Калу́пашак ’плецены кош на воз’ (Сцяшк.), колупушок ’кош для перавозкі бульбы’ (Мат. Гом.), ’плецены кораб на сані або воз’ (ТС). Рэгіянальная інавацыя, зах.-бел. форма, магчыма, і незалежная. Утворана метатэзай з палукашак, які, відаць, да *палукош, дзе кош‑ назва вялікага кораба на воз. Менш верагодна думаць пра сувязь палукашак з вядомым у рус. мове лукошко і лукно. Таксама нельга лічыць зыходнай разглядаемую лексему, якая магла быць аддзеяслоўным утварэннем ад калупаць ’плесці’, параўн. смал. колупаць ’плесці лапці’. Апошняе — лакальная інавацыя, параўн. бел. калупаць ’вязаць’ (карункі), утворанае на базе калупаць ’марудна вазіцца’. Адносна ўкр. бойк. параўн. колупінок і колупіток < полукіпок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вала́нда ’маруда, левы чалавек’, вала́ндаццавазіцца, марудзіць’ (КЭС). Рус. валандаться ’марудзіць’, вала́нда, вала́ндала ’няўклюда, маруда’, валанде́р ’лежань’, укр. валандатися ’бадзяцца’. Карскі ўказвае, што дзеяслоў больш уласцівы вялікарускай мове. Валандацца < валанда < літ. valandá ’(кароткі) час’ (Карскі, Труды, 394; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33, 35; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13; Непакупны, Бел.-укр. ізал., 54; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 298). Змену націску можна тлумачыць уплывам блізкіх семантычна і падобных структурна слоў (мару́да, няўклю́да, валакі́да). Форма валы́ндацца ўзнікла, магчыма, пад уплывам валынка, валыніцца. Форма валэндацца, як можна меркаваць, — вынік збліжэння з паланізмамі, што маюць суфіксы з насавымі (валацэнга, недалэнга) або з дзеясловамі wałęsać się, wałęgać się ’бадзяцца’ ва ўмовах беларуска-польскага білінгвізму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ванта́жыцца ’сур’ёзна, не на жарт бароцца’ (Мядзв.). Можна вылучыць некалькі версій, звязваемых з рознымі значэннямі гэтага слова. Рус. вантажиться, вантажничать ’адводзіць шмат часу заляцанням’ (адкуль вальтажиться ’тс’), укр. вантаж ’карысць, выгада’ да франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ (Фасмер, 1, 270); параўн. польск. (у сярэднія вякі) awantaż ’даход, набытак’. Укр. вантаж, вантага ’груз’, вантажити ’грузіць’. Рудніцкі (1, 309) услед за Шавялёвым (ZfslPh, 23, 146–167) выводзіць з ватага, тлумачачы ‑н‑ як аргатычны інфікс; параўн. рус. ватажаться ’вадзіцца’ (Дабр., 53). Гэту версію аспрэчвае Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 130), які схіляецца да думкі, што зыходным значэннем укр. вантажити было ’звязваць, абмотваць, загортваць’, вантажити да вантух ’вялікі мех, грубае палатно для запакоўкі’. З апошняй версіі і трэба, відаць, выводзіць бел. вантажыцца з развіццём значэння ’звязвацца > вазіцца > бароцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́цьШат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ката́ться

1. кача́цца;

мяч ката́ется по́ полу мяч кача́ецца па падло́зе;

2. (совершать прогулку) ката́цца; (на коньках — ещё) ко́ўзацца; (ездить) е́здзіць, вазі́цца;

ката́ться верхо́м ката́цца (е́здзіць) ве́рхам;

ката́ться на ло́дке ката́цца на ло́дцы;

ката́ться на конька́х ката́цца (ко́ўзацца) на канька́х;

3. (много раз, часто ездить куда-л.) разг. е́здзіць;

куда́ э́то он ката́ется? По каки́м дела́м? куды́ гэ́та ён е́здзіць? Па які́х спра́вах?;

4. страд. кача́цца; валі́цца; см. ката́ть 1, 4—7;

ката́ться как сыр в ма́сле пла́ваць як сыр у ма́сле;

ката́ться со́ смеху кача́цца (захо́дзіцца) ад (са) сме́ху.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Калу́жа ’лужына’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.; Сцяц., Словаўтв.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), ’балоціна’ (гродз., Сл. паўн.-зах., 2, 381, параўн. ілюстрацыю: «Жабы па калужах водзяцца»), ’калдобіна’ (хойн., Шатал.), калужына ’лужына пасля дажджу на дарозе’ (кліч., Жыв. сл.; Касп., Мат. Гом.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), бых., ветк., рэч., Яшк.), ’азярына са светлай вадой на лузе’ (рэч., Яшк.), калужка ’лужына’ (жытк., Яшк.), калужынка (віц., Шн.), калужэнька (брэсц., КЭС), далей адзначаюцца формы калюжа ’лужына’ (Мат. Гом.), ’мокрае месца, лужына, балоціна’ (жытк., Яшк.), калюжына ’тс’ (БРС, ТСБМ, Мат. Гом.), ’выбоіна, яма на дарозе ад кола, яміна’ (Гарэц., Нас.). Укр. калюжа ’лужына’, зах. калюжа ’тс’, ’гразь’, ’гразь, прынесеная вадой’, бук. ’брудная вада’; рус. калужа ’стаячая вада, ціна, гразь’ (паўдн.), вельмі пашыраны дэрыват калужина ’лужына і пад.’ (цвяр., ярасл., кастр., кур., вяп., уладз., ніжнегар., перм. і да т. п.), ’бруднае, мокрае месца; дрыгва’, ’выбоіна на дарозе’ і інш., кур., зах.-бран., тульск. і інш. калюжа ’лужына’, кур. ’вада ў выбоінах’, паўдн., тульск. і інш. ’балоцістае месца, дрыгва, гразь’, кур., данск. калюжына ’лужына’ смал., пск., маск. ’невялікая, але глыбокая выбоіна, дзе ў час дажджу збіраецца вада’, пск., смал. ’балоцістае месца, твань’, калюжка і інш., польск. kałuża ’невялікае паглыбленне са стаячай балоцістай вадой’ (ст.-польск. з XV ст., таго ж часу і дыял. kałuż ’твань, дрыгва’), ст.-польск. ’лагчына, канава з бруднай вадой і да т. п.’, ’невялікая сажалка’, дыял. форма яшчэ kałuża, чэш. kaluž, kaluže ’лужына’, слова адзначаецца і ў гаворках, славац. kaluża ’брудная вада, лужына’, славен. kalúža ’лужына’, серб.-харв. уст., дыял. kàluža ’гразь, лужына’, серб. ка̀љужа ’тс’. Слав. прыклады дазваляюць рэканструкцыю праслав. kaluža, kalʼuža, якое, відаць, з’яўляецца навацыяй да формы kaluga (параўн. калюжа, гл.). Лічыцца вытворным ад kalъ (фармант ‑ug‑ja), гл. Слаўскі, 2, 35–36, з падрабязным аглядам літаратуры, варыянт з мяккім зычным у аснове, відавочна, таксама стары. Махэк (2, 237) падтрымлівае сувязь з kalъ, аднак падкрэслівае, што тут хутчэй за ўсё гаплалогія з *kalo‑luža, аб чым пісалі яшчэ Лось, Фасмер і інш. Трубачоў (Эт. сл., 9, 127) звяртае ўвагу на фармальныя цяжкасці пры такім тлумачэнні (‑lʼuža ў параўнанні з luža, таксама і на несупадзенне арэалаў kaluža і luža). Шэраг аўтараў спрабавалі вытлумачыць слова як злажэнне пачатковага фарманта ka і luža (так Маліноўскі, PF, 5, 117; Фасмер, 2, 170; яшчэ Міклашыч, 153). Цікава адносна сувязі з kalъ або luža прывесці інфармацыю, якую падае Шымкевіч, Корнеслов, 133, з уключэннем назвы расліны калужніцы ў артыкул «Лугъ». Аўтар адзначае: «Въ Рейфовомъ Лексиконѣ слово лужа занимает мѣсто особаго корня». Прыведзеная аргументацыя супроць версіі *kalo‑luža датычыць таксама і спробы разглядаць лексему як прэфіксальную. Апрача гэтага, неабходна адзначыць, што як магчымае прэфіксальнае слова kałuža Шымкевіч прыводзіць шэраг ненадзейных прыкладаў, для якіх такі спосаб утварэння не з’яўляецца натуральным. Неабходна заўважыць, многія дэрываты ад kalъ > пацвярджаюць прынятую намі версію, параўн. укр. калюка ’вялікая гразь’, польск. дыял. kaleń ’лужына’. З вытворных звяртаюць на сябе ўвагу, магчыма, усх.-слав. калужына і далей славен. kalužati se, серб.-харв. калу́жати се ’пэцкацца, вазіцца ў гразі’ ў параўнанні з серб.-харв. калу̀гати се і бел. тураў. калюжыцца ’пэцкацца ў гразь у калюзе’; апошнія прыклады, магчыма, неабходна разумець як старажытныя ўтварэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каламу́ціць ’муціць, рабіць каламутным’ (ТСБМ), ’выклікаць неспакой, уносіць беспарадак, блытаніну’ (ТСБМ). Укр. каламутити ’муціць; бунтаваць’, каломутити ’тс’, рус. варонеж., зах.-бран. каламутить ’муціць ваду’, кур., зах.-бран. ’выклікаць разлад, смуту; баламуціць’, польск. kołomącić ’муціць, баламуціць, круціць’, kalamacić ’муціць (напр., ваду), баламуціць’ (там жа), kałamucać ’муціць, боўтаць’ з усх.-слав. фанетыкай; сведчыць, магчыма, аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў бел. мове, славац. zkolomutit ’закрануць, падражніць, пашавяліць’. На поўдні славянскай тэрыторыі адзначана серб.-харв. каламу́тити (у Вука), якое RHSJ (4) суадносіць з kalabúriti. Адносна першага слоўнік мяркуе, што яно магло ўтварыцца ў выніку кантамінацыі kalabúriti і дзеяслова mutiti; адносна другога — ад kalabàluk ’вялікая колькасць людзей, шум, мітусня’, якое з тур. galabalyk. Відаць, такое меркаванне нельга прыняць, паколькі ёсць дакладныя адпаведнікі ў паўн.-слав. мовах. Цікава і серб.-харв. калабу́рити, якое суадносіцца з прасл. buriti са значэннем ’хваляваць’ і да т. п. Звернем яшчэ ўвагу на дзеяслоў buniti ў дэфініцыі як на вельмі сімптаматычны (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 3, 99: «buriti… родственно *bura, а также глагольно-именной паре *buna‑ *buniti…». Наяўнасць у слав. мовах фанетычна розных лексем (першая частка ‑kala‑ і ‑kolo‑) зацямняе этымалогію. Слаўскі (2, 371) мяркуе аб злучэнні *kolomǫtiti ’муціць навокал’, як аргумент прыводзяцца паралельныя чэш. (у Юнгмана) kolotáceti se ’круціцца’, рус. колобродить, дыял. колобродить, бел. каламесіць. Надзейнасць гэтых прыкладаў не вельмі высокая, аднак структура такая з’яўляецца магчымай: параўн. укр. коломыя ’яма, вымытая вадой’, серб.-харв. kolòvada («složeno od kolo osnove glagola voditi…», RHSJ, 5, 214), рус. коловодитьсявазіцца, многа займацца чым-н. і да т. п.’, магчыма, рус. маск. коломыка ’пляткарка і да т. п.’ Фанетычныя недакладнасці Слаўскі тлумачыць ад’ідэацыяй першай часткі да kalъ ’гразь’ і да *balamutiti ’муціць’. Махэк₁ (419). Махэк₂ (514) мяркуе аб праформе *kalomǫtiti, дзе першая частка паходзіць ад kalъ ’гразь і да т. п.’ Фанетыку слав. утварэнняў ён тлумачыць наступным чынам: форма kala магла быць вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі (укр. каламутити), а польск. і чэш. рэгрэсіўнай. Такое тлумачэнне не вельмі добра спалучаецца з паралельнымі формамі koło‑ і kało‑ ў польск. дыял. словах, а семантыку слав. прыкладаў нельга звесці да семантыкі kalъ. Параўн., у прыватнасці, бел. дыял. каламут ’вір’ і сінонімы; рус. дыял. коловерть, коловорот, круговорот. Аднак, калі прыняць версію Слаўскага, відавочна, што нельга проста вытлумачыць серб.-харв. прыклады, паколькі на поўдні ўтварэнні з першай часткай bala‑ не адзначаюцца. Гэта значыць, што на серб. лексемы або сапраўды ўплывалі семантычна падобныя турцызмы, або тут дзейнічалі ўласна фанетычныя працэсы. Не выключана, што прапанаваныя этымалогіі наогул няпэўныя і больш верагодна бачыць тут кампозіт, у якім першая частка ўспрымаецца як экспрэсіўны фармант. Так разглядаў Кноблах (JC, 1969 (2), 141) лексемы балагур, баламут і інш. Найбольш істотным момантам такой версіі з’яўляецца магчымасць утварэння экспрэсіўнага фарманта на базе слова. Тады змяненне фанетыкі лёгка вытлумачыць як натуральнае для экспрэсіўнай лексікі або фармантаў. Не выключана, што з такімі фармантамі ўтвораны рус. бран. коломат ’крык, шум’, аб другой частцы гл. Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 70; укр. усх.-палес. калабушить ’ласкатаць’, магчыма, бел. каланытка (гл.) і інш. Параўн. славац. galamuta ’змяшэнне, смута’ і balamuta ’тс’, што сведчыць, па-першае, аб блізкай семантыцы ўтварэнняў з рознымі фармантамі ў пачатку слова, па-другое, аб змяненні фанетыкі. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што нельга выключыць уплыву паўн.-слав. balamǫtiti на разглядаемую групу лексікі, аднак характар гэтага ўплыву не вельмі ясны. Магчыма, balamǫtiti ўласна славянскае ўтварэнне (гл. агляд версій Трубачоў, Эт. сл., 1, 146–147), не выключана, што паралельнае да kalamǫtiti. Версія аб запазычанні слова (баламуць) з манг. balamut больш верагодная, калі прыняць пад увагу аргументацыю Папова (Из истории, 35, заўвага 4), які адзначае, што ў іранскіх дыялектах Паміра balāmū́t ’віхор’. Робіцца таксама слушная заўвага, што складанасць лексемы і семантыка не дазваляюць меркаваць аб выпадковым супадзенні. Аднак апошнія прапановы не праясняюць справу, хоць лінгвагеаграфія і не пярэчыць версіі аб магчымым запазычанні слова (ва ўсякім разе слова баламут). Таксама не вельмі ясным з’яўляецца словаўтварэнне, калі дапускаць славянскае паходжанне слоў. Тут можна бачыць складанне назоўнік + дзеяслоў, або дзеяслоўны назоўнік (гл. прыклады вышэй).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)