Скаварада́ ‘патэльня’ (ТСБМ; Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 4), скаравада́ (Шатал., З нар. сл.), скараво́да (Бяльк.), скароўда́ (Сцяшк.), скварада́ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), скаварэ́нда, скоўрада́ (Сл. Брэс.) ‘тс’. Укр., рус. сковорода́, ст.-рус. сковорода, польск. skowroda, н.-луж. škórodej, в.-луж. škorodej, ст.-чэш. skravada, skrovada, ст.-слав. сковрада ‘прылада для катавання’. Прасл. *skovorda, *skovordy, ‑ъve. Этымалогія няясная. Параўноўваюць з ст.-в.-ням. scart, ‑isanкацялок, патэльня’, с.-в.-ням. scharte ж. р., schart м., н. р. ‘тс’; гл. Ільінскі, ИОРЯС, 24, 1, 114–115; Брандт, РФВ, 24, 176, Махэк₂, 548; Фасмер, 3, 644. Зычны ‑в‑ тлумачыцца ўплывам слав. *skvara (гл. скварыць) і роднасных. Супраць Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 14–15), які выводзіць славянскае слова з формы, блізкай арм. skavaŕak, перс. sukōra (sukurra) ‘міска, сподак, талерка’, крыніцай якіх ён лічыць грэч. σκεναρίδα, вытворнае ад σκεναριν ‘маленькая пасудзіна’. Спробы выдзеліць архаічны прэфікс ско‑ (sko‑) пры каранёвым ворд‑/вард‑ (< *vьrd‑) ‘жордка, прут’ (Куркіна, Этимология–1988–1990, 57–60) не пераконваюць па семантычных прычынах. Вытворныя ад скаварада: скаваро́днік, скаварадзе́нь ‘чапяла’, ‘блін або ляпёшка, спечаныя на патэльні, праснак’ (Шымк. Собр., Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пасы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць, раскідаць дзе‑н. нейкую колькасць чаго‑н. Насыпаць зерня птушкам. Пасыпаць гароху на стол. □ Лявон Муравейка асцярожна выцягнуў кацялок з агню, памачыў у кіпені сухар, пасыпаў на яго солі і, адкусіўшы, аж крактануў ад прыемнасці. Шчарбатаў.

2. што чым. Пакрыць, усеяць чым‑н. сыпкім, дробным якую‑н. паверхню. Пасыпаць дарожку жоўтым пясочкам. □ Заслала [Зося] стол, высыпала на самую яго сярэдзіну бульбу і пасыпала сушаным кропам. Дуброўскі. Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці. Маўр.

3. Разм. Пачаць падаць, ісці; пайсці (пра снег, дождж і пад.). Пасыпаў дробненькі, гусценькі сняжок. Колас. Глуха шумяць дрэвы. Раптам пасыпаў дробны, цёплы дождж. Мыслівец.

4. што або чым. Разм. Пачаць хутка гаварыць што‑н. Падмігнулі ім дзяўчаты І пасыпалі ў адказ: — Годзе бавіцца, салдаты, — Пачынаць зажынкі час! Калачынскі.

5. Разм. Хутка пайсці, пабегчы (пра многіх). Пачуўшы званок, вучні з усіх куткоў насыпалі ў клас. Кулакоўскі. І не паспеў .. [дзед Мікалай] пераступіць парог хаты, як следам адзін за адным насыпалі мужчыны з усяго канца вёскі. Якімовіч.

пасыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да пасы́паць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў. Выразаць палку. □ Неўзабаве вёскаю, пасярод вуліцы, ішоў чалавек — у лапцях, шарачковых портках і старым суконным палітоне. На плячы, на сукаватай палцы, торбачка з хлебам. Крапіва. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі.., нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам. Колас. // Аб такім адпаведна апрацаваным прадмеце, які ўжываецца як апора пры хадзьбе або для іншых мэт. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву стары, [пазелянелы] ад старасці і часу кацялок і, абапіраючыся на такую ж старую палку-крывулю,.. важна выходзіў на вуліцу. Лынькоў. Зіна палезла на палкі, вырвалася на [лыжах] наперад. Шыцік. // звычайна мн. (па́лкі, ‑лак); перан. Пра палачныя ўдары, пабоі. Свату першая чарка і першая палка. Прыказка. // перан. Пра гвалт, прымус. Вам з нараджэння невядома Нядоля палкі і ярма. Глебка.

•••

З-пад палкі — быць вымушаным, пад прымусам (рабіць, выконваць што‑н.).

Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай гл. кій.

Палка з двума канцамі — пра тое, што можа скончыцца і добра і дрэнна.

Перагнуць палку гл. перагнуць.

Устаўляць (ставіць) палкі ў колы гл. устаўляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячы́ся, пякуся, пячэшся, пячэцца; пячомся, печацеся, пякуцца; пр. пёкся, пяклася, няклося; заг. пячыся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гатавацца сухім награваннем, без вады, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (пра ежу). Пячэцца бульба. □ Дзень быў святы. Яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне, І ўжо пры печы з чапялою Стаяла маці... Колас. Вось гэтую хату і ўсё, што рабілася, гаварылася і пяклося ў ёй, я любіў шчыра і даўно. Сіпакоў.

2. Разм. Грэцца на сонцы, быць доўгі час пад праменямі сонца, у гарачым месцы. Пячыся ля печы. □ Дзеці цэлымі днямі пякліся на сонцы, з іх ужо разы тры злазіла скура. Хомчанка. Ясь пачаў сам «зарабляць хлеб»: летам і ўвосень ганяў на пашу вербаўскую жывёлу, пёкся цэлымі днямі на сонцы, мок на дажджы. Мележ.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець здольнасць, уласцівасць паліць, абпальваць, жыгацца. Гарачая скаварада пячэцца. Крапіва пячэцца. □ Дзяўчаты працягваюць рукі, некаторыя ледзь не загортваюць агонь прыгаршчамі і раптам ускрыкваюць: пячэцца ўсё-такі! Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Я бяру, абкруціўшы травою, каб не пяклося ў рукі, кацялок і бягу у буданчык. Сачанка.

4. Зал. да пячы (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Перамагчы ў барацьбе; асіліць. — Добра! — прамовіў генерал-палкоўнік. — Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў. Мележ. // Вынесці ўсе цяжкасці, пераадолець перашкоды. [Бобрык:] — Калі чалавек ведае, што ідзе да вялікай мэты, то якая б ні была цяжкая дарога, ён не спыніцца, адолее ўсё. Дуброўскі.

2. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. жаданні, пачуцці і пад. [Алешын:] Не маю сіл адолець я сумненні. Бачыла. [Аксіння] адолела, як магла, хваляванне, пачала развязваць клунак. Мележ. Атрымалася суха, ніяк не магла адолець [Вера] стомленасць і адчуванне страшнай адзіноты. Мікуліч. // Авалодаць усёй істотай (пра жаданні, пачуцці і пад.). Цела адразу адолела салодкая знямога. Быкаў. Клопаты зноў адолелі Андрэя. Шахавец.

3. Справіцца з чым‑н., асіліць якую‑н. справу. — Давай, Міцечка, пілу, — сказаў тата, паставіўшы ў снег сякеру, — адолеем гэта дрэва, ды пойдзем і мы дахаты на гарачую бульбу. Пальчэўскі. // Перамогшы цяжкасці ў вывучэнні, авалодаць, засвоіць. Адолець латынь. □ Тое, што за адзін год Міця адолеў два класы, параўняўшыся з Сюзанай, адбылося зноў жа не без яе дапамогі, хоць яна аб гэтым не ведае. Навуменка. [Змітрок:] Я цяпер столькі кніг па электрычнасці прывёз з горада, што змагу трымаць [экзамен] за інстытут, калі ўсе іх адолею. Губарэвіч. // Рухаючыся, прайсці, пераадолець які‑н. цяжкі шлях. Прысталі коні — хоць ты плач, Як гэты шлях адолець! Смагаровіч. // Разм. З цяжкасцю з’есці, выпіць што‑н. (звычайна аб вялікай колькасці). Адолець кацялок кашы.

4. Разм. Дакучаючы, пазбавіць спакою; замучыць. [Мікола:] — Як жа гэта выйшла, што калгасніцу куры і козы адолелі? Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. што. Прымацаваць, прырабіць што‑н. да чаго‑н.; прыбудаваць. Прыладзіць аглоблі да саней. □ Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла і пусціла. Колас. — Калі будзеш дома жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна... Галавач. // каго-што. Пакласці, размясціць што‑н. дзе‑н. звычайна зручна, ёмка. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін. Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень. Колас. Таццяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Зарэцкі.

2. што. Зрабіць прыгодным для выкарыстання ў якіх‑н. мэтах. Я пачысціў рыбу, а стары прыладзіў сошкі і падвесіў над агнём кацялок. Ляўданскі. Дома [Патапчык] сапраўды прыладзіў прэнт на завалу ў конскі хлеў, і гэта яму спадабалася. Чарнышэвіч. // Падрыхтаваць. [Лявон:] Вы тут пасядзіце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Купала.

3. што. Зрабіць адпаведным па памерах, падагнаць. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго [адзенне]. Маўр.

4. перан.; каго. Разм. Уладзіць каго‑н. на якое‑н. месца, на якую‑н. пасаду. Працуючы на заводзе, прыладзіў туды і сына, але цераз тры гады, навучыўшы сына рамяслу, пастаяў, каб падаўся сын у студэнты. Галавач. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна перавесці ва ўзводзе?» Мележ. Старэйшы сын Белавуса.. забраў брата Аляксея ў Пецярбург і недзе там прыладзіў у афіцэрскую школу. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)