ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас. р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.

А.​В.​Іоў.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫШТУ́НАК ваенны,

камплект прадметаў, неабходных ваеннаслужачаму для нашэння асабістай зброі, боепрыпасаў, сродкаў засцярогі, шанцавага інструменту, харч. запасаў і вады, асабістых рэчаў. Р. салдат і сяржантаў розных родаў войск і вайск. спецыяльнасцей уключае таксама прадметы, прызначаныя для пераноскі пэўнага віду зброі. Напр., у мотастралк. войсках Рэспублікі Беларусь ён складаецца з паяснога рэменя, плечавых лямак, сумак (для ручных гранат, магазінаў да аўтаматаў і ручных кулямётаў), чахлоў (для біклагі, малой рыдлёўкі, маслёнкі, ахоўных панчох і пальчатак); рэчавага мяшка, у які ўкладваюць плашч-палатку, кацялок, кубак, запас харчу і інш. У камплект Р. афіцэра ўключаюцца: партупея (паясны рэмень), палявая сумка, кабура для пісталета і інш. Гл. таксама Амуніцыя.

І.​А.​Шор.

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭ́ЦКЭ скульптурная мініяцюра з дрэва, каменю, косці, рогу, металу ў Японіі ў 15—19 ст. З’явілася з увядзеннем у яп. гарнітур пояса для ўмацавання на ім кашалька, кісета, люлькі, скрыначкі для лекаў. Тэрмін «Н.» (складаецца са слоў «корань» і «прымацоўваць») пачаў ужывацца ў 17 ст., калі мініяцюрныя разныя фігуркі з навылётнай дзіркай для шнурка набылі пластычна завершаную форму адначасова утылітарнага прадмета і ўпрыгожання. У 18—19 ст. дасягнула росквіту. Сярод вядомых майстроў Н. — Судзан (18 ст.), Руса (2-я пал. 18 ст.), Таматада (канец 18 — пач. 19 ст.).

Нэцкэ: 1 — Чароўны кацялок для чаю; 2 — Бог шчасця Дзюрадзін; 3 — Малпа, якая разглядвае нэцкэ ў выглядзе малпы з персікам. 19 ст.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)