куса́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; незак., каго-што.

1. Хапаць, раніць зубамі, джалам, прыносячы боль.

Сабака кусае.

2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць ад чаго-н.

К. хлеб.

К. яблык.

3. перан. Крыўдзіць, дапякаць чым-н.

4. Адразаць кавалачкамі.

К. дрот.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Моцна пячы, раздражняць скуру (пра крапіву і некаторыя калючыя расліны).

Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым-н. упушчаным, непапраўным.

|| аднакр. кусану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ і кусну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.

|| наз. куса́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Раня́ць ’даваць магчымасць упасці, упускаць; скідаць (пра лісце)’ (ТСБМ), слёзкі раняе (Сержп. Прык.), сьлёзкі роніць (Касп.), рані́ць ’выкідваць, аддаваць’ раніла дзіця, рані́ць душу (ашм., мядз., Сл. ПЗБ), ’губляць, траціць, не шкадаваць’: здоровье своё роню на васъ (Нас.), сюды ж роны́тыса ’аблівацца слязамі’ (Доўн.-Зап., Пін.). Параўн. рус. дыял. рони́ть ’кінуць, даць магчымасць упасці’, укр. рони́ти ’даваць упасці; скідаць’, польск. ronić ’траціць, выкідваць; звяргаць’, ’ліць слёзы’, ’губляць пер’е, рогі, зубы’, ’лускаць зерне’, чэш. roniti (пра слёзы) ’праліваць’, славац. roniť ’цячы, ліцца’, в.-луж. ronić ’губляць, праліваць (слёзы)’, н.-луж. roniś ’тс’, серб. ро̀нити ’даваць нырца’, балг. ро́ня ’аддзяляць, абрываць; праліваць (слёзы)’, макед. рони ’тс’. Імаверна, першасным значэннем прасл. *roniti з’яўлялася ’даць, дазволіць, даць магчымасць упасці’; параўноўваюць з гоц. urrannjan ’паказвацца; узыходзіць (пра сонца)’, ст.-в.-ням. rennan ’прымушаць цячы, хутка бегчы’, грэч. ραίνω ’акрапляю, абсыпаю’ (Фасмер, 3, 501; Шустар-Шэўц, 2, 1235; БЕР, 6, 322).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

джгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Калоць, раніць джалам (пра насякомых); кусаць (пра змей). Толькі зрэдку чулася, як, ляскаючы зубамі, .. [сабака] лавіў мух, што дакучліва джгалі яго калматае цела. Стаховіч. // Апякаць (пра крапіву, мароз).

2. Хутка ісці, бегчы; імчацца. Джгаць без аглядкі. □ Схапіўшы грошы, .. [Мацвей] на адной назе джгаў у канец сяла.., купляў кварту гарэлкі і цераз тую ж хвіліну ставіў хлопцам на стол. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

◎ *Наге́льніца, наг§лныца ’раптоўная смерць’ (драг., Нар. лекс.), сюды ж naeŚAHo ’неадкладна, дазарэзу’, наг$лный ’неадкладны’ (драг., З нар. сл.). Пры наяўнасці эўфемістычнага на́гла ’смерць’ (гл.) хутчэй за ўсё звязана з на́глы (< *naglb) ’хуткі, раптоўны’, гл. таксама нагильны; Лаўчутэ непераканаўча збліжае з літ. pageli, pagele ’сырое прамозглае надвор’е, моцны боль’ ад літ. gelti ’моцна, нясцерпна балець; жаліць, раніць’ (Балтизмы, 29), запазычанага ў бел. мову, параўн. геліць ’моцна хацець; ныць; качанець; ванітаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ра́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раніць.

2. у знач. прым. Які мае рану ​1 (у 1 знач.), які атрымаў раненне. Ранены салдат. □ Праз два тыдні [Лук’янскі] павінен быў зноў узяць на раненае плячо вінтоўку. Чорны.

3. у знач. наз. ра́нены, ‑ага, м.; ра́неная, ‑ай, ж. Чалавек, які атрымаў раненне. Старэнькі хірург доўга мыў рукі і паверх акуляраў назіраў, як санітары ўкладвалі раненага на стол. Васілеўская. Урач яшчэ аперыраваў раненую. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Куса́ць ’хапаць, раніць зубамі’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., ТС, Касп., Сержп. Пр., Яруш.). Укр. кусати, рус. кусать ’тс’, балг. късам, серб.-харв. ку́сати, славен. kósiti ’тс’, польск. kąsać, чэш. kousati, славац. kúsať, в.-луж. kusać, н.-луж. kusac ’тс’. Прасл. kǫsati ўтворана ад kǫsъ (< *kǫdsъ). Параўн. літ. ką́sti, kándu ’кусаць’, лат. kuôst, kuôdu ’тс’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі менш надзейныя. У даным выпадку назіраецца страта першаснага дзеяслова (як гэта характэрна для славянскіх моў) і замена яго адыменным дзеясловам (Бернекер, 601; Траўтман, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

куса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Хапаць, раніць зубамі. Сабака дужа злосны, усіх кусае. // Сціскаць, шчыпаць дзюбай (пра птушак). Гусак кусае. // Раніць джалам, хабатком (пра насякомых). Пчолы кусаюць. Мурашкі кусаюць. // Захопліваць, сціскаць зубамі, пакусваць (пры хваляванні і пад.). Алёша бліснуў позіркам у бок Раі, але яна не ўзнімала вачэй ад падручніка і кусала рог хусткі. Шамякін. Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, і нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Мележ. // перан. Крыўдзіць, дапякаць чым‑н. І свой жа брат цябе кусае, Бо кожны выслужыцца хоча. Колас.

2. Захопліваць зубамі, аддзяляць, адкусваць невялікімі кускамі ад чаго‑н. Лукаш апетытна еў з чыгуна бульбяную кашу, кусаў хлеб і запіваў з вялікага белага кубка малаком. Ермаловіч. // Разм. Есці. [Скіба:] Ад учарашняга абеду не кусаў нічога. Крапіва. // Разгрызаць, раскусваць што‑н. цвёрдае. Кусаць арэхі. // Адразаць кавалачкамі. Кусаць дрот.

3. Разм. Моцна раздражняць скуру, пячы (пра крапіву і некаторыя іншыя расліны, а таксама пра вецер, мароз і пад.). У школу ідзе Майка, а мароз такі кусачы, кусае і падганяе. Лынькоў.

•••

Кусаць (сабе) локці — шкадаваць аб чым‑н. упушчаным, непапраўным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Рабіць калекам (калекай). Нас, малых, калечылі і фізічна і маральна. Бядуля. — Як жа гэта вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога? Колас. // Пашкоджваць, раніць (цела, рукі, ногі і інш.). Калечыць ногі.

2. перан. Псаваць, нявечыць маральна, рабіць непаўнацэнным. Калечыць жыццё. Калечыць душу. // Псаваць, скажаць, надаваць чаму‑н. іншую форму, сэнс. Зрэбная кашуля скрозь вылатаная, але яна не можа ўжо калечыць абрысы.. [Любінага] цела. Чорны. Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумным калькавыя пераклады і так званыя канцылярызмы. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Нанесці каму‑н. рану, раніць каго‑, што‑н. Параніць руку. □ Партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Лынькоў. [Федзя:] — Дапытваліся, хто параніў таго лася... Ваданосаў. / у безас. ужыв. Сяргея Мажэйку параніла недалёка ад Берліна. Шахавец.

2. перан. Прычыніць каму‑н. душэўны боль, пакуты. Няхай Альбіна многа болю прынесла ёй, няхай параніла яе маладое сэрца, усё роўна Галя не таіла на яе ніякай злосці. Сабаленка. Хай на тварах не абсохнуць слёзы, Што душу паранілі ў дарозе. Броўка.

3. Зраніць усіх, многіх; нанесці раны каму‑н. у многіх месцах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыві́ць, жыўлю́, жы́віш, жы́віць; незак., каго-што.

1. Забяспечваць чым‑н. неабходным для нармальнай дзейнасці, развіцця. Жывілі падкормкай усходы, палолі палеткі не раз. Машара. // Быць для чаго‑н. крыніцай нармальнай дзейнасці, развіцця. Снег даўно сышоў, цёплыя дні жывілі зямлю. Чорны. // перан. Быць апорай, асновай для чаго‑н.; падтрымліваць што‑н. Жывіць душу зноў надзея, Сэрца цешаць песні рання... Колас. Рэвалюцыйны энтузіязм эпохі жывіў творчасць і творы пісьменнікаў. Адамовіч.

2. і без дап. Ажыўляць, бадзёрыць. З паходных кубкаў у сыноў Напіся ты вады. Яна жывіць. Броўка. // Мець лекавыя якасці; гаіць. — А жывакост, дзеткі, гэта значыць: жывіць косці, ажыўляе іх, — схамянуўшыся, дадае [бабка Аксіння]. Чарнышэвіч.

3. (у спалучэнні са словамі «стрэльба», «ружжо»). Не забіваць напавал, толькі раніць. Стрэльба жывіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)