прарасці́, ‑расце; зак.

1. Выпусціць расток, парастак. Шчасця большага няма ў зярняці, як на ніве роднай прарасці. Таўлай.

2. Вырасці з зерня, клубня і інш.; прабіцца. Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Караткевіч. На палянцы зацішнай У родным бары Прараслі з адной шышкі Дзве сасны, дзве сястры. Жычка.

3. Расці некаторы час. Дрэва прарасце яшчэ гадоў дваццаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гак 1, ‑а, м.

1. Востры металічны выступ на чым‑н. (напрыклад, крук у багры, шып у падкове). [Конь] .. быў падкуты на перад, і гакі ў падковах былі не кавальскай работы, а купленыя. Крапіва.

2. Абл. Участак зямлі, які вострым клінам удаецца ў што‑н. Хвалі без ахвоты Абмываюць з гака жвір. Астрэйка.

•••

З гакам — з лішнім, з лішкам.

гак 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова гакнуць, гакнуцца. Ляціць звер проста, а з-за дрэва Выскачыў Мядзведзіч — гак у лоб! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.

2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.

памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.

Мілаваць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Пераставіць, адсунуць убок. Выпілі да дна, толькі старая, ледзь паспытаўшы, адставіла чарку ўбок. Броўка. // Адвесці ўбок, выставіць (руку, нагу, губы і пад.). [Іван Іванавіч] крочыў спераду, моцна адставіўшы адну руку, і цягнуў каляску. Карпюк. Жвір адставіў нагу і затупаў наском туфля па падлозе. Адамчык. Тодар аж губы адставіў, і вусы яго светлыя натапырыліся ад здзіўлення. Крапіва.

2. перан.; каго. Вызваліць ад выканання якіх‑н. абавязкаў; пазбавіць магчымасці займацца якой‑н. справай. І хоць Костуся ад працы ў сельсавеце і адставілі, але і ён прыйшоў. Чорны.

3. што і без дап. Каманда для адмены папярэдняй каманды, для спынення якіх‑н. дзеянняў. [Урач:] — Сёння ўначы адыходзіць каравая, трэба будзе неадкладна паведаміць амерыканцам... — Адставіць! — сціснуйшы кулакі, прашаптала Галіна Пятроўна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самкну́цца, ‑нецца; зак.

1. Зблізіўшыся, даткнуцца; злучыцца. Кантакты самкнуліся. // Згусціцца, стаць шчыльным. Краска змоўкла, а ў разоры Мрок гусцей самкнуўся. Колас. Неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Быкаў.

2. перан. Злучыцца, згуртавацца, стварыць адно цэлае. Рады пралетарыяту павінны самкнуцца яшчэ цясней і даць у гэтай барацьбе ўзор арганізаванасці і дысцыпліны. Ленін. У сваіх мэтанакіраваных адносінах да фальклору Купала і Багдановіч самкнуліся, хоць пачыналі з тыпалагічна розных сувязей з ім. Лойка. // Акружыўшы з усіх бакоў, злучыцца. Ракеты егерам рассыпаліся наўкол. Па іх мы бачылі, як самкнулася кола вакол нас. Няхай.

3. Заплюшчыцца, стуліцца (пра вочы, губы і пад.). Вочы мне з часам самкнуцца, Жвір мяне ўхутае цвёрды, Жыць між людзей застануцца Песня і Леніна ордэн. Купала. [Алена] адразу задумалася. Твар стаў строгі, прыпухлыя вусны самкнуліся. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыра́н, ‑а, м.

1. Аднаасобны правіцель у Старажытнай Грэцыі, Рыме і гарадах-рэспубліках Італіі 13–16 стст., які захапіў уладу сілай.

2. Правіцель, улада якога заснавана на дэспатызме і гвалце. Капайце яму, далакопы, Каб у яе халодны жвір Упаў павек тыран Еўропы, Крывавы прывід і вампір! Колас. Наступіла вясна для народа, які перанёс цяжкае рабства турэцкіх заваёўнікаў і жорсткасць фашысцкіх тыранаў. «Беларусь». // Прыгнятальнік. Зашумеў лес разгуканы, Нівы задрыжалі. Задрыжалі і тыраны, Што бяду стваралі. Купала. Аддайце мне волю, тыраны, а не — дык вазьму яе сам. Таўлай.

3. перан. Жорсткі, дэспатычны чалавек, які здзекуецца з каго‑н., прычыняе мукі каму‑н. [Клава] гарэла нянавісцю да свайго айчыма Сёмкі Фартушніка — скнары і хатняга тырана, які ператварыў жыццё яе маці ў пакуту, які за грошы прадаваў нават уласную жонку. Кудраўцаў.

[Грэч. tyrannos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны злосці, варожасці, нядобразычлівасці. Злосны чалавек. □ — Ну, а чаму ж ты такая вось? — Якая? — Ды злосная. Проста дакрануцца нельга да цябе. А яшчэ кажаш, што не злуеш. Галавач. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Несправядлівы, прадузяты. Хлуснёй імкнуўся злосны крытык ад свету праўду ўсю закрыць. Дубоўка. // Які выражае злосць. Хама Хаміч пасвяціў у кабінку. Там сядзеў мужчына і пазіраў на яго злоснымі вачамі. Корбан. І тут жа твар.. [Касі] стаў суровы і злосны. Скрыган. // Прасякнуты злосцю, нядобразычлівасцю. Жвір гаварыў нешта яшчэ, але Косця не слухаў, нейкая злосная думка заглушала ўсё. Адамчык. — Я напісала яму злоснае пісьмо. Шамякін.

2. Сярдзіты, куслівы, злы (пра жывёл). [Галя] ужо ўзялася за клямку, як раптам падумала: «А што, калі там злосны сабака, як Дальма ў дзядзькі Захара». Арабей.

3. Бязлітасны, жорсткі. [Бушмар] пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Чорны. // перан. Моцны, люты (пра мароз, вецер і пад.). За сялом, за пералескам Злосны вецер свішча, — Там спраўляе завіруха У палях ігрышча. Русак.

4. Свядома нядобрасумленны; зламысны. Злосны злачынец. □ Злосны шкоднік быў раскрыты — Заатэхнік той стары. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́нажвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя. Пташнікаў. У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук. Калачынскі. Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець. Аляхновіч. / у перан. ужыв. [Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага! Мележ. / Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу. Шамякін. Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін. А. Вольскі. / Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне... Смагаровіч. / перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў. Савіцкі.

2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі. Федасеенка.

3. перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала. Чарнышэвіч.

4. Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам. Мележ. // Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн. Васілевіч. Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору. Чарнышэвіч. Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці. Шашкоў. // перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі. Звонак.

•••

Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)