накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.

2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.

3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.

4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Разм. Успамінаць. [«Буржуй»:] — Вы ўжо старое не памінайце: што было, таго няма. Лынькоў. Па мястэчку — Гвардыян ведае — часта памінаюць яго імя. Зарэцкі.

2. Маліцца за ўпакой памёршых. Поп скорагаворкай памінаў імёны забітых. Мікуліч.

3. Спраўляць памінкі, удзельнічаць у памінках. Але гэты наш першы хлеб, Хлеб, з якім паміналі братоў, Сустракалі з няволі сясцёр... Не забудзецца век. Танк.

•••

Не памінай (не памінайце) ліхам — не ўспамінаць блага. [Ніна:] — Бывайце здаровы, не памінайце ліхам. Лобан.

Памінай як звалі — уцячы, збегчы, знікнуць бясследна. За восень у балота так наліло, што ў поцемках можна шуснуцца ў прорву — і памінай як звалі. Дуброўскі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам — успамінаючы, добра адзывацца аб кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае, выказвае ўдзячнасць. Удзячны чытач. □ Мажэйка быў удзячны Івану за тое, што ён падтрымліваў Святлану ў цяжкія дні. Шахавец. [Лабановіч:] — Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне. Колас. [Ваня:] — Век буду ўдзячны, толькі памажыце. Новікаў. // Які прасякнуты ўдзячнасцю, выяўляе ўдзячнасць. Удзячны позірк. Удзячная ўсмешка. □ Многа яшчэ чуецца прыемных і ўдзячных слоў у адрас старога пастуха Ферапонта. Ракітны. — Жэнечка... родны мой... — шапнула [Ліда] і адразу .. заплакала ўдзячнымі слязамі маткі. Брыль. Ва ўдзячнай памяці мінчан навечна астануцца імёны герояў. «Полымя».

2. перан. Які абяцае добрыя вынікі, плён; можа апраўдаць затрачаныя сілы, сродкі. Удзячная тэма. □ Алёша .. лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салю́т, ‑у, М ‑люце, м.

1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.

2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.

•••

Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.

[Фр. salut.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцэні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сцэны (у 1 знач.); з’яўляецца сцэнай. Сцэнічныя падмосткі.

2. Звязаны з тэатрам, тэатральнай дзейнасцю, тэатральным мастацтвам. Сцэнічная дзейнасць. □ Станіслаўскі лічыў, што раўнадушша акцёра да аўтарскага тэксту, якое настае раней, чым паспеў нарадзіцца спектакль, заўсёды згубнае для гэтага спектакля і яго сцэнічнага даўгалецця. «Маладосць». // Які мае адносіны да паказу на сцэне; характэрны для сцэны; прыняты на сцэне. Сцэнічны эфект. Сцэнічныя прыёмы. □ Усім сваім артыстам .. [пан Вашамірскі] прыдумваў сцэнічныя імёны. Бядуля. // Які ствараецца на сцэне, у тэатры. Сцэнічны партрэт героя. □ Сцэнічныя вобразы, створаныя Ірынай Ждановіч, сагрэты і апаэтызаваны яе выключным драматычным талентам. «Полымя». // Прызначаны для сцэны, тэатра. Сцэнічны жывапіс. Сцэнічны варыянт рамана.

3. Які мае патрэбныя для сцэны, тэатра якасці; прыгодны для сцэны, тэатра. Сцэнічная п’еса. □ [Самуйлёнак:] — Напісаць сцэнічны твор не так лёгка. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Расе́я ’Расія, Вялікаросія’ (Байк. і Некр.); сюды ж Расейшчына ’тс’, расе́йскі ’расійскі, рускі’ (Байк. і Некр.), росе́йка ’прыежджая з Расіі’ (ТС). Параўн. рус. дыял. Росе́я, сіб. росе́ец, росе́йцы ’людзі, прышлыя з цэнтральнай Расіі’. Магчыма, запазычана з рускіх дыялектаў, а не праз пісьмовыя крыніцы, бо ў апошніх амаль не сустракаецца, не выключае і самастойнае ўтварэнне. Не нясе абражальнай семантыкі. Лічылася на Русі першасным, “народным” словам у адрозненні ад штучнай назвы Расія (Россия), што распаўсюджваецца ў Масковіі з пачатку XVI ст. як слова высокага стылю непасрэдна пад уплывам грэч. Ρως, Ρωσσία ў асяроддзі, дзе валодалі грэчаскай мовай, з патрыяршай канцылярыі ў Канстанцінопалі (Фасмер, 3, 505). Чаргаванне е/і, імаверна, залежыла ад націску і адпавядала фанетычнаму чаргаванню, пазней знікламу, параўн. Еўла́мпія — Лампе́я, рус. ли́лия — бел. ліле́я, падобна, як Індыя — індзеец, маглі ўтварыцца асабовыя формы Расія — расе́ец, расе́йка; параўн. таксама варажы́ць — варожэ́я, варажэ́йка, падары́ць — падарэ́йка ’жабрак’ і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 36, 37). Пэўнай мадэллю маглі паслужыць жаночыя імёны тыпу Саламея, Пелагея, Надзея, суадносныя з мужчынскімі імёнамі на ‑ей, накшталт Цімафей, Аляксей. Гл. падрабязней Кур’ян, Роднае слова, 2005, 4, 24.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спіс, ‑а, м.

1. Пісьмовы пералік каго‑, чаго‑н. Спісы выбаршчыкаў. Спіс дзеючых асоб п’есы. □ У суседнім пакоі, адкуль выбегла Зіна, складалі спісы тых, хто ідзе на будаўніцтва. Грамовіч. У сейфе сталёвым, у спісах ахвяр Быў знойдзены след маладой парабчанкі. Зарыцкі. Калі б скласці спіс добрых спраў парторга Абраменкава, яго давялося б друкаваць у многіх нумарах газеты. Дадзіёмаў. [Членам атрада] далі грошы і спіс усяго, што трэба было купіць. Шашкоў.

2. Перапісаны тэкст чаго‑н.; рукапісная копія. Вершы ў спісах. / Пра рукапісную копію старажытнага арыгінальнага помніка пісьменнасці. Вядомыя спісы беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік вельмі неаднародныя паводле свайго складу. Чамярыцкі.

3. Дакумент, у якім пералічаны якія‑н. звесткі. Архіўныя дакументы і, у прыватнасці, фармулярныя спісы падрабязна паведамляюць пра ўсе .. перамяшчэнні [Багушэвіча] па службе. «Маладосць».

•••

Імянны спіс — спіс, у якім пералічваюцца прозвішчы і імёны якіх‑н. асоб.

Паслужны спіс — дакумент са звесткамі аб праходжанні службы.

Чорныя спісы — у краінах з рэакцыйным рэжымам — спісы асоб, якіх па палітычных матывах не прымаюць па працу, звальняюць у першую чаргу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ключ 1 ’прылада для замыкання і адмыкання замка’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Янк. II, КЭС, лаг.), ’палка для замыкання дзвярэй’ (Шушк.). Укр. ключ, рус. ключ, ст.-рус. ключь ’тс’, ст.-слав. ключь, балг. ключ, макед. клуч, серб.-харв. кљу̑ч, славен. kljúč ’тс’, польск. klucz, чэш. klíč, славац. kľúč, в.-луж. klúč, н.-луж. kluc, палаб. klʼauc ’тс’. Да прасл. kluka. Суфіксацыя ‑jь фарміруе вытворныя імёны м. р. ад прыметнікаў яшчэ балта-славянскага перыяду (гл. Мартынаў, Праслав. дерив., 22). Таму можна меркаваць аб прыметніку *kluk‑jь ’гакападобны’, ад якога семантычным шляхам утварылася klučь.

Ключ 2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, Янк. II, Тарнацкі, Studia). Гл. ключ 1.

Ключ 3 ’крыніца, струмень вады, які б’е з зямлі на дне крыніцы, калодзежа, на беразе ракі, у возеры’ (Яшк., Жд. 2, Сл. паўн.-зах., Маш.). Параўн. ст.-рус. ключь ’тс’. Наяўнасць паўднёваславянскіх паралелей для гэтага значэння (серб.-харв. кљу̑ч ’струмень вады’) сведчыць аб яго яшчэ праславянскай старажытнасці. Неабавязкова таго ж паходжання, што і ключ 1 (гл.), але іншай надзейнай версіі няма.

Ключ 4 ’чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам’ (ТСБМ, Сержп., ТС), ’натоўп людзей’ (Ян.). Гл. ключ 1.

Ключ 5 ’панскае ўладанне, вялікі двор, які падзяляўся на фальваркі або засценкі’ (Яшк., Гарб.). Да ключ 4 (гл.).

Ключ 6 ’вясёлка’ (ДАБМ). Да клюка 1 (гл.) у адпаведнасці з формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бу́ра, ‑ы, ж.

1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам. Бура ўзнялася. Бура сціхла. □ Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Колас. Пералівы ветру пераходзяць у буру. Бядуля.

2. перан. Пра сацыяльныя з’явы вялікай гістарычнай важнасці, якія выклікаюць істотныя перамены ў жыцці грамадства. І вось паўстаў крылаты пралетарый, — І бура ўміг з зямлі змяла цара — драпежніка арла. Крапіва. Раскаты рэвалюцыйнай буры ў пралетарскіх цэнтрах Расіі ўскалыхнулі і Беларусь. Івашын.

3. Шум, крык. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру. Колас. [Насця:] — Што ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце? Мележ. // перан. Моцнае душэўнае хваляванне. Бура, якая бушазала ў душы [Пятра] ўсю дарогу, пакрысе сціхала. Шамякін. // перан.; чаго або якая. Яркае гарачае выяўленне пачуццяў. Пасля буры воплескаў шалёных Мы сябе не помнілі ў фінале І свае сапраўдныя імёны У ролях закаханых называлі. Непачаловіч.

•••

Магнітная бура — раптоўнае кароткачасовае, хуткае і незаканамернае змяненне магнітнага поля Зямлі, звязанае з утварэннем і развіццём па Сонцы цёмных плям.

Бура ў шклянцы вады — моцнае хваляванне, гарачая спрэчка з-за дробязных прычын.

Якой бурай прынесла — пра нечаканае з’яўленне непажаданага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Святы́ ‘надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай’, ‘нябесны заступнік веруючых’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), сьвяты́й ‘тс’ (Бяльк.), у розных спалучэннях: святы́ Еры ‘свята Юр’я’, святы́ ве́чар ‘вечары ад Каляд да Новага года’ (Скарбы), святы́ дух ‘Тройца’ (Сл. ПЗБ), свята́я зямля́ ‘зямля-маці’ (там жа) і пад., ст.-бел. свѧтыи (Альтбаўэр); свентый ‘святы, свяшчэнны’ (Ст.-бел. лексікон) — з польскай. Укр. святи́й, рус. свято́й, ст.-рус. святъ, польск. święty, в.-луж. swjaty, н.-луж. swěty, чэш. svatý, славац. svätý, серб.-харв. све̑т, славен. svȇt, балг. свет, све́ти, макед. свет, ст.-слав. свѧтъ, свѧтыи, ‘тс’. Прасл. *svętъ ‘святы’. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. šveñtas ‘святы’, ст.-прус. swenta‑ у мясцовых назвах, ст.-інд. śvantas ‘працвітаючы’; гл. Траўтман, 311; Покарны, 630; Фасмер, 3, 585. Лат. svèts ‘святы, свяшчэнны’ запазычана, паводле Мюленбаха і Эндзеліна (3, 1156), з славянскіх моў. Паводле Брукнера (537), Махэка₂ (594), сакральны сэнс славянскае слова набыло толькі пасля прыняцця хрысціянства. Як сведчаць язычніцкія імёны Святаполк, Святавіт, паралельныя імёнам Яраполк, Яравіт, слав. *svęt‑ значыла ‘моцны’; Святаполк — ‘моцны сваімі палкамі, маючы моцныя палкі’. Адносна польск. święty выказваецца меркаванне пра першапачатковае значэнне ‘моцны ў стасунку да магіі’, якое пры хрысціянізацыі пад чэшскім уплывам было заменена значэннем ‘кананізаваны за маральную чысціню і дабрадзейнасць’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 386). Глухак (597–598), Сной₁ (623), Борысь (623) прасл. *svętъ узводзяць далей да і.-е. *kʼu̯en‑to‑ ‘святкаваць, урачыста прыходзіць’. Агляд семантыкі індаеўрапейскіх і славянскага слова гл. Тапароў, Этимология–1986–1987, 3 і наст.; Шустар-Шэўц, 1390; БЕР, 6, 541–542; Астроўскі, Этимология–2003–2005, 162–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)