паша́на, ‑ы, ж.

Павага, якая аказваецца каму‑н. грамадствам, людзьмі. У тоне Сцепкавага адказу была мяккасць і пашана да стрэлачніка, што таму вельмі спадабалася. Колас. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган.

•••

(Не) у пашане (быць) — (не) карыстацца павагай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лупану́ць ’рвануць, пацягнуць’ (ТС), ’моцна ўдарыць’ (віл., Сл. ПЗБ), лупяну́ць ’тс’ (Нас., ТСБМ), лупену́ць ’тс’, ’раздзерці’, ’падраць’, ’наесціся’ (ТС), лупляну́ць ’выцяць’ (Юрч. Вытв.), лупяну́цца ’упасці, пабіцца’ (Нас.). Да лупі́ць1 (гл.). Аб суфіксе ‑ану‑ гл. Бел. гр. 2 (1, 328–329) і Слаўскі (SP, 1, 44–45). Мяккасць папярэдняй зычнай залежыць ад мяккасці зычнай словаўтваральнай лексемы, таму можна меркаваць, што формы з ‑ану‑ ўзыходзяць да лупа́ць < прасл. lupati ’ўдараць, біць, стукаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

памярко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Падатлівы, уступчывы, які лёгка прыстасоўваецца да іншых. [Макар:] — Я чалавек памяркоўны, жонцы амаль ніколі не пярэчу. Корбан. [Анэта] памяркоўная жанчына: усё сцерпіць, усюды змоўчыць. Васілевіч.

2. Які выяўляе мяккасць, цярпімасць; добразычлівы. Гарохам сыпле Богут словы, А самы тон яго прамоў То памяркоўны, то суровы. Колас. І так пачалася бяседа, спачатку памяркоўная, а пасля з грымучай гутаркай. Пестрак.

3. Які прытрымліваецца сярэдняй лініі, не схільны да крайнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агрубе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Агрубелая скура. □ Туга сцягнуты шнурок не паддаваўся агрубелым пальцам. Лынькоў. // Які стаў больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Які страціў вастрыню, сілу. Агрубелы слых. Агрубелы нюх.

2. Які стаў вонкава нязграбны, страціў мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). Праз люстэрка мне добра відзён яго [Сцяпана Рыгоравіча] твар — са складкамі маршчын, крыху агрубелы, напэўна, ад марозу. Кірэйчык. // Які страціў душэўную далікатнасць, стаў менш чулым, чэрствым. Агрубелая натура. Агрубелы чалавек.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

субясе́днік, ‑а, м.

Той, хто бяседуе, вядзе гутарку з кім‑н. Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Хведаровіч. А мо яго, Антона, таму і цягне ў Вуглы, што там перад ім заўжды ёсць смелы і шчыры субяседнік, якому няма чаго таіць ад яго... Савіцкі. [Анэля] ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Бачыць.. [Дуню] хацелася інакшай: не ў гэтым каляным брызенце — камбінезоне, не з рукамі, што, безумоўна, агрубеюць.., а заўсёды светлай, прыгожай. Хадкевіч. // Стаць больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Страціць вастрыню, сілу. Слых ад кананады агрубеў, Сонца задыхаецца ад дыму. Панчанка.

2. Стаць вонкава нязграбным, страціць мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). // Страціць душэўную далікатнасць, стаць менш чулым, чэрствым. За гэту страшную пару незлічоных людскіх пакут Глечык ужо агрубеў нутром. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счарсцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў чэрствым, страціў першапачатковую мяккасць. Жалезны стол, счарсцвелы хлеб і томік Гейнэ на стале. Вялюгін. Хлопцу, занятаму ядою, Счарсцвелы аржаны праснак, Што праганяў ён сырадоем, Напамінаў знаёмы смак Святога матчынага хлеба З салодкім смачным малаком. Аўрамчык. // перан. Які стаў бяздушным, нячулым. Старое, счарсцвелае за доўгія гады жыцця сэрца [Параскі] нібы памаладзела і соладка калацілася. Сабаленка.

2. Зацвярдзелы, агрубелы. Вясна... Пачарнелі сляды На счарсцвелым зімовым снягу. І цурочкі бурлівай вады На пратораны шлях павязуць. Хведаровіч. Між камення выбівалася на .. [вуліцы] ўлетку нямоглая трава, а за тратуарамі, на счарсцвелых грудках, яна бралася нават цэлымі лапікамі, кусцістымі і густымі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́цца 1, калюся, колешся, колецца; незак.

1. Мець здольнасць калоць (у 1 знач.). Пакоша ўжо не колецца, — бяскрайнюю раўніну.. накрыла светла-зялёная мяккасць атавы. Брыль. // Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., выклікаць боль (пра што‑н. вострае, калючае). Сямён шчакой прыхінаецца да.. [Машынай] шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. Мележ.

2. Ваюючы, б’ючыся, наносіць адзін аднаму раны вострай зброяй. А людзі? Яшчэ не пакінулі біцца, Калоцца, рэзацца... Куляшоў.

3. Разм. Бадацца; мець звычку калоць рагамі. Бык колецца.

•••

І хочацца і колецца гл. хацецца.

кало́цца 2, колецца; незак.

1. Паддавацца колцы; расшчапляцца, драбніцца. Калі не колецца палена, то ў яго ўбіваюць клін.

2. Зал. да калоць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́рствы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. □ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.

2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. □ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. □ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухі́, -а́я, -о́е.

1. Не мокры, не замочаны.

Сухая кашуля.

Сухое сена.

2. Пазбаўлены вільгаці, не сыры.

Сухія дровы.

С. клімат.

С. вецер.

3. Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць, высахлы або высушаны; прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату.

С. батон.

Сухія яблыкі.

Сухое малако.

С. кісель.

4. Пазбаўлены спажыўных сокаў, засохлы, амярцвелы; які не дзейнічае, высах з-за якой-н. хваробы, атрафіраваны.

С. куст малін.

С. корань.

Сухая рука.

5. Які праводзіцца, робіцца або праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вадкіх выдзяленняў.

Сухая тынкоўка.

С. кашаль.

6. Нішчымны, без нічога (пра хлеб).

Есці с. батон.

7. Які мае сухарлявы склад цела, хударлявы.

С. стары.

8. перан. Пазбаўлены душэўнай цеплыні, дабрыні; неласкавы.

С. чалавек.

С. тон (непрыветны).

9. перан. Скупы, лаканічны.

С. пералік фактаў.

10. Пра гукі: пазбаўлены гучнасці, мяккасці.

С. лязгат металу.

11. Пра ліку гульні: такі, пры якім той, хто прайграў не атрымаў ніводнага ачка.

Прайграць матч з сухім лікам.

Сухі закон — забарона гандляваць моцнымі алкагольнымі напіткамі.

|| памянш. сухе́нькі, -ая, -ае (да 1 і 7 знач.; разм.).

|| наз. су́хасць, -і, ж. (да 1—5, 7—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)