ПІКЕЛЯВА́ННЕ (ням. Pickeln ад галанд. pekelen гатаваць саляны раствор, саліць),
апрацоўка шкуры або паўфабрыкату скуры — галля растворам (пікелем), які мае к-ту (звычайна серную) і кухонную соль. Робіцца ў спец. барабанах для кансервавання каштоўных футравых шкур, каб надаць ім мяккасць і пластычнасць, а таксама для падрыхтоўкі да дублення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ЎСКАЯ (Тамара Рыгораўна) (н. 27.5.1940, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. эстрадная спявачка. Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыла Мінскае муз. вучылішча (1971). З 1963 салістка Дзяржтэлерадыё Беларусі. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы лірычная задушэўнасць, мяккасць, цеплыня, пранікнёнасць. Аснову рэпертуару складаюць творы бел. кампазітараў. Першая выканаўца многіх песень Л.Абеліёвіча, У.Будніка, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, У.Дарохіна, Э.Зарыцкага, Л.Захлеўнага, І.Лучанка, У.Прохарава, Ю.Семянякі, Э.Ханка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СА ((Rosso) Медарда) (20.6.1858, г. Турын, Італія — 31.3.1928),
італьянскі скульптар; прадстаўнік імпрэсіянізму. Працаваў у Мілане і Венецыі, з 1886 пераважна ў Парыжы. Аўтар шматфігурных кампазіцый і партрэтаў дзяцей, у якіх імкнуўся перадаць зменлівасць натуры, надаць пластыцы жывапісную аморфнасць і цякучасць, выявіць мяккасць аб’ёмаў і светлавую ўспрымальнасць фактуры: «Залаты век» (1886—87), «Дзяўчынка смяецца», «Мацярынства» (абедзве 1889), «Жанчына пад вуаллю» (1893), «Ecce Puer» (1906) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙЦЗІША́НЬ (кіт. «Пшанічная гара»),
будыйскі пячорны манастыр 5—17 ст. каля г. Цяньшуй (прав. Ганьсу, Кітай). Складаецца са 194 пячор (галоўныя — «Пячора Нірваны», «Галерэя тысячы Будаў» даўж. 30 м, «Зала дзесяці тысяч Будаў» і інш.) з расфарбаванай скульптурай з гліны і каменю (5—17 ст.; выявы Буды і інш. божастваў будыйскага пантэона) і з насценнымі размалёўкамі (5 ст.). Для ранняй скульптуры характэрны мяккасць, грацыёзнасць, адухоўленасць, для позняй — рысы натуральнай чалавечай прыгажосці. Цяпер музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАТО́Н ((Vallotton) Фелікс) (28.12.1865, г. Лазана, Швейцарыя — 29.12.1925),
швейцарскі графік і жывапісец. Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (з 1882). Працаваў у Францыі. Зазнаў уплыў М.Дэні, П.Банара. Аўтар графічных партрэтаў («Дастаеўскі», 1895) і серыі з жыцця Парыжа («Гісторыя аднаго злачынства», «Інтымнасць»), выкананых пераважна ў тэхніцы ксілаграфіі, выразнасць якіх будуецца на спалучэнні лаканічных белых і чорных плям. Яго жывапісу ўласцівы дэкаратыўнасць кампазіцыі, лінейнасць малюнка, мяккасць колеравага тону («Купанне летнім вечарам», 1892; «Пейзаж з дрэвамі», 1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАМАЛЯ́ЦЫЯ (ад астэа... + грэч. malakia мяккасць),
размякчэнне і дэфармацыя касцей з прычыны парушэння мінер. абмену пераважна ў касцявой тканцы. Найчасцей бывае ў жанчын, асабліва ў 2-й пал. цяжарнасці. Пры парушэннях фосфарна-кальцыевага абмену найперш пашкоджвае косці таза і ніжніх канечнасцяў. Прыкмета астэамаляцыі: вельмі празрысты малюнак касцей. Лячэнне: паўнацэннае харчаванне, багатае на вітаміны A, D, C, солі кальцыю, фосфару і бялок; лячэнне асн. захворвання. Астэамаляцыя ў жывёл клінічна праяўляецца зніжэннем апетыту, кульгавасцю, псаваннем зубоў, скрыўленнем або прагінаннем пазваночніка, пераломамі касцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е,
шостая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай є («есть»), утворанай на аснове візант. ε («эпсілон»). У старабел. пісьменстве мела варыянты , є, ε (дапамагаюць палеографам вызначыць, калі напісаны помнік) і лічбавае значэнне 5. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны «э» пярэдняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («глеба — гл’эба»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «э»): «ежа» («йэжа»), «свае» («свайэ»), «саўе» («саўйэ»), «лье» («л’йэ»), «аб’езд» («аб’йэзд»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫ́У-ДЖЫ́ЦУ (ад яп. дзю мяккасць + дзюцу мастацтва, умельства),
японская сістэма самаабароны і нападзення без зброі. Асн. прыёмы: удары ў найб. слабыя часткі чалавечага цела (сонечнае спляценне, сонная артэрыя, печань і інш.), выкручванні і перагінанні суставаў рук і ног у спалучэнні з рознымі кідкамі і задушлівымі захватамі.
Вытокі Дж.-дж. ў нар. прыёмах самаабароны без зброі, вядомых у Японіі са старажытнасці. Сфарміравалася да 13—14 ст., у 14—19 ст. вельмі пашырылася ў Японіі як сістэма фіз. і баявой падрыхтоўкі самураяў. У канцы 19 ст. шляхам адбору і мадэрнізацыі элементаў Дж.-дж. створана барацьба дзюдо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ё,
сёмая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Утворана шляхам спалучэння літары «е» з дыякрытычнымі знакамі. Запазычана з рус. графікі, дзе ўпершыню з’явілася ў 1797. У старабел. пісьменстве гук «о» пасля мяккіх зычных абазначаўся літарай «е» («медъ»), спалучэннем «іо» («ліосъ») і нават літарай «о» («всо»), У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны «о» задняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («вёска» — в’оска»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «о»): «ёд» («йод»), «тваё» («твайо»), «пугаўё» («пугаўйо»), «мільён» («міл’йон»), «аб’ём» («абйом»).