Жвір 1/27, 501; 3/578; 4/412

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖВІР, гравій,

рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) асадкавая парода, складзеная з абкатаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі 1—10 мм (у горнай справе вылучаюць Ж. памерамі 5—70 мм). Адрозніваюць Ж. буйны (5—10 мм), сярэдні (2,5—5 мм) і дробны (1—2,5 мм). Генетычныя тыпы Ж.: рачны (гл. Алювій) азёрны, марскі і ледавіковы. Сцэментаваны Ж. — гравеліт. Якасць Ж. залежыць ад наяўнасці шкодных прымесей (акатышы глін, пыл, пірыт, гіпс, растваральныя ў шчолачах абломкі і інш.), трываласці, сціральнасці, марозаўстойлівасці і г.д. На Беларусі пясчана-жвірова-галечны матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай ірады і Паазер’я, Разведана 136 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн. м³, з іх распрацоўваюцца 82 радовішчы з гадавой здабычай 23—24 млн. м³, Форма пакладаў лінзападобная, зрэдку пластавая. Здабываецца Ж. адкрытым спосабам; частка яго абагачаецца на драбільна-сартавальных заводах. Выкарыстоўваецца для вытв-сці бетону, буд-ва чыгунак, аўтадарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гравій, гл. Жвір

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ВІЙ,

тое, што жвір.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКУ́ І ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Канашы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага ледавіка. Пяскі і жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата- і буравата-шэрыя, месцамі гліністыя, абжалезненыя. Жвір і галька ў пясках трапляюцца ў россыпе і ў выглядзе лінзаў і гнёздаў. Пяскі пераважна дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 9,47 млн. м³, перспектыўныя 1,13 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,2—27,3 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—6,8 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.П.Шчураў.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЕЛІ́Т,

сцэментаваны жвір, які мае тэкстуры, уласцівыя пясчаным пародам. Пашыраны сярод асадкавых утварэнняў. Наяўнасць гравеліту сведчыць аб інтэнсіўным размыванні больш стараж. тоўшчаў і блізкасці мелкаводдзя, сушы або падняцця (дадатных формаў рэльефу дна басейна). На Беларусі гравеліт пашыраны ў геал. адкладах венду, антрапагену і інш.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛО́МКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, кластычныя горныя пароды,

асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў больш стараж. горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у буд-ве, металургічнай, шкляной, керамічнай прам-сці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.

т. 1, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЎНЯ́ЛЬНІКІ для бетонаў і раствораў,

прыродныя або штучныя сыпкія матэрыялы, якія ў сумесі з вяжучымі рэчывамі і вадой (часам без яе) утвараюць бетоны 1 будаўнічыя растворы. Складаюць да 85% іх аб’ёму, дазваляюць рэгуляваць іх уласцівасці.

Падзяляюцца на дробныя з памерам зерняў да 5 мм (пераважна пясок) і буйныя 5—70 мм (жвір, друз); цяжкія, або шчыльныя (прыродныя, пераважна кварцавыя, і драблёныя пяскі. а таксама жвір і друз з розных парод, металург. шлакаў і інш. матэрыялаў) і лёгкія, або порыстыя (штучныя — аглапарыт, керамзіт. успучаныя вермікуліт і перліт, шлакавая пемза, паліўныя шлакі і попел; прыродныя — драблёныя порыстыя горныя пароды: пемза, туф, ракушачнік і інш.). Выкарыстоўваюць таксама арган. З.: пілавінне, драўняную стружку, трэскі, драблёны чарот, успучаныя палімерныя гранулы.

І.І.Леановіч.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНЯ́НКА,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу каля в. Ліцвінкава Лагойскага р-на Мінскай вобл. Паклад звязаны з канцова-марэннымі ўтварэннямі сярэднеплейстацэнавага зледзянення. Разведаныя запасы больш за 36 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—21 м, ускрышы 0,2—10,5 м. Жвір і пясок прыдатныя для буд. работ. Распрацоўваецца з 1966.

А.П.Шчураў.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЛЕ́ЎШЧЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Крулеўшчына. Паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Разведаныя запасы 40,5 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,2—14,6 м, ускрышы (торф, гліністы пясок) да 7 м. Жвір і пясок прыдатныя для дарожнага буд-ва. А.П.Шчураў.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)