Басо́н ’пазумент, кант, галун і г. д.’, рус. басо́н, укр. басо́н. Слова не вельмі яснага паходжання. Праабражэнскі (1, 18) лічыў, што рус. басо́н < ням. Posament ’пазумент’ (< франц. passement). Мацэнаўэр (Cizí sl., 105–106) сумняваецца (з фанетычных меркаванняў) і ставіць пытанне аб франц. façon як аб першакрыніцы. Фасмер (1, 131) падтрымлівае версію Праабражэнскага, але думае пра пасрэдніцтва ням. дыялектаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рабро́, -а́, мн. рэ́бры і (з ліч. 2, 3, 4) рабры́, рэ́браў н.

1. Дугападобная вузкая косць, якая ідзе ад хрыбетніка да грудной косці.

Зламаць р.

2. Звычайна выгнутая частка каркаса якога-н. збудавання, прадмета і пад. (разм.).

Валяюцца рэбры старой лодкі.

3. Адрэзак прамой, які ляжыць на перасячэнні дзвюх граней геаметрычнага цела.

Р. куба.

4. Вузкі край ці бок прадмета (па яго даўжыні), кант¹ (у 1 знач.).

Р. цагліны.

Р. далоні.

Адны рэбры — хто-н. надта худы, благі.

Палічыць рэбры каму — пабіць, збіць каго-н.

|| прым. рэ́берны, -ая, -ае (да 1 знач.)

Рэберныя мышцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

грань, ‑і, ж.

1. Лінія падзелу; граніца, мяжа. Былі гады змагання На грані дзвюх эпох. Кастрычніцкіх паўстанняў Ніхто не перамог. Колас. // перан. Тое, што адрознівае адно ад другога. У Лынькова часта нельга правесці грані паміж.. аўтарскай унутранай псіхалагічнай характарыстыкай і ўнутраным маналогам самога героя. Дзюбайла.

2. Плоская паверхня прадмета, якая ўтварае вугал з другой такой жа паверхняй. Грані куба. Грані паралелепіпеда.

3. Кант, утвораны дзвюма плоскасцямі, якія перасякаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рубе́ж ’мяжа чаго-небудзь або паміж чым-небудзь’, ’дзяржаўная мяжа’, ’лінія абаронных збудаванняў’ (ТСБМ), ’кант, грань’ (Гарэц.), рубѣжъ ’граніца’ (Шымк. Собр.). Укр. рубі́ж ’край, мяжа; засечка’, рус. рубе́ж ’рубеж’, балг. ръбе́ж ’мяжа, мяжа паміж палямі’. Стараж.-рус. рубежъ ’засечка; знак мяжы’ (Сразн., 3, 179). З прасл. *rǫbežь ’метка, засечка’, вытворнага з суфіксам ‑ežь > ад *rǫbati, *rǫbiti ’сячы’ (гл. рубаць, рубіць) (БЕР, 6, 361; Чарных, 2, 125). Паводле Якабсона, рубеж ёсць царкоўнаславянская форма ў адносінах да рубёж ’высяканне лесу’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 510).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруг ’падоўжаная палоска па краі тканіны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Уладз.; бых., шкл., КЭС) ’рубец у шытве’ (Нас., Уладз.), ’рубец на скуры’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’ліштва ў бёрдзе для замацавання трасцінак’ (ТС), ’папярочка паміж слупамі ў калодзежы’ (ельск., Нар. сл.), пругі́, пругы́, пруге́ ’тонкія дошчачкі, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Шат., Уладз., Бяльк.; брагін., Нар. сл.) або ’каб не блыталіся ніткі асновы’ (Касп., ТС, Дабрав., Кросны, Інстр. 3, Сл. ПЗБ). Рус. пру́га ’пружына’, укр. пруг ’край, рабро, кант’, ст.-рус. пругъ ’сетка’, польск. prąg, pręga, в.-луж. pruha, н.-луж. pšuga, чэш. pruh, prouha, славац. pruh ’паласа’, серб.-харв. пру̏г ’расцягнуты’, пру́га ’паласа, лінія’, славен. próga ’паласа, лінія, кант’, балг. пръг ’кій (у кроснах), рама’, пъ́ргав ’пругкі’, макед. пруга ’паласа’. Прасл. *prǫgъ, prǫga ’паласа, край’. Першапачаткова ’тое, што нацягвае, напружвае’, звязанае чаргаваннем галосных з *pręgti ’нацягваць, запрагаць’. Параўноўваюць з літ. sprangùs ’той (або тое), што душыць’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло для птушак, зажым’, ст.-в.-ням. springen ’скакаць; біць струмянём’, ст.-ісл. springa ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 387 і наст.; там жа і інш. літ-pa; БЕР, 5, 816). Відаць, няма падстаў аддзяляць ад папруга (гл.), параўн. Скок, 3, 31; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Бязлай, 3, 126. Памылкова Кюнэ (Poln., 90) разглядае віцебскае пруг ’край; рубец’ як запазычанне з польск. próg ’парог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раздзе́л, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Дзеянне паводле дзеясл. раздзяляць — раздзяліць (у 1–3 знач.) і раздзяляцца — раздзяліцца (у 1–4 знач.).

2. ‑а. Частка кнігі, газеты, артыкула і пад., прысвечаная адной пэўнай тэме. Уступны раздзел. □ Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу. Мележ. Граматыка Тарашкевіча складалася з пяці невялікіх раздзелаў. Ліс. // Асобная галіна ведаў, частка (навукі). Арыфметыка, геаметрыя — раздзелы матэматыкі. □ Кніжкі былі пастаўлены акуратна, кожная на кант і назвай на хату, як у бібліятэцы, у пэўным парадку, па раздзелах. Ермаловіч.

3. ‑а. Лінія, якая раздзяляе што‑н., з’яўляецца граніцай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рубе́ц1 ’падоўжанае паглыбленне, зробленае кім-небудзь на гладкай паверхні’, ’след на целе пасля загоенай раны або ад пабояў’, ’шво пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад.’, ’руб’ (ТСБМ), ’выступ, край’ (ТС), рубцава́ты ’з рубцамі’, рубцава́цца ’гаіцца, утвараючы рубцы (пра раны, язвы і пад.)’ (ТСБМ). Укр. рубе́ць, рус. рубе́ц ’рубец’, серб.-харв. ру̑б ’рубец (на адзенні)’, славен. rob ’тс’, польск. rąbek ’рубчык’. Стараж.-рус. рубьць ’рубец’. Гл. руб.

Рубе́ц2 ’самы вялікі аддзел страўніка жвачных жывёл; ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка’ (ТСБМ). Да папярэдняга слова, у аснове значэння — знешняе падабенства.

Рубе́ц3 ’спінка ложка’ (вілейск., Нар. сл.). Да руб (гл.), значэнне ’кант; цвёрды край прадмета’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ребро́ ср.

1. анат. рабро́, -ра́ ср., разг. рабры́на, -ны ж.;

2. мат. рабро́, -ра́ ср.;

3. (ящика, бруса, доски и т. п.) кант, род. ка́нта м., руб, род. ру́ба м.;

поста́вить вопро́с ребро́м паста́віць пыта́нне ру́бам;

пересчита́ть рёбра пералічы́ць рэ́бры.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прыбра́цца, ‑бярыся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. прыбярыся; зак.

1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк. Мяне здзівіла толькі перамена ў настроі, але не тое, што цётка Матруна прыбралася. Лось. // Адзецца ў якую‑н. адзежу. Успамінаюць [казакі] асабліва пра тое, як.. [Паўло Сямёнавіч] у адну з найцяжэйшых гадзін ліпеньскай блакады, ідучы на разведку далёка наперад, прыбраўся чамусьці ў спадніцу і хустку. Брыль. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу. Танк. // перан.; у што. Пакрыцца чым‑н.; упрыгожыцца чым‑н. Зышліся і скучыліся каля гасцінца кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою. Галавач. У гэты дзень, 6 студзеня, з самае раніцы прыбраўся горад у чырвоныя сцягі. Гарэцкі.

2. Разм. Прыбраць дзе‑н., навесці парадак. Прыбралася, памылася, зварыла бульбы, а бацькі ўсё не было. Савіцкі. // Давесці што‑н. да ладу. Прыбрацца з сенакосам.

3. Разм. Сабрацца зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. — У горад хачу паехаць на які тыдзень, праветрыцца трэба, ды не прыбяруся ніяк. Чорны. [Сымон:] — Я даўно, дзядок, збіраўся Дзеду нештачка сказаць, Ды ніяк не прыбяруся, Не асмелюся ніяк. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)