Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìltiпадманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.

Разм.

1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.

2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.

3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.

•••

Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шальмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. каго. Разм. Ганьбаваць, знеслаўляць (звычайна не маючы дастатковых падстаў для гэтага). [Туляга:] Калі я, напрыклад, скажу, што ведаю аднаго такога двурушніка... [Левановіч:] У чым жа справа? Вы можаце ведаць такога. [Туляга:] Што ён ілжэвучоны, абманвае партыю і савецкую грамадскасць, што ён шальмуе чэсных работнікаў. Крапіва. [Антон:] — За што вы шальмуеце дачку, сваце? — заступіўся за нявестку свёкар. Пальчэўскі.

2. Разм. Весці сябе несумленна ў якой‑н. справе; хітрыць, падманваць. [Жанна:] — Добра ведаеш ты [Адам], што Фадзей Сысоевіч шальмуе з нарадамі, так падганяе ў канцы месяца, каб кожнаму майстру выходзілі прэміяльныя. Мыслівец.

3. Гіст. Падвяргаць шальмаванню (у 2 знач.).

[Ад ням. Schelmen.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Абаку́лівацьпадманваць, ашукваць’ (Нас., Бяльк.), абакуліцца ’памыліцца’ (Нас., Яруш.), абакульнік ’ашуканец’ (Бяльк.), абакула ’той, хто ашуквае’ (Касп., Яруш.) < *о‑ба‑кул‑ити < *бакуля < *бакаць. Што датычыць словаўтваральнай мадэлі, параўн. абдзяжуліць (гл.). Рус. бакулить ’гаварыць, балбатаць’, бакуля, бакуня ’балбатун’, бакать ’гаварыць, балбатаць’. Параўн. ст.-польск. bakać, чэш. bakati ’зваць’ (< прасл. bajati ’гаварыць’). Інакш Фасмер, 3, 97, які абакуливать < аб + акула. Рус. окула ’ашуканец’ хутчэй за ўсё памылковая дэкампазіцыя ад обакулить, бакулить. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17. Гл. бакулы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́дзіць1 ’кпіць, жартаваць, смяяцца’ (віл., Нас.), ’маніць’ (мядз., Нар. словатв.), ’марнатравіць час’ (Шат.), ’трызніць’ (Касп.), мін. ’сварыцца’ (Сл. ПЗБ). Укр. луди́ти ’прывабліваць, спакушаць’, гуц., бойк. ’заманьваць (птушак, свойскую жывёлу’, зах. ’выбіць, ашукваць, зводзіць’; рус. лу́дить, луди́тьпадманваць’, ’красці (у садзе, агародзе)’, ’сварыць, ганіць каго-небудзь’, ’піць’, ’біць’; польск. łudzić ’прывабліваючы, уводзіць у зман’, ’зводзіць’ і шматлікія прэфіксальныя ўтварэнні з гэтым дзеясловам; чэш. louditi ’вымантачваць, зводзіць’, ’хвалячы, спакушаць’, ст.-чэш. lúditiпадманваць’, ’прыцягваць’, славац. lúdiť ’зводзіць, баламуціць, прывабліваць’, ’настойліва прасіць’; славен. lúditi ’намагацца ўвесці ў зман, спакусіць’, ’праводзіць час’, ’над нечым забаўляцца’, lǫ́diti ’ашукваць’, ’зводзіць’, ’прывабліваць’, loditi se ’займацца чым-небудзь, забаўляцца’, ст.-слав. лоудити ’ашукваць, зводзіць’. Прасл. luditi ’прывабліваючы, падманваць’, ’зводзіць у зман’, ’спакушаць’, ’прывабліваць’ (Слаўскі, 5, 291–296). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. laustineiti ’прыніжайце’ (< *laustas ’пакорлівы’), літ. liũsti ’засмучацца’, liū́dnas ’смутны, журботны’, liūdė́ti ’быць смутным’, ’перажываць’, першапачаткова ’быць схіленым’ > ’згінацца пад цяжарам мітрэнг і клопатаў’, лац. lūdere ’маніць’, гоц. luits ’фальшывы’, liūta ’крывадушнік’, luton ’зводзіць, ашукваць’, ст.-ісл. lutr пахілены, нагнуты’, lot ’ашуканства’, уэл. lluded ’стомлены’ < і.-е. *leud‑ ’нахіляцца’ > ’схіляцца перад кім-небудзь’, ’прыніжацца’ > ’быць крывадушным, ашукваць’. Значэнне ’трызніць’ у лудзіць можна супаставіць з блізкімі ’неразумны, шалёны, дурны, прыдуркаваты’ ў паўд.-прасл. ludъ: серб.-харв. лу̑д, лу̑да̄, славен. lȗd, макед., балг. луд ’тс’ і ’недасведчаны, няспелы, наіўны’, ’свавольны, раптоўны’, а таксама ц.-слав. людыи ’дурны, шалёны’ і укр.-ц.-слав. людъ ’дурны’ (Фасмер, 2, 528; Махэк₂, 341; Скок, 2, 325–326; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 486–487 з л-рай). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 133), ст.-бел. лудити (1595 г.) ’вабіць, клікаць; ашукваць’ — запазычанне са ст.-польск. łudzić.

Лудзіць2 ’выводзіць (птушанят)’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Відавочна, генетычна можа быць звязана з літ. lùgzti ’трэскацца, лопацца’ (з чаргаваннем ‑gz‑/‑ж і пераходам ж > дз — гл. Карскі, 1, 384). Параўн. таксама лузґа́ ’жамерыны’, ’кастрыца ад ільну’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лебязіць ’ліслівіць’ (Бяльк.). Укр. лебезувати ’заляцацца’, ’малоць языком’, лебедіти ’балбатаць’, ’спяваць’, ’канькаць’, рус. лебезить ’выдыгаць’, ’падлабуньвацца’, наўг.падманваць’ (лебезить), ’балбатаць, плявузгаць’, цвяр. ’лапатаць, гаварыць хутка’, смал. лебезила ’ліслівец’, кастр., наўг., перм. лебеза ’тс’ — другая ступень чаргавання галоснай асновы: рус. пск., перм., валаг. лабза, лабза і лобза ’ліслівец’, валаг., цвяр., уладз., тамб. лабзить ’удыгаць, дагаджаць, падлашч-вацца’, лобзать ’цалаваць’, славен. labęzati ’балбатаць, малоць’ і да таго падобныя экспрэсіўныя словы ў іншых слав. мовах (гл. Слаўскі, 4, 15; Фасмер, 2, 471; Бязлай, 2, 118) з асновай *lab‑ / ЧаЫі‑/*leb‑ (Покарны, 651, 655–657).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лука́вец ’ліслівец, хітрун’ (ТС), лука́ву ’ліслівы, хітры’ (ТС), лука́вы ’д’ябал’ (Нас.), смарг., шчуч., чэрв. лукава́ты ’звілісты’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. лукавый ’хітры’, ’падманны’, ’несправядлівы’, ’злы’ (Булахаў, Гіст. 115). Укр. лука́вий, рус. лука́вый, ст.-рус. лукавецъ ’каварны, вераломны, хітрун’, лукавный ’тс’, ’звілісты’, ’дрэнны’, лукавый ’тс’, ’грэшны’, ’д’ябал’, славен. lokȁv, серб.-харв. лу̀кав, лу̀кавац, макед., балг. лукав, лука́вец, ст.-слав. лѫкавъ ’благі, сапсаваны, клапатлівы, несумленны’. Утворана ад ст.-слав. лѫка ’падман, хітрасць’ — семантычны пераход ’гнуць’ > ’падманваць’ з’яўляецца нармальным (Міклашыч, 165; Бернекер, 739; Фасмер, 2, 532; Скок, 2, 328–329; Бязлай, 2, 148; БЕР, 3, 498).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верць ’бяссэнсіца’ (круп., Жакава, Совещание по ОЛА, 198), ’скажэнне гучання слова, няяснае вымаўленне, хлусня’ (Жакава, там жа), параўн. «каверць у чалавека, што слухаць непрыемна». Структурны паралелізм са словам каверт ’яма з вадой і інш.’ відавочны, што датычыць семантычнага боку, параўн. рус. дыял. вертега ’хлуслівы чалавек, хлус і пад.’, вертетьпадманваць’. Падобнымі ўтварэннямі да прыведзеных вышэй з’яўляюцца і кавярзня ’хлусня’, кавярзні ’лапці’, да кавярзаць < коверзати ’плясці’. Да апошняга параўн. яшчэ рус. дыял. вертни ’берасцяныя лапці’ і верть ’тоўстая баваўняная пража, баваўняныя вяровачкі, звітыя рукамі, з якіх плятуць лапці і ткуць папоны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клім ’злодзей’ (Рам.). Параўн. польск. klimkować, klinkować, klinikiem rzucaćпадманваць, ашукваць’. Зафіксавана ўпершыню ў помніках на беларускай моўнай глебе (Будны, XVI ст.). Паводле Брукнера (234), гэтыя выразы ўзніклі ў сувязі з дыскусіяй аб аўтэнтычнасці твораў папы Клімента I. Супраць Слаўскі (2, 225), які лічыць, што klimkować звязана з кипъкъ: klinkiem > klimkiem. Пры гэтым прыводзяцца такія паралелі: бел. клінок ’падман’ (у выразе клінкі падбіваць). Аналагічныя фразеалагізмы ёсць і ў іншых славянскіх мовах (гл. клшокз). На карысць гэтага тлумачэння сведчыць, паводле Слаўскага, варыянт klinkować. Калі гэта версія справядлівая, трэба лічыць лексему клім як рэзультат зваротнага словаўтварэння ад klimkować.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарт, жартаваць. Рус. пск., смал., урал. жарт, укр. жарт, польск. żart, серб.-луж. žort, чэш. žert, славац. žart ’жарт’. Ст.-бел. (XVI ст.) жартъ ’кашчунства’, ’жарт’. Паводле Булыкі (Запазыч., 113), ст.-бел. < польск. < чэш. < ням. Scherz ’жарт’. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 2, 146) указваюць с.-в.-ням. scherz ’жарт’. Аднак яшчэ Брукнер (662) выказваў сумненні наконт апошняга ‑t. Махэк₂ (726) прапануе лічыць ст.-чэш. слова запазычаным са ст.-в.-ням. serten ’брахаць, падманваць’. На такое значэнне магло б указваць і тое, што Зізаній супастаўляе кощунъствуюжарътую (да таго ж у дзеяслоўнай форме). Укр. з польск., рус. з бел. На ням. першакрыніцу ўказвае Гіст. лекс., 116.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)