Лупану́ць ’рвануць, пацягнуць’ (ТС), ’моцна ўдарыць’ (віл., Сл. ПЗБ), лупяну́ць ’тс’ (Нас., ТСБМ), лупену́ць ’тс’, ’раздзерці’, ’падраць’, ’наесціся’ (ТС), лупляну́ць ’выцяць’ (Юрч. Вытв.), лупяну́цца ’упасці, пабіцца’ (Нас.). Да лупі́ць 1 (гл.). Аб суфіксе ‑ану‑ гл. Бел. гр. 2 (1, 328–329) і Слаўскі (SP, 1, 44–45). Мяккасць папярэдняй зычнай залежыць ад мяккасці зычнай словаўтваральнай лексемы, таму можна меркаваць, што формы з ‑ану‑ ўзыходзяць да лупа́ць < прасл. lupati ’ўдараць, біць, стукаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)