ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.

2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.

3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нныклапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2–3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́хлы ’порысты, рассыпісты, мяккі’ (Нас., ТСБМ), ры́хлы, ру́хлы ’рассыпісты’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ’шпаркі, хуткі’ (Нас.), ’спрытны, увішны, хуткі ва ўсім чалавек’ (Пан.), ’хуткі ў рабоце’ (ушац., ЛА), ст.-бел. рыхлый, рихлый ’хуткі’, ’шпаркі’ (XVI ст.), рус. рыхлый, польск. rychły ’хуткі, паспешны’, славац. rýchly ’хуткі’, ’жвавы’, чэш. rychlý ’тс’, в.-луж. і н.-луж. rychły ’хуткі’. Лексема адсутнічае ў паўднёва-славянскіх мовах. Прасл. *rychlъ. Звязана з рух, ру́шыць, параўн. лат. rusenis ’вельмі рыхлы снег’, rūsa ’смецце’, літ. ruošù (лат. roušs) ’клапатлівы’, ’мітуслівы’, ’дзейны’, ruõšti ’рыхтаваць’, ’збіраць’, с.-н.-ням. rusch, ст.-ісл. rúst ’разваліны’, нідэрл. rul ’рыхлы і сухі пясок’ (Голуб-Копечны, 2, 320; Фасмер, 5, 532; Брукнер, 471; Чарных, 2, 131). Прасл. *rychlъ (да *rychnǫti, *rysăti, роднасных да *ruchnǫti, *rušiti) (Варбат, Морфонол., 88–89). Польск. rychle, rykle, rytle ’сып, кароста, гнайнікі’ з’яўляецца нямецкім запазычаннем, параўн., с.-в.-ням. rücheln, ням. Röteln ’краснуха’, Rütteln ’трэсці, устрэсваць’ (Брукнер, 471). Сюды ж ры́хленько ’скоранька’ (Нас.). Два значэнні гэтага прыметніка (’хуткі’ і ’рассыпісты, няшчыльны, мяккі’) тлумачацца з асноўных значэнняў зыходных дзеясловаў з коранем *ruch‑: *rъch‑ ’рыць, капаць’ > ’пасоўваць’, ’ссоўваць з месца’, ’разбураць’. Кожнае са значэнняў прыметніка прадстаўлена ў варыянтах з рознай агаласоўкай. Таму варта казаць пра адзінае ўтварэнне з суф. ‑l‑ і двума значэннямі, часткова размеркаванымі па дыялектах: у заходнеславянскіх прадстаўлена толькі ’хуткі’, у паўднёва-славянскіх — толькі ’няшчыльны, мяккі’ (Варбат, Морфонол., 88). Махэк адрознівае заходне- і ўсходнеславянскія лексемы. Ён сцвярджае, што ўсходнеславянскія трэба звязваць з рух, рушыць. Заходнеславянскія лічыць роднаснымі да літ. rušėti ’быць поўным’, ’варушыцца’, ’быць жвавым, актыўным, дзейным’. З доляй імавернасці лічыць, што існаваў дзеяслоў *rych‑ati і лексема рыхлы з’яўляецца скарочанай формай ад *rychaly (якое ўтварылася як dbaly ад dbati) (Махэк₂, 527).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шуга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гарэць яркім полымем з успышкамі агню. На горад безупынна сыпаліся бомбы, кругом шугалі пажары. Няхай. [Юновіч] расказаў пра дровы, што шугаюць у печы, пра акно, ружовае ад ранішняга сонца. М. Стральцоў. Ярка шугалі падпаленыя імі [немцамі] саламяныя стрэхі, рассыпаючы вакол траскучыя іскры. Якімовіч. Маўчыць незнаёмы... Лучына шугае; Дзеці ў куточку сядзяць; Слёзы кабета рукой абцірае. Чарот. // Палаць, гарэць інтэнсіўна (пра полымя, агонь). Весела шугаў агонь, патрэскваў яловы сухастой. Паўлаў. Там, за лесам, полымя шугае, Цягнуцца пад неба языкі. Тармола. // Вырывацца, вылятаць адкуль‑н. (пра полымя і пад.). Высока ў неба ляцелі іскры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Шугаюць хвалі полымя з вокнаў і ўваходаў вестыбюля вакзальнай камяніцы. Шынклер. // Вылучаць гарачыню, абліваць гарачынёй. Ліпнёвае сонца шугае, Завялі на ліпах лісты. Грахоўскі. // перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва. На дварэ шугала вясна — чуваць было, як дружна ціліўкалі птушкі, кудахталі куры. Гроднеў. [Яругін] добра зведаў, як кепска быць эвакуіраваным, бо ўся сям’я тады галадала, хоць жыла не на правым беразе Волгі, дзе шугала вайна, а на левым, дзе вайны не было. Карамазаў. Навокал шугаў май, шугаў пышна, усімі фарбамі, усімі пахамі вясны. Новікаў. На дварэ шугала навальніца. Сачанка.

2. Выпраменьваць яркае святло, свяціцца яркім няроўным святлом; палымнець. Палярнае ззянне шугала Вясёлкавым дзіўным святлом. Хведаровіч. За акном не пераставала шугаць бліскавіца, грымеў пярун. Броўка. Уперадзе, недзе, мабыць, пад Мінскам, чуліся выбухі, шугала крывавае зарава... Ставер.

3. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угору (пра полымя, дым, іскры і пад.). З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. Час ад часу з трубы цягніка шугалі залацістым роем іскры. Машара. З труб .. [парахода] шугаў чорны дым. Ус.

4. Прыліваць да твару (пра кроў). Кроў шугае ў твар, даўкі камяк перасядае ў горле — і адразу цяжка, невыносна цяжка дыхаць. Савіцкі.

5. Моцна, парывіста дзьмуць; урывацца куды‑н. (пра вецер, туман, пару і пад.). Калючы парыўны вецер агнём шугаў у твар Люсі. Шашкоў. У твар байцам шугала гарачае паветра, над галавой свісталі асколкі. Шамякін. Цяпло шугае ў твар, весяліць цела і сэрца. Любата! Васілевіч. / у безас. ужыв. На Валю шугае туманам. Брыль. // Біць, моцна сячы (пра снег, дождж і пад.). Некалькі разоў па дарозе находзілі хмаркі і шугаў дождж. Кулакоўскі. Слухала [князёўна], як шуміць за акном вецер, як шугае па аканіцах снег, як час ад часу спяваюць пеўні. Лупсякоў.

6. Калыхацца, хвалявацца, біць, шумець і пад. (пра мора, хвалі). І хмары, здавалася, нават, радзелі, і хвалі нібыта шугалі не так. А. Вольскі. Пырскі б’юць нам у твары, ляцяць з Байкала, мора слаўнае наша шугае да скал. Русецкі.

7. каго-што. Падкідаць каго‑н. на руках; гушкаць. — На ўра! На ўра! Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць. Колас. // Гайдаць, калыхаць што‑н. або чым‑н. А .. [рака] холадна шугала нястрымныя хвалі свае. Шынклер. Пыхала нядужая бліскаўка, і шугаў рабінаю вецер. Гарэцкі.

8. Хутка, рэзка падымацца ўгору; узлятаць. І ледзь паспявалі птушкі шугаць угару з-пад ног, калі сваёй лапатушкай дзед падцінаў мурог. Макарэвіч. // Хутка, імкліва лётаць, праносяцца ў паветры і пад. Шугаюць веерам ля хат чароды розных птушак. Ставер. // перан. Узнімацца ўверх, высіцца. Паабапал чыгункі тырчаў рэдкі жухлы хмызняк, толькі сям-там у неба шугалі велічныя ў сваёй адзіноце гонкія сосны. Васілёнак. У неба шугае касцёл. Сіпакоў.

9. Разм. Ісці, выбірацца адкуль‑н. Бацька пагладзіў Уладзіка. — Ідзі, сынку, дамоў. Толькі, як з лесу выйдзеш, шугай асцярожна. Ідзі жытам. Бядуля. — Добра, скажы, праз мінут дзесяць буду. [Абходчык:] — І шугай адсюль. Пабочным па палатне хадзіць забаронена. Курто. // Насіцца, вельмі хутка перамяшчацца. Між галля яна [вавёрка] шугае, Як маланка, лётае. Агняцвет. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Брыль.

10. Узмахваць (звычайна крыламі). / у вобразным ужыв. Бач, як над светам вясна Ўжо крыламі шугае! Чарнышэвіч.

11. Развявацца, лунаць, рэяць, трапятаць. Сёння сцяг наш над Мінскам шугае, Горад любы ізноў ажыве. Астрэйка. Ды сцяг, Што хацелі фашысты Тут ботам тупым растаптаць, У небе шугаў, прамяністы, Паспеўшы ўжо полымем стаць. Гаўрусёў. // перан.; каго. Разм. Трэсці, калаціць. Гаварыў Сымонка з імі [авечкамі], Дый самога страх шугаў. Колас.

12. Добра расці, хутка развівацца; буяць. Каноплі там шугалі, лён, Пшаніца, бульба, грэчка, віка, Ды бушавалі буракі. Валасевіч. Сухое сучча абрэжа нечы клапатлівы нож, а то і проста птушкі паабломліваюць, і дрэўца зноў пачне шугаць. Лобан. / у перан. ужыв. Яшчэ ніколі маладыя паэтычныя парасткі не прабіваліся так напорыста і паўсямесна і не шугалі так хораша і дружна, як у самы апошні час, як сёння. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)