На́рты ’лыжы’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ). У сучасным значэнні слова хутчэй за ўсё запазычана з польск. narty ’тс’, вядомага з XVI ст. таксама ў значэнні ’канькі’, аднак не выключана, што яно існавала і раней, у прыватнасці для абазначэння прылады для хадзьбы па снезе і па балотах на паўднёвым Палессі (Машынскі, Kultura, 1, 641), параўн. таксама рус. нарты ’сані з шырокімі палазамі з лыжаў у паляўнічых’, укр. нарти ’касцяныя канькі з рэбраў жывёл’, чэш. narťверх нагі’, ’пад’ём нагі’, славац. nart ’тс’, в.-луж. narė ’пад’ём нагі; перадок’, н.-луж. narś ’перадок у абутку’, славен. nart ’пад’ём нагі; перадок у абутку’, куды можна аднесці і бел. нарты ’абутак вялікага памеру’ (на думку аўтараў Сл. ПЗБ, пераноснае), што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *nar(b)ty, згодна з прынятай этымалогіяй, з *rm і *r? > ’вастрыё, шпень’ (гл. рот). Другая частка прадстаўлена таксама ў ірты ’лыжы’ (гл.) (Фасмер, 3, 45; Махэк₂, 390; Бязлай, 2, 215; Шустар-Шэўц, 13, 990; Брукнер, 356). Слаўскі (Lingua Viget, 120–123) лічыць, што форма адз. л. *пагъ(ъ так адносіцца да гъЫ, як бел. нарог да рог (< прасл. *rogъ). Праблематычнымі застаюцца адносіны славянскіх слоў да адпаведных угра-фінскіх, дзе яны абазначаюць ’лёгкія санкі, нарты’ і маюць шырокае ўжыванне, параўн. саам. nart, мард. nur do, вацяц. nurt, зыран, nort ’тс’ і г. д. Большасць даследчыкаў дапускаюць спрадвечнае існаванне славянскага слова, аднак ускладненае ў некаторых арэалах уплывам запазычанага з угра-фінскіх моў слова са значэннем ’лыжы, лёгкія сані’ (агляд л-ры гл. Бяднарчук, Acta Baltico-Slavica, 9, 1976, 57–58).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прымацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. Моцна, трывала далучыць, прырабіць да чаго‑н. Прымацаваць канькі да чаравіках. □ Канькоў прымацаваў шпагат да рамы, павесіў партрэт на сцяну. Асіпенка. Віктар прымерваецца, дзе б лацвей прымацаваць антэну для тэлевізара Самахвалавай. Даніленка.

2. Ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі; перадаць у чыё‑н. распараджэнне, пад чыю‑н. апеку. Цяпер .. [Тані] вельмі хацелася, каб гэтага Разумоўскага прымацавалі да свінафермы. Лупсякоў. Да яе [Чарнецкай] звяна.. прымацавалі два кані. Паслядовіч. Тут жа піянеры вырашылі прымацаваць да Сухапарава больш моцнага па рускай мове Валерыя. Шыловіч.

3. Узяць на ўлік, зарэгістраваць дзе‑н. Прымацаваць новага супрацоўніка да прафсаюзнай арганізацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́нкі, ‑нак; адз. няма.

1. Тое, што і сані; невялікія сані. [Камлюк:] — Садзіся, Піліпе, да мяне ў санкі, за дарогу абмяркуем сёе-тое. М. Ткачоў. Люблю, як санкі мчацца з плачам, Пісклявы гімн зіме заводзяць, А конь, падкуты чортам, скача, Нібы па шкле, па гладкім лёдзе. Чарот.

2. Невялікія сані для катання з горан, перавозкі грузаў уручную. Па дровы мы ездзілі з Юзікам і крадком вазілі на малых санках-коўзанках. Якімовіч. На канькі, на санкі, лыжы Зваў фанфарамі каток. А. Александровіч.

3. Спец. Рухомая дэталь некаторых машын і апаратаў, якая па знешняму выгляду нагадвае невялікія сані.

4. Разм. Ніжняя сківіца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слюз1, слюс, слюш ‘слізь’, ‘плесня’ (беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюз ‘слізь’ (ТС; рас., Шатал.), ‘слізкае гнойнае рэчыва на сапсутым мясе ці сапрэлым целе’ (Варл.), ‘слімак’ (лельч., Нар. лекс.), слюж ‘смоўж, слімак’ (Жыв. св.), сюды ж слю́зкі ‘слізкі’ (ТС), слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.), слю́за ‘слізь’ (бяроз., Сл. ПЗБ), слюзь, слюсь ‘тс’ (в.-дзв., шчуч., ашм., Сл. ПЗБ). Укр. слюз ‘слізь’, рус. слюз ‘тонкая скурка, скурачка’, слуз ‘тс’, ст.-рус. слузъ ‘слізь; макрота’, польск. śluz ‘слізь , серб.-харв. slȗz, slȗza ‘слізь; макрота’, славен. slȗz ‘слізь’, балг., макед. слуз ‘тс’, ст.-слав. слоузъ ‘страўнікавы сок’. Прасл. *sluzъ параўноўваюць з літ. šliū̃žes ‘санны след’, šliužaĩканькі’, šliauũti ‘паўзці, слізгацца’, швейц.-ням. slûche ‘цягнуцца’, гал. sluiken ‘падкрадвацца’, што да і.-е. *sel‑, якое, на думку Глухака (565), узыходзіць да гукапераймання (імітатыву). Паводле Борыся (Czak. stud., 43), зыходным для назоўнікаў з розным вакалізмам з’яўляецца дзеяслоў *sliziti ‘выдзяляць з сябе, сачыць вільгаць, вільготную клейкую субстанцыю’, гл. слізь, сляз, слізіць. Гл. таксама SEK, 4, 312; Глухак, 564; ЕСУМ, 5, 312. Гл. склізкі, слізкі.

Слюз2 ‘шлюз’ (ТС), ст.-бел. слюза ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шлюз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фігу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.

2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.

3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.

4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.

5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.

•••

Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.

Фігурныя дужкі гл. дужка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)