэ менш пэўная сувязь з пя́дзя (гл.) пры ўзвядзенні да і.-е. *pondh‑/*pendh‑, параўн. лац. pendēre ’вісець’ (Банькоўскі, 2, 537 і інш.). Гл. таксама Фасмер, 3, 402; ЕСУМ, 4, 627.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)