пераспе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі спелы. У паветры адчуваўся пах пераспелага рамонку і прэлага жаўталісця. Хведаровіч. На старым вішняку дзе-нідзе чарнелі буйныя пераспелыя ягады. Ігнаценка.

2. перан. Разм. іран. Які выйшаў з гадоў, узросту, уласцівага якому‑н. становішчу. Пераспелая нявеста. □ Пераспелы кавалер, калі Казік Сядзёлка ў свае трыццаць з лішкам год усё яшчэ не дабраў часу наладзіць асабістае жыццё. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́шлы1 ’нізкі ў маральных адносінах, пазбаўлены духоўных інтарэсаў і запатрабаванняў’ (ТСБМ). З рус. по́шлый ’тс’ < по + ходить, шел (Праабражэнскі, 2, 119; Фасмер, 3, 349).

По́шлы2 ’дужы, моцны’ (Крыўко, вусн. паведамл.; ушац., Пан.), параўн. таксама няпо́шлы ’малы, худы, кволы’ (Пан.), недапо́шлы ’кволы’, абнепашле́ць ’зрабіцца слабым, нядужым’, рус. дыял. по́шлый ’поўны, тоўсты чалавек’, ’сыты, тлусты (пра жывёлу)’, ’спелы, узмужнелы, у гадах’. Даль тлумачыць яшчэ як до́шлый, г. зн. той, хто дасягнуў фізічнай і духоўнай кандыцыі, што сведчыць пра зыходнае дайшо́ў, гл. ісці, хадзіць. Параўн. нядошлы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́ха, ‑а, н.

1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.

2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стары́ ‘шматгадовы’, ‘даўні’, ‘зношаны’, ‘старажытны, мінулы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж дзеяслоў старэ́ць (ТСБМ). Параўн. укр. ста́рий, рус. ста́рый, стараж.-рус. старъ, польск., в.-луж., н.-луж. stary, чэш., славац. starý, серб.-харв. ста̏р, славен. stàr, балг., макед. стар, ст.-слав. старъ. Прасл. *starъ ‘стары’ з’яўляецца архаічным прыметнікам з суф. *‑rъ ад дзеяслова *stati ‘стаць’; гл. Борысь, 577–578. Роднасныя літ. stóras ‘тоўсты, аб’ёмісты’, ст.-ісл. stórr ‘вялікі, дужы, важны, мужны’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. sthirás ‘моцны’ (Фасмер, 3, 747 з літ-рай). Борысь (там жа) з улікам семантыкі і.-е. паралеляў прапаноўвае наступны шлях семантычнага развіцця славянскага *starъ: ‘сталы, моцны’ → ‘той, які знаходзіцца ў поўнай сіле, дужы’ → ‘немалады, стары’; уласна, гэта семантычная інавацыя, якая часткова выцесніла прыметнік *větьxъ (гл. ветхі). Гл. яшчэ Сной₁, 604; Шустар-Шэўц, 1355; Глухак, 580; ЕСУМ, 5, 398. Паводле Мартынава (Язык, 84–85), семантычны зрух у праславянскай ‘вялікі, моцны’ → ‘стары’ адбыўся пад уплывам *matorъ ‘сталы, стары’ — пранікнення з італійскіх моў, параўн. лац. mātūrusспелы, стары’, гл. мацёры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)